Вера, надзея, пяшчота

У трапяткую атмасферу хрысціянскай любові і эстэтычнага магнетызму трапіць кожны, хто наведае выставу “Mater Dei. Іканаграфія аднаго кахання” ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Усе экспанаты выставы аб’яднаны адзінай тэмай і прадстаўляюць самы прыцягальны для мастакоў усіх часоў і школ вобраз — Мадонну з немаўлём. Як адзначаюць куратары выставы, экспазіцыя прапаноўвае ўнікальную для гледача магчымасць пазнаёміцца з шэрагам іконаграфічных схем гэтай папулярнай выявы на прыкладзе работ італьянскіх жывапісцаў, малявальшчыкаў і гравёраў XV—XIX стагоддзяў.

Выстава “Mater Dei. Іканаграфія аднаго кахання” дэманструе творы з дзяржаўных і прыватных калекцый італьянскага горада Перуджы (Акадэмія мастацтваў імя П’етра Ванучы, Нацыянальная галерэя Умбрыі і Ашчадны банк Перуджы) і калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
На выставе экспануюцца творы, большасць з якіх мае аднолькавы сюжэт, аднак усе яны вылучаюцца багатай разнастайнасцю. Палотны ствараліся рознымі мастакамі ў розныя гістарычныя і стылістычныя перыяды. Адзінае, што іх аб’ядноўвае (акрамя прыналежнасці да італьянскай мастацкай школы), — агульны стан веры, любові і пяшчоты, характэрны для сюжэтаў Пакланення і вобразаў Мадонны з немаўлём.
Творы адлюстроўваюць два аспекты: рэлігійны і мастацкі. Храналагічныя рамкі выставы ўключаюць XV—XIX стагоддзі, але асноўная частка экспанатаў звязана з найвялікшым перыядам еўрапейскай культуры — эпохай Адраджэння. Адметнай рысай Рэнесансу з’яўляецца свецкі характар культуры і яе антрапацэнтрызм (цікавасць да чалавека і яго дзейнасці). Выяўленчае мастацтва Адраджэння азнаменавана станаўленнем рэалізму, што адбілася не толькі на распаўсюджванні свецкіх матываў, развіцці партрэта, цікавасці да выявы прыроды або новай, часам амаль жанравай, інтэрпрэтацыі рэлігійных сюжэтаў, але і выявілася ў радыкальным абнаўленні ўсёй мастацкай сістэмы.
Культ Дзевы Марыі займае важнае месца ў хрысціянскай рэлігіі, і выявы Мадонны з немаўлём разам з вобразамі Збавіцеля доўгі час былі самымі папулярнымі сюжэтамі ў хрысціянскім мастацтве. Надзвычай багатая іканаграфія выявы Дзевы Марыі (Мадонны, Маці Божай) толькі ў невялікай частцы абавязана Евангеллю. На працягу стагоддзяў, з узбагачэннем мастацтва новым зместам, іконаграфічныя схемы выявы змяняліся.
Сярод выяў Мадонны з немаўлём, прадстаўленых на выставе, можна ўбачыць розныя іконаграфічныя схемы.
Дзева Марыя, якая грудзьмі корміць немаўля (Virgo Lactans, або Maria Lactans), — найбольш старажытны тып выявы Марыі і немаўляці, які мае аналогіі яшчэ ў дахрысціянскім мастацтве. У рэнесансным жывапісе ён сустракаецца ў некалькіх версіях: Мадонна сядзіць на троне ці на зямлі альбо стаіць. Парафразай гэтай схемы можа служыць прадстаўленая на выставе кампазіцыя “Мадонна з дзіцем і Янам Хрысціцелем” Джачынта Баканеры з калекцыі фонду Акадэміі прыгожых мастацтваў імя П’етра Ванучы.
Дзева Марыя з немаўлём на троне. Гэты тып уяўляе асаблівую ролю Дзевы Марыі як сімвала царквы, невыпадкова ён вядомы як Царыца Нябесная (Regina Coeli). Самыя раннія прыклады такога тыпу выявы можна сустрэць у мазаіках Равены. У італьянскім жывапісе гэтая тэма падзяляецца на тры асноўныя віды: франтальная выява Мадонны і немаўляці анфас, якая прыйшла з візантыйскага мастацтва, Мадонна, якая ўказвае на немаўля, і больш інтымны (“мацярынскі”) тып, у якім Маці Божая абдымае сына. Такі іконаграфічны тып ілюструюць гравюры Карла Лазініа і Матэа Карбоні, якія аднаўляюць жывапісныя арыгіналы Гвіда да Сіена і Дуча дзі Буанінсенья.
Дзева Марыя з рукамі, складзенымі ў малітве, — тып выявы ў позе пакланення (Madre Pia), калі дзіця ляжыць у Мадонны на каленях або на зямлі (падобная трактоўка характэрна і для сцэн Ражджаства Хрыстова). Прыкладам такой іканаграфіі могуць служыць “Мадонна з дзіцем” Бернардзіна Фунгаі з калекцыі Нацыянальнай галерэі Умбрыі і аднайменны малюнак невядомага мастака першай паловы XIX стагоддзя з калекцыі дыдактычнага фонду школы малюнка Акадэміі прыгожых мастацтваў імя П’етра Ванучы.
Дзева Марыя як маці — простая выява Мадонны, якая трымае немаўля. У эпоху Адраджэння гэты вобраз усё больш і больш афарбоўваўся чалавечым пачуццём. Пры гэтым рэлігійнае значэнне нярэдка перадаецца рознымі сімвалічнымі прадметамі, якія трымаюць Мадонна і немаўля або якія знаходзяцца побач. Найбольш часта сустракаюцца: яблык — традыцыйны плод дрэва пазнання, што паказвае на немаўля Ісуса як на будучага выратавальніка роду чалавечага ад першароднага граху (падобнае значэнне мае і апельсін); вінаград, што сімвалізуе эўхарыстычнае віно (тую ж сімволіку мае і выява пасудзіны для пітва або збан); вішня (яе яшчэ называюць райскім фруктам) — сімвалізуе неба; гранат — Уваскрашэнне. Выява птушкі (часцей за ўсё шчыгла) сімвалізуе душу чалавека, якая адлятае з яго смерцю. Прыкладамі такой схемы ў экспазіцыі могуць быць работы невядомых мастакоў XV, XVI, XVII стагоддзяў.
Вобраз Мадонны з дзіцем сустракаецца і ў выявах Святой сям’і — тэма, якая з’яўляецца ў хрысціянскім мастацтве даволі позна (не раней чым у XV стагоддзі). Дзева Марыя і Іосіф Цясляр — зямны прыстанак Ісуса, зямная сям’я, у якой ён паявіўся на свет. У “Духоўных гутарках” Святога Францішка Сальскага Святая сям’я разглядаецца як Зямная Тройца, адлюстраванне і зямны план Тройцы Нябеснай. Іосіф увасабляе Бога Айца, Ісус — Сына, пасланага ў свет, а Дзева Марыя — Святы Дух, бо яна, па сцвярджэнні Святога Францыска, “ёсць жывы храм”. Разам са Святой сям’ёй у выяўленчым мастацтве папулярныя малюнкі Святой Ганны, Маці Дзевы Марыі, Іаана Хрысціцеля і Лізаветы. Вобраз Мадонны з дзіцем з’яўляецца часткай вобраза Святой радні (Святое грамадства, Сям’я Святой Ганны). З іканаграфіяй сюжэта Святой сям’і ў экспазіцыі знаёмяць працы П’етра Тадэскі, Джузэпэ Каратолі, Джавіта Гаравалья з калекцыі фонду Акадэміі прыгожых мастацтваў імя П’етра Ванучы.
Яшчэ адной іконаграфічнай схемай, якая прадугледжвае наяўнасць выявы Мадонны з немаўлём, з’яўляецца сцэна Пакланення пастухоў. Той факт, што навакольныя пастухі апярэдзілі вешчуноў, цароў свету, падкрэслівае адкрытасць і даступнасць хрысціянства. Для мастакоў усіх часоў гэтая сцэна з’яўлялася адлюстраваннем сапраўднага і шчырага захаплення — пачуцця, якім прасякнута, напрыклад, палатно невядомага мастака XVII стагоддзя з гравюры П’етра Санці Барталі і гравюры Гаэтана Вашэліні і Матэа Карбоні з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Практычна апошнімі (храналагічна) сцэнамі, звязанымі з маленствам Ісуса ў выяўленчым мастацтве, з’яўляюцца сюжэты Уцёкаў Святой сям’і ў Егіпет і Адпачынку на шляху ў Егіпет, напісаныя ў Евангеллі Псеўда-Мацвея, у якіх таксама прысутнічае выява Мадонны з немаўляткам. Прыкладам гэтай іканаграфіі служыць адбітак невядомага гравёра XVII стагоддзя з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
XVIII стагоддзе стала перыядам сапраўднага росквіту рэпрадукцыйнай гравюры. З’яўляючыся найбольш даступным і папулярным відам мастацтва, гравюра не толькі атрымала шырокае распаўсюджанне, але стала і своеасаблівым “правадніком уплыву” старых майстроў на мастакоў наступных пакаленняў.
На выставе прадстаўлены разрозненыя аркушы з папулярнага гравюрнага альбома L’Etruria Pittrice ovvero Storia della Pittura Toscana Dedotta Dai Suoi Monumenti Che si Esibiscono in stampa dal secolo X. Fino al Presente (“Этрурыя мастацкая, або Гісторыя жывапісу Тасканы, заснаваная на яе помніках, прадстаўленых у гравюры, з X стагоддзя да нашых дзён”), выдадзенага Нікола Паньі і Джузэпэ Бардзі (працавалі ў 1780—1790-х гг. у Фларэнцыі). Альбом складаўся з двух тамоў і ўключаў 120 гравюр, якія ўзнаўляюць жывапісныя арыгіналы тасканскіх мастакоў X—XVIII стагоддзяў і іх партрэты, а таксама суправаджальны тэкст Марка Ластры на італьянскай і французскай мовах.
“Mater Dei. Іканаграфія аднаго кахання” — вера, надзея і пяшчота, якія выпраменьваюць сакральныя творы… Выстава будзе працаваць да 3 мая.

Мікола ЧЭМЕР.