У “Хлява” Рушчыца і “Адлігі” Жукоўскага новае жыццё!

Белгазпрамбанк папоўніў сваю карпаратыўную калекцыю творамі класікаў нацыянальнай школы жывапісу Фердынанда Рушчыца і Станіслава Жукоўскага. У прыватнага калекцыянера з Беларусі былі набыты пейзажы Ф.Рушчыца “Хлеў і азярод для сена” (1899) і С.Жукоўскага “Адліга. Свіслацкая пушча” (1935).

У кожнага з гэтых мастакоў — і Фердынанда Рушчыца, і Станіслава Жукоўскага — быў свой адметны шлях як з Беларусі, так пасля і да Беларусі. Хоць сэрцы іх заўсёды належалі радзіме…
Фердынанд Рушчыц (1870, маёнтак Багданаў каля Валожына Мінскай губерні — 1936, там жа) вучыўся жывапісу пад кіраўніцтвам І.Шышкіна і А.Куінджы ў імператарскай Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, браў удзел у выставах аб’яднання “Свет мастацтва”, таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі “Sztuka”; у 1904—1907 гадах выкладаў жывапіс у Вучылішчы прыгожых мастацтваў у Кракаве, потым працаваў прафесарам кракаўскай Акадэміі мастацтваў. У 1918—1919 гадах кіраваў стварэннем мастацкага факультэта адроджанага ў той час Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, быў яго першым дэканам, і менавіта гэты момант яго біяграфіі з’яўляецца, бадай, самым важным для нас, беларусаў.
На радзіме мастака ў вёсцы Багданава плануецца стварэнне мемарыяльнага музея яго імя. Пры ўсім тым у нашай краіне да самага апошняга часу захоўвалася ўсяго толькі адно яго палатно ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея. Якраз для таго, каб крыху выправіць такое становішча, Белгазпрамбанк адшукаў і набыў у сваю калекцыю іншы твор жывапісца — пейзаж “Хлеў і азярод для сена”, асабліва дарагі нам тым, што мы бачым тут менавіта рушчыцаўскае Багданава, некранутае пад спрадвечным блакітным небам…
Станіслаў Жукоўскі (1873, маёнтак Старая Воля каля вёскі Ендрыховічы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні — 1944, Прушкаў, Польшча) вучыўся ў свой час у І.Левітана ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1899 годзе яго карціну “Месячная ноч” набыла Траццякоўская галерэя, і гэта невыпадкова — да пачатку ХХ стагоддзя Станіслаў Жукоўскі лічыўся адным з самых уплывовых пейзажыстаў імпрэсіяністычнага кірунку. Карыстаючыся гэтым сваім “статусам”, шмат падарожнічаў па Еўропе і Расійскай імперыі, аднак кожны год нязменна выпраўляўся на пленэры на радзіму, на Гродзеншчыну, дзе пэндзлем апяваў свае родныя мясціны. Падчас Другой сусветнай вайны мастак быў арыштаваны нацыстамі. Памёр у канцэнтрацыйным лагеры пад Варшавай.
У адрозненне ад скупой спадчыны Фердынанда Рушчыца, у Нацыянальным мастацкім музеі захоўваецца ажно каля 40 твораў Станіслава Жукоўскага. Але — парадокс! — сярод іх няма ніводнага ўласна беларускага пейзажа. Белгазпрамбанку пашчасціла стаць уладальнікам работы Жукоўскага з красамоўнай назвай “Адліга. Свіслацкая пушча”, а Свіслацкая пушча, як вядома, з’яўляецца паўночным участкам Белавежскай. Па звестках мастацтвазнаўцаў, нават у музеях Польшчы, дзе мастак правёў апошнія гады жыцця, творы беларускай тэматыкі практычна не прадстаўлены.
Новыя набыткі Белгазпрамбанка значна пашырылі канцэпцыю яго карпаратыўнай калекцыі. Калі раней яна акцэнтавана была звернута да спадчыны мастакоў Парыжскай школы з Беларусі, то цяпер выкрышталізоўваецца больш глабальны праект “Арт-Беларусь”, які мае на мэце паказаць працэс развіцця нацыянальнай мастацкай культуры Беларусі ва ўсёй яе паўнаце і бесперапыннасці. Незаслужана забытыя імёны беларускіх мастакоў розных гістарычных эпох і розных мастацкіх асяродкаў паступова ўкараняюцца ў айчынны культурны кантэкст. З цяжкасцямі, а часам і з сумненнямі, але… няўхільна.

МіколаЧЭМЕР.