Дзве гадзіны нязмушанай “Прагулкі”

Дзіцячыя харавыя калектывы — на сцэне Белдзяржфілармоніі

Кожны дзень у беларускай сталіцы ладзіцца шмат музычных імпрэз. Але ёсць такія, якія асабліва кранаюць. Магчыма, таму, што заняты ў іх менавіта дзеці. Адметны музычны праект “Прагулка пад дажджом” быў нядаўна прэзентаваны на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Ён аб’яднаў шматлікія творы сучаснага беларускага кампазітара Аліны Безенсон. Яна педагог і творца адначасова. Выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і дзіцячай школе мастацтваў № 1 Мінска. Штодзённыя стасункі з юнымі выканаўцамі, думаю, і натхняюць яе, служаць штуршком для нараджэння новых твораў.

Дзіцячы хор “Шпачок” мінскай сярэдняй школы № 119.

Канцэрт “Прагулка пад дажджом” доўжыўся дзве гадзіны, але прайшоў на адным дыханні. Музыка — мастацтва эмацыянальна ёмістае і канцэнтраванае, таму патрабуе ад слухача засяроджанасці. Ды толькі “Прагулкі” ўспрымаліся лёгка і нязмушана. Цэласнасць дасягалася тым, што пераважала тэма восені і дажджу, якая адлюстроўвалася нават у назвах.

Паміж харавымі нумарамі цікава ўспрымаліся інструментальныя мініяцюры самой Аліны Безенсон — фрагменты з яе сюіты “Палітра восені”, якія гучалі ў выкананні навучэнцаў школ мастацтваў Мінска. Прыемна здзівілі першыя ўласныя музычныя опусы, якія дэманстравалі выхаванцы Аліны Іванаўны ў ДШМ № 1 Вераніка Асколкіна, Дар’я Шыраева, Юлія Кугаева. Здольныя дзяўчаты паспелі ўжо стаць лаўрэатамі шэрага конкурсаў, у тым ліку “Дэбют” і “Таленты краіны”.

Але дамінавалі ў праграме выступленні харавых калектываў. Пяць з іх працуюць у сталіцы — гэта дзіцячы хор “Красавічок” сярэдняй школы № 3, хор хлопчыкаў Credo і ўзорны хор “Мінскія світанкі” сярэдняй школы № 159, хор хлопчыкаў Cantus ДШМ № 19, дзіцячы хор “Шпачок” сярэдняй школы № 119, хор “Ветрык” школы мастацтваў № 1. Акрамя мінскіх, прыехалі на вечарыну хор “Дзяцінства” сярэдняй школы № 20 з Барысава, юныя спевакі і піяністы з Дзяржынска. Уявіце, колькі намаганняў, творчых і арганізацыйных, павінен прыкласці кампазітар, каб сабраць такую каманду.

Аліне Безенсон заўжды ўласцівы энтузіязм, захопленасць прафесіяй і паслядоўнае імкненне шукаць аднадумцаў. Ёй дапамагае тое, што з харавымі калектывамі (дзіцячымі, юнацкімі, аматарскімі і прафесійнымі) яна супрацоўнічае даўно. І па прычыне актыўнай працы ў жанрах харавой музыкі, і па прычыне ўласнай запатрабаванасці. У трывалых творчых стасунках ёсць узаемная цікавасць і карысць. Кожны харавы калектыў марыць пра новыя, свежыя, нядаўна напісаныя творы, разлічаныя на пэўны ўзрост. З арыгінальным рэпертуарам можна паспяхова ўдзельнічаць не толькі ў справаздачных канцэртах школы ці горада, але і выпраўляцца на міжнародныя конкурсы і фестывалі.

Праект “Прагулка пад дажджом” пераканаў: у музычных творах для дзяцей ёсць свая адметнасць. Яны павінны быць дынамічнымі і яркімі па вобразах. Аптымістычныя, пранікнёныя або гарэзныя, у якіх увасоблена радасць жыцця і адкрыцця свету. Важна, што кампазітар звяртаецца і да тэкстаў сучасных аўтараў, бо яны адлюстроўваюць цяперашнія дзіцячыя захапленні, клопаты, гульні.

Таленавітых кампазітараў у нас шмат, але цяжна нават уявіць, якая колькасць нот гадамі ляжыць у скрынях іх пісьмовых сталоў. Аліна Безенсон даўно ўсвядоміла: калі хочаш, каб пра твае творы ведала публіка, іх прасоўваннем павінен займацца сам. Іншага шляху проста не існуе, бо ў нашых рэаліях кожны кампазітар, які працуе не ў эстрадных жанрах, яшчэ і менеджар, прадзюсар. Менеджары, вядома, існуюць, але імкнуцца працаваць пераважна з раскручанымі зоркамі, эстраднымі ці акадэмічнымі. Там, дзе можна разлічваць на агромністыя залы і адпаведныя фінансавыя плыні. Відавочна: харавая музыка, адрасаваная дзецям, у большай ступені мае культуралагічную скіраванасць. Падобныя праекты дораць радасць творчасці выканаўцам і кампазітару.

Жыццярадасны праект “Прагулка пад дажджом” пераконвае, што харавая творчасць па-ранейшаму жывая. Яна яднае педагогаў, захопленых высакароднай справай. Для дзяцей важнымі з’яўляюцца радасць выступлення на філарманічнай пляцоўцы і набыццё сцэнічнага вопыту, а для кіраўнікоў калектываў — магчымасць паказаць плён працы калегам і шырокай публіцы. Увогуле, што можа быць лепшым за відовішча дзяцей, якія захоплена спяваюць?

Таццяна МІХАЙЛАВА.
Фота аўтара.