“Беласнежка”… у сярэднявечнай эстэтыцы

Традыцыйна да навагодніх свят тэатры рыхтуюць спецыяльныя паказы, дастаткова часта на адпаведную тэматыку і з адпаведнымі персанажамі ды прыгодамі. Нярэдка такія спектаклі пракатваюцца на працягу зімовых канікул, а потым адпраўляюцца на адпачынак да наступнай зімы ці ўвогуле знікаюць з рэпертуару, як снег з надыходам вясны.

Беларускі дзяржаўны тэатр лялек, зразумела, не выключэнне і, як усе іншыя калектывы, напярэдадні зімовых свят радуе прэм’ерамі. Аднак яго спектаклі з планавымі “ёлачнымі” паказамі маюць няшмат агульнага. Так, напрыканцы 2016 года сваю першую работу на сцэне мінскага тэатра лялек, “Калядную гісторыю” паводле Чарльза Дзікенса, прадставіў Ігар Казакоў, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра лялек. А ў 20-х чыслах снежня мінчан запрасілі на прэм’еру “Беласнежкі” паводле братоў Грым у яго пастаноўцы.

На сёння Ігара Казакова можна смела назваць адным з самых яркіх прадстаўнікоў беларускага тэатра лялек. Яго спектаклі для дарослых “Гамлет” У.Шэкспіра і “На дне” М.Горкага ўскалыхнулі тэатральную публіку свежым і выразным поглядам на хрэстаматыйныя творы, іранічным, часам бязлітасным стаўленнем да герояў, а то і да гледачоў. Пры гэтым пастаноўкі Казакова для дзяцей, напрыклад, “Чароўны пэндзаль” (А.Сабела і І.Казакова) ці “Самы маленькі самалёт у свеце” (С.Залескай-Бень) уражваюць яркасцю і вынаходлівасцю, багаццем фантазіі, быццам пазычанай у дзяцей. У рэжысёра ўжо склаўся пэўны стыль, да таго ж ён знайшоў сцэнографаў-аднадумцаў, у першую чаргу Таццяну Нерсісян, што раз за разам стварае на сцэне новыя сусветы, якім не стамляешся здзіўляцца.

Казакоў, безумоўна, мае сваё разуменне мастацтва тэатра лялек, свой погляд на розныя праявы жыцця, без чаго, напэўна, не можа існаваць сапраўдны мастак. Таму, падаецца, рашэнне кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек запрасіць рэжысёра другі раз на пастаноўку ў Мінск было цалкам натуральным. Тым больш што яго дэбют, “Калядная гісторыя”, аказаўся вельмі ўдалы. На жаль, у афішы тэатра гэты спектакль фігуруе не вельмі часта. Магчыма, таму, што Ігар Казакоў выбраў далёка не лёгкі матэрыял і ў спектаклі нібыта для дзіцячай аўдыторыі адмовіўся ад прымітывізацыі сэнсаў і бязглуздага пазітыву. У “Каляднай гісторыі” засталіся тэмы адказнасці і пакарання за свае ўчынкі, смерці, але расказалі пра іх рэжысёр мастачка Таццяна Нерсісян, кампазітар Аляксандр Літвіноўскі і аўтар вершаў Рыгор Гольдман дастаткова далікатна, дзе трэба — з весялосцю, дзе трэба — журботна, галоўнае, вельмі светла, захаваўшы атмасферу каляднага цуду. Таму пастаноўка, хоць і мае пазначэнне 6+, актуальная для гледачоў любых узростаў. Акрамя таго, спектакль атрымаўся на дзіва прыгожы і стылёвы, з вялікай колькасцю самых розных лялек — ад маленькіх і кранальных, бы статуэткі, да жахлівай роставай Скруджа.

“Калядная гісторыя” задала пэўныя арыенціры, абумовіла чаканні ад новай работы Ігара Казакова. Дык вось, рэжысёр гэтыя чаканні падмануў, але ў добрым сэнсе. “Беласнежка” аказалася зусім не падобнай на лірычнае, філасофскае прачытанне твора Дзікенса, хоць над яе ўвасабленнем і працавала тая ж каманда: мастачка Таццяна Нерсісян і кампазітар Аляксандр Літвіноўскі.

Ігар Казакоў, дарэчы, звяртаецца да казкі братоў Грым ужо не першы раз. Некалькі гадоў назад сваю версію “Беласнежкі” ён паставіў у Магілёве і Гродне. Аднак мінскі спектакль не стаў пераносам ранейшых версій. Рэжысёр замест “казкі ў стылі поп” (менавіта так вызначаецца жанр спектакляў у Магілёве і Гродне) паставіў “Беласнежку”, якая звяртаецца да эстэтыкі і прыёмаў сярэднявечнага тэатра. Калі ў папярэдніх варыянтах багата выкарыстоўваліся магчымасці медыятэхналогій (яны адыгралі немалую ролю і ў “Каляднай гісторыі”), то ў мінскай “Беласнежцы”, напрыклад, праекцыі ўводзяцца абмежавана і як акцэнт, а не як адзін з асноўных сродкаў выразнасці. Тым не менш спектакль атрымліваецца такім, што часам уражвае не менш, чым самае якаснае сучаснае шоу.

Перад прэм’ерай рэжысёр агучыў сваё жаданне зрабіць відовішчны спектакль максімальна простымі сродкамі, і, дзякуючы Таццяне Нерсісян, гэта ўдалося. Адкрытая ўмоўнасць і сціпласць выразных сродкаў, што пануюць у “Беласнежцы”, здаюцца больш прывабнымі, чым надакучлівыя спецэфекты, уведзеныя без разбору і меры. Выразны і яркі візуальны рад у асобных сцэнах проста заварожвае спалучэннем вялікіх насычаных колеравых плям, якімі афарбаваны плоскасць задніка, касцюмы і невялікая колькасць буйных аб’ектаў. Пластыка акцёраў і тое, як яны размешчаны, нават упісаны ў сцэнічную прастору, часам ператварае дзеянне ў жывыя карціны, папулярныя ў сярэднявечным і рэнесансным тэатры. У візуальнай частцы спектакля выкарыстаны нешматлікія пазнавальныя аб’екты-сімвалы, што абазначаюць змены месцаў дзеяння, даюць характарыстыку героям, увасабляюць пэўныя ідэі: чорныя сілуэты дрэў — лес, ружы “чырвоныя, як кроў”, — сімвал прыгажосці, пустыя рамы люстэркаў — самалюбства, вялізныя сталовыя прыборы — апантанасці, мачахі жаданнем знішчыць Беласнежку.

Такая прастата візуальнай часткі спектакля тлумачыцца якраз зваротам пастаноўшчыкаў да эстэтыкі тэатра сярэднявечнага, да прыёму “тэатра ў тэатры”. На памосце, які на працягу дзеяння ператвараецца і ў абедзенны стол, і стварае ўзровень падзямелля, у якім жывуць гномы, разыгрываецца-паказваецца казка пра Беласнежку. І разыгрываюць яе для гледачоў самі гномы. Яны ж пераўвасабляюцца ў персанажаў сваёй гісторыі: Беласнежку і яе маці (Любоў Галушка), Прынца (Дзмітрый Чуйкоў), паляўнічага, кухараў. Толькі мачаха (Святлана Цімохіна) не належыць да гэтага свету весялосці і дабрыні.

Лялек у традыцыйным уяўленні ў спектаклі няшмат. Гэта перадусім лялькі-гномы, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў сцэнах сустрэчы гэтых персанажаў з Беласнежкай, каб падкрэсліць рознасць маштабаў герояў. Увогуле, у спектаклі дамінуе жывы план. Выканаўцы роляў гномаў (заслужаныя артысты Беларусі Аляксандр Васько і Аляксандр Казакоў, Іна Ганчар, Дзіяна Іванова, Цімур Муратаў, Любоў Галушка, Дзмітрый Чуйкоў), якія ўвесь час прысутнічаюць на сцэне, ствараюць запамінальныя вобразы. Асабліва вылучаюцца ў “сямёрцы” часам крыважэрны персанаж Аляксандра Васько, мудры гном Аляксандра Казакова, шматаблічны і харызматычны — Цімура Муратава. Выкананне ім “ролі” кавалка атручанага яблыка можа прэтэндаваць на званне гвазда праграмы ў спектаклі. У параўнанні з гномамі вобразы Беласнежкі і Прынца выглядаюць не так ярка і крыху схематычна. Гэта, аднак, можна лёгка суаднесці зноў жа з ідэяй сярэднявечнага тэатра. Асобнай увагі заслугоўвае фігура мачахі. Як і Беласнежка з Прынцам, яна персанаж казкі гномаў, толькі намаляваны не бела-ружовымі фарбамі. У вобразе мачахі больш адценняў, ёсць развіццё, хоць і дамінуе пры яго стварэнні пераважна чорны ці зялёны колер зайздрасці, што сціскае яе сэрца, быццам тая лялька-змяя, што абвівае гераіню Святланы Цімохінай.

Такая візуалізацыя простых сэнсаў і фраз, часам літаральная, часам кантрасная, разам з шэрагам камічных сітуацый, якія ствараюцца розначытаннем гномамі казкі, трымае ўвагу больш, чым сам сюжэт вядомай гісторыі Беласнежкі. Напрыклад, калі яна атручваецца яблыкам, гномы, крыху пасумаваўшы, вырашаюць скончыць казку на гэтай не зусім аптымістычнай ноце. Нечаканы паварот! І такіх твістаў у развіцці дзеяння нямала, што і робіць спектакль цікавым. Дзякуючы гэтаму прыёму, Ігар Казакоў таксама змог захаваць страшныя моманты казкі (у братоў Грым пачуцці ўсё ж кіпелі недзіцячыя) і пры гэтым па магчымасці пазбегнуць залішняй лютасці. Усё жахлівае, кшталту з’едзенага сэрца альбо смерці ў страшэнных пакутах, адбываецца пераважна на вербальным узроўні, у той час як візуальная карцінка можа выклікаць (і нярэдка выклікае) смех. Ён увогуле дастаткова часта гучыць падчас спектакля, бо ў “Беласнежцы” ўсё зроблена сакавіта, крыху гратэскава, крыху перабольшана, зусім як у вулічным тэатры.

Натуральна, што месца тут знаходзіцца і музыцы, і песням (аўтары Рыгор Гольдман і Аляксандра Даньшова). Апошнія, на жаль, аказаліся не самым моцным бокам спектакля. У некаторых сцэнах яны выглядаюць не тое што не да месца, бо выконваюць функцыю вакальных маналогаў, а быццам бы не на сваім месцы, асабліва калі прыслухацца да слоў.

Тут, у рэчышчы сэнсаў, палягае асноўнае і, бадай, адзінае невялікае пытанне да “Беласнежкі”. Тэатр, безумоўна, ужо даўно не катэдра, з якой абвяшчаюць агульнавядомыя ісціны, ды ўсё ж, калі гаворка ідзе пра пастаноўку, разлічаную на дзяцей (“Беласнежка” мае ўзроставае абмежаванне 5+), у ідэале ад яе чакаюць не проста прыгажосці, запамінальнай музыкі ці ігры акцёраў, але і пэўнага пасылу, адрасаванага малым гледачам. У выпадку “Беласнежкі” пакуль складана сказаць, ці вучыць яна разуменню, што знешняя прыгажосць — не галоўнае. Больш выразна ў спектаклі гучыць тэма пагібельнай сілы жарсцей, што згубілі мачаху, бо ў версіі Ігара Казакова яе знішчае ўласная зайздрасць. Нават чарадзейнае люстэрка мачахі, увасобленае ў вялізнай масцы, з’яўляецца ці не самым злавесным вобразам ва ўсім спектаклі і здольна напалохаць не толькі дзяцей, але і дарослых. У ім быццам адлюстраваліся самыя цёмныя чалавечыя пачуцці. Аднак, якую б мараль у спектаклі гледачы ні адшукалі — пра неабходнасць спалучэння прыгажосці знешняй і прыгажосці душы ці пра небяспеку каштаваць яблыкі, якімі частуюць незнаёмцы, — адчуваецца, што часцінкі сваіх душ і таленту стваральнікі “Беласнежкі” ёй падарылі. А ці ж гэта не лепшы падарунак для тэатралаў любога ўзросту?

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Станіслава ВІГДОРЧЫКА.