Новая сукенка для “Кармэн”

У чэрвені Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ўжо традыцыйна наладзіў два яркія мерапрыемствы — “Балетнае лета ў Вялікім” і “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”. За дастаткова насычанай праграмай балетна-оперных вечароў неяк забылася апошняя прэм’ера сезона — “Кармэн” Жоржа Бізэ, пастаўленая Галінай Галкоўскай сумесна з дырыжорам Андрэем Галанавым і мастачкай Аннай Контэк. Аднак ці толькі блізкасць маштабных, добра разрэкламаваных “Вечароў” з удзелам сусветных зорак схавала ў сваім густым цені адну з самых папулярных у свеце опер? Здаецца, прычына не толькі ў гэтым.

Пачнём з няхітрай арыфметыкі. Новая “Кармэн” у рэпертуары Вялікага тэатра ўжо восьмая за яго гісторыю, пачынаючы ад першай пастаноўкі 1933 года з легендарнай Ларысай Александроўскай у галоўнай партыі. Калі паглыбіцца ў разлікі, атрымаецца, што да самай вядомай оперы Бізэ ў тэатры звяртаюцца ў сярэднім раз у 10 гадоў. Толькі ў 90-я яе двойчы ставіў Вячаслаў Цюпа, прычым варыянт 1995 года ствараўся спецыяльна для паказу ў Гамбургу. А апошняя пастаноўка, ажыццёўленая Маргарытай Ізворскай-Елізар’евай, датуецца 2005 годам. У рэпертуарнай афішы тэатра яе можна было бачыць яшчэ год-два назад.
Такім чынам, стаць доўгачаканай альбо знакавай падзеяй у новай “Кармэн” шансаў практычна не было. Па-першае, многія з пастаянных гледачоў тэатра, напэўна, бачылі хаця б дзве папярэднія версіі оперы. Па-другое, спектакль адсутнічаў у афішы не такі доўгі тэрмін, каб па ім можна было засумаваць, як па “Царскай нявесце” Рымскага-Корсакава. Акрамя таго, у час свайго актыўнага пракату “Кармэн” не была рэдкасцю. Пастаноўка 2005 года была ўвогуле адной з самых касавых сярод оперных спектакляў тэатра.
Працягнем магіяй назвы. “Кармэн” — той выпадак, калі імя гаворыць само за сябе. Адна назва оперы можа забяспечыць попыт на білеты і цікавасць да прэм’еры. Але ў дадзеным выпадку, здаецца, механізм пачынае працаваць па адваротным прынцыпе. Восьмае прышэсце Кармэн — гэта ўжо сумна. Што новага можна знайсці ў гісторыі гэтай цыганкі? Калі нічога, дык навошта зноў узнімаць яе імя з водарам жарсцей і крыві на прэм’ерны шчыт? Пытанне справядлівае, асабліва калі прыгадаць падобны вопыт з “Рыгалета” Джузэпэ Вердзі, пастаўленым ў 2014 годзе Наэмэ Кунінгасам. Замест выразнага сваёй канцэпцыяй спектакля Юрыя Аляксандрава, які выклікаў у свой час шквал крытычных заўваг і захаплення, Вялікі тэатр атрымаў дастаткова густоўную, але традыцыйную, сярэднестатыстычную пастаноўку, якая можа запомніцца хіба работамі асобных выканаўцаў. Што атрымалася з “Кармэн” — крышачку пазней.
“Прынцып імя” ўсё ж мог спрацаваць належным чынам, калі б акрамя назвы оперы на афішы насупраць радка “рэжысёр” значылася прозвішча, спалучанае з эксперыментамі, нешараговымі пастаноўкамі ці нават проста замежнае. Патлумачу: на матэрыялы пра “Кармэн”, напрыклад, Васіля Бархатава, пайшоў бы не адзін кілаграм паперы.
Нарэшце, звернемся да сутнасці “Кармэн” Галіны Галкоўскай, звужаючы кругі, прабіраючыся праз арыфметычныя і гіпатэтычныя развагі, каб па прыкладзе Хазэ забіць яе тысячны раз за амаль паўтарастагадовае сцэнічнае жыццё. Ад сваіх шматлікіх папярэдніц, што з 1875 года гінуць ад кінжала раўнівага каханка, мінская цыганка адрозніваецца, магчыма, толькі сукенкай. Прычым адрозненне нельга назваць прынцыповым. У гэтым, здаецца, і заключаецца асноўная прычына “незаўважнасці” “Кармэн”.
Пра што новая пастаноўка Вялікага тэатра, адказаць вельмі складана. Дзеля аб’ектыўнасці адзначым, што рэжысёр намеціла пэўныя арыенціры ў сваім прачытанні оперы. Адзін з іх — праблема пераадолення Галкоўскай уласнага стаўлення да Кармэн, якую пастаноўшчык “павінна была апраўдаць”. Не мае сэнсу ўступаць з рэжысёрам у завочную палеміку, але навошта“апраўдваць” гераіню? Лепш было б рэжысёру быць салідарнай з Хазэ ў яго вызначэнні Кармэн як “д’ябла” і не баяцца выразна прадэманстраваць сваё стаўленне да ўсіх герояў, расставіўшы ў спектаклі акцэнты за межамі традыцыйных. Рамантызаваная і “ўзвышаная” ў параўнанні з навелай Мерымэ оперная гераіня ўсё адно застаецца далёкай ад высокамаральнай асобы. І ў гэтым яе прыцягальнасць. Сутнасць гераіні раскрываецца не ў рамантычным дуэце з тарэра, а ў дуэтах з Хазэ ў апошніх сцэнах оперы. Свабода альбо смерць, “Прапусці альбо забі!” — вось тая фраза, адрасаваная былому каханку, якая характарызуе Кармэн глыбей і дакладней, чым вясельная сукенка і нязменная ружа ў валасах.
Тэма веры ў Бога і яе адсутнасці, дэклараваная рэжысёрам як адна з цэнтральных, у пастаноўцы атрымала больш-менш відавочнае ўвасабленне ў выяве барочнага храма на заднім плане дэкарацый першага акта і апранутых у чорнае жанчын. Падчас уверцюры яны ішлі і знікалі ў дзвярах царквы, але гэтае шэсце суправаджалася тэмай лёсу Кармэн, якая гучыць у сцэне варажбы і фінале оперы. Цалкам верагодна, што такім чынам рэжысёр перадавала ідэю прадвызначанасці лёсу цыганкі, якая жыве толькі па законах сваіх жаданняў і парываў. У той жа час “чорныя сіньёры” з’яўляліся на сцэне і падчас спаткання Хазэ з Мікаэлай. Набожныя жанчыны, якія выходзілі з царквы падчас элегічных успамінаў салдата аб маці, асацыятыўна звязваліся з яе вобразам. Гэты “чорны” матыў існаваў толькі ў межах першага акта спектакля, а іншы візуальны эквівалент тэмы веры і нявер’я знайсці ў оперы нельга.
Больш выразна ўвасобілася ў пастаноўцы Галіны Галкоўскай яе жаданне зрабіць яркі спектакль, перадаць атмасферу сапраўднай Іспаніі. Тут і варта прыгадаць новую сукенку для Кармэн. Бо менавіта сцэнаграфія стала самым прыкметным адрозненнем пастаноўкі ад папярэдняга варыянта 2005 года. Пры стылёвасці візуальнага рашэння асобных сцэн оперы сцэнаграфіі фінскай мастачкі Анны Контэк усё ж не хапае вобразнасці. Дэкарацыі толькі афармляюць дзеянне, абазначаюць геаграфію падзей. Прычым гэта адбываецца ў дастаткова ўмоўнай і просталінейнай форме. У першай дзеі іспанскі сцяг павінен пераканаць гледачоў — перад імі Іспанія, у апошняй карціне плакат з выявай тарэадора не пакідае сумневу ў тым, што яркі натоўп сабраўся наведаць карыду. Сапраўды ўдалым, у тым ліку і дзякуючы рабоце мастака па святле Людмілы Кунаш, можна назваць афармленне першай карціны трэцяй дзеі. Вобраз прытулку кантрабандыстаў у гарах створаны пры дапамозе сціплых сродкаў, але ён выдатна працуе на перадачу атмасферы дзеяння і суадносіцца з музыкай.
Касцюмы, як і дэкарацыі, захаплення, на жаль, у большасці выпадкаў не выклікаюць. Гэта традыцыйная “іспанская тэма” з удалымі і не вельмі варыяцыямі. Дамінуючы чорна-чырвона-белы каларыт касцюмаў хору стрыманы, эфектны. Але вытрымаць яго не атрымліваецца: каларыстычная цэласнасць разбураецца пранізліва-салатавай і фіялетавай сукенкамі сябровак Кармэн, вясёлкавымі касцюмамі тарэадораў у апошняй карціне оперы.
Што да самой галоўнай гераіні, то яе нетрывіяльны чорна-белы строй у першым акце радуе адсутнасцю відавочнай “цыганшчыны”. Ён, хоць і вылучае Кармэн з натоўпу, аднак не выглядае зусім неарганічным і залішне тэатральным у параўнанні з бляклымі касцюмамі тытунніц. Асобная размова — пранізліва-чырвоны сцэнічны строй гераіні ў другім акце. Кармэн апранута ў традыцыйную для танцоўшчыц фламенка спадніцу бата дэ кола. У дадзеным выпадку гэта не імкненне мастака да псеўдакаларыту. Аўтэнтычнасці сваёй пастаноўцы Галіна Галкоўская дадала праз пластычнае рашэнне. Замест артыстаў балета ў оперы танцуе хор, а харэаграфічныя нумары фламенка пастаўлены спецыяльна запрошаным педагогам адной з мінскіх школ Аленай Аліпчанка. Танец як адлюстраванне душы народа з устаўных балетных нумароў робіцца арганічнай часткай дзеяння. Знакамітая “Хабанэра” заканчваецца масавым танцам тытунніц на чале з Кармэн, а цыганскія скокі ў таверне ўжо не выглядаюць простым упрыгажэннем. Праўда, адзін небяспечны момант пры такім падыходзе ўсё ж узнікае. Узровень харэаграфічнай падрыхтоўкі не заўсёды дазваляе артыстам з патрэбнай грацыяй і нязмушанасцю выканаць складаныя нават для прафесіяналаў элементы: падкінуць адным рухам нагі дагары цяжкі шлейф бата дэ кола далёка няпростая задача для беларускай Кармэн.
Калі ж закрыць вочы на хор, які танцуе, што ў прынцыпе для сусветнай практыкі не адкрыццё, то застанецца толькі новая сукенка Кармэн. Яна, дарэчы, больш вартая ўвагі, чым сам вобраз гераіні ў пастаноўцы. На жаль, пакуль не давялося пабачыць у ролі інфернальнай цыганкі ні Аксаны Волкавай, ні Аксаны Якушэвіч. А Кармэн Крыскенцыі Стасенка глыбінёй не адрозніваецца. Асноўны акцэнт выканаўца (магчыма, з падачы рэжысёра) зрабіла на выразную знешнюю характарыстыку сваёй гераіні. Кармэн развязная і вульгарная, але ў гэтым няма адцення ўнутранай разняволенасці і адсутнасці межаў. Здаецца, што Хазэ ў такой Кармэн прыцягвае менавіта яе нязвыклае нахабства і… жывёльны інстынкт. Бо нейкай магіі, глыбіннай пачуццёвасці, таямніцы ў цыганцы не адчуваецца. Побач з такой Кармэн Хазэ Эдуарда Мартынюка выглядае больш цікавай, складанай асобай (і больш пераконвае вакальна). Думаецца, што рэжысёр усё ж не змагла пераадолець сваю сімпатыю да гэтага героя. Верагодна таму, калі Хазэ забівае Кармэн, вы можаце і не спачуваць пакінутаму каханку, аднак яго права на такое дзеянне міжволі прызнаеце.
Для крытыкі новай “Кармэн”, магчыма, аб’ектыўных падстаў і няма. Але пасля прагляду спектакля застаецца пачуццё шкадавання, што пастаноўшчыкам не хапіла смеласці зняць з твора Бізэ і яго герояў, як старыя сукенкі, усе штампы, якімі яны абраслі з часу першай прэм’еры. А яшчэ застаецца адчуванне падману, бо адзіны ў краіне тэатр оперы і балета працягвае ажыццяўляць новыя пастаноўкі стала прапісаных у яго рэпертуары опер. “Яўгеній Анегін”, “Тоска”, “Рыгалета”, “Царская нявеста”, “Кармэн”… Пры ўсёй павазе да знакавасці гэтых твораў хацелася б разбавіць рэпертуарны “джэнтльменскі набор” новымі назвамі, нават з тых, якія значыліся ў афішы тэатра 20, 30, 40 гадоў назад: “Дон Карлас” Вердзі, “Лэдзі Макбет Мцэнскага павета” Шастаковіча, “Лючыя дзі Ламермур” Даніцэці. Спіс опернай класікі бясконцы, дык навошта, быццам цыркавым поні, бегаць па коле?
У наступным сезоне кіраўніцтва тэатра абяцае прэм’еру балета Яўгена Глебава “Маленькі прынц” і ліцэнзійнага балета Іржы Кіліяна “Маленькая смерць”. А вось чаго чакаць ад оперы? Цалкам верагодна, новай “Травіяты”, бо апошні раз яе ставілі ў 1997 годзе.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ.