Эверэст у тваёй душы… а “Лістапад” — у сэрцы

Ужо некалькі тыдняў запар фільм “Эверэст” займае першы радок у сусветным кінапракаце.

Вышыня Эверэста складае 8848 метраў.
Пасля 5000 метраў чалавеку становіцца цяжка дыхаць. Пасля 8000 метраў яму ўжо невыносна дыхаць. Фактычна, апынуўшыся на такой вышыні, ён паступова пачынае паміраць. У розных людзей назіраюцца пры гэтым розныя сімптомы. Адзін з самых страшных — калі чалавеку на лютым марозе, на вар’яцкім ветры, які шалее на такой вышыні, становіцца раптам горача, і ён пачынае зрываць з сябе адзенне, а яго цела распадаецца на кавалкі…На вышыні 9000 метраў лёгка пачуваецца толькі “боінг-737”. А ты не “боінг”. Ты — чалавек. І ты паўзеш увысь, на Эверэст, каб сказаць усім, што ты — Чалавек.
І вось ты на Эверэсце. Узняўшы ўгору рукі, ты скрозь слёзы крычыш на ўвесь свет: “Я падняўся на Эверэст!”
Але потым пачнецца самае балючае: ты будзеш спускацца з Эверэста… І самыя страшэнныя жахі пачнуць здарацца пасля таго, як ты дасягнуў сваёй мары. Вось адзін твой напарнік зрываецца з хісткай, пракладзенай паміж дзвюма горнымі вяршынямі лесвіцы і ляціць у бяздонне ўніз… Вось яшчэ адзін, якога за некалькі тыдняў падрыхтоўкі да Эверэста ты паспеў палюбіць, як брата, на тваіх вачах замярзае ў гімалайскім снезе, а ты, каб і хацеў, не можаш яго выратаваць, бо ў самога не засталося сіл… Вось яшчэ адзін слепне ад навакольнай снежнай белізны і бездапаможна рыдае ад таго, што нічога і нікога не бачыць… І ты сам без сіл падаеш на калені. Ты плачаш па загінуўшых, па тых, хто ўзняўся з табой на Эверэст, але памёр на зваротным шляху да падножжа.
Цяпер Эверэст зноў над табой у недасяжнай вышыні. Недзе там засталіся целы братоў па Эверэсце. Эверэст цяпер навек пасяліўся ў тваёй душы. …Па-мойму, у Галівудзе даўно не стваралі такіх атмасферных фільмаў, як “Эверэст”. І ўсё, пра што расказваецца ў гэтай стужцы, насамрэч было ў 1996 годзе, калі група так званых альпіністаў-турыстаў (кожны з іх плаціў вар’яцкія грошы за магчымасць падняцца на Эверэст) трапіла ў страшэнны буран. Восем чалавек тады загінулі — страшна, у неймаверных пакутах.
У кожнага з герояў фільма быў свой адказ на пытанне, навошта яму Эверэст: “Я проста зразумеў, што магу…”; “Я нарэшце пакахаў. А што не зробіш дзеля кахання?”; “У мяне ў жыцці было да гэтага шэсць скораных гор. Але шчаслівая лічба — 7, таму Эверэст будзе ў маім жыцці менавіта сёмай”; “Мая жонка заўсёды казала, што я нікуды не варты. Паглядзім, што яна будзе казаць пасля Эверэста”. Усе асобныя чалавечыя гісторыі, якія раскрываюцца ў карціне, — ці гэта гісторыя інструктара-правадніка прафесійнага альпініста Роба Хола, які цаной свайго жыцця выратаваў жыцці многіх удзельнікаў групы і ў якога на радзіме ў Амерыцы засталася цяжарная жонка, ці гэта гісторыя японскай турысткі, якая таксама загінула, але здзейсніла сваю мару — пакарыла сёмую і самую высокую ў сваім жыцці гару, — сплятаюцца ў адну скразную міфалагічную тэму пераадолення чалавекам сябе самога, узняцця над самім сабой. Гэтая гісторыя, яе бліскучае ўвасабленне ў фільме бясконца ўражваюць, шакіруюць, пакідаюць адчуванне немагчымасці рэальнасці.Дзякуй рэжысёру Бальтасару Кармакуру, дзякуй акцёрам Эмілі Уотсан, Джэйку Джыленхолу, Кіры Найтлі, Робін Райт, Клайву Стэндэну, Інгвару Эгерту Сігюрдсану, Джэйсану Кларку, Джошу Броліну, Сэму Уорцінгтану, Элізабэт Дэбікі і інш.
Я вельмі рад, што паглядзеў гэты фільм менавіта ў “Цэнтральным”, дзе не прадаюць папкорн.

А тым часам ужо менш за месяц засталося чакаць адкрыцця ХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 6 па 13 лістапада. З гэтай нагоды прапаноўваем нашым чытачам падборку навін, якія падсвецяць асаблівасці сёлетняга кінафоруму.

* Слоганам ХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” яго арганізатары выбралі кароткі, але вельмі ёмісты выраз “Асалода для вачэй”, які ў англійскім варыянце гучыць нават больш загадкава: Eye of pleasure (“Вока асалоды”). “У лепшых фільмах галоўныя сэнсы хаваюцца не столькі ў рэпліках герояў, колькі ў мізансцэне кадра, гульні святла і ценю, драматургіі колеру, мантажных прыёмах. Здольнасць бачыць фільм, раскрываць яго тайны праз выяўленчыя нюансы і дэталі, гатоўнасць атрымліваць задавальненне ад сінтаксісу і пунктуацыі кінамовы, з якіх складаецца мелодыя фільма, — вось што такое сапраўдная асалода. Асалода для вачэй”, — тлумачыць задуму канцэпцыі дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ “Лістапад” Ігар Сукманаў. Нагадаем, што фестываль кожны год выступае з новай канцэпцыяй. Летась, напрыклад, мы глядзелі “такое рознае кіно”, яшчэ некалькі гадоў назад глядзелі на лістападаўскі экран “з шырока расплюшчанымі вачыма”. І кожны раз візуальным выяўленнем канцэпцыі форуму служыў постар, які вы маеце магчымасць бачыць на гэтай газетнай старонцы. Светла-сіні колер сёлетняга постара (мастак Аляксандр Камянец) сімвалізуе колер экрана, неба, касмічнай прасторы. Лічбавы рад з двоек стварае гіпнатычную ілюзію руху, а таксама эфект стэрэавыявы, здольны прынесці асалоду назіральніку.

* Журы асноўнага конкурсу ігравога кіно ХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” (пляцоўкай конкурсу па традыцыі стане кінатэатр “Цэнтральны”) узначаліць расійскі рэжысёр Вадзім Абдрашытаў. Ён нарадзіўся 19 студзеня 1945 года ў Харкаве. Скончыў рэжысёрскі факультэт Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі. Фільмаграфія рэжысёра налічвае 12 карцін: “Спыніце Патапава!” (1973), “Слова для абароны” (1976), “Паварот” (1978), “Паляванне на ліс” (1980), “Спыніўся цягнік” (1982), “Парад планет” (1984), “Плюмбум, або Небяспечная гульня” (1986), “Слуга” (1988), “Армавір” (1991), “П’еса для пасажыра” (1995), “Час танцора” (1997), “Магнітныя буры” (2003). Адзінаццаць работ створаны ў супрацоўніцтве са сцэнарыстам Аляксандрам Міндадзэ. Фільмы Абдрашытава — Міндадзэ адкрылі адну з самых яркіх старонак у гісторыі савецкага і расійскага кінаматографа. У 70—90-я гады яны збіралі поўныя кіназалы, шырока абмяркоўваліся ў грамадстве. Вадзім Абдрашытаў і раней не раз прымаў удзел у рабоце кінафестывалю “Лістапад”. У 1995 годзе “П’еса для пасажыра” атрымала прыз журы кінематаграфістаў ММКФ. Праз два гады карціна “Час танцора” ўдзельнічала ў конкурснай праграме форуму. У 2004 годзе расійскі рэжысёр ужо быў старшынёй журы “Лістапада”.

* У конкурсе нацыянальных кінашкол ХХІІ ММКФ “Лістапад” прымуць удзел рэжысёры з 6 краін: Беларусі, Расіі, Эстоніі, Чэхіі, Польшчы і Кубы. Усяго ў конкурсе будзе прадстаўлена 26 кароткаметражных і сярэднеметражных фільмаў. Паказы пройдуць у кінатэатры “Мір” з 7 па 9 лістапада. Беларусь прадставіць на конкурсе Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў; Расію — Усерасійкі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі, майстэрня А.М.Сакурава Кабардзіна-Балкарскага ўніверсітэта імя Х.М.Бярбекава і Школа дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава; Чэхію — факультэт кіно і тэлебачання Пражскай акадэміі выяўленчага мастацтва (FAMU); Эстонію — Балтыйская школа кінематаграфіі і СМІ Талінскага ўніверсітэта (BFM); Польшчу — Кінашкола Анджэя Вайды (Wajda School); Кубу — Міжнародная школа кіно і тэлебачання (Escuela Internacional de Ciney TV). У праграму ўвайшлі самыя разнастайныя дакументальныя кінагісторыі: пра дзень, калі павінен быў настаць канец свету; пра фермераў, якія вырошчваюць смаўжоў; пра чысцільшчыка абутку на адной з вуліц маленькага кубінскага гарадка; пра адчайнае падарожжа маладых эстонцаў да міжземнаморскіх берагоў і інш.

* У склад журы конкурсу “Маладосць на маршы”, які заўсёды выклікае асаблівую цікавасць у кінагурманаў, увойдзе адзін з самых знакамітых ісландскіх акцёраў Інгвар Эгерт Сігюрдсан, які, дарэчы, сыграў ролю рускага альпініста Анатоля Букрэева ў фільме “Эверэст”. Аматарам кіно ён таксама вядомы па ролі інжынера Гарэлава ў карціне “К-19” (2002), Грэндэля ў стужцы “Беавульф і Грэндэль” (2005). Здымаўся ў фільмах выдатнага ісландскага рэжысёра Фрыдрыка Тоўра Фрыдрыксана “Востраў д’ябла” (1996), “Анёлы Сусвету” (2000), “Сокалы” (2002). На ХХІІ ММКФ “Лістапад” Інгвар Эгерт Сігюрдсан прывязе апошнюю стужку са сваім удзелам “Вераб’і”, якая будзе паказана ў пазаконкурснай праграме. Дарэчы, на кінафестывалі ў Сан-Себасцьяне, які завяршыўся 26 верасня, “Вераб’і” атрымалі “Залатую ракавіну” як лепшы фільм.

* У рамках пазаконкурснай праграмы дакументальнага кіно “Лепшае” (The Best) пакажуць фільмы, якія адкрываюць новы нетрадыцыйны падыход да кінадакументалістыкі. Так, увагу гледачоў абавязкова прыцягне, напрыклад, дацка-польская карціна “Усё зменіцца да лепшага” рэжысёра — намінанта на прэмію “Оскар” Ханны Полак. На працягу 14 гадоў яна здымала жыццё дзяўчынкі, якая жыла на найбуйнейшым у Еўропе сметніку за 20 кіламетраў ад Масквы. Не пакіне раўнадушным і партугальская стужка “Раптам мае думкі спыніліся” рэжысёра Жоржы Пелікану, які знаёміць з закрытым светам псіхіятрычнай бальніцы. Дарэчы, Жоржы Пелікану прыедзе на фестываль у Мінск і сам прадставіць свой фільм. Несумненна, знойдзе сваіх удзячных гледачоў і амерыкана-польская карціна “Узваліўшы ільва на плечы”. Гэта фільм пра людзей, якія раптам страцілі самае важнае — магчымасць займацца любімай справай. Музыкант, фатограф, спартсменка — у кожнага з іх свая гісторыя выжывання, свая гісторыя прымірэння з суровай рэальнасцю. А адзін з герояў адкрыта гаворыць у кадры: “Тое, што я люблю больш за ўсё на свеце, прычыняе мне неймаверны боль”.

* Конкурс дзіцячых і юнацкіх фільмаў “Лістападзік” адкрыецца аўстралійскай стужкай “Дзівак” рэжысёра Сцюарта МакДональда. Яна раскажа гісторыю сабакі пароды марэма па мянушцы Дзівак. Дружалюбны чатырохлапы з беласнежнай поўсцю ствараў сваім гаспадарам і іншым жыхарам невялікага аўстралійскага гарадка нямала клопатаў. Калі ж на пінгвінаў у мясцовым запаведніку пачалі нападаць лісы, Дзівак, нягледзячы на тое, што яму было забаронена з’яўляцца ў горадзе, змог выратаваць папуляцыю птушак. Карціна будзе цікавая і дзецям, і дарослым. У ёй задзейнічаны вядомыя акцёры Шэйн Джэйкабсан і Сара Снук (“Патруль часу”), Алан Цьюдзік (“Той, хто бяжыць у лабірынце: выпрабаванне агнём”, “Цягнік на Юму”, “Я, Робат”), а таксама юная Како Джэк Гіліс, знаёмая нам па невялікай ролі ў фільме “Вар’ят Макс: дарога лютасці”, дзе яна сыграла дзяўчынку з мінулага галоўнага героя, якую ён не змог выратаваць ад смерці.

Мікола ЧЭМЕР.