Тое, што застанецца…

Багата ілюстраваныя кнігі “Белорусское кино в лицах” і “Белорусское кино в лицах. Персоналии”, у выходных даных якіх пазначаны нашы з мастачкай Ірынай Мацкевіч прозвішчы, насамрэч, унікальныя выданні. Ім наканавана застацца помнікам самаахвярнай працы каманды аўтараў-укладальнікаў на чале з Вольгай Нячай і ўсіх, хто мае дачыненне да з’яўлення гэтага гімна нашаму кіно. Аналагаў выданням не было ў гісторыі даследавання айчыннага кіно. Работа над імі доўжылася больш за два гады. На гэты час рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры быццам ператварыўся ў філіял кінастудыі “Беларусьфільм”.
Такім чынам, знаёмцеся. Ірына Мацкевіч нарадзілася ў Мінску ў 1962 годзе. У 1980—1983 гадах вучылася ў мастацкім ДПТВ № 15 Бабруйска, пасля заканчэння якога стала студэнткай кафедры прамграфікі прамысловага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — Беларуская дзяржаўная акадэмiя мастацтваў). У 1988 годзе абараніла дыплом. З 1996 года — член Беларускага саюза дызайнераў. З 2000 года працуе ў галіне выдавецкай дзейнасці.

Ірына Мацкевіч.jpeg(Сайт) — Ірына, раскажы, калі ласка, пра сваё бачанне стварэння кнігі.
— Для мяне кніга — гэта адзіная кампазіцыя, міні-спектакль, маленькая гісторыя са сваімі таямніцамі — вокладкай, форзацам, пачаткам (першымі старонкамі), кульмінацыяй (асноўнай інфармацыяй), завяршальным акордам (апошнімі старонкамі) і завесай (апошняй старонкай вокладкі).
Безумоўна, ідэальны варыянт, калі супадаюць форма і змест, а стыль выдання падкрэслівае ідэі аўтара. Але стварэнне кнігі — гэта калектыўная праца, і, напрыклад, дызайнер часта вымушаны ісці на кампраміс з аўтарамі, заказчыкамі і інш. Што тычыцца выданняў “Белорусское кино в лицах” і “Белорусское кино в лицах. Персоналии”, я вельмі рада, што ў маім творчым жыцці была работа над гэтымі кнігамі.

— Якія яшчэ аздобленыя табой праекты асабліва значныя для цябе?
— Вельмі запомнілася работа над альбомам “Беларусь — мая песня”, прысвечаным юбілею ансамбля “Песняры”. Кіраўніком праекта быў Уладзімір Скараходаў, рэктар БелДІПК. Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з многімі вядомымі музыкантамі. І цікава, што ноты многіх песень Уладзіміра Мулявіна не захаваліся, а некаторых увогуле не існавала — іх рэканструявалі на слых, па тых варыянтах песень, якія ацалелі ў запісах. Так выратавалі спадчыну славутага дзеяча беларускай культуры.

— Важным для айчыннай культуры было і выданне зборнікаў сучаснай беларускай драматургіі, вокладкі якіх таксама твае творы. Упэўнена, зробленыя табой афішы захоўваюць колішнія стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а сёння знакамітыя музыканты. А чаму ты выбрала менавіта гэтую прафесію?
— Шчыра кажучы, у мяне не было выбару. У дзяцінстве мне вельмі цікава было маляваць, займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Яшчэ ў садку марыла, што стану мастачкай.
Дзяцінства захавала ў памяці такі сюжэт: выхавальніца павяла нас гуляць у парк. Я ўбачыла людзей, якія сядзелі на крэселках і малявалі натуршчыцу ў купальніку пад парасонам — на прыродзе, у промнях сонца. Я падышла да адной мастачкі (магчыма, гэта была студэнтка) і стала як укапаная, доўга не магла ад яе адысці — настолькі ўразіў яе жывапіс. І ў той момант зразумела: гэта МАЁ.
Але бацькі вырашылі па-іншаму і аддалі мяне ў лепшую ў горадзе школу з фізіка-матэматычным ухілам. Пасля заканчэння школы я рыхтавалася паступаць на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), бо разумела, што ва ўстанову вышэйшай адукацыі мастацкага профілю не траплю: не было падрыхтоўкі належнага ўзроўню. Але мае бацькі ў апошні момант параілі лепш паступаць у мастацкае вучылішча ў Бабруйску, якое я скончыла з чырвоным дыпломам. Потым паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

— З чаго пачалося тваё падарожжа ў кніжны свет?
— Безумоўна, як і ўсім дзецям, бацькі з самага ранняга ўзросту мне чыталі казкі, апавяданні, вершы. Але самае моцнае дзіцячае ўражанне ад кніг было ў маім жыцці, калі ў дзевяць гадоў я прачытала кнігу “Прыгоды Алісы ў краіне цудаў”. Здавалася, я магла чытаць гэтую казку бясконца, паглыбляючыся ў яе фантастычны свет, з якога не хацелася вяртацца.

— А ўжо ў сталым узросце былі кнігі ці, магчыма, асобныя аўтары, якія перавярнулі тваё жыццё?
— Не ведаю, ці можа кніга перавярнуць жыццё… Кніга хутчэй, быццам вада, точыць камень, паступова і павольна фарміруе і развівае асобу. Думаю, рэвалюцыі свядомасці ад кнігі быць не можа. Хаця… Ужо ў сталым узросце кнігі Роберта Кіясакі змянілі мае погляды, у прыватнасці на бізнес і фінансы. Я пазбавілася савецкіх стэрэатыпаў, засвоеных з дзяцінства: грошы — гэта не галоўнае, грошы — гэта бруд і г.д. Творы гэтага аўтара зрабілі мяне больш практычнай і фінансава адукаванай.

— Тым не менш, у адрозненне ад многіх сваіх калег, якія сышлі з кнігавыдавецкай галіны ў прыбытковыя сферы, ты па-ранейшаму працуеш з кнігамі. А яшчэ захапляешся бацікам (Ірына Мацкевіч была ля вытокаў стварэння мінскага клуба “Бацік”. — В.П.), валеннем з шэрсці… Як цябе на ўсё хапае?
— Я думаю, кожнаму творцу, мастаку цікава паспрабаваць сябе ў як мага большай колькасці відаў мастацтва. У свой час я асвоіла бацік і валенне, бо для мяне было цікава працаваць з гэтымі новымі для мяне матэрыяламі. Да таго ж так я магла проста адпачыць ад камп’ютарнай графікі. Сёння ў мяне новае захапленне — кітайскі жывапіс у-сін!

— А ці застаецца час проста пачытаць што-небудзь для сябе, для душы?
— Цяпер я чытаю пераважна гістарычную літаратуру, цікаўлюся сучаснай аналітыкай.

— Над якім кніжным выданнем, калі надарыцца такая магчымасць, табе асабліва хацелася б пашчыраваць?
— Над кнігай, прысвечанай гісторыі і культуры Беларусі. Ёсць у мяне і адмысловая мара — не толькі аздобіць, але і напісаць кнігу пра сваіх продкаў, пра свой род. Апошнія гады мэтанакіравана шукаю інфармацыю пра гэта. Жыццё продкаў — гэта самая жывая гісторыя. Бясконца здзіўляюся, як яны змаглі перажыць тое, што выпала на іх долю. А яшчэ бясконца здзіўляюся таму, як гістарычныя катаклізмы трансфармуюць сям’ю, раскідваюць родных людзей па розных краінах, перапісваюць іх біяграфіі… Страшна, балюча і цікава. Мне ёсць кім ганарыцца ў сваім радаводзе. Пошук інфармацыі і работа з архівамі ў розных гарадах і краінах вымагае шмат часу і энергіі. Зразумела, гэта была б кніга не для шырокага кола чытачоў, а глыбока асабістая.

Вольга ПАЎЛЮЧЭНКА.