Спевакоў азартных у сямействе многа…

Чубаты жаўранак — птушка 2017 года

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” працягвае нацыянальную кампанію — публічныя ўшанаванні абранага сімвала года сярод нашых крылатых сяброў. Ганаровай абранніцай 2017 года стала маленькая шэрая птушачка з прыемным спевам — чубаты жаўранак. Кожная такая штогадовая акцыя заклікана далучаць людзей, а ў першую чаргу моладзь, да надзённых праблем аховы і зберажэння жывой прыроды. Па традыцыі плануецца правесці комплекс спецыяльных мерапрыемстваў, выпусціць паштовую марку і памятны медаль з выявай чубатага жаўранка. Своеасаблівы птушыны марафон праходзіць з дзейснай падтрымкай вучняў гарадскіх і сельскіх школ, студэнтаў, настаўнікаў, работнікаў лясной аховы, журналістаў.

Чубаты жаўранак

Першая прыкмета: жаўранак — чубаты!
Вырастае з пер’яў адмысловы чуб.
На падворках вёскі, каля хат аратых
Жаўранак адвеку чалавеку люб.

Сонца паднялося — высака на небе,
Абсыпае срэбрам рэчку, паплавы.
Дзінькае званочак, чутны, як малебен,—
Гэта жаўранак спявае палявы.

Спевакоў азартных у сямействе многа.
Жаўранак чубаты цешыў хоць калі?
Ён часцей спявае з даху альбо стога,
Седзячы на гольцы, з плота ці з зямлі.

Гнёзды ладзяць птушкі тут, на сухадолах,
Ледзь зазелянеюць купіны, груды.
Птушанятак покліч — голенькіх і кволых,
Дык на спевы часу вобмаль сапраўды.

Жаўранкі замоўкнуць — вецер азалелы,
Адляцяць у вырай — палявы, лясны.
Жаўранак чубаты, ён у нас аселы:
Туліцца ў закутках вёскі да вясны.

У сваім сямействе дзіўная ўсё ж птушка:
Любіць хлебароба, дружыць з ім даўно.
Што ні панадворак — жаўранку кармушка,
Хоць “смяцюх” — даволі крыўднае мяно.

Аглядае пільна смеццевыя кучы,
Тым бядак і сыты: выграб штось і з’еў.
Белая завея і мароз траскучы —
Жаўранка схавае чыйсьці цёплы хлеў.

Дужа зразумелы “хітрыкі” прыроды:
Адраслі заўважна ў птушкі пальцы ног,
Доўгая і дзюбка з гэтай жа нагоды —
Жаўранак спажыву здабываў, як мог.

За вякі спадобіў быт сабе суровы,
Следам за сахою з поўдня ідучы,
А сяброў пачуе ля якой збудовы,
Заспявае гучна, часам — уначы.

З вольніцай аселых птушак і вандроўных
У адной чародцы бачылі не раз.
Прыйдзе Звеставанне — чуб такі шыкоўны
Сакавіцкім ранкам проста напаказ.

Зблізку прылятае: першым на прыгрэвы
Жаўранак чубаты з вёскі прылясной,
І, павісшы ў лёце чуць вышэй за дрэвы,
Выселкі вітае з дружнаю вясной.

Да праталін песня выраі сабрала,
Коціцца далёка гэты срэбны звон.
Птушка адгукнецца, бо сваіх пазнала:
Жаўранкі з турботаў пачалі сезон.

Жаўранак чубаты (жаворонок хохлатый). Помніцца з дзяцінства. Летняй ужо даволі позняй раніцай, калі паднялося высока сонца і падсохла раса на траве, а каровы збіваюцца ў гурт і пачынаюць жаваць жвачку, ты, вясковы пастушок, ляжыш дзе-небудзь у цяньку, паклаўшы галаву на мяккую купіну, і з жывой цікавасцю сочыш, як белыя кучавыя воблакі няспынна мяняюць сваю форму — аж да смешных фігур усялякіх фантастычных жывёл. Захоплены неверагодным відовішчам, адразу і не ўцяміш, адкуль у сіняй нябеснай вышыні ўзнік меладычны сярэбраны званочак, але праз нейкі момант радасна ўсміхнешся: гэта над пашай заліваецца звонкай ранішняй песенькай нябачны знізу жаўранак. Галасісты званочак здатны імкліва перамяшчацца: толькі што звінеў над табой, а праз колькі імгненняў ужо чуецца над альховай канавай ці крыху далей — над бярозавым пералескам.

Вясковую сонечную раніцу нельга нават уявіць без жыццесцвярджальнай жаўранкавай песні. Ці трэба казаць, як любяць у народзе гэтую маленькую шэрую птушку з прыемным спевам. Увогуле, на Беларусі вядомы чатыры віды пеўчага сямейства атрада вераб’іных. З іх жаўранкі палявы і лясны — звычайныя пералётныя птушкі, жаўранак рагаты трапляецца толькі на вясеннім і асеннім пралётах і, нарэшце, жаўранак чубаты — асеўшы ў нас від, які з надыходам халадоў перабіраецца бліжэй да жылля. Пры амаль аднолькавай масе — да 110 грамаў — і падобнай афарбоўцы галоўнае адрозненне птушкі ад суродзічаў — знакаміты востраканцовы чуб, утвораны з пучка падоўжаных пер’яў. На ляту, у паветры, уладальнік раскошнага чуба спявае мала, і песенька яго бяднейшая, чым у звыклага нам жаўранка палявога. Яго чубаты суродзіч часцей спявае з даху альбо з дрэўца, седзячы на плоце, а то і проста з зямлі, дзе выцінае напаўголаса няхітрую мелодыю паблізу свайго гнязда.

У біялогіі і звычках птушак славутага пеўчага сямейства шмат агульнага. Усе віды жаўранкаў насяляюць высечкі, сухадолы, палі і лугі, гняздуюцца на зямлі, нясуць 3—6 яечак. Гнёзды, як правіла, добра прыкрыты ад непагадзі. Клопатам аб патомстве заняты абодва бацькі, хоць выседжвае птушанятак адна матка. Звычайна за лета ў птушак бывае два вывадкі. Кормяцца жаўранкі насеннем раслін і насякомымі. Калі птушаняты ўбяруцца ў пер’е, бацькі падкормліваюць іх яшчэ тыдні два, а потым увесь вывадак разбягаецца хто куды. Пералётныя накіроўваюцца на поўдзень, у краіны Заходняй Еўропы, а жаўранак чубаты застаецца дома, у сваіх родных мясцінах.

У колішняй старажытнай вёсцы жаўранка палявога людзі мала адрознівалі ад жаўранка чубатага — так і ўзнікла павер’е, нібыта жаўранак палявы не ляціць у вырай, а ператвараецца ў чубатага суродзіча і зімуе тут, шукаючы спажывы на задворках вёскі. Адсюль і пайшла даволі крыўдная мянушка — сметнік, смяцюх. Разграбаючы смеццевыя кучы, птушкі здабываюць чарвячкоў, лічынак, зярняткі, рэшткі нейкай ежы. З пачатку бурнага развіцця земляробства птушка ішла з поўдня ўслед за разворваннем новых земляў і такім чынам асвоіла вялікія паўночныя тэрыторыі, застаючыся нязменным і верным спадарожнікам чалавека. Жаўранка чубатага не адзін раз бачылі ў чародцы дамавых вераб’ёў, сініц, садовых стрынатак і іншых асеўшых і вандроўных птушак — разам усё ж лягчэй здабываць спажыву. Зімовы вандроўнік па людскіх сялібах, убачыўшы паблізу чужую птушку, заўсёды гучна радуецца, а ёсць сведкі, якія чулі яго спеў нават па начах. Дарэчы, жаўранак чубаты найбольш шматлікі ў паўднёвых раёнах Беларусі. У свой час на папуляцыю жаўранкаў у цэлым адмоўна паўплывалі меліярацыя ўгоддзяў, высечка лясоў, празмерная хімізацыя сельскай гаспадаркі.

На Звеставанне, вядомае хрысціянскае вясновае свята, калісьці паўсюдна ў Беларусі адзначаўся дзень сустрэчы з выраю першых птушыных чарод. Галоўным атрыбутам гукання вясны былі спечаныя з цеста “жаўранкі” — адмысловы для дзяцей ласунак. У снежныя зімы на сонечных прыгрэвах і праталінах з шумам і вясёлым крыкам збіраюцца птушкі, якія паспелі вярнуцца з выраю. Сюды ж, на ўскраіну вёскі, з не заўсёды надзейнага зімовага прытулку накіроўваецца і чубаты жаўранак. Нацярпеўшыся ад холаду і голаду, тут ён радуецца першаму цяплу, шукае новых сяброў і сябровак, а часам, падняўшыся ў палёце трошкі вышэй за прысады, вітае наваколле сакавіцкай песенькай.

Віктар ГАРДЗЕЙ,
пісьменнік.