Спяваюць балтыйскія хвалі…

На Міжнародным фальклорным фестывалі Baltica-2015 у Латвіі этнічную музыку нашай радзімы прадстаўляў фальклорны ансамбль “ТАЛАКА” (кафедра этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў).

Амаль 30 гадоў (з 1987 года) краіны Балтыі штогод па чарзе ладзяць адзін з найбольш вядомых ва ўсходняй Еўропе фальклорных фестываляў — Baltica. Асноўныя ўдзельнікі фэсту — прыбалтыйскія аўтэнтычныя і маладзёжныя фальклорныя калектывы, але ў абавязковай “гасцявой” праграме штогод — гурты з Нарвегіі, Ірландыі, Расіі, Грузіі, Польшчы, Украіны, Партугаліі — еўрапейскіх краін, дзе захаваліся “выспы” аўтэнтыкі і вядзецца паспяховая работа па перадачы яе спадчыны моладзі. Летам 2015 года ў Латвіі адбыўся чарговы International Folklore Festival Baltica-2015 (ужо дзясяты менавіта на латышскай зямлі). Прадставіць каранёвую этнічную музыку нашай краіны аргкамітэт фестывалю запрасіў фальклорны ансамбль “ТАЛАКА”.
Акрамя масавых “стадыённых” канцэртаў (напрыклад, на ўрачыстым адкрыцці фэсту, які сёлета вітаў сам Прэзідэнт Латвіі Райманд Веёніс у поўным нацыянальным этнаграфічным строі, прысутнічала каля 7000 гледачоў), у праграме Baltica-2015 — шмат майстар-класаў, “камерных” канцэртаў у латышскай глыбінцы — рэгіёнах Латгаліі, Відземе, Курземе, Земгаліі, вечарын побытавага танца, спеваў і сумесных фальклорных “джэмаў” з латышскімі фалькларыстамі, якія асабліва цэняць непасрэднасць жывога пераймання культурнай спадчыны кожнага народа. Для захавання фальклору ў Латвіі створана сістэма танцавальных клубаў, дамоў рамёстваў і этнаграфічных музеяў, як і ў савецкія часы, штогод праводзіцца агульнанацыянальнае свята песні, ёсць нават спецыялізаваныя фальклорныя пабы і кавярні ў прыгажуні-Рызе і іншых гарадах.Фальклор Беларусі (а беларусы складаюць трэцюю па колькасці пасля латышоў і рускіх дыяспару Латвіі — каля 3,4% яе жыхароў) у рэпрэзентацыі “ТАЛАКІ” (з дударскай музыкай, набліжанымі да аўтэнтычных спевамі і побытавымі танцамі з калекцыі этнахарэографа Міколы Козенкі) прыйшоўся арганізатарам і гасцям фэсту даспадобы. Міністр культуры Латвійскай Рэспублікі спадарыня Дацэ Мелбардэ ўручыла беларускім гасцям дыплом-падзяку, а Латвійскае тэлебачанне ўключыла выступленні студэнтаў-фалькларыстаў БДУКМ у тэлеканцэрты-справаздачы пра гала-канцэрт замежных гасцей фестывалю і пра закрыццё Baltica-2015, змясціла іх і ў фестывальны інтэрнэт-архіў.

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ.
Фота Марыны ВЕСЯЛУХІ.