Дакладна разгледзець свет і выказацца

У беларускай сталіцы праходзіць “Месяц фатаграфіі ў Мінску”. Ідэя гэтай маштабнай культурнай акцыі нарадзілася ў галовах яе арганізатараў (айчынных фатографаў і проста нераўнадушных да фотамастацтва людзей) год назад — спачатку як адмысловая рэфлексія вакол дэманстраванай у Мінску выставы World Press Photo, а пасля як цвёрды намер арганізаваць у нашай краіне сур’ёзнае штогадовае мерапрыемства, прысвечанае фатаграфіі ва ўсіх яе шматлікіх аспектах. І вось мара арганізатараў спраўдзілася — на цэлы кастрычнік Мінск ператварыўся ў суцэльную фотапрастору, якая ахапіла дзяржаўныя галерэі, прыватныя арт-пляцоўкі, адукацыйныя і асветніцкія ўстановы.

Безумоўна, “Месяц фатаграфіі ў Мінску” — гэта найперш фотавыставы, якія ў сталіцы Беларусі адкрываюцца ў кастрычніку практычна кожны дзень, і лекцыі вядомых знаўцаў фотасправы. Насычаная праграма МФМ падзелена на асобныя тэматычныя блокі. Так, напрыклад, маладая беларуская фатаграфія прадстаўлена выставамі Аляксандра Веледзімовіча (“Кунсткамера”), Віктара Гіліцкага (“Апошні візіт”) і Аляксея Шлыка (“Рэканструкцыя № 1”) у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Акрамя таго, Аляксей Шлык разам з Міхаілам Лешчанкам прадставяць фотапраект “Сонны лес”, прысвечаны Белавежскай пушчы. У народным фотаклубе “Мінск” разгорнецца выстава дзіцячай фатаграфіі (фіналістаў і пераможцаў фотаконкурсу, арганізаванага для дзяцей членамі фотаклуба “Святласіла” з Пастаў).
Класіку беларускай фатаграфіі ў рамках МФМ можна ўбачыць на выставах фотаработ легендарнай арт-групы “Беларускі клімат”, якая асабліва актыўна заяўляла пра сябе ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, і творчасці беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”. Вядомы даследчык Людміла Хмяльніцкая прэзентавала кнігу пра фотамайстра з Віцебска вынаходніка “імгненнага затвора” Сігізмунда Юркоўскага (1833—1901). Адмысловая іскрынка “Месяца фатаграфіі ў Мінску” — гарадскі трамвай, у якім разгарнулася выстава фота сына і бацькі — Дзмітрыя і Сяргея Брушко.
Што да замежнай сучаснай фатаграфіі, то найперш увага тут нашым суседзям. Расійская фатаграфія прадстаўлена выставай “Не(свое)часовае” фонду “ФотаДэпартамент” (прастора “Цэх”); латвійская — фотапраектам Эндру Мікшыса “Цюльпаны” і сумеснай выставай Sense of Place трох аўтараў — Арніса Балкуса, Рэйніса Хофманіса і Алніса Стакле (Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”); польская — работамі студэнтаў і аспірантаў Майстэрні фатаграфічнага апавядання Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Варшаве (Музей сучаснага выяўленчага мастацтва).
Нарэшце, у межах адукацыйнага складніка МФМ цікаўныя ўжо мелі магчымасць паслухаць лекцыю культавага англійскага фатографа і журналіста Марціна Пара і расіянкі дырэктара фонду “ФотаДэпартамент” Надзеі Шараметавай. Цікавымі падзеямі абяцаюць стаць таксама лекцыі беларускай даследчыцы Надзеі Саўчанка “Даеш фатаграфію!” (з гісторыі айчыннага фота 1919—1941 гадоў), польскага фатографа пераможцы конкурсу World Press Photo Мацэка Набрдаліка і інш.
А пакуль сярод падзей “Месяца фатаграфіі ў Мінску”, бадай, самы вялікі рэзананс выклікала выстава твораў легендарнага нямецкага фатографа і педагога Арно Фішэра (1927—2011), якая разгарнулася ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Беларуская сталіца стала чацвёртым прыпынкам гэтай вандроўнай экспазіцыі, канцэпцыю якой з усёй сваёй нямецкай скрупулёзнасцю і дакладнасцю распрацаваў Інстытут міжнародных сувязей (Іfa, Германія).
Беларускі наведвальнік мае магчымасць убачыць ажно каля 140 работ выдатнага майстра, размеркаваных адпаведна розным этапам яго творчасці. Пачаць агляд экспазіцыі варта са здымка, зробленага яшчэ зусім юным Арно, ураджэнцам заходняй часткі нямецкай сталіцы, яшчэ падчас Другой сусветнай вайны, — “Берлін. 1943 год”.
Пасля вайны Фішэр вучыўся ў Вышэйшай мастацкай школе Берлін-Вайсензее і ў Берлінскай школе выяўленчых мастацтваў. У 1953 годзе пачаў працаваць лабарантам у Берлін-Вайсензее і адначасова ствараць сваю, бадай, самую знакамітую серыю “Сітуацыя Берлін”. На выставе ў Цэнтры сучасных мастацтваў ёй аддадзены асобны пакой, і глядач мае магчымасць як бы пагрузіцца ў гэты вельмі няпросты для берлінцаў час (1953—1961), калі горад быў падзелены на чатыры сектары, яго паветра было напоўнена то эйфарыяй, то прапагандай, а на даляглядзе будучыні ўжо праглядаўся страшнаваты прывід берлінскай сцяны. Сюжэты для сваіх фотаздымкаў Фішэр знаходзіў на кірмашовых Марлен Дзітрых. 1964 год.(сайт)плошчах, будоўлях уздоўж алеі Сталіна, на вуліцы Курфюрстэндам, дзе ва ўсёй красе паўставаў заходнегерманскі эканамічны цуд. Ён асабліва не выбіраў зручных для фатографа кропак, яго цікавіла, так бы мовіць, перыферыя падзей, дзе спадалі маскі і не было месца пастановачным сцэнам. У 1961 годзе, калі была ўзведзена берлінская сцяна, публікацыя здымкаў серыі “Сітуацыя Берлін” у ГДР была забаронена, але, дзякуючы менавіта гэтым фатаграфіям, грамадскасць упершыню даведалася пра таленавітага фатографа, а прарочы здымак “Трэшчына ў сцяне”, зроблены яшчэ ў 50-х гадах, на доўгія гады стаў сімвалам падзеленага Берліна.
У першай палове 60-х Арно Фішэр натхняецца партрэтным жанрам і стварае серыю чорна-белых партрэтаў нямецкай дзівы Марлен Дзітрых. Яны так спадабаліся самой актрысе, што яна ў асабістым лісце фатографу папрасіла перадаць ёй негатывы.
У сярэдзіне 60-х ужо вядомы на той час фотамайстар засноўвае фатаграфічнае таварыства Direkt, да якога неўзабаве далучаецца большасць фатографаў ГДР. У пачатку 70-х Фішэр пераходзіць на вольныя хлябы фрылансера і пачынае актыўна падарожнічаць — найперш, безумоўна, па Усходняй Германіі, але яшчэ, як ні дзіўна, яму ўдаецца здзейсніць два працяглыя падарожжы ў ЗША (у 1978 і 1984 гадах), неаднойчы пабываць у Польшчы, Чэхаславакіі, СССР, Індыі, афрыканскіх краінах. Асобны раздзел беларускай экспазіцыі Арно Фішэра прысвечаны Нью-Ёрку. У яго амерыканскіх кадрах адчуваецца здзіўленне і захапленне невядомым. Выбарчым позіркам фатограф упарадкоўвае плынь уражанняў, і ў выніку атрымліваецца выдатная вулічная фатаграфія — дыстанцыянаваная і адначасова інтымная.
Важным момантам для Арно Фішэра ў 70-я становіцца таксама пачатак супрацоўніцтва з модным часопісам Sybille — яго фотаздымкі зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў моднай фатаграфіі, бо ў адрозненне ад фатографаў заходніх “глянцаў” кшталту Vogue і Elle ён здымаў мадэлей на звычайных гарадскіх вуліцах і нават у брутальных прамысловых інтэр’ерах. Гэтыя наватарскія для свайго часу фотаздымкі, зразумела, таксама прадстаўлены ў беларускай экспазіцыі.
80—90-я гады былі адзначаны ў жыцці фатографа плённай выкладчыцкай дзейнасцю ў Акадэміі візуальных мастацтваў у Лейпцыгу і Універсітэце прыкладных навук у Дортмундзе. У 2001 годзе ён заснаваў уласную фоташколу, у якой выкладаў да 2006 года, гэта значыць, амаль да 80-гадовага ўзросту.
Заключны раздзел выставы — гэта серыя палароідных здымкаў саду за 70 кіламетраў ад Берліна, дзе фатограф разам з жонкай Сібіле Бергеман правялі апошнія гады жыцця (Сібіле Бергеман памерла ў 2010 годзе, Арно Фішэр перажыў яе на адзін год). На большасці здымкаў гэтай серыі мы, здаецца, не бачым нічога незвычайнага: часткі раслін і каранёў, прылады працы, садовая мэбля… І толькі, пільна прыгледзеўшыся да ўсіх гэтых дэталей, мы заўважым у іх нешта вельмі асабістае і лірычнае, тое, чым насамрэч жыў і натхняўся знакаміты фатограф на схіле жыцця. “Садовая” серыя Фішэра выйшла асобнай кнігай напрыканцы нулявых гадоў пасля таго, як фірма Polaroid спыніла сваё існаванне.
А лепш зразумець Арно Фішэра як творцу дапаможа вось гэтая падборка яго выказванняў, якія сталі аксіёмамі для многіх пакаленняў фатографаў, яго наступнікаў: “Фатаграфія — гэта магчымасць дакладна разгледзець свет і выказацца. А калі з гэтага атрымліваецца мастацтва — гэта яшчэ і вялікае шанцаванне”; “Не трэба нічога кампанаваць. Святло і ёсць кампазіцыя”; “Калі я фатаграфую на прыпынку чалавека, які чакае аўтобус, то на фотаздымку павінна быць нешта большае, чым проста чалавек, які чакае аўтобус”; “Фатаграфій нельга дабіцца сілай, яны ўдаюцца толькі тым, хто ўмее іх адчуваць”.

Мікола ЧЭМЕР.
Матэрыял праілюстраваны фотаздымкамі Арно ФІШЭРА.