Узыходжанне да простасці

Сярод штодзённай мітусні і рэзкіх гукаў вялікага горада так хочацца пачуць паўзу… Даць магчымасць душы адгукнуцца на тое, што адбываецца вакол. Жывапісныя творы Юліі Мацура на яе выставе ў галерэі “Беларт” і ёсць тая самая паўза. “Застылая цішыня”… Назва выставы дае дакладнае ўяўленне пра яе сённяшні творчы стан.

Юлія Мацура нарадзілася ў Мінску, скончыла аддзяленне графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2002 года ўдзельнічае ў мастацкіх выставах. Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Яна, гараджанка, выдатна перадае дыханне прыроды. Смелыя ракурсы, дакладнае адчуванне рытму, звышдакладнасць у дэталях не замінаюць ёй успрымаць свет цэласна і натуральна. Некаторыя краявіды, здаецца, убачыліся ёй, як птушцы на ўзлёце.

Яна, па адукацыі мастак-графік, здольна мысліць складанымі алегорыямі і дзёрзка спалучаць рэальнасць з іррэальным залюстаркоўем неспазнанага, раптам адкрывае для нас прастору жывапісу, дае магчымасць адчуць гаючую гармонію простасці.

Яна чуе, як дыхае зямля, перадае водар падталага снегу, тую свежасць, якую прыносіць вясна.

На вернісажы выступалі пераважна мужчыны. Але і прафесар Уладзімір Савіч, і загадчык кафедры графікі БДАМ Юрый Хілько, яе настаўнікі, і наш слынны графік Міхась Басалыга, свёкар, з захапленнем гаварылі пра працавітасць і акрыленасць.

Яна, чуллівая жонка (яе муж — выдатны малады графік Піліп Басалыга), уважлівая маці (сын Арцём на адкрыцці выставы не адыходзіў ад яе ні на крок), у творчасці застаецца вернай самой сабе. Піша тое, што яе натхняе і так, каб не схлусіць ні сабе, ні натуры. Але ж так прагне зазірнуць за далягляд…

Галіна БАГДАНАВА,
выкладчык гісторыі мастацтва Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.
Фота Піліпа БАСАЛЫГІ.