Харэограф, настаўнік, майстар…

І гэта ўсё пра яго, Валянціна Елізар’ева

У гісторыі беларускага балета наўрад ці можна знайсці асобу такога маштабу, як Валянцін Елізар’еў. Напэўна, і гледачы, і прафесіяналы пагодзяцца са сцвярджэннем, што беларускі балет — гэта Елізар’еў.

Натуральна, прафесійны балетны тэатр як з’ява і інстытуцыя ўзнік у Беларусі яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя, і да прыходу Валянціна Елізар’ева ў Вялікі тэатр оперы і балета на яго сцэне плённа працавалі такія майстры, як Фёдар Лапухоў, Касьян Галяйзоўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Ніна Стукалкіна, Атар Дадзішкіліяні і інш. Аднак свой непаўторны твар і сусветную вядомасць беларускі балет атрымаў менавіта ў 70-я гады мінулага стагоддзя, калі пачалася “эпоха Елізар’ева”.

Дзёрзка і смела малады харэограф (Валянціну Елізар’еву было 26 гадоў, калі ён узначаліў балетную трупу Вялікага тэатра Беларусі) выпускнік Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.Рымскага-Корсакава ставіў на мінскай сцэне свае версіі балетаў, якія ўжо мелі ўвасабленні, прызнаныя іканічнымі ў балетным свеце. Напрыклад, “Кармэн-сюіта” Жоржа Бізэ — Радзівона Шчадрына ў пастаноўцы Альберта Алонса, “Балеро” Марыса Равэля ў інтэрпрэтацыі Марыса Бежара, “Спартак” Арама Хачатурана з харэаграфіяй Юрыя Грыгаровіча… Елізар’еў ствараў спектаклі з такімі ж назвамі, але з адрознай эстэтыкай і ідэяй, самастойныя творы, а не цені-адбіткі пастановак папярэднікаў. Яго “Кармэн-сюіта” (1974), з якой пачалося знаёмства беларускіх гледачоў з новым харэографам, вылучалася адсутнасцю іспанскага ці цыганскага каларыту, засяроджанасцю на ўнутраных якасцях асобы. Выбітнасць, нестандартнасць натуры Кармэн выяўлялася не ў знешняй яркасці гераіні, яе раскаванасці, а ў цэльнасці натуры, імкненні да ідэалу і немагчымасці ісці на кампраміс з сабой. Разам з мастаком Яўгенам Лысікам, які быў сапраўдным суаўтарам такіх работ Елізар’ева, як “Стварэнне свету” Андрэя Пятрова (1976), “Ціль Уленшпігель” Яўгена Глебава (1978), “Спартак” (1980), балетмайстар выводзіў дзеянне “Кармэн-сюіты” па-за канкрэтныя прасторава-часавыя рамкі, што дазволіла спектаклю захоўваць сваю актуальнасць і трымацца ў рэпертуары тэатра больш за сорак гадоў, быць цікавым і блізкім гледачам розных пакаленняў.

Елізар’еў стаў у нечым і першаадкрывальнікам, бо ставіў не толькі арыгінальныя версіі вядомых пастановак. Першым на тэрыторыі былога Савецкага Саюза балетмайстар увасобіў у харэаграфіі вакальную кантату Карла Орфа “Карміна Бурана”. У балеце ярка ўвасобілася тэма жыццёвага цыкла чалавека з усімі яго радасцямі, няшчасцямі і спакусамі.

Сапраўднай падзеяй для беларускай культуры стала пастаноўка Елізар’евым балета Андрэя Мдзівані “Страсці” (Рагнеда) у 1995 годзе. Першы за доўгі час нацыянальны балет і сёння не мае аналагаў па сваім мастацкім узроўні ў беларускім музычным тэатры. Менавіта з гэтай пастаноўкай звязана сусветнае прызнанне беларускага харэаграфічнага мастацтва: у 1996 годзе Валянцін Елізар’еў быў уганараваны за яе прэміяй Benois del a Danse як лепшы харэограф свету. Каб ацаніць маштабы падзеі, варта згадаць, што ў розныя гады лаўрэатамі прэміі станавіліся Іржы Кіліян, Нача Дуата, Джон Наймаер.

Шмат гадоў балеты Валянціна Елізар’ева, як арыгінальныя пастаноўкі, так і рэдакцыі класічных твораў, напрыклад, “Дон Кіхот” Людвіга Мінкуса, былі асноўнымі ў балетным рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі, карысталіся любоўю гледачоў, якія неаднаразова вярталіся на ўлюбёныя пастаноўкі. Рызыкну выказаць меркаванне, што прычына такой прыхільнасці была ў наступным. Балеты Елізар’ева, канечне, у значнай ступені адлюстроўвалі свой час, яго балючыя кропкі, але яны не былі кан’юнктурнымі творамі ці простымі забаўкамі-аднадзёнкамі. Зварот да вечных каштоўнасцей свабоды, вернасці, кахання, годнасці ў гэтых спектаклях працаваў як імунітэт супраць разбуральнай сілы часу. Пры ўсім трагізме пастановак харэографа, у якіх рэдка абыходзілася без смерці героя, іх вылучалі гуманістычная накіраванасць, вера ў чалавека, сіла і прыгажосць яго душы, магчымасць выратавання праз любоў. Думаю, менавіта надзея, духоўны ўздым, які заставаўся пасля пастановак Елізар’ева, выклікаў жаданне звяртацца да іх зноў і зноў.

Больш за 35 гадоў харэограф плённа працаваў для беларускага балета, таму натуральна, што святкаванне яго 70-годдзя стала маштабнай падзеяй для культурнай грамадскасці не толькі Беларусі і мела адпаведны ўзровень. Практычна цэлы тыдзень, з 30 кастрычніка па 4 лістапада, прайшоў пад знакам святкавання юбілею Валянціна Елізар’ева. 31 кастрычніка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбылася прэм’ера адноўленага балета “Спартак”. Дарэчы, для пастаноўкі гэтага спектакля Арам Хачатуран стварыў апошнюю прыжыццёвую рэдакцыю свайго твора. У апошнія гады “Спартак” вельмі рэдка можна было пабачыць у тэатры, акрамя таго, у адсутнасць харэографа спектаклі Елізар’ева паступова рассыпаліся, страчвалі не толькі цэласнасць структуры, выканальніцкі ўзровень, але і, так бы мовіць, душу. За невялікую колькасць рэпетыцый, адведзеных для аднаўлення балета, Валянцін Елізар’еў змог вярнуць “Спартаку” страчаную веліч. Адно з самых манументальных харэаграфічных палотнаў Вялікага тэатра Беларусі зноў заззяла ўсімі фарбамі. Асэнсаванае выкананне, сінхроннасць у рухах кардэбалета, якую, на жаль, нячаста можна бачыць апошнім часам, сталі вынікам работы. Сапраўднай зоркай у тым “Спартаку”, нягледзячы на тое, што гэты балет называюць мужчынскім, ззяла Ірына Яромкіна. Не першы раз балерына выконвала партыю Фрыгіі, але такой дакладнасці, харэаграфічнай і псіхалагічнай выразнасці, здаецца, у гэтай ролі яна не дэманстравала.


Працягам і кульмінацыяй святкавання, якое пачаў “Спартак”, стаў урачысты юбілейны вечар Валянціна Елізар’ева, дзе павіншаваць яго і засведчыць сваю павагу сабраліся зоркі сусветнага і беларускага балета. Свае найлепшыя пажаданні харэографу ў гэты вечар адрасавалі калегі і сябры з Акадэміі рускага балета імя А.Я.Ваганавай (Санкт-Пецярбург), Маскоўскай дзяржаўнай акадэміі харэаграфіі, Міхайлаўскага і Марыінскага тэатраў (Санкт-Пецярбург), Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра балета Барыса Эйфмана, Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя З.Паліяшвілі, Нацыянальнага тэатра ў Брно (Чэхія), тэатра “Кіеў мадэрн-балет” і інш. З іх харэаграфічных віншаванняў і фрагментаў балетаў Валянціна Елізар’ева складаўся ўрачысты вечар.

Сапраўдным падарункам прыхільнікам класічнага танца стала бліскучае выкананне гранд-па з балета “Дон Кіхот” заслужаным артыстам Расіі лаўрэатам шматлікіх прэстыжных прэмій Іванам Васільевым, партнёрам якога выступіла Кацярына Алейнік. Блізкасць да харэаграфічнай лексікі Елізар’ева можна было заўважыць у нумарах, што прадстаўлялі харэаграфію Барыса Эйфмана (дуэт “Мужчына — жанчына” на музыку Моцарта) і Аляксея Ратманскага (адажыа з балета “Золушка” Пракоф’ева). Значную частку ўрачыстага канцэрта складалі нумары сучаснай харэаграфіі — рэдкай госці на беларускай акадэмічнай сцэне. Уражвала сваёй нязвыкласцю работа харэографа і выканальніка Вэнь Сяачаа (Кітай) Bewilderment, гумарам — харэаграфічная мініяцюра “Лянота” ў пастаноўцы заслужанага артыста Расіі Алега Габышава (тэатр Барыса Эйфмана). Прэм’еру сваёй новай работы D-Moll прысвяціў Валянціну Елізар’еву Раду Паклітару (“Кіеў мадэрн-балет”). Адной з кульмінацыйных кропак юбілейнага вечара харэографа стала выступленне народнай артысткі Расіі, прыма-балерыны Вялікага тэатра Расіі і этуалі міланскага “Ла Скала” Святланы Захаравай. Яе нумар Revelation (харэаграфія Мутока Хіраяма) сваёй адухоўленасцю і дасканаласцю, напэўна, скарыў нават тых, хто не можа аднесці сябе да прыхільнікаў сучаснай харэаграфіі.

Падчас урачыстага канцэрта ў Вялікім тэатры былі прадстаўлены і работы вучняў Валянціна Елізар’ева Сяргея Мікеля і Юліі Маркоўскай. Цалкам з іх, дарэчы, складалася праграма яшчэ аднаго святочнага мерапрыемства — канцэрта-віншавання “Настаўнік і вучні”, што наладзілі 4 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ужо не першае дзесяцігоддзе прафесар Валянцін Елізар’еў выкладае там на кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі. Пра важнасць і плённасць гэтага кірунку дзейнасці Елізар’ева сведчаць работы яго вучняў. Сярод тых з іх, хто ўжо рэалізаваў сябе на балетмайстарскай ніве, згаданы Раду Паклітару, стваральнік і кіраўнік уласнага тэатра, Наталля Фурман, якая ажыццявіла шэраг пастановак (“Макбет”, “Беласнежка і сем гномаў”, “Баль кветак”) на сцэнах Вялікага і музычнага тэатраў, Уладзімір Іваноў (у музычным тэатры ішлі яго балеты “Мефіста” і “Асоль”). Свой творчы шлях пачынае Сяргей Мікель: у гэтым годзе на сцэне музычнага тэатра быў пастаўлены яго дыпломны спектакль, балет “Вішнёвы сад”. Самым важным у камерным, вельмі цёплым і сямейным па атмасферы канцэрце-віншаванні ў акадэміі музыкі, здаецца, была дэманстрацыя разнастайнасці плыняў, у якіх працуюць вучні Валянціна Елізар’ева. Гэта і неакласіка ў духу Баланчына нумара “Ружы” ў харэаграфіі Наталлі Фурман, і выразныя элементы pole dance ў рабоце Вольгі Рэпінай “Я прыйшоў зламаць сцяну вакол цябе”. Такая разнастайнасць з’яўляецца сведчаннем імкнення харэографа-настаўніка не зрабіць з вучняў уласны адбітак, а дапамагчы ім знайсці свой стыль.

Маштаб святкаванняў юбілею Валянціна Елізар’ева, прадстаўнічасць праграмы канцэрта ў Вялікім тэатры, асобы, якія прыехалі павіншаваць майстра (напрыклад, народны артыст Расійскай Федэрацыі Мікалай Цыскарыдзэ) ці перадалі яму свае найлепшыя пажаданні, яшчэ раз засведчылі значнасць творчасці Валянціна Елізар’ева не толькі для беларускага мастацтва, але і для ўсяго балетнага свету. Харэограф і сёння працягвае сваю плённую дзейнасць: ставіць балеты па ўсім свеце, з’яўляецца членам журы прэстыжных харэаграфічных конкурсаў. Такая энергія выклікае глыбокую пашану, аднак прыкра, што большая, як можна меркаваць, частка творчай дзейнасці Валянціна Елізар’ева сёння адбываецца па-за межамі сцэны, якой ён прынёс сусветную вядомасць. Засмучае і той факт, што створаныя ім спектаклі, сведчанне найвышэйшага росквіту беларускага балета, сёння практычна нельга пабачыць у Беларусі. На юбілейным канцэрце харэографа ў Вялікім тэатры, дзе былі прадстаўлены фрагменты з большасці яго пастановак, суседства з класікай і сучаснай харэаграфіяй ярка высвяціла своеасаблівасць твораў Елізар’ева. Сёння адчуваецца, што яны належаць да іншай эпохі, але гэтая часавая адлегласць не змяншае значнасці здзейсненага. Наадварот, дапамагае лепш асэнсаваць каштоўнасць зробленага Елізар’евым: як вядома, вялікае бачыцца на адлегласці. Хочацца спадзявацца, што гэтае прызнанне выключнай ролі творчасці балетмайстра для беларускай культуры, якое неаднаразова агучвалася падчас юбілейных урачыстасцей, не застанецца простымі словамі, а стане штуршком да захавання здабыткаў беларускага мастацтва і стымулам для стварэння новых.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Паўла СУШЧОНКА
і Міхаіла НЕСЦЕРАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*