Памерці, каб выжыць, выжыць, каб адпомсціць

У калядныя дні, па падказцы сябра-фатографа, я разам з ім схадзіў у сталічны кінатэатр “Кастрычнік” на новае амерыканскае кіно — “Той, хто выжыў” (у рускім варыянце, які сёння на слыху ва ўсіх кінаманаў, — “Выживший”).

Кожнага прыцягвала ў гэтым фільме сваё: майго сябра — праца выдатнага рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту, які летась здзівіў кінасвет сваім “Бёрдмэнам” і атрымаў за яго “Оскара”, а мяне, прызнаюся шчыра, — мой любімы Леанарда Дзі Капрыа. Любімы ўжо на працягу 17 гадоў (вы зразумелі: з часоў “Тытаніка”). Любімы, таму што не перастае здзіўляць сваімі пераўвасабленнямі ад аднаго фільма да кожнага новага фільма (згадаць хоць бы толькі некаторыя з апошніх з вельмі-вельмі рознымі яго ролямі і кінавобразамі — “Банды Нью-Ёрка”, “Авіятар”, “Востраў праклятых”, “Джанга вызвалены”, “Вялікі Гэтсбі”, “Воўк з Уол-стрыт”). Любімы яшчэ і таму, што ён амаль мой аднагодак. А аднагодкаў проста лепш разумееш і адчуваеш. І я, дарэчы, вельмі разумею яго шчырыя крыўды на амерыканскіх кінакрытыкаў, якія за яго бліскучую кар’еру так і не прысудзілі яму ніводнага “Оскара”. Вельмі многа разоў ён сапраўды гэтага быў варты. Але ж бліжэй да фільма “Той, хто выжыў”. І тут адразу трэба зрабіць невялікае, але патрэбнае ў нашым выпадку тлумачэнне. У арыгінальным англійскім варыянце кіно называецца “The Revenant”, што азначае “Той, хто пабыў на тым свеце, але вярнуўся на гэты свет”. Адчуваеце розніцу паміж “The Revenant” і “Тым, хто выжыў”? Гэтая розніца ўсё-такі ёсць. Наша “Той, хто выжыў” гучала б па-англійску як “The Survived”.

ДАРЭЧЫ

Літаральна заўчора, 14 студзеня, сталі вядомы сёлетнія прэтэндэнты на прэмію Амерыканскай акадэміі кінамастацтваў “Оскар”. Фільм “Той, хто выжыў” увайшоў у лік прэтэндэнтаў у намінацыі “Найлепшы фільм”, а Леанарда Дзі Капрыа — у намінацыі “Найлепшая мужчынская роля”. Разам з ім на перамогу ў гэтай намінацыі прэтэндуюць Мэт Дэйман (“Марсіянін”), Браян Крэнстан (“Трамба”), Эдзі Рэдмэйн (“Дзяўчына з Даніі”) і Майкл Фасбендэр (“Стыў Джобс”). У Леанарда ёсць рэальныя шансы. Можа, нарэшце, спраўдзіцца яго запаветная мара? Пачакаем 28 лютага, калі стануць вядомы імёны трыумфатараў.

Сцэнарый да фільма быў напісаны Іньярыту і Маркам Л. Смітам паводле рамана Майкла Панке 2003 года, а той, у сваю чаргу, звяртаецца да рэальнай гісторыі каланіста-следапыта, правадніка атрада паляўнічых Х’ю Гласа, якога (падзеі адбываліся ў XIХ стагоддзі на Дзікім Захадзе) яго таварышы па атрадзе па-здрадніцку пакінулі, цяжкапараненага, паміраць, а самі рушылі ў бліжэйшы форт прадаваць пушніну, дзяліць здабычу. Тады рэальны Х’ю Глас, прататып сённяшняга кіношнага, адолеў каля 300 кіламетраў, пераважна паўзком, але ўсё ж праз 38 дзён нагнаў здраднікаў і адпомсціў ім… Такой нібыта была рэальная гісторыя, але менавіта нібыта, бо гісторыя, паўтаруся, адбывалася амаль 200 гадоў назад. А ўпершыню, дарэчы, пра яе згадалі ў адным выданні толькі ў 1939 годзе.
А што было ў фільме “The Revenant”? А ў фільме на групу каланістаў-паляўнічых знянацку напалі індзейцы. Такія сутычкі паміж “белымі” і “чырванаскурымі” тады здараліся, натуральна, бясконца. Яшчэ зусім мала было паміж імі кампрамісу.
Многія са згаданай групы каланістаў тады палеглі, а астатнія працягнулі свой шлях да форта. І тут здарылася жудаснае: на Х’ю Гласа напала агромністая мядзведзіца грызлі… Цягала яго па снезе, шкуматала, навальвалася ўсёй сваёй паўтоннай тушай і, вядома ж, грызла, раздзірала на часткі, драбіла ўдарамі косці, літаральна адрывала часткі ад яго цела… Так яны валтузяцца ў фільме недзе хвілін 5, а можа, 10, а можа, толькі якую адну хвілінку. Сузіраючы гэтую сцэну, ты проста страчваеш адчуванне часу, ты проста ўціскаешся ў крэсла кінатэатра, як быццам пры ўзлёце самалёта, і рэальна пачынаеш жыць гэтай немагчымай жудасцю, гэтым фантасмагарычным чалавека-звярыным супрацьстаяннем. Я не памятаю такой бліскучай камп’ютарнай графікі… Розныя там гадзілы і кінг-конгі і побач не стаяць. Але Х’ю Гласу ўсё-такі ўдаецца ў нейкі немагчымы момант усадзіць у шыю паляўнічы нож, і тая, ужо мёртвая, бездапаможна саслізгвае на снег, спрэс заліты яго, Гласавай крывёю.
Але на гэтым жудасці не заканчваюцца. Х’ю не памёр, але ўжо і не жыў. Гэта быў проста кавалак раздзёртага чалавечага мяса — яшчэ хвіліну назад моцны, мужны, адважны следапыт. Памятаеце значэнне англійскага слова revenant? Вось з гэтага моманту якраз і пачынае разгортвацца першая частка яго сэнсу — той, хто пабыў на тым свеце.
Група паляўнічых раздзяляецца на дзве. Адна накіроўваецца ў далейшы шлях, а з непрытомным Х’ю Гласам застаюцца тры чалавекі — яго юны сын Хоўк, таварыш па камандзе Джон Фіцджэральд (яго сыграў вядомы акцёр Том Хардзі) і яшчэ адзін юнак Джым Брыджар. Безумоўна, усе ўжо добра разумелі, што Х’ю Глас не жылец, але вось проста так прыстрэліць цяжкапараненага было не па законах паляўнічых. Фіцджэральду было даручана дачакацца, пакуль той памрэ, пахаваць яго і выбірацца следам.
Далей падзеі развіваюцца пэўны час імклівым чынам, стукаючы цябе па мазгах учынкамі Фіцджэральда. Спачатку ён забівае сына Гласа Хоўка, маўляў, каб не мучыўся, гледзячы, як памірае бацька. Потым разам са звар’яцелым ад жудасці Брыджарам яны выкопваюць для Гласа неглыбокую магілу. Кладуць яго туды, крыху прыкрываюць яловымі лапкамі… Нешта чалавечае ў душы Фіцджэральда яшчэ торгаецца, калі ён нахіляецца над Гласам, той нечакана расплюшчвае скрываўленыя вочы… і Фіцджэральд, нацэліўшы на яго ружжо, прапаноўвае таму згадзіцца на імгненную, а не пакутлівую смерць: “Толькі міргні, калі ты згодзен”. А той — гэта не менш жахлівая сцэна, чым сцэна з мядзведзіцай, — глядзіць на яго шырока расплюшчанымі жывымі-мёртвымі вачыма і… не міргае. З гэтага моманту ў фільм уваходзіць другая частка слова revenant — той, хто вярнуўся з таго свету на гэты. Не проста выжыў пасля кіпцюроў і іклаў мядзведзіцы, а менавіта вярнуўся пасля ўсяго гэтага, бо не мог не вярнуцца, бо штосьці клікала зноў на гэты свет. Разам з Брыджарам, які, нягледзячы на свае юныя гады, разумеў, што Фіцджэральд робіць штосьці не так, ледзь стрымліваў слёзы і бездапаможна ўгаворваў таго застацца разам з Гласам, яны сыходзяць. Недзе там, за 300 кіламетраў, Фіцджэральда чакалі вялікія грошы ад пушніны, потым — шчаслівае жыццё ў Тэхасе… А Х’ю Глас застаўся нерухома ляжаць у магіле — усё ж жывы, ужо жывы.
Наогул, у фільме можна прасачыць некалькі гісторый. Гэта і гісторыя таго ж Фіцджэральда з яго Тэхасам, і гісторыя індзейскага правадыра, які помсціць усім белым без разбору за выкрадзеную дачку, і інш. Але, безумоўна, галоўная гісторыя пачынаецца тады, калі ў Х’ю Гласа ўсё-такі знаходзяцца недзе сілы і ён выбіраецца са сваёй магілы. За гэтай бязмоўнай гісторыяй (увогуле, за ўвесь фільм персанаж Дзі Капрыа вельмі немнагаслоўны, а на англійскай ён вымаўляе ўсяго толькі 15 фраз) сочыш большую частку часу, які доўжыцца стужка (156 хвілін). Сочыш, як ён паўзе па лёдзе, па снезе, спрабуе сагрэцца і зноў паўзе, спрабуе спатоліць голад і зноў паўзе, як яго знаходзіць адзін прыязна настроены індзеец і пры словах “ты знутры гніеш” пачынае яго лячыць сваімі мясцовымі “прыпаркамі”, як потым ужо ідзе на кукішках, падае, зноў паўзе, паўзе-ідзе, паўзе-бяжыць… А ты ўвесь час не перастаеш захапляцца не толькі акцёрскай ігрой Леанарда (які, дарэчы, у многім менавіта дзякуючы сваёй немнагаслоўнай ролі праявіўся як артыст напоўніцу, праз рухі, стогны, жэсты і грымасы паказаў гледачу душу), але і цудоўнымі краявідамі прыроды — бела-блакітным бязмежжам канадскіх заснежаных лясоў і ледзяной прасторы поўдня Аргенціны. Фільм здымаўся пры натуральным асвятленні, і гэта надало яму надзвычай жывыя фарбы. А ўжо майстар-аператар Эмануэль Любецкі са свайго боку таксама пастараўся зрабіць усё, каб глядач сустрэўся сам-насам з вокам каня або Дзі Капрыа, разгледзеў кожную льдзінку, сняжынку, травінку, а з другога боку — абняў вачыма ўсю неабсяжнасць Дзікага Захаду.
Нават цяжка сказаць, чым дакладна палоніць гэты фільм — ці то асобнымі (рэжысёрскай, аператарскай, акцёрскімі) работамі, ці то нейкім, насамрэч, магічным уздзеяннем на цябе, ці то гэткай натуральнай брутальнасцю, якая, сапраўды, можа быць вельмі прыгожай. А можа, мне, мужчыну, лёг на душу “The Revenant” проста як сапраўднае мужчынскае кіно? Хто яго ведае… Але, ва ўсякім разе, мне дакладна падалося, што камандзе стваральнікаў гэтай карціны не хацелася проста шакіраваць, спалохаць ці расчуліць гледача. “The Revenant”, на маю думку, адсылае да пытанняў моцы чалавечага духу, жадання жыць і перамагчы смерць, барацьбы з тымі, хто адабраў у цябе самае дарагое. І таму мне было дзіўнавата чытаць у інтэрнэце некаторыя каментарыі, маўляў, індзейскія кансультанты проста пасмяяліся з амерыканскіх кінематаграфістаў, выдаўшы ім за праўду казкі аб тым, што на поўначы Канады можна пагрэцца ўнутры забітага каня, гадзінамі скакаць на кані без шапкі ў люты мароз, спаць на снезе ў мокрым адзенні пасля плавання ў ледзяной вадзе і г.д. І, маўляў, поўным ужо абсурдам была сцэна бітвы Гласа з мядзведзіцай грызлі, якая так і не змагла яго адолець. “І прыкольна ж Лёнька з мішкам качаліся на снезе!”Такія каментатары, здаецца, забыліся пра тое, што мастацтва — сапраўднае мастацтва — часта паказвае немагчымае якраз для таго, каб натхніць людзей зрабіць нешта немагчымае ў сваім жыцці, узняцца над магчымым-звычайным. А, у прыватнасці, сапраўднае рэалістычнае мастацтва часта апелюе да вядомай формулы: няма нічога менш рэальнага, чым рэалізм. Між іншым, атрымліваючы ў пачатку гэтага тыдня свой трэці ў жыцці “Залаты глобус” (прэстыжную ўзнагароду Галівудскай асацыяцыі замежнай прэсы), Дзі Капрыа спачатку падзякаваў самой асацыяцыі, адзначыў некаторыя цяжкасці, звязаныя са здымкамі “Таго, хто выжыў”, а потым звярнуўся непасрэдна да рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту: “Дзякуючы твайму кіраўніцтву, твайму бачанню і тваёй пільнай увазе, кожны здымачны дзень быў для нас бязлітасна рэалістычным. Я ніколі не зведваў нічога падобнага”. А свайму напарніку па здымках Тому Хардзі, які сыграў жорсткага і подлага Фіцджэральда, Леанарда, усміхнуўшыся, сказаў: “Я ведаю, у рэальным жыцці ты б ніколі мяне зажыва не пахаваў і не кінуў паміраць на марозе”.

Мікола ЧЭМЕР.