Мінск як месца, дзе здымаецца кіно…

Надоечы прэзентавалі новы турыстычны маршрут — па кінамясцінах беларускай сталіцы і яе ваколіц

Новы турыстычны маршрут пакуль яшчэ не мае сваёй афіцыйнай назвы (можа, калі-небудзь ён будзе так і называцца — “Мінск кінематаграфічны”?). Наогул, гэта па сутнасці яшчэ толькі пілотны, пробны праект (а раптам не прыжывецца?), але напрыканцы мінулага года першы беларускі кінатур, ініцыіраваны кінастудыяй “Беларусьфільм”, усё-такі адбыўся: гэта была даўняя мара і нават абяцанне дырэктара кінастудыі Уладзіміра Карачэўскага пазнаёміць прадстаўнікоў айчынных тураператараў і СМІ з беларускімі кінамясцінамі, якія з часам змаглі б зацікавіць і звычайных турыстаў.

А пачалося наша падарожжа з наведвання Музея гісторыі беларускага кіно — у самым цэнтры Мінска, за тры крокі ад Чырвонага касцёла (Касцёла Святога Сымона і Святой Алены 1905—1910 гадоў будаўніцтва), які, дарэчы, у савецкі час функцыянаваў як Дом кіно і толькі ў 1990 годзе быў вернуты вернікам. Будынак, дзе размяшчаецца Музей гісторыі беларускага кіно, — гэта не проста прыгожы асабняк “у двары” плошчы Незалежнасці, а таксама, як і Чырвоны касцёл, помнік архітэктуры першай паловы ХХ стагоддзя, якім бы прыгожым і сучасным ён ні здаваўся.

Сёння гэты музей, заснаваны па ініцыятыве беларускіх кінематаграфістаў у 1966 годзе як ведамасны пры кінастудыі “Беларусьфільм” для збору і захавання матэрыялаў пра нацыянальны кінематограф і папулярызацыі яго дасягненняў, афіцыйна з’яўляецца філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. А неафіцыйна — проста вельмі адметным і, трэба сказаць, дастаткова прыцягальным месцам асабліва для тых, хто цікавіцца і гісторыяй айчыннага кіно, і наогул кінарарытэтамі з беларускай і сусветнай кінематаграфічнай спадчыны. Невыпадкова дырэктар музея Ігар Аўдзееў першай справай правёў нашу групу ў, як ён сказаў, сэрца ўстановы — кіназалу, дзе кінагурманаў частуюць унікальнымі рэтраспектывамі. За апошнія паўтара дзесяцігоддзя, колькі музей адкрыты для рэгулярнага наведвання, тут было паказана каля 180 рэтраспектыў. Гэта і ёсць, калі можна так сказаць, залаты фонд установы.


Але, безумоўна, не толькі гэта. Усюды на трох музейных паверхах цябе акружаюць аўтэнтычныя рарытэты кінатэхнікі мінулых дзесяцігоддзяў, ад якіх, думаецца, у асаблівым захапленні будуць дзеці школьнага ўзросту. Ды што дзеці, калі і многія з удзельнікаў нашай дарослай групы раз-пораз дый спрабавалі зазірнуць у аб’ектыў якой-небудзь старадаўняй камеры. Ці хаця б зрабіць сэлфі на яе фоне!

Яшчэ большую цікавасць уяўляе не менш залаты, чым фонд рэтраспектыў і рарытэтных кінаагрэгатаў, фонд савецкіх кінаплакатаў, які тут захоўваецца, рэгулярна папаўняецца і прадстаўляецца ў выглядзе абсалютна ўнікальных выстаў. Сёння, напрыклад, у Музеі гісторыі беларускага кіно дэманструецца выстава “Беларускі кінематограф 1920—1930-х гадоў у кінаплакаце”. Экспазіцыя складаецца з 35 поўнафарматных і поўнакаляровых рэпрынтаў кінаплакатаў да беларускіх фільмаў гэтага перыяду. Асаблівую ўвагу стваральнікі выставы звярнулі на ўзоры кінаплакатнага мастацтва на беларускай мове, у прыватнасці, да героіка-прыгодніцкай драмы “Кастусь Каліноўскі” (менавіта яна, па словах Ігара Аўдзеева, павінна была стаць, згодна з афіцыйнымі планамі, фільмам — першынцам беларускага кіно, што, дарэчы, падкрэслена не толькі колькасцю, але і памерамі гэтых кінаплакатаў). Шэраг кінаафіш (да фільмаў “Лясная быль”, “Вогненныя гады”) цікавыя тым, што іх аўтары, акрамя выканання прафесійнай задачы, змаглі выказаць асабістае стаўленне да тэм і герояў канкрэтных стужак.


Калекцыю рарытэтных савецкіх кінаплакатаў, кошт якіх на аўкцыёнах сёння можа дасягаць дзясяткаў тысяч долараў, дапаўняе інтэрактыўны мультымедыйны дадатак на трох мовах, які значна ўзбагачае ўяўленне пра сам гэты феномен. З дапамогай дадатку наведвальнікі могуць даведацца пра асаблівасці вобразна-стылявога рашэння прадстаўленых плакатаў (найперш — у рэчышчы моднага ў той час канструктывізму), пазнаёміцца з біяграфіямі іх аўтараў, жанрава-тэматычнымі і стылявымі характарыстыкамі саміх фільмаў.

А тым часам, пакінуўшы Музей гісторыі беларускага кіно, мы ўжо рухаемся далей і, едучы па праспекце Незалежнасці ў аўтобусе, з захапленнем слухаем аповед нашага наступнага гіда — экскурсавода Улада Хількевіча, які расказвае пра самыя кінематаграфічныя мясціны сталіцы, тыя, дзе часцей за ўсё здымаліся фільмы, або тыя, дзе яны з асаблівым поспехам некалі круціліся-глядзеліся.

І нечаканыя адкрыцці пачынаюцца ўжо ў самым вытоку галоўнай транспартнай артэрыі сталіцы. Бо, як высвятляецца, менавіта плошча ля Дома ўрада ў 60-я гады стала здымачнай пляцоўкай для легендарнага фільма “Каханая”, дзе яго героі, ролі якіх выконвалі Аляксандра Назарава і Віталь Саломін (пазней яны стануць народнымі артыстамі СССР), бегалі басанож па лужах, а ў 1975 годзе ў Чырвоным касцёле, тагачасным Доме кіно, які прэтэндаваў у тыя гады на тое, каб стаць першым у Савецкім Саюзе мультыплексам, прайшла ўсесаюзная прэм’ера культавай і любімай усімі савецкімі дзецьмі карціны “Бураціна”… На месцы сённяшняй гасцініцы “Мінск” ста яў аднапавярховы драўляны кінатэатр, пабудаваны ў часы Вялікай Айчыннай вайны… Ля нашага ГУМа Валерый Тадароўскі здымаў у нулявых гадах сваіх “Стыляг”. І, што цікава, Алег Янкоўскі, які сыграў у гэтай стужцы адну з роляў, сам тут стыляжыў у 50-я гады… На жаль, з-за недахопу часу мы не маглі яшчэ і збочыць з праспекта, каб, напрыклад, пад’ехаць на месца старога аўтавакзала, дзе дэбютаваў у фільме “Вадзіцель аўтобуса” Дзмітрый Харацьян, падняцца ў Верхні горад, які ператварыўся ў Слонім падчас здымак карціны “У жніўні 44-га”, завітаць у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, дзе здымалі некалькі сцэн расійскага серыяла пра экстрасэнса Вольфа Месінга…

Але вось мы праехалі ўвесь праспект, выехалі за межы Мінска — і праз якіх хвілін дваццаць апынуліся ў так званым Смалявудзе, як іншым разам называюць натурную пляцоўку кінастудыі “Беларусьфільм” з-за яе блізкага знаходжання ад мястэчка Смалявічы. Канечне, гэтая натурпляцоўка — самае зручнае месца для здымкі ваенных фільмаў, тут іх знята было нямала. Тут табе і муляжныя забудовы вясковых вуліц (на нашых вачах манціраваліся хаты, якія неўзабаве спаляць “фашысцкія карнікі” на здымках новага фільма пра Зою Касмадзям’янскую), і абсталяваныя акопы, і бліндажы, і зямлянкі, і вузкакалейка, і нават клуб, які нядаўна стаў здымачнай пляцоўкай для некалькіх эпізодаў беларускай карціны “Сляды на вадзе”, але пры неабходнасці можа проста ператварыцца ў нямецкую камендатуру ў акупіраванай Беларусі… “Такімі магчымасцямі, якія ёсць на нашай натурпляцоўцы, сёння не можа пахваліцца ніводная кінастудыя на абшарах было Саюза, — з гордасцю паведаміў начальнік натурпляцоўкі кінастудыі “Беларусьфільм” Сяргей Буйніцкі. — Таму да нас і едуць усе здымаць фільмы пра вайну…” А ў жывапісным азярцы недалёка ад берага бачная кладачка — яе пабудавалі спецыяльна для аўтабіяграфічнага фільма пра Янку Купалу. Не ўсё ж пра вайну ды пра вайну!

Наш кінатур завяршыўся ў галоўным будынку кінастудыі “Беларусьфільм”, дзе мы мелі магчымасць заглянуць у некаторыя павільёны (некаторыя былі недаступныя, бо там якраз ішла здымка), памацаць велізарны драўляны танк, наведаць збройны пакой з унікальнай калекцыяй сапраўднай зброі і ўласнаручна патрымаць не вельмі і лёгенькую вінтоўку Мосіна, з якімі актрысам у фільме “Батальён” даводзілася бегаць па пяску…

Словам, самых розных забаў і адкрыццяў хапіла. Турысты не пашкадуюць, калі выберуць беларускі кінатур.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.