Зорка ў небе, васілёк у полі

Творчы партрэт Міколы Чарняўскага

Нас парадніў універсітэт. А яшчэ — паэзія, роднае слова.

У студэнцкія гады мы жылі ў адным інтэрнаце, у адным пакоі. Жылі беднавата, але дружна. Вучыліся і пісалі вершы. Дабаўлялі да скупой стыпендыі рубель-другі ганарару — на хлеб, чай і ліверную каўбасу хапала. Па часе бачыцца ўсё ў ружовым святле. І цяпер жартуем, бывае, што ласаваліся тады і панскім далікатэсам — заечынаю. Міколаў бацька неяк упаляваў зайца і перадаў яго ў горад сыну. Елі ўсім пакоем, ды яшчэ і гасцей частавалі. Наесціся не наеліся, вядома, але на ўсё жыццё застаўся вясёлы ўспамін.

Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі 16 студзеня 1943 года на Гомельшчыне, у вёсцы Буда-Люшаўская Буда-Кашалёўскага раёна. Рана асірацеў і спазнаў, як цяжка жыць без матчынай ласкі. Вучыўся ў школе і дапамагаў бацьку, падмяняючы яго, вясковага пастуха, у гарачую пару сенакосу. У аўтабіяграфіі прыгадвае: “Кожны раз, выганяючы ў поле кароў, клаў у торбачку з полуднем адну ці дзве кніжкі з небагатай школьнай бібліятэкі. Знаходзілася ў той торбачцы і месцейка для запаветнага агульнага сшытка, куды, седзячы на купіне ці пад стогам, запісваў вершаваныя радкі, што прыходзілі ў душу ад сустрэчы з хараством летніх світанкаў і надвячоркаў, з васількамі на жытнёвых узмежках”.

Бацькаўшчына для кожнага з нас не толькі маляўнічы кут, дзе можна адпачыць, але і крыніца натхнення. З усіх рэк самая дарагая для Міколы Чарняўскага — Сож. “Сустрэча з ім — як абнаўленне. // І я шапчу: — Часцей трывож // Маё ўяўленне і натхненне, // Маё сумленне, родны Сож!..” Невыпадкова пастаўлены побач тут, у спавядальнай страфе, два словы — сумленне і натхненне. Гэта тая маральная аснова, на якой трымаецца жыццё і творчасць Міколы Чарняўскага як чалавека і пісьменніка.

Першы верш, надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі”, называўся “Васілёк”. Пад знакам гэтай кветкі, апетай у свой час Максімам Багдановічам, і ўвайшоў у літаратуру новы паэт. Менавіта любоў да мастацкага слова прывяла яго ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Вучыўся на вячэрнім аддзяленні філалагічнага факультэта і працаваў у рэдакцыі дзіцячай газеты, на радыё. Раней за нас, сваіх сяброў-паэтаў, дэбютаваў зборнічкам вершаў і казак “Дзе лета канчаецца”. Вітаючы выхад кніжкі ў свет, паэтэса Еўдакія Лось адзначыла, што аўтар ведае і любіць дзяцей, “ідзе да іх са сваім словам, са сваёй душэўнасцю і дабратою”.

Пахвала, добразычлівасць натхнялі. Засмучалі, але і на карысць ішлі крытычныя заўвагі. На ўсё жыццё запомніўся ўрок Васіля Віткі — галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”. Акрылены яго падтрымкай, Мікола Чарняўскі спешна, за некалькі дзён, напісаў цэлую нізку вершаў, прынёс у рэдакцыю. Васіль Вітка прачытаў іх і спахмурнеў: “Выходзіць, перахваліў я цябе, Мікалай. Ты толькі паглядзі сюды…” А таму ўжо і глядзець расхацелася — зразумеў: спяшацца трэба тады, калі на цягнік спазняешся. Такія ўрокі старэйшых майстроў слова давалі плён, вучылі патрабавальна ацэньваць кожную страфу, кожны радок: адны вершы друкаваць, другія — хаваць у шуфлядку, каб пасля дапрацаваць.

Самабытны, яркі і кантрасны свет дзіцячых захапленняў адкрыты паэтам. У гэтым свеце няма суму, абыякавасці, соннага спакою. Дзеці розныя. Адны — добра вучацца, весела адпачываюць, смела мараць. Другія — “хварэюць” на ляноту, хітрасць, зайдрасць. Паэт не абражае іх грубым словам, не павучае залішне, а ставіць дакладны дыягназ і лечыць “хваробу” смехам. Толькі зрэдку, у крайнім выпадку, прыперчвае радкі сатырай. Гэта дзейсныя лекі. Хіба прыемна, напрыклад, хлопчыку Васю, “рэкардсмену па двойках”, чытаць пра сябе такое: “Я хадзіў на фіхтаванне, я хадзіў на віславанне, ды нідоўга віславаў — раптам трэнер зазлаваў”. Вершы прымушаюць задумацца, паглядзець на сябе збоку, вачыма іншых людзей — сяброў, бацькоў, настаўнікаў. І вылечыцца, забыць пра сваю “хваробу”, самастойна і разам з дарослымі пераадольваць часовыя цяжкасці дома і ў школе.

З любасцю і замілаваннем запрашае паэт у дзівосны свет прыроды. Крынічка ў яго пяе аб тым, што бярэ сваю чысціню ў рос, зорак і нябёс, свой спеўны голас — у птушак і дрэў, сваю сілу — у зямлі, каб аддаць усё гэта людзям. А колькі святла, руху і весялосці ў вершы пра летняе свята ў лузе! Прыляцеў з басэтляю жук, на цымбаліках кветак граюць пчолы, ім падпяваюць басавітыя чмялі. “І пад музыку гэтую // Аж па ўсёй Беларусі, // Ласкай сонца сагрэтаю, // Скачуць конікі ў лузе”.

У казкі збегліся ці не ўсе лясныя звяры, зляцеліся вялікія і малыя птушкі. Аўтар ідзе ад фальклору, паэтызуе народныя звычкі і абрады, уплятае ў сюжэт жарты, загадкі і прымаўкі. Ліса ў яго калядуе. Заяц шаткуе капусту для сябе і для гасцей. Драч бядуе, бо згубіў сваю дуду… У традыцыйным побыце казачных герояў з’яўляюцца новыя прафесіі, новыя рэчы. Воўк, які раней ганяў зайцоў, становіцца прадпрымальнікам, адкрывае фірму “Кажушок”. Лось скідае з галавы рогі і купляе за іх камп’ютар. Думаў, дзеці яго “будуць меней лынды біць”, ды атрымалася наадварот: ласяняты закінулі вучобу, захапіліся рознымі гульнямі і забавамі — не адагнаць іх ад чароўнага экрана. І мусіў Лось занесці камп’ютар у школу. “Будзе нейкая аддача, // Будзе вучням пасабляць: // Будзе там рашаць задачы, // А не дурняў забаўляць”. Хіба няма такіх герояў і ў нашым жыцці?..

Бытавая казка “Жылі-былі…” пераносіць у той час, калі збожжа сеялі яшчэ ўручную, з сявенькай на грудзях. Аўтар знайшоў для кожнага героя красамоўнае імя: Нядбайла, Няўмека, Хітрун, Шчырун. І гэта дапамагло яму “вылепіць” адметныя вобразы. Дзеці аднаго бацькі, яны такія непадобныя, быццам выхоўваліся ў розных сем’ях. На гэтым кантрасце і трымаецца сюжэт казкі. З высновай: працаваць так, як Шчырун, трэба ўсім, і тады жыццё не давядзе да жабрацкай торбы.

Героі яшчэ адной павучальнай гісторыі — Тру-гу-гу і Трум-бу-бу — вучацца іграць на трубе. Як ні стараюцца, ладу ні ў музыцы, ні ў іх узаемаадносінах няма. Дайграліся да таго, што спачатку пабіліся самі, а потым сплюшчылі малаткамі і трубу. Няпростая гэтая справа — навучыцца добра іграць. Тут патрэбны штодзённыя заняткі, цярпенне і, вядома ж, талент. І не труба вінавата, што ў некага няма музычнага слыху. Няйначай герояў сваіх аўтар не прыдумаў, а падгледзеў у жыцці. Таму і пазначыў жанр твора так няпэўна: ні то казка, ні то быль. У “Трубачах” багаты гукапіс, радкі то мілагучныя, то абцяжараныя звонам і грукам — у залежнасці ад таго, як гучыць музыка. Пад лёгкі акампанемент трубы казку-быль можна прачытаць на два галасы ў школе, і тады яна пацешыць усіх, вучняў і настаўнікаў — як літаратурна-музычная сцэнка, падахвоціць сур’ёзна займацца любімай справай.

Блізкія да казак і кароткія сюжэтныя вершы, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі, лічылкі — “ад суму лячылкі”. Пацяшаючы, вучыць хутка і выразна вымаўляць словы “Азбука для панурых — у скорагаворках і каламбурах”. Кожная літара ў ёй жывая: рыкае, як зубр, плавае, як рыба, лятае, як пчала, ценькае, як сініца, скача, як вавёрачка. Трэба мець багаты моўны запас, вобразнае ўяўленне і, вядома, паэтычнае майстэрства, каб паяднаць у сямірадкоўі розныя словы, скажам, на літару Э. І не проста звесці, паставіць іх побач, а прыдумаць яшчэ і арыгінальны міні-сюжэт, як у казцы. “Экскаватар, экскаватар, // Гусеніцы — // Як эскалатар. // Ён, як трэба, // Экскаватар // Завязе і на // Экватар”.

У кароценькім вершы — і скорагаворка, і каламбур.

Назвы асобных кніжак, казак і вершаў гучаць як загадкі: “Дзе пяцёркі прадаюцца?”, “Хто сябруе з добрым днём?”, “Адкуль у рака злосць?”, “Ці растуць грыбы ў Грыбна?”, “Чые сцяжынкі ў лесе?”. Прабегшы вачыма загаловак, можна крыху пафантазіраваць, каб пасля зверыць свой адказ з аўтарскай падказкай. Адказ можа не супасці, але гэты ўрок кемлівасці дае прастору для творчай думкі і кагосьці, магчыма, падахвоціць скласці свой верш-загадку.

Дзеці яшчэ не задумваюцца, што іх жыццё не вечнае. Мікола Чарняўскі вучыць з малых гадоў даражыць часам, рабіць добрыя справы кожны дзень. Пры гэтым ён умее так зацікавіць чытачоў, што самая сур’ёзная тэма падаецца лёгка, як гульня, а гульня ўзбагачае, як урок. У “Вясёлым календары” сышліся ўсе месяцы года — ад студзеня да снежня — і ўсе дні тыдня — ад панядзелка да нядзелі. “Зноў нядзеліцца Нядзеля: // Сукню новую надзела, // Падвязала каснічок, // Бы зара, румянец шчок”. Такія ж жывыя і прывабныя астатнія “сыны і дочкі ў дзядзькі Тыдня”. Выбірайце, хто кім хоча стаць. “Вясёлы каляндар” можна інсцэніраваць: Нядзеля збярэ гасцей — будныя дні, і кожны з іх раскажа пра сябе, пра свае клопаты, страты і знаходкі. Не будзе сумных у школьнай зале, калі Снежань запросіць на Новы год малодшых братоў і ўсе разам яны, дванаццаць месяцаў, закружацца ў святочным карагодзе каля ёлкі. Тут ёсць дзе творча паказаць сябе і настаўнікам, і іх выхаванцам — юным артыстам, музыкантам і танцорам.

Даўно, яшчэ ў маладосці, напісаў Мікола Чарняўскі аповесць “Бегунок пачынае думаць” — пра школу, пра шасцікласніка Міцю Бегунка і яго сяброў. Аповесць спадабалася чытачам. У пісьмах і на літаратурных сустрэчах яны пыталіся, ці будзе працяг. І вось нарэшце з’явілася “Босая кавалерыя”. Назва вобразная: “кавалерысты” — гэта вясковыя падлеткі, якія гарцуюць на калгасных конях, звозяць сена ў гумны, ходзяць за плужком, абганяючы бульбу. У прадмове да аповесці аўтар піша: “Была і ў нас, пасляваенных, радасць. І шчасце было, бо шчасце гэта — само дзяцінства. Яно бывае толькі раз у жыцці кожнага чалавека, у розныя часіны, нават у галечу, холад і голад, па-свойму вясёлае і непаўторнае, поўнае сваёй рамантыкі і чароўнасці… Я ўдзячны памяці, што гэта ўсё збярог, і сэрцу, што ўспаміны сагравала”. Дзве аповесці выйшлі пад адной вокладкай. І верыцца, што героі “Босай кавалерыі”, як у свой час Міця Бегунок, пяройдуць са старонак кніжкі ў школьныя чытанкі. Сённяшнім дзецям цікава будзе даведацца, як жылі, чым займаліся, пра што марылі іх равеснікі ў мінулым веку, у далёкія пасляваенныя гады. Той час — наша гісторыя, а гісторыю трэба ведаць, каб не перарывалася жывая сувязь пакаленняў.

Дваццаць два гады адшчыраваў Мікола Чарняўскі ў часопісе “Бярозка”, васямнаццаць — у “Вясёлцы”. Кожны дзень ішоў у рэдакцыю, як настаўнік — у школу. Рыхтаваў да друку мастацкія і дакументальныя творы. Ліставаўся з чытачамі і юнымі аўтарамі. Я, працуючы з ім у “Вясёлцы”, бачыў, як акуратна і падрабязна адказвае ён на пісьмы. Стараўся, каб яго лісты не засмучалі, а прыносілі радасць адрасатам — вучням і настаўнікам. Амаль трыццаць гадоў вёў на радыё штомесячную перадачу “Першыя сняжынкі”, якая гуртавала пачаткоўцаў — тых, хто шукаў свой шлях у незвычайны свет паэзіі і прозы. І цяпер, на пенсіі, спрыяе “Купалінцы” — творчай суполцы школьнікаў Мінскага раёна. Парупіўся, каб асобным выданнем выйшлі “Казкі дзяцей Беларусі”.

Вядома, рэдактарскія клопаты, частыя сустрэчы з чытачамі адрывалі ад пісьмовага стала, але Мікалай Мікалаевіч не шкадуе: з кожнай камандзіроўкай ён нібы вяртаўся ў сваё дзяцінства, маладзеў душой, знаходзіў новыя тэмы і вобразы для сваіх твораў. Радуе і тое, што многія яго вучні самі сталі вядомымі пісьменнікамі і журналістамі. Лістуюцца і сустракаюцца з ім, дораць свае кніжкі, і ў кожным аўтографе — удзячнасць за ўвагу і падтрымку ў жыцці. Не забыў і сваіх настаўнікаў, тых паэтаў і празаікаў, з якімі сябраваў і якія сышлі ў вечнасць. Дакументальна-мастацкія эсэ пра іх узбагачаюць наша літаратуразнаўства, будуць запатрабаваны ў школе, на ўроках роднай мовы і літаратуры.

У паэтычнай скарбонцы Міколы Чарняўскага нямала і кніжак для дарослых. У серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” выйшаў ладны томік выбраных твораў “Прызба, альбо Смяяцца — не плакаць”. Разам сабраны вершы і балады грамадскага гучання, лірыка, гумар і сатыра. Аўтар запрашае пасядзець з ім на “прызбе часу”, задумацца над праявамі сённяшняга жыцця, заглянуць у дзень наступны. Не рэтушуе і мінулае, блізкае і далёкае, калі ішла не толькі бяздумная меліярацыя забалочаных зямель, але і “меліярацыя чалавечых душ” — стальным плугам сталінскіх рэпрэсій.

За гады літаратурнай працы зроблена нямала: цэлая бібліятэчка кніжак набралася. Зборнікі лірыкі “Чалавечнасць” і “Трывога”, зборнікі гумару і сатыры “Казёл-моднік”, “І не косяць, і не жнуць”, “Камар на матацыкле”, “Нашто бабе агарод?”, “Лёкса ў люксе”, “У трох соснах”, шматлікія зборнікі паэзіі і прозы для дзяцей. На рускую мову перакладзена паэма “Вогненная балада”, на польскую — вершаваная кніжка “Адрас наш — дзіцячы сад”. І сам пераклаў на беларускую мову творы многіх паэтаў з блізкага і далёкага замежжа. Пераклады гэтыя — вершы, казкі, гумарынкі — па-сяброўску ўтульна пачуваюцца ў зборніку “Як зрабіць вясёлым дзень”.

У Міколавым пакоі, на кніжнай паліцы, адзін партрэт — бацькаў. Матчына фота не захавалася. А бацька кожны дзень глядзіць на сына, нібы пытаецца: “Ці ўспамінаеш, сынок, мяне і маці?” Вершы — сведкі: Мікола не забывае ні бацькоў, ні аднавяскоўцаў-хлебаробаў. І сваю працу параўноўвае з працай хлебароба. Хлеб жытні і хлеб духоўны, бадай, самыя вялікія каштоўнасці ў жыцці. І яно адказнае, гэтае права раўняцца на хлебароба, раўняцца без скідак на розныя неспрыяльныя жыццёвыя ўмовы. Таму і прыйшоў паэт да высновы: “там колас важкі вырастае, дзе гнаў з душою баразну”. А гнаў баразну сваю на творчым палетку сапраўды роўна і глыбока, без агрэхаў, — за гэта землякі і ўшанавалі яго званнем ганаровага грамадзяніна Буда-Кашалёўскага раёна.

Выпала і мне ў свой час пабываць на радзіме сябра, пакланіцца магілам яго бацькоў, зайсці ў школу, дзе ён вучыўся. І глыбей, душой, прыпасці да вытокаў яго жыцця і творчасці ў вершы-прысвячэнні: “Свет духоўны твой — // Без звону сталі. // Гартаваў любоўю сілу волі, // Ад грымотных рытмаў ратавалі // Зорка ў небе, // Васілёк у полі. // Малады рамантык, // Творца сталы, // Ты на лёс не наракаў ніколі: // Абярэгам паэтычным сталі // Зорка ў небе, // Васілёк у полі. // Пасівелы, // З думкамі сам-насам, // Зычыш ты нашчадкам лепшай долі, // Дбаеш, каб і іх натхнялі з часам // Зорка ў небе, // Васілёк у полі”.

Мікола Чарняўскі не раз станавіўся пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва. За кніжку “Каго баіцца зубр?” атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Маўра, за кніжку “Хто пакрыўдзіў кракадзіла?” — прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, за кніжку “Сонечны кошык” — Літаратурную прэмію “Залаты Купідон”. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Як сведчыць Указ, падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, “за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай літаратуры і культуры”.

Гавораць, чалавек нараджаецца — зорка загараецца. Не цьмее, ярка гарыць у небе зорка Міколы Чарняўскага. Зорка веку. Зорка лёсу. Зорка натхнення. Хлапчук з глыбіннай палескай вёскі стаў вядомым пісьменнікам, настаўнікам і сябрам дзяцей. Выдатнік народнай асветы і выдатнік друку Беларусі, ён і сёння носіць каля сэрца “званочак роднага слова”. І гэты жывы званочак радуе нас, яго сучаснікаў, і спавядальнай аповесцю, і суровай баладай, і ўрачыстай песняй, і чароўнай казкай, і лірычным вершам.

Мікола МАЛЯЎКА.