Нядоўгачасовае і вечнае…

У Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна ўжо традыцыйным стала запрашэнне пісьменнікаў і паэтаў на сустрэчы з вучнямі. Гэты раз вучні 8—11 класаў сустрэліся з беларускай паэтэсай членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Аленай Фядзяевай. Яна расказала пра свой нялёгкі шлях па жыцці.

А.Фядзяева — наша зямлячка, нарадзілася ў Оршы, вучылася ў Расіі, потым лёс закінуў яе ў Эстонію. На Радзіму вярнулася ў 1996 годзе. Свае першыя вершы пачала пісаць у 16 гадоў. Шмат падзей паўплывала на творчы лёс паэтэсы: гэта і жыццё за межамі Радзімы, і нараджэнне дзяцей, і страта дарагіх і блізкіх. На сустрэчы гучалі вершы пра пяшчоту і каханне, нядоўгачасовае і вечнае. Алена Фядзяева шмат расказала вучням пра нашу мову, пра словы, якімі мы карыстаемся, пра Біблію.

У 2012 годзе выйшла яе кніга “Дар Божы — жыццё”. У 2017 годзе пабачыў свет дыск з песнямі на вершы А.Фядзяевай. Ёсць у яе творчасці і вянок санетаў.

Алена Фядзяева — вельмі цікавая, творчая асоба. Яна рэгент Свята-Пакроўскага храма, спявае ў царкоўным хоры. Шмат выпрабаванняў выпала на лёс жанчыны, але гэта не зламала яе, а, наадварот, яшчэ больш загартавала душу.

Можа, гэтая сустрэча паспрыяе развіццю творчых здольнасцей і нашых вучняў, і хто-небудзь з іх напіша свой першы верш. А Алене Фядзяевай пажадаем творчых поспехаў.

Таццяна ІЛЬІНОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ноўкінскай
сярэдняй школы Віцебскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*