Ірына РАДЗЬКОВА: “Трэба спяваць у першую чаргу сваёй душою…”

Яшчэ адзін голас нашага сённяшняга канцэптуальна “галасістага” “Рэя”, прычым голас у розных сэнсах (і як голас з газеты, і як зусім рэальны пявучы голас) — гэта голас кіраўніка ансамбля народнай музыкі “Медуніца” мінскай сярэдняй школы № 11 Ірыны Анатольеўны Радзьковай. Друкуем без каментарыяў яе развагі пра сваё жыццё і пра жыццё ансамбля, а побач, асобна — голас яе калегі намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце 11-й мінскай сярэдняй школы Таццяны Георгіеўны Шчурко.

* * *

Я нарадзілася ў Мінску. Спявала з самага ранняга дзяцінства. Памятаю, мы часта ездзілі ў Літву да сваякоў, радыё ў машыне не было, і на працягу ўсёй дарогі я спявала адну песню — працавала за радыё… Вучылася ў школе з музычна-харавым ухілам, пасля паступіла ў музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі, закончыла яго па спецыяльнасці “Народны хор”. Потым вучылася на музычна-педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Нейкі час працавала ў музеі архітэктуры і побыту, кіравала фальклорным ансамблем “Дзянніца”, рэпертуар якога засноўваўся на аўтэнтычных песнях і абрадах. А 15 гадоў назад прыйшла ў 11-ю мінскую сярэднюю школу і працую тут па сённяшні дзень.

* * *

Калі я прыйшла ў гэтую школу, я адразу набрала невялікія гурткі. Гурткі з маленькімі дзеткамі называліся “Звонікамі”, са старэйшымі — “Медуніцай”. А праз гадоў пяць, калі мы ўжо трывала сталі на ногі, канчаткова назваліся “Медуніцай”. На той час гэта ўжо быў адзіны калектыў — ансамбль народнай музыкі “Медуніца”. Першыя часы я заўсёды спявала разам з дзецьмі — гэта была такая падтрымка двухгалосся з майго боку. Цяпер у мяне ў калектыве такія дзеці, што я сяджу ў зале і слухаю. Сапраўды, вельмі таленавітыя і вельмі матываваныя дзеці. Пераважна гэта навучэнцы 2, 3, 4 і 5 класаў.

* * *

Маёй першай, так бы мовіць, перамогай у сувязі з “Медуніцай” стала салістка Поля Курановіч, якая ў 2008 годзе на конкурсе “Маладыя таленты” атрымала дыплом “За артыстызм”. Пасля школы яна паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, закончыла яго, а сёлета прыйшла працаваць да нас у школу. Сёння яна мая правая рука.

* * *

Наогул, я вельмі люблю народныя спевы. Калі вучылася ў музычным вучылішчы, проста жыла гэтым, спявала, хадзіла на канцэрты… Падчас вучобы на музычна-педагагічным факультэце ўдзельнічала ў ансамблі “Менскі гармонік”, іншых калектывах, і атрымала тады вельмі вялікі вопыт. Ужо прыйшоўшы ў “Медуніцу”, я шмат аналізавала, думала, як усё-такі выбудаваць дзіцячы калектыў, каб ён быў не падобным да іншых, каб у яго быў свой твар. Сёння наш рэпертуар у асноўным складаецца з народных песень, якія я сама апрацоўваю. Я прыйшла да гэтага, бо гэта трэба рабіць. Ну, добра, ёсць цудоўныя апрацоўкі Мікалая Сіраты, іншых апантаных народнай музыкай творцаў. Але ж трэба неяк прыстасаваць народную музыку да менавіта сваіх дзяцей і да сваёй душы. Трэба спяваць у першую чаргу сваёй душою. А яшчэ, як правіла, трэба арыгінальна выйсці на сцэну, сказаць “Добры дзень!” першай песняй, праспяваць акапэла… Карацей, ёсць многа тонкіх момантаў, якія ва ўсякім разе трэба вырашаць у рабоце з ансамблем.

* * *

У нас ёсць, напрыклад, вядомая песня “Бабка Еўка, дзед Тумаш”. Ведаеце, як мы яе апрацавалі? Уставілі ў яе элементы… рэпа. І гэта так зацікавіла дзяцей, удзельнікаў ансамбля! І так заўсёды ўражвае гледачоў! Заўсёды з задавальненнем выконваем гэтую песню. Хаця, безумоўна, у нас ёсць шмат і больш сур’ёзных твораў. Я апрацавала, напрыклад, вельмі прыгожую песню Яніны Жабко “Васілёчкі”. У нас ёсць наогул шмат песень, прысвечаных менавіта Беларусі.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце мінскай сярэдняй школы № 11 Таццяна Георгіеўна Шчурко:

“Я не магу не бачыць, якія цёплыя адносіны склаліся паміж кіраўніком ансамбля “Медуніца” Ірынай Анатольеўнай Радзьковай і яе выхаванцамі, паміж ёй і бацькамі дзяцей, паміж ёй і іншымі выкладчыкамі музычных дысцыплін нашай школы. Тут столькі ўзаемаразумення, узаемападтрымкі, пазітыву! А як жа прыгожа праходзяць у іх рэпетыцыі, я ўжо не кажу пра канцэрты і конкурсы, у якіх удзельнічае “Медуніца”. Такім вопытам трэба абавязкова дзяліцца. Бо гэты вопыт не толькі прыносіць цудоўныя вынікі дзейнасці самога ансамбля, спрыяе творчаму развіццю дзяцей, але і працуе на прэстыж школы ў цэлым, на аб’яднанасць усяго нашага педагагічнага калектыву.

Ірына Анатольеўна вельмі творчы чалавек ва ўсім. Яна цудоўна аформіла кабінет, які дзеліць з узорным аркестрам “Лістапад”. Там ёсць цяпер стэнд з дыпломамі і кубкамі. І калі заходзіш туды, адразу бачыш, што ў “Медуніцы” ўсё па-сур’ёзнаму, а не дзеля птушачкі. І, дарэчы, гэта вельмі ўздзейнічае на бацькоў. Бачачы вялікую работу Ірыны Анатольеўны, яны ніколі ёй не адмаўляюць. Дапамагаюць ва ўсім: з транспартам, з касцюмамі.

Яна вельмі лёгкая на пад’ём. Ніводнае тэатральнае дзейства ў школе не абыходзіцца без яе. Прычым, што цікава, яна часта іграе гэтакія нядобрыя ролі, напрыклад, Бабу Ягу. І не баіцца ж паказацца перад дзецьмі ў такіх ролях, бо ведае, што яны яе вельмі любяць. Я сказала б, яны проста за ёй ходзяць хвастом!

Традыцыйна ў нашай школе праходзяць вялікія абрадавыя святы — Масленіца, Гуканне вясны і інш. У такіх святах удзельнічае ўся школа, дзеці ахвотна гуляюць у народныя гульні, вывучаюць народныя танцы, песні, звычаі… Але ж запальвае ўсю школу менавіта Ірына Анатольеўна Радзькова, якая лепш, чым хто, ведае ўсё гэта народнае.

Мы вельмі ганарымся “Медуніцай” і яе кіраўніком, іх дасягненнямі, стараемся ансамблю дапамагаць, наколькі гэта можна ў нашых умовах, і жадаем ансамблю далейшага творчага росту”.

* * *

Як зацікавіць урбанізаваных дзяцей народнай музыкай? Гэта, мабыць, павінна быць у душы ад нараджэння. Ёсць дзеткі-першакласнікі, якія адразу прыходзяць з галасамі. Гэта ідзе ад прыроды, ад сям’і… Ёсць, праўда, і такія дзеткі, якія прыходзяць да мяне, слухаюць, слухаюць — і адразу ніяк не могуць зразумець народную музыку. А потым раптам нешта адбываецца ў іх душы, і яны разумеюць, што гэта — іх. Я скажу нават па сабе. Я ж усё-такі пачынала не з народных, а з акадэмічных спеваў. Калі ў дзяцінстве адна выкладчыца набірала гурткі (потым Іна Лаўрэнцьеўна Сіневіч выкладала ў мяне ў музычным вучылішчы) і паставіла запіс народнай музыкі, мая рэакцыя была катэгарычная: “Спяваць я такое не збіраюся і не буду! Ні за што!” А потым, калі я паступала ў музычнае вучылішча, мяне ўсё-такі ўгаварылі пайсці менавіта на народны хор. Там так і сказалі: “Нам трэба такія дзяўчаты, з такімі галасамі!” І цяпер я разумею: божа, як добра, што гэтая настаўніца была і ёсць у маім жыцці! Яна ж тады ўсё-такі зрушыла нешта ў маёй падсвядомасці, нягледзячы на маю тагачасную непрымальную рэакцыю… Вось так і з дзецьмі: некалі яно, жывое, народнае, абавязкова павінна прабіцца, калі ты будзеш з імі настойлівай.

* * *

Выступаем з ансамблем дастаткова часта. Куды запросяць, туды і едзем. І самі таксама шукаем пляцоўкі. Супрацоўнічаем з іншымі школамі, музеямі, прадпрыемствамі. Ну, і, вядома ж, удзельнічаем у самых розных конкурсах. Іншы раз удаецца выехаць і за мяжу. Напрыклад, летась мы з’ездзілі ў Польшчу на фестываль у горадзе Кельцэ. Я павезла туды малодшых і старэйшых, дык малодшыя ўзялі 2-е месца, а старэйшыя — 1-е. Калі мы адтуль вярнуліся дадому, я заўважыла, што дзеці сталі неяк зусім інакш адчуваць сябе і на сцэне, і па-за сцэнай. У іх адбылася своеасаблівая пераацэнка сваіх магчымасцей. Нас тады запісалі на радыё “Культура”. Гэта, насамрэч, вельмі важна — па-чуць сябе па радыё. А мінулай зімой мы ўдзельнічалі ў конкурсе “Крыштальны камертон”, дзе ансамбль заняў 1-е месца і тры мае вакалісты таксама былі прызёрамі. Уручаў дыпломы саліст “Бяседы” Валянцін Кірыленка — для дзяцей гэта было вельмі пачэсна. Потым быў вельмі сур’ёзны конкурс “Вясновы спеў”. Там было 15 намінантаў. Удзельнікамі былі пераважна музычныя школы. І мы, са звычайнай сярэдняй школы, там занялі 1-е месца! Журы ўзначальваў Міхась Дрынеўскі, які мне тады сказаў літаральна наступнае: “Вельмі смачна і прыгожа! Якія вы малайцы!” Але я заўсёды пасля таго, як такія трыумфальныя моманты мінаюць, кажу сваім дзецям: “Не забывайце пра тое, што вы пакуль яшчэ нічога не зрабілі!” І мы зноў, ужо літаральна назаўтра, пачынаем працаваць. Да перамог трэба ісці.

* * *

Наогул, падчас канцэртаў, конкурсаў, фестываляў здараецца рознае. Аднойчы на фестывалі ў Віцебску, калі нас запрасілі выступіць на гала-канцэрце ў віцебскай філармоніі, мы ведалі, што павінны былі выступаць трэцім нумарам. Мы стаялі за кулісамі, чакалі свайго выхаду на сцэну, першы нумар закончыўся, і тут раптам — аб’яўляюць нас. Вядучы проста памыліўся… І мае дзеткі так мяне тады парадавалі — ніхто не спалохаўся. Выйшлі, адпрацавалі. Перад намі потым папрасілі прабачэння: “Вы даруйце, што выйшла памылка. Але вы такія сабраныя!” Гэта вельмі радуе…

* * *

Безумоўна, у сваёй працы з калектывам я не магла б абысціся без сваіх калег. Я ўжо казала пра сваю колішнюю выхаванку, а цяпер першую памочніцу Паліну Курановіч. Не магу не назваць і ўдзельнікаў інструментальнай групы: балалаечніцу Алену Міхайлаўну Гвоздзік, скрыпачку Алену Юр’еўну Федарэнка, баяністку Аксану Міхайлаўну Здасенка, бас-гітарыста і ўдарніка Аляксандра Аляксандравіча Шаўцова (дарэчы, настаўніка фізкультуры). Часам да нас падключаецца кіраўнік аркестра “Лістапад” Мікалай Мікалаевіч Лазоўскі. Ну, і, канечне, гэта дырэктар школы Наталля Яўгенаўна Тарнаповіч і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Георгіеўна Шчурко, якія асабліва паспрыялі таму, каб за апошнія гады ансамбль падняўся на значна вышэйшы ўзровень.

* * *

Як кіраўнік ансамбля, як выкладчык, як жанчына і маці бачу сэнс жыцця ў тым, каб несці культуру і дабро, ствараць для дзяцей глебу для іх выхаванасці, інтэлігентнасці і чалавечнасці.

Мікола ЧЭМЕР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*