А ў нас вячоркі!

У Мілевіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе распрацавана і другі дзясятак гадоў дзейнічае праграма “Спадчына”. Важным сродкам фарміравання гарманічна развітой асобы з’яўляюцца фальклорныя святы. Іх каштоўнасць заключаецца ў тым, што яны не толькі ствараюць удзельнікам святочны настрой, але і абуджаюць пачуццё прыгожага, уводзяць дзіця ў фантастычны свет абраднага дзеяння, сатканага з традыцыйных песень, вобразаў, сімвалаў.

Удзел дзяцей у абрадавых святах заўсёды мае выхаваўчае значэнне. Прыгатаванне традыцыйных страў, афармленне святочнага стала, выраб адпаведных атрыбутаў садзейнічаюць фарміраванню іх маральна-эстэтычнай арыентацыі, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Дзеці не толькі знаёмяцца з нацыянальнай спадчынай, але і з асаблівасцямі мінулага сваёй мясцовасці, сваёй малой Радзімы.

У адну з вясновых субот у нашай навучальнай установе было шумна і мнагалюдна — у нас былі вячоркі. Тут сабраліся не толькі вучні і настаўнікі, але і бацькі дзяцей, пераважна тых, хто ўдзельнічаў у імпрэзе.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Міхайлаўна Емельяновіч гасцінна запрашае ўсіх у імітаваную беларускую хату. Тут усё вельмі прыгожа: даматканыя посцілкі, вышыванкі, ручнікі. Ёсць у хаце і чырвоны кут з іконай. Сапраўдная беларуская хатка!
Пасля ўступнага слова настаўніцы гаспадыня хаткі вядзе гутарку са сваім гаспадаром пра тое, што да іх ідуць госці. Яшчэ раз трэба праверыць, ці гатова ўсё да сустрэчы.

Яшчэ з “вуліцы” чуюцца прыпеўкі пад гармонік. Прыпяваючы, госці заходзяць у хату. Іван ды Мар’я рады, што хлопцы і дзяўчаты знайшлі час зайсці да іх. Гаспадыня запрашае гасцей прайсці ў хату. Дзеці рассаджваюцца, дзякуюць гаспадарам за іх гасціннасць і адначасова пачынаюць займацца рукадзеллем: хтосьці вяжа, хтосьці матае ніткі ў клубкі, хтосьці вышывае, хтосьці пляце карзінкі (яны ўсё робяць па-сапраўднаму). Гэтаму іх навучыла Валянціна Міхайлаўна на ўроках працоўнага навучання.

Ва ўсіх усё цудоўна.

А без песні, хоць ты трэсні,

Без гармоніка й дуды

Ногі ходзяць не туды!

Дык чаму ж нам не спець?!

Вячоркі распачынаюцца народнай песняй “Чаму ж мне не пець?”. Весела, дружна, заўзята. Хоць ты сам пускайся ў скокі!

Потым гаспадар прапаноўвае гасцям узгадаць прыказкі і прымаўкі аб працы. Здаецца, што не будзе канца іх прыкладам.

Дзяўчаты ўнурыліся ў сваю работу, а хлопцы прапанавалі ім завесці песню “Чорна хмара”. Гэтая лірычная песня спявалася яшчэ нашымі прабабулямі, бо ў тыя часы часта можна было сустрэць удаву, якая нарадзіла і сама выгадавала сыночка, але шчасця яму не дала. І гэта зразумела: хлопчык — сірата.

— Ой, нешта зусім сумная песня, — гаворыць гаспадыня. Адкладзіце сваю работу, дзяўчаты, ды разам з хлопцамі “ўрэжам” польку!

Адпаведна сцэнарыю вучні спяваюць народныя лірычныя песні, танцуюць, расказваюць цікавыя жыццёвыя гісторыі, загадваюць загадкі. Але самы цікавы момант яшчэ наперадзе. Гэта гульні. Куды ж без іх!

Тут да агульнага дзейства падключаюцца і гледачы. Першая гульня называецца “Гаспадынька”. У ёй удзельнічаюць толькі дзяўчаты. Кожнай з іх па чарзе трэба надзець хустку, фартух, схапіць збаночак і ўсё гэта перадаць наступнаму гульцу.

А вось другая гульня “Зачэп” выяўляе самага дужага юнака, які адным пальцам можа перацягнуць ахвочых пазмагацца хлопчыкаў і юнакоў.

Заканчваюцца вячоркі запрашэннем гаспадыні пакаштаваць бульбяной бабкі. Усе прысутныя каштуюць гэтую самую галоўную і смачную беларускую страву.

Доўжыліся нашы вячоркі больш за гадзіну, але ніхто не стаміўся. Было цікава і ўдзельнікам, і гледачам. Школьныя вячоркі спадабаліся ўсім.

Алена КАТОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Мілевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Жыткавіцкага раёна 
Гомельскай вобласці.