Праўда-памяць

Мы яшчэ з непрывычкі называем прыгожы будынак з бліскучымі адзінаццаццю прамянямі на праспекце Пераможцаў “новым” Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а прамавугольнік архітэктуры 60-х на Кастрычніцкай плошчы — “старым”. Як быццам у нас два музеі гісторыі вайны. Як быццам сама гісторыя Вялікай Айчыннай падзялілася на “старую” і “новую”. Але на самай справе Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў нас адзін — быў, ёсць і будзе. І цяпер ён знаходзіцца якраз на праспекце Пераможцаў, дзе сёлета 2 ліпеня быў урачыста адкрыты.

І, напэўна, прызначэнне ў гэтага музея было, ёсць і будзе ў прынцыпе аднолькавым — захоўваць памяць пра Вялікую Перамогу, пра герояў і ахвяр самай жудаснай у гісторыі вайны і апеляваць толькі да праўды пра яе. Гэтай праўдай, прадстаўленай у экспазіцыі, папярэджваць усе магчымыя фальсіфікацыі і абразы святой для беларусаў памяці. Калі коратка — берагчы праўду-памяць. Пра гэта, дарэчы, на ўрачыстым адкрыцці музея 2 ліпеня гаварыў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка: “Шчырую пагарду ў нашых людзей выклікае непрыхаваная мана пра вайну, калі розныя псеўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў — вызваліцелямі, калі яны бессаромна перакройваюць гісторыю пад канкрэтную палітычную замову і спрабуюць украсці ў нашага народа Вялікую Перамогу. Такім марадзёрам мы давалі і будзем даваць рашучы адпор, адстойваючы гэты найважнейшы гістарычны набытак. І ў гэтай вайне супраць марадзёраў мы таксама будзем разам”. Разам — гэта значыць, супольна ўсім народам, у якога ёсць такі музей, у якога ён з’явіўся першым у свеце, — фактычна тады, у 1942 годзе, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад акупацыяй, але ўжо было прынята рашэнне аб зборы музейных матэрыялаў.
А вось магчымасці берагчы праўду-памяць пра вайну ў новага будынка Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сапраўды, значна павялічыліся ў параўнанні з былым будынкам — і за кошт павелічэння плошчы пастаяннай экспазіцыі (прыблізна на 20 працэнтаў), і за кошт выкарыстання новых тэхналогій, і за кошт пашырэння храналагічных рамак экспазіцыі з “1941—1945” да “30-я — сучаснасць”.

Зала № 1 “Мір і вайна” — гэта адмысловыя ўводзіны ў музей, калі наведвальнік атрымлівае агульнае ўяўленне пра тое, што такое вайна і што такое народны подзвіг у барацьбе з ворагам. У зале № 2 “Свет напярэдадні і ў першыя гады Другой сусветнай вайны” раскрываюцца складаныя палітычныя, эканамічныя і ваенныя перыпетыі перадваеннага перыяду 1933—1941 гадоў, расказваецца пра зараджэнне фашызму і адносіны фашысцкай Германіі і СССР. Цікавыя дакументы і фотаздымкі распавядаюць пра лёсы асобных людзей.
Зала № 3 “Дарога вайны”, мабыць, самая эфектная з усіх з пункту погляду багацця прадстаўленай баявой тэхнікі. Тут паўстаюць сапраўдныя баі — наземныя, з выкарыстаннем танкаў і артылерыі, паветраныя авіяцыйныя і інш.
Залы № 4 і № 5 — гэта непасрэдная храналогія падзей Вялікай Айчыннай вайны ад абарончых баёў у Беларусі летам 1941 года, Смаленскай бітвы да бітвы пад Масквой і карэннага пералому ў вайне. Тут жа значная ўвага ўдзяляецца савецкаму тылу, які нястомна і самаадана працаваў на агульную перамогу над фашызмам.
Зала № 6 расказвае пра нацысцкі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі, выяўляе страшэнныя злачынствы акупантаў супраць грамадзянскага насельніцтва і савецкіх ваеннапалонных: спаленыя вёскі, паўсюдныя шыбеніцы ў гарадах, жудасныя ў сваім цынізме загады і паведамленні новай нямецкай улады… Тут можна ўбачыць нават нямецкую турму, дзе катавалі нашых салдат-герояў і ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў.
У зале № 7 атрымліваем уяўленне пра маштабы партызанскага і падпольнага руху ў акупіраванай Беларусі, а яшчэ знаёмімся з побытам партызан, з ляснымі школамі, друкарнямі, кухняй і г.д.
Зала № 8 — гэта вызваленне Беларусі, разгром фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў. А зала № 9, храналагічна ахопліваючы перыяд 1944—1950 гадоў, раскрывае працоўны подзвіг нашага народа ў аднаўленні краіны і ў захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну.
Нарэшце, зала № 10 сімвалічна называецца “Нашчадкі Вялікай Перамогі” і паказвае ўдзел беларусаў і вайскоўцаў Беларускай ваеннай акругі ў пасляваенных лакальных канфліктах і войнах, адлюстроўвае ролю сілавых структур у гарантаванні бяспекі Рэспублікі Беларусь.

У тэхналагічным плане сённяшні Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — гэта шматлікія інтэрактыўныя плазменныя панэлі, шыкоўныя дыярамы, адмысловыя аўдыя- і відэаэфекты (гул самалётаў, узрывы, туман, агонь, клубы дыму і інш.), магчымасць карыстацца аўдыягідамі на розных мовах. Не кажучы ўжо пра велізарную колькасць вырабленых на найвышэйшым узроўні муляжоў. Рэалістычнасць таго, што бачыш, тут дзейнічае на цябе якімсьці магічным чынам: прымушае то замі-раць і дранцвець ад жудасці, то шукаць вачыма “нашых” у надзеі на выратаванне, то прыпадабняцца да цікаўнага малога, якому проста падабаюцца ўсе гэтыя такія вялікія-вялікія “цацкі” — танкі, самалёты, кулямёты, аўтаматы… Гэткая музейная арытмія ў самым лепшым сэнсе гэтага міжволі прыдуманага выразу.
…Сёння ў музеі вельмі шмат людзей. Пераважна гэта сем’і з дзецьмі, сяброўскія кампаніі, пары закаханых. Пераважна ўсе з фотаапаратамі. Узрушаныя, здзіўленыя, захопленыя… Лета, выдатнае надвор’е, адпачынак ці канікулы… і цудоўная магчымасць наведаць “новы” Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны!
Але неўзабаве настане 1 верасня, пачнецца новы навучальны год, і ў музеі, мабыць, крыху зменіцца аўдыторыя: сюды пойдуць арганізаванымі групамі школьнікі, студэнты, навучэнцы… Не сумняваюся, яны пойдуць сюды без прынукі — іх будзе вабіць, прынамсі, элементарная цікаўнасць, жаданне пабываць у новым (ды яшчэ вонкава такім эфектным!) музейным аб’екце. І яны не пашкадуюць пра свой паход, уражаныя ўбачаным. А праўда-памяць падсвядома западзе ў сэрца. І застанецца там.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.