Бібліятэка + школа = любоў і веды

Днямі давялося стаць сведкам неардынарнага мерапрыемства, якое праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У галоўную кніжную скарбніцу нашай краіны завітала група школьнікаў з мінскай сярэдняй школы № 97 разам са сваёй любімай настаўніцай класным кіраўніком Святланай Міхайлаўнай Гудковай.

Спачатку для іх правялі невялікую экскурсію па бібліятэцы, падчас якой расказалі пра яе гісторыю, некаторыя механізмы работы і сакрэты, пра тое, як і з якога ўзросту ў яе можна запісацца. А потым дзяцей з настаўніцай прывялі ў залу дакументаў па мастацтве, дзе пачалося самае цікавае. Вядучы метадыст аддзела экскурсійна-метадычнай работы НББ Вольга Сяргееўна Шамурадава (тая ж экскурсавод, што праводзіла экскурсію па бібліятэцы) спачатку ў захапляльнай форме расказала пра жыццё і творчасць Максіма Багдановіча, суправаджаючы свой аповед адпаведнай відэапрэзентацыяй. Потым дзеці падзяліліся на дзве групы, адгадвалі крыжаванку па жыцці і творчасці Максіма Кніжніка, а потым ім было дадзена заданне скласці пазлы на хуткасць. Пазл, які дастаўся першай групе, уяўляў сабой карцінку з квітнеючымі вішнямі, другой групе — з пяскамі пустыні. Здагадаліся? Гэтыя пазлы непасрэдна адсылалі дзяцей да двух вядомых вершаў Максіма — “Па-над белым пухам вішняў…” і “Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…”. Напрыканцы ў дзяцей была магчымасць пагартаць кнігі Максіма Багдановіча, паглядзець паштоўкі і плакаты, прысвечаныя нашаму класіку. І трэба было бачыць, як усё гэта — і сама экскурсія, і відэаўрок, і складанне пазлаў — падабалася юным прыхільнікам класічнай беларускай паэзіі!

Але што ж за мерапрыемства адбывалася ў Нацыянальнай бібліятэцы?

Расказвае загадчык аддзела экскурсійна-метадычнай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Віктараўна Камароўская: “Гэта наш новы праект “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” (вучэбна-пазнавальныя экскурсіі). Усё, што вы сёння ўбачылі, — гэта і ёсць тое, як будуць выгля-даць такія вучэбна-пазнавальныя экскурсіі. Сёлета пачалі з Максіма Багдановіча і Кандрата Крапівы, юбілеі якіх прыпалі на гэты год. А ў далейшым, безумоўна, будзем браць у фокус і іншых нашых класікаў, прычым не толькі такіх славутых літаратурных постацей, але і глыбокіх пісьменнікаў, на вывучэнне якіх адводзіцца мала часу ў школьнай праграме, гістарычных дзеячаў і нават важныя гістарычныя падзеі. Дарэчы, гэты школьны клас, які вы сёння бачылі, ужо запісаўся на такі ўрок-экскурсію, прысвечаны Кандрату Крапіве, які адбудзецца ў кастрычніку. А сэнс тут у чым? Як кажуць, тое, што ты пачуеш, ты можаш забыць; тое, што ўбачыш, застанецца з табой, але, магчыма, ненадоўга; а вось тое, што ты зробіш, застанецца з табой назаўсёды. Мы, прытрымліваючыся гэтага прынцыпу, не толькі расказваем, але і наглядна паказваем і такім чынам з малога ўзросту рыхтуем для сябе нашых будучых чытачоў. Сапраўды, важна, каб яны як бы дакрануліся да нашай бібліятэкі, адчулі сябе яе чытачамі, пры гэтым яшчэ і атрымалі задавальненне”.


Пасля такога незвычайнага ўрока я пагаварыў з настаўніцай Святланай Міхайлаўнай Гудковай. Аказваецца, не ўсё так проста. Сваіх навучэнцаў яна ўжо звазіла ў Нясвіжскі і Мірскі замкі, у Гродна, Полацк. Звычайная для яе і яе класа рэч — паходы на беларускамоўныя спектаклі ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. А ад праекта “Славутыя імёны Бацькаўшчыны” Святлана Міхайлаўна проста ў захапленні: “Гэта вельмі карысны праект. Ён павінен не проста існаваць, але і развівацца, бо гэта найперш веды і… любоў. Любоў да сваёй зямлі, да сваёй культуры, да сваёй мовы і літаратуры…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*