Паміж знакам і лічбай

12 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму “Кніга і Асоба: перспектывы дыялогу ў прасторы сучасных інфармацыйных тэхналогій”. Арганізатарам форуму выступіла выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” пры падтрымцы НББ і “Настаўніцкай газеты”. Праблемнае поле дыскусіі склалі такія пытанні, як кніга ў прасторы гісторыка-культурнай рэтраспектывы; кніга як феномен культурных традыцый эпохі; кніга і сучаснасць (артэфакт духоўнай археалогіі або інструмент пазнання свету); кніга і асоба (ад асобы стваральніка да асобы спажывальніка); аналагавы тэкст кнігі як знакавае адлюстраванне аўтарскай сістэмы светапоглядных уяўленняў; дагматызм тэксту кнігі і жывое ўспрыманне рэальнасці; дыскурс памяці і штодзённае абнаўленне інфармацыі; кніга як сакральны феномен чалавечага генія і хуткаплыннасць абнаўлення электронных інфармацыйных рэсурсаў і інш. У абмеркаванні ўзялі ўдзел прадстаўнікі вядучых дзяржаўных устаноў адукацыі, бібліятэчнай і медыйнай грамадскасці, аўтары, якія актыўна супрацоўнічаюць з выдавецтвам “Адукацыя і выхаванне”.

Адкрываючы пасяджэнне, дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Аляксандравіч Супрановіч падкрэсліў актуальнасць праблематыкі круглага стала ў сённяшні пераломны час пераходу ад індустрыяльнага да постіндустрыяльнага грамадства і ад кніжнай культуры да аўдыёвізуальнай (або так званай экраннай). Па яго словах, праблемы, звязаныя са зніжэннем цікавасці людзей да чытання, памяншэннем тыражоў папяровых кніг і наогул заняпадам традыцыйнай кнігі, сёння ахапілі літаральна ўвесь цывілізаваны свет. Ніводзін з найбуйнейшых кніжных кірмашоў (у Франкфурце, Варшаве, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Вільнюсе і іншых еўрапейскіх гарадах) не абыходзіцца без грамадскіх дыскусій адносна будучага лёсу кнігі і трансфармацыі асобы чалавека пад уздзеяннем інфармацыйных тэхналогій.
У сваю чаргу галоўны рэдактар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне”, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іван Іванавіч Крук заўважыў, што на сённяшнім вельмі няпростым для кнігі этапе кожны чалавек мае права на эмоцыі ў абарону традыцыйнай кніжнай культуры, але не лічыцца з магутнасцю канкурэнта, электроннага носьбіта інфармацыі, які ўсё больш і больш выцясняе кнігу з інфармацыйнага поля, сёння таксама немагчыма. “Але вось якім чынам лічыцца, мірыцца з такім канкурэнтам? На гэтае пытанне мы сёння і паспрабуем адказаць. Наш круглы стол будзе ўмоўна падзелены на дзве секцыі-панелі. Першая — звернута як бы ў мінулае (“Эпоха — Кніга — Асоба. Асэнсаванне гісторыка-культурнай рэтраспектывы”), другая — у будучыню (“Кніга ў лічбавым фармаце. Якой бачыцца “адфарматаваная” Асоба?”)” — акрэсліў два асноўныя кірункі абмеркавання І.І.Крук.
Прадметную дыскусію пачаў дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў кандыдат філасофскіх навук Міхаіл Фёдаравіч Печанко. Ён нагадаў прысутным пра многія фундаментальныя рэчы ў сувязі з кнігай як феноменам культуры і пасрэднікам паміж асобай і эпохай, у прыватнасці, пра тое, што кніга, сапраўды, ёсць галактыка, але зоркі свецяць толькі тады, калі на іх глядзяць, а калі не глядзяць, то здаецца, што святло перастае быць. Таксама выступоўца звярнуў увагу на тое, што эпохі нагул можна было б пазнаваць па тым, што і як чыталі ў іх людзі. У кожнай з эпох Сярэднявечча і Новага часу, як маякі, высіліся канкрэтныя знакавыя кнігі, і прайсці міма кніг, напрыклад, Дантэ або Сервантэса, проста немагчыма, бо ў іх знаходзяцца ўніверсальныя адказы на пытанні, якія ставіць быццё. На вялікі жаль, канстатаваў М.Ф.Печанко, сёння не бачна такіх кніг-стаўпоў — толькі агромністыя патокі тэкстаў і іх “аўтараў”, якія выдаюць гэтыя тэксты за сваё.
Разважаючы пра сённяшні стан кнігі, навуковец заўважыў, што для маладога пакалення яна ўсё больш заўважна становіцца не абсалютнай, а рэлятыўнай каштоўнасцю: кнігай можна грэбаваць, яе можна не чытаць, яе можна прачытаць пазней і г.д. Тым больш сумна, што нават у школе зніклі абвязковыя спісы для чытання навучэнцамі, ім дазваляецца чытаць па жаданні. “Але сутнасць не спазнаецца па жаданні, — заўважыў М.Ф.Печанко. — Сутнасць спазнаецца па неабходнасці. А неабходна сёння і тут жывіць душу чалавечую. Інакш мы ўсе патонем у свеце танных артэфактаў, напрыклад, такіх як амерыканскія коміксы, і проста пустых з’яў”.
М.Ф.Печанко звярнуў увагу на два магчымыя асноўныя падыходы-пасылы, якія так ці інакш прымусяць сур’ёзна паставіцца да праблемы суадносін кнігі і асобы ў сучасным свеце, — антрапалагічны і анталагічны. Першы мае на ўвазе даследаванне глыбіннага зместу таго, што перадае кніга чалавеку. Другі тычыцца наяўнасці кнігі як такой і апелюе да выказвання Цыцэрона, які параўноўваў дом, дзе няма кніг, з пустой душой. Адсюль узнікаюць пытанні пра сямейнае чытанне, культавыя сямейныя кнігі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, і інш.
Дастаткова палемічным было выступленне прафесара кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Алены Аляксандраўны Макаравай, якая засяродзілася на праблеме выжывання бібліятэк і нават прафесіі бібліятэкара як такой у сённяшнім свеце. Пачаўшы нібыта здалёк (з таго факта, што сёлета недабор на факультэт інфармацыйна-бібліятэчных сістэм БДУКіМ склаў 50 працэнтаў), А.А.Макарава хутка прыйшла да сваёй асноўнай тэзы пра тое, што сёння адной з галоўных задач, якія паўсталі перад бібліятэкай як сацыяльна-культурным інстытутам, з’яўляецца перагляд сваёй місіі. На думку выступоўцы, бібліятэкі павінны ўсё больш і больш звяртацца да тэхналогій маркетынгу ў сваёй дзейнасці. На звычайнай мове гэта азначае літаральна стукацца ў кожны двор, кожны дом, кожную сям’ю, вывучаць колы інтарэсаў патэнцыяльных чытачоў, займацца так званым вырошчваннем сваёй чытацкай аўдыторыі, ладзіць рэкламныя акцыі кшталту “Новае пакаленне выбірае чытанне” (насуперак вядомаму слогану “Новае пакаленне выбірае “Пэпсі”) і г.д.
Таксама з вуснаў А.А.Макаравай прагучала нямала прэтэнзій у адрас творчай інтэлігенцыі, якая нібыта і наракае на заняпад кнігі, але па-ранейшаму не групуецца вакол бібліятэк, не падтрымлівае тых апантаных і адданых сваёй справе людзей, якія там працуюць і, па сутнасці, толькі за ідэю займаюцца прапагандай кнігі. У гэтай сувязі Алена Аляксандраўна нагадала і пра такое паняцце, як падзейны менеджмент: “Усё-такі нехта павінен займацца менеджментам культурных падзей, ініцыіраваць гэтыя падзеі! Хто б купляў, напрыклад, тую ж Данцову, калі б яна так часта не мільгала на тэлеэкране і на старонках гламурных часопісаў? А мы, інтэлігенты, з-за сваёй сціпласці наогул не ўмеем радавацца, калі нараджаецца сапраўдная кніга, шыкоўны падручнік з нейкай новай канцэпцыяй, удачны часопіс… У нас наогул надзвычай мала адбываецца цікавых прэзентацый кніг, сустрэч з аўтарамі, унікальнымі людзьмі. Інтэлігенцыя павінна зразумець, што толькі ад яе залежыць, будзе ці не будзе фарміравацца інфармацыйная прастора інтэлігенцыі. Я не ведаю, дзе мусіць паўстаць такі цэнтр — ці пры Міністэрстве культуры, ці пры нейкім культуралагічным выданні, але я ведаю адно: калі мы хочам неяк утрымаць сітуацыю і з кнігай, і з бібліятэкай як інстытутам, мы павінны неяк рухацца самі. Самі ініцыіраваць і ствараць свае падзеі”.
Фактычна своеасаблівым эсэ на круглым стале прагучала выступленне вучонага сакратара навукова-даследчага цэнтра Нацынальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктара педагагічных навук, дацэнта Васіля Фёдаравіча Русецкага. Найперш ён заўважыў, што як у кнігі, так і ў элекроннага носьбіта інфармацыі ёсць свае перавагі і недахопы. З аднаго боку, прывычны нам кодэкс, які можна пагартаць, узяць у руку і фізічна адчуць яго рэальную вагу, дае магчымасць знаёміцца не толькі з сегментам інфармацыі (калі мы адкрываем кнігу на пэўнай старонцы), але і з усім корпусам, успрымаючы яго ад пачатку і да канца як структуру. Пакуль, на жаль, лічбавая копія не дае нам магчымасці ўспрымаць феномен тэксту як такога. А з другога боку, ніхто не будзе адмаўляць зручнасці лічбавых тэхналогій у аператыўным пошуку патрэбнай інфармацыі, каталагізацыі і інш. “Раней, калі мне як філолагу трэба было, напрыклад, працытаваць нейкі радок Ахматавай, а я яго не помніў, я мусіў рабіць тытанічную работу — перакапаць увесь збор твораў, каб праз некалькі дзён пошукаў нарэшце знайсці гэтую цытату. Цяпер гэта робіцца за секунду. Я добра памятаю чорныя плямы на картках бібліятэчнага каталога ад дотыку да іх мільёнаў пальцаў. І, нягледзячы на гэта, ты мусіў сядзець некалькі дзён у зале каталогаў толькі дзеля таго, каб скласці спіс, які, магчыма, табе нават і не спатрэбіцца. Хто цяпер можа прымусіць рабіць такую работу?” — рытарычна пытаўся Васіль Фёдаравіч.
Закрануў ён і пытанне адносна ролі і функцыі літаратуры ў сённяшніх умовах: “Так, я памятаю чэргі, якія выстройваліся пад дзвярыма “Акадэмкнігі” задоўга да адкрыцця магазіна ў дзень паступлення туды новых кніг. Я памятаю, як у нашым універсітэце, пакуль свежы нумар часопіса “Новый мир” не прачытаюць усе лабаранты, кафедра магла нават не заікацца, каб атрымаць гэты нумар. І, безумоўна, я памятаю, як самаахвярна збіраў уласную хатнюю бібліятэку, якой абавязаны вельмі многім, а па сутнасці, дзякуючы ёй я і стаў тым, кім стаў. Але вось дзіва: сёння я амаль не маю ніякай патрэбы карыстацца сваёй бібліятэкай. У яе цяпер быццам сакральная функцыя. Мы ўсе, хто сабраўся за нашым круглым сталом, належым да таго грамадства, дзе фарміраваліся ў свой час сакральныя адносіны да кнігі, да чытання. І вось цяпер мы часам пачынаем гаварыць: “Давайце любіць кнігу, давайце цаніць кнігу, давайце выйдзем на плошчу і будзем заклікаць там людзей чытаць літаратуру!” Мы гаворым такія рэчы, нават не думаючы пра тое, што памянялася
эпоха. Але ж давайце задумаемся: і літаратура ХІХ стагоддзя, і савецкая літаратура выконвалі зусім іншыя функцыі, чым сёння. Раней гэта была адмысловая форма грамадскай свядомасці, гэта было “наша ўсё” — і палітыка, і філасофскі, і дыскусійны клуб, і… толькі крышачку-крышачку белетрыстыкі. Цяпер жа ў літаратуры (і я лічу, дзякуй богу, што гэта так) засталася толькі адна функцыя — быць мастацкай літаратурай, белетрыстыкай, прыгожым пісьменствам. У той ступені, у якой літаратура выконвае функцыю белетрысткі, у такой ступені яна і запатрабавана. І таму не трэба шкадаваць, што цяпер палітыкай займаюцца палітыкі, філасофіяй — філосафы, а мастацкая літаратура застаецца дастаткова элітарным сегментам — мастацкай літаратурай. Так, я згодны з тым, што цяпер імёнаў, якімі можна было б захапляцца, быццам і не бачна, але, магчыма, мы іх проста не ведаем. Насамрэч, напэўна, ёсць многа цудоўных пісьменнікаў, якія жывуць у сваёй пісьменніцкай літаратурнай супольнасці. Літаратура проста змяніла сферу функцыянавання, стаўшы нарэшце літаратурай”.
Таксама В.Ф.Русецкі звярнуўся да праблемы маладога пакалення, яго стаўлення да кнігі і чытання. “Вы ведаеце, — адзначыў выступоўца, — мне здаецца, што тэзіс, маўляў, моладзь мала чытае або нічога не чытае, гэта перабольшаны тэзіс. Давайце проста ўспомнім ранішні тралейбус ці вагон метро, і мы ўбачым, што моладзь усё-такі чытае. Іншая справа — што яна чытае. Але ж чытае! У адрозненне ад нашага, так бы мовіць, лірычнага пакалення сённяшнія маладыя людзі настроены па жыцці больш прагматычна. Менавіта прагматычна, а не меркантыльна. З пазіцыі “гэта мне неабходна ці не”. І менавіта таму яны актыўна вучаць замежныя мовы, кантактуюць у сеціве, групуюцца там у суполкі па інтарэсах і г.д. І не трэба за гэта іх вінаваціць — гэта іх прагматыка”. “А што тычыцца іх інфармацыйнай культуры, — працягнуў В.Ф.Русецкі, — то хацеў бы расказаць пра адзін эксперымент, які мы нядаўна правялі разам з маскоўскімі калегамі. Гэта было даследаванне інфармацыйнай кампетэнтнасці дзевяцікласнікаў. Дзецям прапаноўвалася выканаць шэраг заданняў, карыстаючыся рознымі спосабамі работы з інфармацыяй. На працягу некалькіх дзён мы праводзілі гэты эксперымент, аналізавалі вынікі. Але што цікава — недзе на чацвёрты ці пяты дзень, уваходзячы ў чарговы клас і знаёмячыся з дзецьмі, гаворачы з імі, я ўжо загадзя мог прадказаць, якія ў рэшце рэшт яны пакажуць вынікі. Я гэта да таго, што насамрэч стаўленне да інфармацыі, уменне працаваць з інфармацыяй да такой ступені звязана з агульнакультурным узроўнем чалавека, што ўсё гэта адразу бачна. Строга кажучы, можна было і не праводзіць складанае тэсціраванне, каб атрымаць агульнае ўяўленне. Высветлілася проста незвычайная рэч: на самай справе не існуе прамой карэляцыі паміж часам, які дзіця праводзіць за камп’ютарам, і яго інфармацыйнай кампетэнтнасцю. Іншымі словамі, інфармацыйная культура залежыць ад навыкаў, якія набываюцца ў працэсе жыцця дзіцяці, прычым галоўная роля тут належыць сям’і. І незалежна ад таго, вучыцца яно ў нейкай звышмадэрнізаванай школе з суцэльнай камп’ютарызацыяй або ў звычайнай сярэднестатыстычнай, — усё будзе залежыць ад таго, як фарміруюцца ў сям’і адносіны да кнігі, да чытання, наогул да культуры, да традыцый… І, пасталеўшы, чалавек будзе ва ўсім гэтым патрэбу мець ці не мець. Таму, дарэчы, я бібліятэкараў на вуліцы, у народ усё-такі не гнаў бы. У бібліятэку павінен прыйсці чалавек, маючы ў гэтым патрэбу. Няхай гэта прагучыць крыху пафасна, але гэта павінна быць прыблізна так, як з чалавекам, які ідзе ў храм. Можна, безумоўна, прывесці чалавека ў храм за руку і сказаць яму, каб маліўся. Але якая з гэтага карысць? Чалавек павінен прыйсці ў храм толькі па ўласным жаданні…”
З цікавымі развагамі выступіў таксама загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта доктар філалагічных навук Віктар Іванавіч Іўчанкаў. Ён засяродзіўся на асаблівасцях гістарычнага развіцця беларускага этнасу, які з часу знікнення Вялікага Княства Літоўскага застаўся на некалькі стагоддзяў фактычна пазбаўленым магчымасці перадаваць інфармацыю ў пісьмовай форме і мусіў шукаць свой шлях — шлях літаратурна-размоўнай традыцыі і вуснай народнай творчасці. Менавіта таму кніжная пісьмовая культура і яе захаванне маюць для беларусаў асаблівае значэнне. Гэта тое, што калісьці было ў нас адабрана, а потым зноў здабыта.
Асобна спыніўся Віктар Іванавіч на пытанні пра ролю інтэрнэту і далейшыя перспектывы чалавецтва на фоне ўсё больш і больш агрэсіўнай інтэрвенцыі электронных інфармацыйных тэхналогій у наша жыццё. Навуковец падкрэсліў, што на самай справе тут не варта палохаць грамадства якімісьці страшылкамі ці рабіць паспешлівыя прагнозы адносна смерці кнігі або газеты, як гэта зрабіў амерыканскі медыямагнат Руперт Мердак, напрарочыўшы, што газеты ў сваім папяровым варыянце цалкам знікнуць ужо да 2037 года. У свой час, калі паявілася кіно і тэлебачанне, такую ж гібель прадказвалі тэатру, але той толькі больш загартаваўся і ўдасканаліўся. Сёння, па словах В.І.Іўчанкава, ідзе элементарнае пераразмеркаванне роляў, пераразмеркаванне таго “шчаслівага грамадства, якое трымае гэты інструмент, які называецца інтэрнэтам, але пакуль яшчэ толькі гуляе з ім і не ведае, куды, як і што”. “Тое, што надрукавана, гэта фактычна тое ж самае, што і алічбавана, — заўважыў выступоўца. — Гэта адмысловы паралелізм. І я на гэта гляджу з аптымізмам”.
А вось дэкан факультэта кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі вышэйшага звяна Акадэміі паслядыпломнай адукацыі дацэнт кафедры кіравання ў сферы адукацыі Аляксей Веньямінавіч Воранаў усё-такі агучыў сутнасць той небяспекі, якую нясе ў сабе татальнае і некіруемае інфармацыйнае асяроддзе. “Ёсць такія тэхналогіі, — нагадаў навуковец, — якія, з аднаго боку, могуць узбагаціць чалавецтва, а з другога — нанесці непапраўную шкоду душы чалавека, парушыць яго прыродападобнасць. Так і з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Справа не ў тым, што знак незваротна ператворыцца ў лічбу, такога ніколі не будзе, бо лічбы, як правіла, выконваюць чыста тэхнічныя функцыі — яны пераводзяць знакі ў сістэму інфармацыйнага фармату. Іншая справа, што самі лічбы, самі інфармацыйныя тэхналогіі, выйшаўшы з-пад кантролю чалавека, могуць выклікаць такія сілы, якія ўжо будуць чужымі чалавечай прыродзе. І трэба прызнаць, што джын ужо выпушчаны з бутэлькі. Гіперрэальнасць, якая становіцца часткай грамадскай і індывідуальнай свядомасці, гэта ўжо сапраўды страшна. Бо гэта “тэра інкогніта”, і небяспека якраз заключаецца ў тым, што мы нічога пра яе не ведаем”.
Што ў такім выпадку трэба рабіць ужо сёння? А.В.Воранаў вылучае тры асноўныя пазіцыі. Першая заключаецца ў тым, каб на новым узроўні выхоўваць інфармацыйную культуру ў грамадстве і, што асабліва важна, у педагогаў. Другая — прыўносіць у гэтую інфармацыйную культуру як мага больш норм агульнай культуры і норм педагагічнай дзейнасці. І трэцяя — не жангліраваць паняццем “лічба”, узяць за аксіёму тое, што лічба — гэта толькі тэхнічны спосаб перадачы або трансфармацыі знака і сама па сабе не нясе ніякай пагрозы чалавечай прыродзе. Гэтыя тры пазіцыі, па словах А.В.Воранава, складаюць тую аснову, на якой можна будзе сфарміраваць інфармацыйнае грамадства, дзе прыярытэтнымі будуць прынцыпы гуманізму.
Аб выхаванні інфармацыйнай культуры ў саміх педагогаў гаварыла на круглым стале і намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты” Вераніка Іванаўна Саламевіч, якая задалася рытарычным пытаннем: “Як могуць навучыць настаўнікі чытаць дзяцей, калі некаторыя з іх самі не чытаюць?” З іншага боку, В.І.Саламевіч прывяла прыклад настаўніцы рускай мовы і літаратуры (пра яе нядаўна пісала наша газета), якая менавіта з дапамогай інфармацыйных тэхналогій дасягае значных поспехаў у прывіцці дзецям любові да чытання кніг.
Наогул, круглы стол у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі быў багаты і на дастаткова нечаканыя прэзентацыйныя моманты, і на вясёлыя ды рамантычна-лірычныя адступленні яго ўдзельнікаў ад асноўнай тэмы, і на сур’ёзныя філасофскія “атакі”.
Так, напрыклад, практычна цэлы майстар-клас правяла для прысутных дацэнт кафедры культуралогіі і псіхолага-педагагічных дысцыплін Інстытута культуры Беларусі Аксана Веньямінаўна Катовіч, якая прыйшла на пасяджэнне не з пустымі рукамі, а з цэлым шэрагам знакавых артэфактаў — абрадавых аўтэнтычных ручнікоў, сшытачкам з малітвамі і забабонамі, перапісанымі адной дзяўчынкай з партызанскага атрада ў 1943 годзе, і інш. Неўзабаве стала зразумела, дзеля чаго ўсё гэта прынесла вядомая даследчыца нацыянальнай абрадавай культуры: ручнікі, як, зрэшты, і абрады, гэта таксама кнігі, якія ўмелі чытаць нашы продкі. Асаблівы акцэнт у сваім выступленні А.В.Катовіч зрабіла на матывацыі сямейнага чытання.
З грунтоўнымі філасофскімі дакладамі выступілі прарэктар па навуковай рабоце і міжнародных сувязях Інстытута тэалогіі імя Святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, доктар філасофскіх навук, прафесар Марына Аляксандраўна Мажэйка і загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта (філіял у Мінску), доктар філасофскіх навук, прафесар, член Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь Павел Рыгоравіч Мартысюк і інш.
Прысутным было цікава паслухаць і непасрэдных стваральнікаў кніжнай культуры — спецыяльна запрошаных на круглы стол галоўнага рэдактара дзіцячага часопіса “Вясёлка”, старшыню праўлення Беларускага дзіцячага фонду, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага і літоўскага дзіцячага пісьменніка, дырэктара вільнюскага выдавецтва “Тры зорачкі”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Яронімаса Альбінавіча Лаўцюса.
Напрыканцы пасяджэння дырэктар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” Мікалай Аляксандравіч Супрановіч падзякаваў усім удзельнікам і арганізатарам круглага стала і выказаў спадзяванне, што гэта была не апошняя сустрэча ў такім фармаце і ў такім складзе.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.