Глядзім “маму!”, чакаем “Лістапад”…

На фоне таго аскомістага кінапапкорну, якім бессаромна корміць сёння нашых даверлівых гледачоў вялікі экран, кінаафіша верасня абяцала заўзятарам кіно некалькі сапраўды цікавых сустрэч з гэтым “найважнейшым з усіх мастацтваў”. Так, мы з вялікім нецярпеннем чакалі выхаду на экраны першай часткі расійскага кінапраекта “Гогаль” (гэта ж так не хочацца ўжываць нават само слова “серыял”!). Гэтае нецярпенне падаграваў ужо сам той факт, што расійскія кінематаграфісты звярнуліся да экранізацыі неўміручай класікі, а яшчэ — удзел у праекце такіх зорак, як Алег Меньшыкаў і Аляксандр Пятроў, а яшчэ — неверагодны жанравы мікс — дэтэктыў, трылер, містэрыя з элементамі жахаў, а яшчэ — для многіх, не сумняваюся, адкрыццё, што юны Мікалай Васільевіч служыў судовым прыставам у Трэцім аддзяленні Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцэлярыі і насамрэч мог быць сведкам жудасных рытуальных забойстваў на хутары ля Дзіканькі… Словам, піяр зрабіў сваю справу — і мы дружна рынуліся паглядзець адразу і на Гогаля, і на Меньшыкава, і на Пятрова… Але ў выніку двух другіх убачылі (Меньшыкаву і Пятрову даўно ўжо не трэба даказваць, што яны выдатныя акцёры, і на гэты раз яны зноў пацвердзілі свой клас), а першага — не. Калі б мы не ведалі, што гэты фільм здымаўся паводле Гогаля, калі б не было гэтай, дарэчы, месцамі нейкай фальшывай антуражнай атрыбутыкі ХІХ стагоддзя, калі б не жахоткія свіныя лычы на ўвесь экран, а, напрыклад, страшэнны зубасты клоўн з хорара “Яно” (гэты рымейк паводле Стывена Кінга таксама ішоў у верасні ў кінатэатрах), мы б і не здагадаліся, што гэта ўсё — Гогаль са школьнай праграмы па рускай літаратуры. І самыя распаўсюджаныя інтэрнэт-каментарыі гледачоў пасля прагляду “А мне было зусім не страшна! Спецэфекты як быццам з 80-х гадоў” ці, наадварот, “Часам сапраўды было вусцішна!” гучалі насамрэч як насмешка з вялікага Мікалая Васільевіча, які быццам павінен быў толькі папалохаць чытача/гледача. Зрэшты, будзем чакаць трох наступных частак кінасерыяла — даруйце, кінапраекта —“Гогаль”. Можа, самога Гогаля там будзе ўсё-такі больш.

Вельмі прыцягваў з афішы і галівудскі фільм “мама!” (назва фільма афіцыйна пішацца з малой літары) зноў жа за кошт гучных імёнаў — культавага рэжысёра Дарэна Аранофскі і зорнага акцёрскага ансамбля з удзелам Хаўера Бардэма, Джэніфер Лоўрэнс і Мішэль Пфайфер — і таго факта, што стужка нарабіла нямала шуму на апошнім Венецыянскім кінафестывалі. І “мама!” сапраўды не прымусіла расчаравацца. Суцэльная прытчавасць, насычанасць біблейскімі цытатамі і чыста кінематаграфічнымі тонкімі метафарамі — усё гэта, несумненна, можна залічыць толькі ў перавагі сур’ёзнага фільма, хаця Аранофскі ў гэтым і не здзівіў абазнанага гледача (успомнім, напрыклад, “Ноя”). Але, здаецца, на гэты раз рэжысёр ставіў і ўвогуле звышзадачу — як бы перапісаць на кінамове біблейскую гісторыю з пазіцыі жанчыны-ахвяры. Фільм прымушае здрыгануцца і задумацца… Пасля прагляду расставіць усё на свае месцы ў душы няпроста. Можа, і не варта расстаўляць. У лёгкім душэўным хаосе, які выклікае глыбокі фільм, ёсць таксама свая асалода.

І ўсё-такі верасень і асабліва кастрычнік — гэта той момант, калі айчынны кінааматар замірае ў салодкім чаканні свайго ўлюбёнага кінафестывалю. Нават самыя гучныя кінапрэм’еры не адсоўваюць гэтае чаканне на задні план. Навін з ХХІV ММКФ “Лістапад” яшчэ не вельмі шмат, але яны ёсць.

Сёлетні мінскі кінафорум пройдзе, напэўна, пад самым узвышаным за апошнія гады слоганам — “Ісціна, любоў і прыгажосць” (нагадаем, што летась гледачоў заклікалі ісці “Насустрач натхненню”, а яшчэ раней — атрымліваць “Асалоду для вачэй” і глядзець “Такое рознае кіно”). Як патлумачыў дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ “Лістапад” і дырэктар конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” Ігар Сукманаў, слоган “Ісціна, любоў і прыгажосць” — трыадзінства, якое непарыўна звязана з прыродай кінематографа. Выдатны рэжысёр Жан-Люк Гадар гаварыў, што кіно служыць менавіта для таго, каб даць магчымасць бачыць. Бачыць ісціну, паколькі выява сама па сабе заўсёды праўдзівая. Бачыць прыгажосць свету, якая можа хавацца ў грубай рэальнасці і раскрывацца ў майстэрскіх мізансцэнах, палітры гукаў, акцёрскай ігры. І, вядома, бачыць любоў — рухавік усялякага сюжэта, пачуццё, здольнае абнавіць чалавечы сусвет, без якога немагчыма вялікае мастацтва”.

Конкурсную праграму XXIV Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” адкрые адна з самых адметных карцін года — “Арытмія” Барыса Хлебнікава, аднаго з лідараў рэжысёрскага пакалення “новых ціхіх”, намінанта і лаўрэата прэстыжных расійскіх кінапрэмій “Белы слон” і “Ніка”. Прэм’ерны паказ фільма адбудзецца пасля цырымоніі адкрыцця форуму 3 лістапада ў кінатэатры “Масква”. Сюжэт абяцае запрасіць гледача да роздуму перадусім аб сутнасці чалавечага шчасця. Алег, таленавіты ўрач, які працуе на хуткай дапамозе, выдатна ведае, што кожны яго прыезд да пацыента можа выратаваць жыццё, суцішыць боль, і робіць дзеля гэтага нават немагчымае. Але пакуль ён ратуе іншых, жонка падае на развод, а ў бальніцы з’яўляецца новы начальнік, які дбае толькі пра статыстыку і правілы. Тым не менш Алег па-ранейшаму кожны дзень спяшаецца на выклікі, забываючыся пра сябе самога. Фармальна фільм “Арытмія” блізкі да моднай “румынскай хвалі”. Пры гэтым карціна падобная да так званых сумных камедый савецкай эпохі, у якіх пачуццё пратэсту замяняла спачувальная і ўсёдаравальная ўсмешка. Над сцэнарыем “Арытміі” Барыс Хлебнікаў працаваў разам з вучаніцай Марыны Разбежкінай Наталляй Мешчанінавай, якая прыйшла ў ігравое кіно з дакументалістыкі. Галоўную ролю ў карціне выканаў пастаянны акцёр Хлебнікава Аляксандр Яцэнка, які за гэтую ролю ўжо быў адзначаны ўзнагародамі на “Кінатаўры” і ў Карлавых Варах.

Тэма шчасця і яго пошукаў будзе дамінаваць і ў праграме дакументальных фільмаў “Лістапада-2017” “Мужчынскае — жаночае”. Увазе аматараў дакументалістыкі будуць прапанаваны чатыры рэальныя гісторыі са складаным перапляценнем лёсаў і жыццёвых інтрыг. “Паэт сказаў: “Усё рухаецца любоўю”. А мы дададзім: “Усё тлумачыцца любоўю”, — у сваю чаргу інтрыгуе дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям’янава. — Як інакш можна зразумець, чаму праз шмат гадоў некалі падманутая жонка не толькі даруе мужу-гуляку, але і згаджаецца ўрачыста адсвяткаваць 45 гадоў іх шлюбу, а іншая гераіня прымае дзівацтвы свайго мужа і шмат гадоў аплачвае яго хобі? І мужчыны, і жанчыны ідуць на ўступкі, але, забягаючы наперад, скажам, пакуль 4:0 на карысць жанчын”.

Сапраўды, цікава, ці хаця б зраўняюць мужчыны лік.

XXIV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” пройдзе з 3 па 10 лістапада.

Мікола ЧЭМЕР.