Сны Іскандэра Сакаева

Некалькі гадоў назад Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр, які ў канцы 80-х — пачатку 90-х мінулага стагоддзя быў адным з самых цікавых калектываў рэспублікі, не мог пахваліцца занадта спагадлівым стаўленнем крытыкаў ды знаўцаў драматычнага мастацтва. Здаецца, як і многія іншыя калектывы, маладзёжны добрасумленна працаваў, ажыццяўляў прэм’еры, пяшчотна захоўваў лепшыя пастаноўкі мінулых гадоў, аднак нейкага гучнага рэзанансу яго дзейнасць не атрымлівала. І вось, нарэшце, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэтая сітуацыя засталася ў мінулым. Канечне, тэатр яшчэ не выбіўся ў лідары, аднак большасць з яго прэм’ер апошняга часу прэтэндуе калі не на статус падзеі, то як мінімум на званне must see для кожнага беларускага тэатрала.

У шэрагу “маладзёжных” прэм’ер асаблівае месца займаюць пастаноўкі запрошанага расійскага рэжысёра Іскандэра Сакаева, якія шмат у чым і забяспечылі рост акцый тэатра. Ужо яго першы спектакль, “Казіная выспа” У.Бэці (2014 год), выклікаў да тэатра і рэжысёра непадробленую цікавасць і атрымаў… супрацьлеглыя водгукі. Яго пастаноўка “Чэхаў. Камедыя. Чайка” (2014 год), пастаўленая з надрывам і некаторай карыкатурнасцю, разбіла ўяўленні аматараў класікі аб тым, як трэба ставіць Чэхава. Некаторыя гледачы, абураныя крыклівасцю Аркадзінай, нервовасцю Трэплева і нязграбнасцю Ніны, пакідалі залу ў час дзеяння. Іншыя з задавальненнем разгадвалі не вельмі складаныя інтэлектуальныя рэбусы ў створанай рэжысёрам інтэртэкстуальнасці, дзе радкі “Чайкі” суседнічалі з цытатамі, пазычанымі з “Вішнёвага саду”, ды споведдзю сучаснай актрысы, якая спадзяецца дачакацца свайго “неба ў дыяментах”, бы адна з трох чэхаўскіх сясцёр.
У самым канцы мінулага сезона ў тэатры адбылася прэм’ера яшчэ аднаго спектакля Сакаева. Рэжысёр зноў звярнуўся да класікі — “Сну ў летнюю ноч” Шэкспіра. Пакуль адбылося ўсяго некалькі паказаў, але рэха ад іх атрымалася дастаткова гучным, таму пра квіткі на прэм’ерныя спектаклі варта паклапаціцца загадзя. Тым больш што Шэкспір, мяркуючы па ўсім, мае ўсе шансы стаць трэндам новага тэатральнага сезона, такім жа, як Чэхаў для сезона мінулага. Толькі “Чайка” ў 2014—2015 гадах з’явілася на беларускай сцэне ў чатырох розных інтэрпрэтацыях: А.Каршуноваса, паказаная на “ТЭАРТ”е, адноўленая А.Ляляўскага, прэм’ерная М.Пінігіна і ўжо згаданая Сакаева. З Шэкспірам пакуль усё дастаткова сціпла: акрамя пастаноўкі ў маладзёжным тэатры, прэм’еру “Дванаццатай ночы” ў канцы кастрычніка плануе Рускі тэатр, але сезон толькі пачынаецца. Будзе Шэкспір новым захапленнем беларускага тэатра ці не, прадказаць цяжка, аднак, нават калі на кожнай сцэне адбудзецца прэм’ера па п’есах класіка, “Сон у летнюю ноч” сярод іх не згубіцца дзякуючы выразнасці сваёй канцэпцыі і пазнавальнасці рэжысуры.
Іскандэр Сакаеў не баіцца паўтарацца і нават робіць самацытаты своеасаблівым аўтарскім знакам-пасланнем, адрасаваным гледачу, знаёмаму з іншымі яго спектаклямі. “Сон у летнюю ноч” утрымлівае дастатковую колькасць рэжысёрскіх паўтораў, якія дакладна дазваляюць пазнаць у ім асобу пастаноўшчыка, але пры гэтым Сакаеў не пераходзіць мяжы, за якой яго можна было б папракнуць у адсутнасці фантазіі і выкарыстанні ўласных знаходак як штампаў.
Можна заўважыць, што з “Казінай выспай” і “Чэхавым” “Сон у летнюю ноч” яднае характар сцэнаграфіі: чорны кабінет, дзе прыкметы рэальнага месца дзеяння амаль адсутнічаюць. У меншай ступені гэта тычыцца пастаноўкі паводле У.Бэці, у большай — астатніх спектакляў, дзе падкрэслена ігравы характар дзеяння робіць любую канкрэтыку асяроддзя непатрэбнай. У “Чэхаве” з фізічных элементаў дэкарацый на сцэне прысутнічаюць толькі каляровыя крэслы і цэлафанавая заслона, а ў “Сне”, аўтарам сцэнаграфіі якога выступіў сам рэжысёр, усё абмяжоўваецца перыядычным з’яўленнем з-пад каласнікоў канструкцыі, што ўмоўна абазначае лес. Пры такім мінімалістычным рашэнні ў спектаклях узрастае важкасць светлавой партытуры і касцюма. Праз апошні, напрыклад, у “Сне ў летнюю ноч” рэалізоўваецца раскрыццё адной з галоўных ідэй спектакля. Шэкспіраўская п’еса ў Сакаева пераўтварылася ў “небяспечную камедыю”, дзе няхітрыя любоўныя непаразуменні толькі паверхня дзеяння, бо спектакль не пра каханне, а пра бясконцую вайну, што вядзецца паміж мужчынскім і жаночым полам. Вось і сцэнічныя строі Вікторыі Ця-Сэн нагадваюць вайсковую форму, а выразны грым — камуфляжную расфарбоўку. У касцюмах праз выкарыстанне элементаў сіняга альбо чырвонага колеру дакладна пазначаецца і прыналежнасць персанажаў да таго ці іншага “вайсковага лагера”, таму нават у самых рамантычных сцэнах прысутнічае адчуванне напружанасці, бо так ці іначай, а закаханыя ўсё ж з розных бакоў барыкад.
Дарэчы, узнятая рэжысёрам тэма барацьбы полаў прасочваецца і ў “Казінай выспе”. Але там, як падаецца, канфлікт усё ж такі псіхалагічны. Гэта нават у большай ступені ўнутраны канфлікт жаданняў і розуму адной асобы, прыроднага і сацыяльнага ў ёй. У “Сне” гэта вайна, крывавая бойка, матыў якой развіты рэжысёрам з адной згадкі ў шэкспіраўскім тэксце (у пачатку дзеяння рыхтуецца шлюб афінскага герцага Тэзея і Іпаліты, царыцы амазонак, які павінен скончыць вайну паміж іх народамі) ды міфалогіі.
З “Казінай выспай” і “Чэхавым” шэкспіраўскую пастаноўку яднае і выхад рэжысёра за межы прасторы ўласна сцэны, так бы мовіць яе пашырэнне. Прастора паміж сцэнай і першым шэрагам выкарыстоўваецца Сакаевым у “Выспе” як калодзеж, туды ж спускаюцца амазонкі, што хаваюцца ў “засадзе” падчас асобных сцэн “Сну”. Найбольш цікава і сэнсава насычана гэтая “дадатковая пляцоўка” выкарыстана ў “Чэхаве”, дзе, зацягнутая чорным поліэтыленам, яна сімвалізуе “колдовское озеро” і надае аднаму з самых загадкавых сімвалаў рускай драматургіі іранічнае гучанне.
Як і ў “Чэхаве”, у апошнім сваім спектаклі Іскандэр Сакаеў трошкі “заігрывае” з гледачом. Менавіта так, на першы погляд, выглядае выкарыстанне асобных беларускіх слоў у рускамоўным “Сне ў летнюю ноч”. Аднак гэта ж можна лічыць і своеасаблівым рэверансам у бок публікі, знакам павагі да яе. У пастаноўцы паводле “Чайкі” рэжысёр робіць фальклорную песню “Ой, сівы конь бяжыць” асновай гукавога афармлення, якое вельмі арганічна ўпісваецца ў агульны кантэкст.
Выразнай рысай, уласцівай усім спектаклям Сакаева, з’яўляецца выключная роля пластыкі. Гэта і не дзіўна, калі ўлічыць, што рэжысёр скончыў курс біямеханікі У.Меерхольда. Дарэчы, асобныя яго эцюды Сакаеў уключыў у пластычнае рашэнне “Казінай выспы”, якое стварае паралельны асноўнаму пласт сцэнічнай рэальнасці. У “Сне” пластыка таксама стварае свой асобны тэкст, накіраваны на актуалізацыю закладзеных у спектакль сэнсаў. У пластычным рашэнні пазнаюцца элементы ўсходніх баявых мастацтваў (зноў варта прыгадаць, што тэма пастаноўкі — бясконцая вайна) ды рытуальных танцаў. Увогуле, адценне рытуальнасці дастаткова моцна адчуваецца ў пастаноўцы, якая быццам звяртаецца да архетыпічных вобразаў, што стварае адчуванне падвойнасці прасторы спектакля і ўзбагачае яго сэнсавае поле. Вербальны тэкст перастае быць асноўным носьбітам інфармацыі, як да гэтага прызвычаілася большасць гледачоў. Асноўныя ідэі трэба шукаць па-за яго радкамі, сэнс якіх, дарэчы, у пастаноўцы Сакаева месцамі змяняецца на дыяметральна супрацьлеглы хрэстаматыйнаму прачытанню камедыі Шэкспіра. Гукавая і пластычная партытура спектакля працуюць у “Сне” на фарміраванне атмасферы містыцызму і часткова сакральнасці. Напрыклад, дзякуючы гукавому афармленню ў спектаклі паўстае вельмі выразны вобраз лесу як пэўнага асяродка містычных сіл, месца пераходу альбо суіснавання двух сусветаў, уласцівага традыцыйным уяўленням многіх народаў. Гэты вобраз і такія абагульненыя вобразы-архетыпы, як жанчына, мужчына, каханне, смерць, прарастаюць праз шэкспіраўскія радкі і пераконваюць у тым, што ўласна сам літаратурны тэкст для рэжысёра, напэўна, толькі нагода, а не мэта. Магчыма, менавіта такое стаўленне да тэксту, а не толькі імкненне рэжысёра зрабіць дынамічны сучасны спектакль прывялі да дастаткова моцных скарачэнняў п’есы. Асноўная сюжэтная канва захавана, але месцамі тэкст выглядае некалькі куртатым, а дзеянне — перарваным. Спектакль, які ў выніку атрымаўся, канечне, выразна рэжысёрскі, а не з шэрага літаратурнага тэатра, ды і таго тэксту, што захаваўся, дастаткова, каб раскрыць ідэю пастаноўкі, аднак больш ашчаднае стаўленне да матэрыялу агульнаму выніку не пашкодзіла б. Карыснай была б і больш дыхтоўная праца з тэкстам з боку акцёраў. У зададзеным рэжысёрам рытме ён часам проста губляецца, прамаўляецца скорагаворкай альбо знікае ў тэмпераментных выкрыках, дзе разабраць можна толькі наяўнасць эмоцыі. І гэты момант сведчыць аб адной з праблем пастаноўкі, звязанай з арганікай акцёрскага існавання. Сакаеў прапанаваў акцёрам умовы гульні, якія адрозніваюцца ад традыцыйнага тэатра перажывання. Мяркуючы па запале і энергіі, з якой працуюць у “Сне” выканаўцы, ігра прыйшлася ім даспадобы, аднак іграюць яны не зусім па правілах. Эмацыянальны запал і экспрэсія нярэдка выяўляюцца ў празмерна рэзкіх тонах, гучным маўленні ды залішніх па колькасці рухах. У выніку ў дастаткова багатым спектаклі ўзнікае мітусня і шумлівасць. Пры гэтым акцёрскія работы ў “Сне” нельга назваць дрэннымі. Выдатна выглядае Пэк у выкананні Ільі Чарапко, некалькі нечаканы, арыгінальны вобраз Дзімітрыя стварае Дзмітрый Багаслаўскі. Іскандэр Сакаеў ужо няблага вывучыў трупу, каб выкарыстоўваць магчымасці акцёраў самым лепшым чынам і раскрываць для іх і тэатра новыя гарызонты.
Думаецца, “Сон у летнюю ноч” — адзін з крокаў на гэтым шляху. Спектакль трэба абавязкова глядзець. Калі вы не бачылі іншых пастановак Сакаева, ён можа стаць сапраўдным адкрыццём, а калі бачылі, то атрымаеце задавальненне ад нетрывіяльнага прачытання класікі. Толькі не трэба залішняй сур’ёзнасці, бо ўсё, што адбываецца на сцэне, — nightmares, морак, які ўзнікае на мяжы рэальнасці і сноў, жыцця і тэатра.

Кацярына ЯРОМІНА.