Школьны тэатр як глыток крынічнай вады

Стварэнне культурнага беларускамоўнага асяроддзя — адна з важных задач, якія стаяць перад Ільічоўскай школай Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, бо перш за ўсё ў атмасферы культуры можна выхаваць чалавека, які імкнецца да самарэалізацыі, валодае пачуццём нацыянальнай самасвядомасці. Гэта тая аснова, якая дазваляе вырашаць праблемы выхавання і адукацыі. Стварэнне тэатральнай групы “Васількі” стала вынікам укаранення і выкарыстання ў штодзённай школьнай практыцы праектаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры.


Тэатральная дзейнасць дае ўяўленне аб асаблівасцях мовы, жыцці, побыце, традыцыях, гісторыі, музыцы, жывапісе, святах, абрадах — адным словам, аб тым, што ўключае ў сябе паняцце “менталітэт беларускай нацыі”. Вучні насамрэч пагружаюцца ў беларускамоўнае асяроддзе. У тэатры адбываецца навучанне ў дзеянні, якое прыносіць дзецям задавальненне, развівае, падтрымлівае матывацыю да вывучэння роднай мовы. Работа над інсцэніроўкамі актывізуе, узбагачае слоўнікавы запас, садзейнічае эстэтычнаму выхаванню, развівае мастацкі густ і музычны слых. Сумесны выбар рэпертуару, адпрацоўка тэкстаў і песень умацоўваюць міжасабовыя адносіны, аб’ядноўваюць калектыў, дазваляюць вылучыць адораных дзяцей, а больш слабым вучням — самавыявіцца.

Пачалося ўсё ў мінулым годзе, калі я стаў працаваць у Ільічоўскай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна, спачатку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а потым і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У мінулым годзе “Васількамі” была пастаўлена п’еса Георгія Марчука “Новыя прыгоды Несцеркі”. У 2016 годзе я напісаў п’есу “Лясны цар” (паводле оперы Н.Арсенневай “Лясное возера”). П’еса была адзначана дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інсцэніроўка вельмі спадабалася дзецям, яны актыўна ўключыліся ў сумесную працу. Вялікую дапамогу ў ажыццяўленні праекта аказалі педагог-арганізатар Д.Д.Галомзік, а таксама бібліятэкар В.М.Рамачкова. Акрамя таго, я хацеў бы падзякаваць кіраўніку Рагачоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі В.С.Навумавай, намесніку дырэктара В.Л.Любагошчаву, супрацоўнікам цэнтра Т.В.Марчанка, Г.А.Чахавай за кансультацыі і парады.

У ільічоўскім тэатры пануе атмасфера паразумення, любові і супрацоўніцтва. Малодшыя школьнікі набываюць уменні і навыкі, старэйшыя — удасканальваюць іх, усе дапамагаюць адно аднаму. Ужо ёсць задумка зрабіць новую інсцэніроўку, якую прыдумалі вучні.

У 2016/2017 навучальным годзе ў складзе ільічоўскай тэатральнай групы “Васількі” ўдзельнічалі 18 вучняў і 2 настаўнікі. У рэпертуары калектыву 3 гатовыя спектаклі, 2 народныя танцы, некалькі абрадаў, прыпеўкі, а таксама лірычныя мініяцюры. Праца над ролямі, песнямі, дэкарацыямі мае велізарную практычную значнасць, актывізуе вучняў, дазваляе ім працаваць у індывідуальным тэмпе з улікам інтарэсаў і здольнасцей, а таксама развівае агульныя ўменні і навыкі.

Каштоўным з’яўляецца не толькі вынік (спектакль, песня, малюнак, дэкарацыя, чытанне верша), але і сам працэс, які прадугледжвае працу па-за класам, школай, раёнам, ствараючы тым самым умовы для творчасці, пошуку, узаемадзеяння школьнікаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў.

Дзейнасць, у якую ўключаны вучні, адпавядае кагнітыўнай, інтэлектуальнай і эмацыянальнай сферы развіцця асобы, дае магчымасць для самавыяўлення.

Як і ў кожным тэатры, у нас ёсць акцёры, якія з’яўляюцца школьнымі кумірамі, іх ведаюць усе — з 1 па 11 клас. Я з задавальненнем хачу назваць прозвішчы і імёны дзяцей, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё ільічоўскага школьнага тэатра: Данііл Піменаў, Мікіта Іваноў (7 клас), Вольга Антонава, Тамара Малюкова, Таццяна Малюкова, Антон Кражаў (9 клас), Ксенія Александрэнка, Дзіяна Ярмоліна, Марыя Вопсева (10 клас), Іван Балахонаў (11 клас). Група гэтых акцёраў удзельнічала ў інсцэніроўцы “Лясны цар” у сакавіку 2017 года раённага этапу абласнога конкурсу тэатральных і лялечных калектываў. Многія вучні адзначаны дыпломамі і падзякамі. Яны не толькі добра ігралі, але і цудоўна танцавалі і спявалі народныя песні на беларускай мове. Я вельмі паважаю ўсіх маіх выхаванцаў, ганаруся імі і ўдзячны ім за творчасць, цярпенне, працавітасць. Яны не толькі акцёры нашага тэатра, але і надзейныя сябры і таварышы.

А закончыць хацелася б словамі вучаніцы 10 класа Ксеніі Александрэнка пра наш тэатр: “Тэатр для мяне — гэта глыток крынічнай вады, гэта паветра, якім хочацца дыхаць і дыхаць…”

Юры МЯНЬКОЎ,
настаўнік беларускай мовыі літаратуры Ільічоўскай сярэдняй школы
Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці, кіраўнік тэатральнай групы “Васількі”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*