Анімаліум з дзіцячымі вачыма

Па-свойму арыгінальна адгукнуліся на 30-ю гадавіну чарнобыльскай трагедыі педагогі і навучэнцы Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў. З гэтай сумнай нагоды яны зладзілі ў сценах установы выставу з арыгінальнай назвай “Анімаліум (фаўна свету)”.

“Мы доўга думалі, як адгукнуцца на гэтую падзею, — гаворыць намеснік дырэктара Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў Яўген Мікалаевіч Саковіч. — Ну, не маляваць жа непасрэдна Чарнобыль… Неяк сама сабой прыйшла ідэя пра захаванне, пра клопат, пра любоў да нечага жывога, прыроднага. Тэма жывёл нашым навучэнцам ніколі не была чужой. Напрыклад, была вельмі цікавая выстава, прысвечаная сакавіцкім катам. Але каты — гэта свойскія жывёлы. А, акрамя іх, сабак ды хамячкоў, яны фактычна больш не бачаць жывёл. І для мяне гэта было ў пэўным сэнсе адкрыццём. Вось што нас акружае ў вялікім мегаполісе? Дамы, машыны, людзі… Ну, яшчэ птушкі — галубы ды вераб’і. Ну, яшчэ тыя ж сабакі ды каты… А агромністы свет фаўны зусім выпадае з поля зроку і дзяцей, і дарослых. Толькі з кніжак мы пра гэты разнастайны свет ведаем ды з заапарка. Спачатку была ідэя зрабіць выставу, прысвечаную толькі беларускай фаўне. Але хіба ж ты спыніш фантазію дзяцей? Яны аднолькава любяць і лісічку, і зайчыка, і слана, і нават кракадзіла… Так і аформіліся ўсе гэтыя іх фантазіі ў экспазіцыю “Анімаліум (фаўна свету)”. А эпіграфаў да яе ў нас ажно два: “Які прыгожы гэты свет, прыгледзься!” і “Захаваем фаўну свету для нашчадкаў”.
Самае цікавае на гэтай выставе, як заўважае Яўген Мікалаевіч, тое, што ва ўсіх жывёл на дзіцячых малюнках вочы іх аўтараў. У жывёл — чалавечыя дзіцячыя вочы.

І яшчэ адна фішка экспазіцыі — работы з фондаў гімназіі-каледжа, малюнкі сённяшніх яе выкладчыкаў, якія тыя малявалі будучы маленькімі дзецьмі. “Алені” вядомай мастачкі выкладчыцы гэтай установы Тамары Шэлест, якіх яна намалявала ў 11 гадоў, — самы яркі прыклад.
Пасля кароткай гутаркі з Яўгенам Мікалаевічам Саковічам мне засталося толькі прайсціся па выставе “Анімаліум (фаўна свету)” і пераканацца: ваўкі, яноты, кракадзілы, яшчаркі, совы, пеўані, нават жукі і розныя там інфузорыі-туфелькі глядзелі на мяне… чалавечымі вачыма.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.