“Сімптом Кіліяна”: смяяцца дазваляецца

Калі вы апошні раз хадзілі ў тэатр? На мінулым тыдні, месяц альбо паўгода назад? Адказ на гэтае пытанне нібыта павінен сведчыць пра культурны ўзровень рэспандэнта, як і адказ на пытанне пра наведванне музеяў, выстаў і гэтак далей. Аднак прапаноўваю запытацца перш за ўсё ў сябе вось аб чым: навошта вы ходзіце ў тэатр? Калі вы не артыст, крытык, чалавек, для якога тэатр стаў калі не прафесіяй, то часткай жыцця, магчымы некалькі варыянтаў адказу. Спрактыкаваныя гледачы, якія ў курсе тэатральнага жыцця, падтрымліваюць “культурную форму”. Нехта ідзе на прэм’еру, бо гэта чарговая “падзея”, і, наведаўшы яе, можна паставіць птушачку, кшталту “выканана”, у сваім штодзённіку, хтосьці шукае таго самага катарсісу, які павінен адбыцца ад дотыку сапраўднага мастацтва, інтэлектуальнага і маральнага ўзбагачэння ад наведвання тэатра, які ёсць храм.

Але, як падаецца, большасць ідзе проста “адпачыць” і “развеяцца”: частка — культурна, частка — не вельмі. Тэатр робіцца месцам спатканняў, адпачынку ад паўсядзённага жыцця з яго клопатамі і непрыемнасцямі, у ідэале — пляцоўкай для сустрэчы з прыгажосцю ва ўсіх яе праявах (ад мармуру і люстэрак у холе да шыкоўных касцюмаў і вытанчанасці прымы). Розныя мэты прыводзяць нас у розныя тэатры. У сталіцы, напрыклад, лёгка і прыемна бавіць час: пасмяяцца ідуць на музычныя камедыі ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, за сучасным мастацтвам аматары выпраўляюцца ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек. Дэманстрацыяй добрага густу з’яўляецца паход у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Менавіта ў гэтым тэатры з правераным часам, пераважна класічным, рэпертуарам можна атрымаць асалоду ад дотыку да таго сапраўднага “акадэмічнага” мастацтва і прыгажосці ў віры паўсядзённасці. Сюды прыходзяць культурна адпачыць, духоўна ўзбагаціцца, атрымаць асалоду ад агульнай атмасферы пэўнай элітарнасці, якую ў тэатры імкнуцца стварыць, і ўласнай абранасці ад дачынення да яе. Нарэшце, у гэты тэатр прыходзяць і проста таму, што шчыра любяць яго, артыстаў, балет і оперу ўвогуле, але наўрад ці хто прыходзіць у оперны тэатр, каб пасмяяцца. Цяпер жа, калі сярод вашых знаёмых ёсць аматары здаровага і тонкага гумару, можаце смела запрашаць іх на балет.

“Шэсць танцаў” Іржы Кіліяна на музыку В.А.Моцарта (канцэпцыя, харэаграфія, сцэнаграфія і касцюмы І.Кіліяна, асістэнты харэографа — Ш.Эсэбум, Ю.Бігелар, Х.Палмерс, дырыжор-пастаноўшчык В.Пласкіна, мастак па святлу Ю.Кабарт), прэм’ерныя паказы якога адбыліся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета 8, 9 і 11 кастрычніка, уяўляе сабой рэдкі выпадак камічнага балета, які не пакіне абыякавым ні гледача-“пачаткоўца”, ні тым больш знаўцу.
І.Кіліян, якога называюць адным з найвялікшых харэографаў сучаснасці і ўсяго ХХ стагоддзя, нарадзіўся ў Чэхаславакіі, першапачатковую харэаграфічную адукацыю атрымаў у Празе, потым вывучаў класічны танец, музыку, танец мадэрн (тэхніка М.Грэхам) і фальклорны танец у Лондане. У 1968 годзе знакаміты харэограф і танцоўшчык Д.Кранко запрасіў яго працаваць у Штутгарцкі балет, для трупы якога Кіліян і паставіў у 1970 годзе свой першы балет “Парадокс” на ўласную музыку. З 1975 года Кіліян пачаў працаваць у Нідэрландскім тэатры танца (NDT), нязменным кіраўніком якога быў на працягу амаль 20 гадоў. Ужо ў канцы 1970-х імя харэографа атрымала сусветную вядомасць. Да моманту пастаноўкі “Шасці танцаў” у 1986 годзе Кіліян быў аўтарам каля 40 балетаў, сусветна прызнаным і знакамітым дзякуючы свайму індывідуальнаму стылю, які сінтэзаваў у сабе класічную тэхніку, танец мадэрн і дзіўную эмацыянальнасць і музычнасць харэаграфіі.

Для прафесіяналаў і аматараў харэаграфічнага мастацтва творчасць Кіліяна (як і ён сам) з’яўляецца амаль што іконай. Чалавека ж, які ўпершыню сустракаецца з харэаграфіяй Кіліяна, як адзначала ў свой час крытыка, можа ўразіць і зачараваць уласнае задавальненне харэографа ад таго, што ён робіць, лёгкасць і нязмушанасць яго выдумак і вынаходлівасці, нарэшце, унікальнасць харэаграфіі, якая не з’яўляецца вытворнай ад харэаграфіі іншых балетмайстраў. Усё гэта можна ўбачыць і ў “Шасці танцах”.
15-хвілінны балет, які адносіцца да чорна-белага перыяду творчасці харэографа (названы так з-за лаканізму сцэнаграфіі і касцюмаў, іх колеравай гамы), уяўляе сабой дасціпную і вельмі тонкую бессюжэтную ў строгім сэнсе стылізацыю галантнага ХVIII стагоддзя. Чатыры пары кавалераў у сподніках і парыках і ўскудлачаных дам у гарсэтах і ніжніх спадніцах з напудранымі расфарбаванымі тварамі заўзята кахаюць, раўнуюць, сварацца і забіваюць адно аднаго, дэманструючы арыгінальнасць харэаграфіі і вялікую работу, якую ажыццявілі коўч, асістэнт Кіліяна, танцоўшчыца NDT Шырлі Эсэбум і выканаўцы (Ю.Дзятко, К.Кузняцоў, Т.Рабцава, Т.Падабедава, К.Геранік, Т.Мічыяма і інш.) для дасягнення ілюзорнай лёгкасці амаль бесперапынных рухаў.

Часам на сцэне, акрамя кавалераў і дам, з’яўляюцца і іншыя “персанажы” — дзве чорныя сукенкі з фіжмамі, якія свавольна катаюцца па планшэце і ў якіх нечакана ўзнікаюць маладыя людзі. Ужо гэтыя раптоўныя з’яўленні выклікаюць смех, але галоўнае, што тут сам танец — гэта гратэск і гумар у чыстым выглядзе, без страха быць смешным, але менавіта з гэтай мэтай.
З аднаго боку, “Шэсць танцаў” — гэта своеасаблівая забаўка-гумарэска высокага гатунку, якую ацэніць кожны глядач: з тонкім адчуваннем стылю, гумару і той мяжы, якая аддзяляе здаровы смех ад пошласці, разумную весялосць, якая здольна прыносіць сапраўднае задавальненне, ад бессэнсоўнага відовішча. З другога боку, “Шэсць танцаў” — безумоўна, балет, усю тонкасць гумару якога зразумее толькі ў дастатковай меры эстэтычна падрыхтаваны чалавек. Тая “іранізацыя эратызацыі” культуры галантнага стагоддзя, якая бачна за аблокамі пудры, расфарбаванымі тварамі, касцюмамі і тэмпераментнымі дуэтамі, травестызмам кавалераў у чорных сукенках, дае пэўную спажыву для розуму.

Адным словам, “Шэсць танцаў” — балет для ўсіх. Лепшае сведчанне гэтага — рэакцыя залы падчас прэм’ерных паказаў: смех у час балета і амаль што грандыёзныя авацыі пасля яго. І яшчэ адно. Ці не ўпершыню давялося бачыць, як у оперным тэатры танцуюць на біс! Што, як не гэта, можа быць сведчаннем сапраўднага захаплення як гледачоў, так і выхаваных на класіцы выканаўцаў, для якіх харэаграфія Кіліяна, напэўна, стала той рэдкай і жаданай магчымасцю асвоіць нешта новае?
Можна ўпэўнена казаць аб поспеху “Шасці танцаў”, і поспех гэты, падаецца, сімптаматычны. Ён сведчыць пра наступнае: публіка, нават тая, якая ходзіць у оперны тэатр “за высокім мастацтвам”, ужо, напэўна, крыху стамілася ад шыкоўнасці дэкарацый і выверанай гармоніі класікі, манументальнасці і філасафічнасці балетаў, якія ідуць на айчыннай сцэне. Яна гатова да ўспрымання новага і прагне яго, нават калі гэтаму “новаму” ўжо амаль 30 гадоў. “Шэсць танцаў”, нягледзячы на свой фармат, а можа, і дзякуючы яму, дае выдатны ўзор якаснага мастацтва з адчуваннем меры і высокага густу, узор, які здольны выхоўваць гледача і вучыць яго адрозніваць сапраўдны твор ад прыгожа аздобленага паўфабрыкату. Пастаноўка аднаго з эталонных балетаў Кіліяна стала для беларускіх гледачоў рэалізаванай магчымасцю ўбачыць у тэатры (а не на дысках ці ў інтэрнэце) новую і нязвыклую для нашай сцэнічнай практыкі харэаграфію і эстэтыку, зразумець, што балет, як і тэатр, можа быць розным. Таму раю: набывайце квіток і ідзіце ў оперны тэатр. Пасмяяцца.

Кацярына ЯРОМІНА.