У думках яго была Беларусь

Літаратурная гасцёўня з конкурснай праграмай для вучняў старшых класаў, прысвечаная Адаму Міцкевічу

У канцы мінулага года свет адзначыў 220-годдзе з дня нараджэння вялікага паэта слаўнага сына беларускай зямлі Адама Міцкевіча, які нарадзіўся 24 снежня 1798 года на Навагрудчыне. Праз паўтара месяца пасля нараджэння, 12 лютага 1799 года, Адам быў хрышчаны ў знакамітым Фарным касцёле ў Навагрудку (помнік архітэктуры XIV—XVIII стагоддзяў, аб’ект Дзяржаўнага спіса гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі). Тут, у Навагрудку, Адам Міцкевіч вучыўся ў дамініканскай школе, на Навагрудчыне ён сустрэў і страціў сваё каханне, тут жа быў узрошчаны яго незвычайны паэтычны талент, загартаваліся духоўныя сілы, а ў сэрцы і душы на ўсё жыццё пасялілася бязмежная любоў да роднай зямлі і роднага народа… На Гродзеншчыне асабліва шануюць памяць пра свайго геніяльнага земляка, пра што красамоўна сведчаць ніжэйзмешчаныя матэрыялы бібліятэкара гімназіі № 2 Ваўкавыска Тэрэзы КАВАЛЬЧУК і настаўніка рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Навагрудка Валерыя КАПАЦЭВІЧА.

Ад рэдакцыі.

Чытач 1. Нарадзіўся будучы паэт 24 снежня 1798 года ў прыдарожнай карчме “Выгада”, дзе яго матуля спынілася, каб адпачыць па дарозе ў Навагрудак. Баць­ка Адама Міцкевіча працаваў мясцовым адвакатам.

На хутары Завоссе, на Навагрудчыне, сярод прыгожых лясоў і палёў прайшло дзяцінства будучага паэта. У сям’і верылі, што Адам, як вырасце, будзе вандроўнікам. Так здарылася і на самай справе. Ён, сам таго не хочучы, пакінуў радзіму і падарожнічаў па іншых краінах да канца свайго жыцця, і нават пахаваны быў на чужыне. Яшчэ адно здарэнне адбылося, таксама як знак з маленства, калі немаўлятка ўпала з падаконніка бацькоўскага дома на вуліцу, проста на брук. Маці здалося, што яе дзіця памерла, бо яно было непрытомным. Яна схапіла хлопчыка і панесла ў касцёл ды на каленях маліла Бога, каб ён яго ажывіў.

Калі ў адчаі маці пад сваю апеку

Мяне ўручыла, я ўзняў мёртвае павека

І мог ісці адразу да святынь парогу

За вернутыя сілы дзячыць Пану Богу.

Чытач 2. Цуд здзейсніўся, і Адам Міцкевіч з той пары верыў у цуды, таму ўсё сваё жыццё прасіў Бога, каб ён дапамог яму вярнуцца на радзіму. Пасля заканчэння дамініканскай школы ў Навагрудку Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Адначасова вывучаў там гісторыю, літаратуру і мастацтва. Калі быў студэнтам, прыязджаў у родныя мясціны на канікулы. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта працаваў настаўнікам. У жыцці Адама Міцкевіча ў 1817 годзе адбылася падзея, якая потым перавярнула ўсё яго жыццё. Адам і яго сябры, студэнты Віленскага ўніверсітэта, стварылі тайнае згуртаванне — Таварыства філаматаў. У іх задачы ўваходзіла ўзаемадапамога ў набыцці ведаў, адукацыйнае і маральнае самаўдасканаленне, пашырэнне асветы сярод моладзі, але галоўнай мэтай была падрыхтоўка да змагання з царскім самадзяржаўем, за вызваленне Беларусі ад тыраніі. А ў 1824 годзе пасля следства па справе канспіратыўнага руху філаматаў Адам Міцкевіч быў назаўсёды разлучаны са сваёй радзімай. Спачатку паэт апынуўся ў Пецярбургу, затым — у Маскве, Адэсе, Крыме. Потым на караблі выправіўся ў эміграцыю, з якой так і не вярнуўся ў сваю краіну. Цяжкасць выгнання з роднай краіны не загубіла талент паэта, ён заіскрыўся новымі гранямі і творчай энергіяй.

Ты нас дзівам павернеш у зямельку родну.

Пакуль жа блісне шчасце, хоць душу нягодну

Звярні да гор лясістых, шырокіх пракосаў,

Што дыванам пры Нёмне свеціць з-пад нябёсаў,

Да ніў родных, калоссем ярка маляваных,

Забалочаных пшаніцай, жытам пасрабраных.

Чытач 3. Адам Міцкевіч верыў у цуды, але другога цуду не адбылося, страта радзімы была цяжкай кармай для Адама Міцкевіча. Боль расставання з роднымі мясцінамі станавіўся нясцерпнай настальгіяй, і, каб адчуваць радзіму, паэт пісаў пра яе свае цудоўныя творы. Такім чынам ён прыдумваў ілюзію, што вяртаўся ў сваю краіну, у сваю маладосць, у сваё дзяцінства. Філаматы, да якіх адносіўся і Адам Міцкевіч, імкнуліся пісаць творы з мясцовымі гістарычнымі паданнямі, напоўненыя ідэяй служэння роднаму краю. Яны цікавіліся беларускімі казачнымі сюжэтамі, матэрыялізавалі маральна-этычныя каштоўнасці ў людскіх стасунках для таго, каб прыдумаць і напісаць цікавыя балады. У сваіх баладах і рамансах Адам Міцкевіч паказаў узор асваення беларускага фальклору, найперш таго, які быў блізкі яму з дзяцінства, пазнавальны ў стасунках сябрамі і землякамі. Паэт бачыў яшчэ з дзяцінства гаротнае жыццё простага народа. У фантастычным свеце яго балад з выразна акрэсленай мяжой паміж дабром і злом былі і здрада, і нявернасць, а за таго чалавека, якога крыўдзілі, заступаліся нават звышсілы. Гэтым Адам Міцкевіч падштурхнуў інтэнсіўнае развіццё жанру гавэнды (разнавіднасць баладнай формы), зрэшты, тая не замяніла баладу. Балада як жанр была найбольш прыдатнай для адлюстравання легендарных і гістарычных тэм. Міцкевіч з’яўляўся паэтам-рамантыкам, які пісаў па-польску, але сваім паходжаннем і жыццёвым лёсам быў звязаны з беларускім краем, і менавіта ён напоўніцу адкрыў вусна-паэтычную скарбніцу беларускага народа.

Мой Нёман родны, дзе сягоння тыя воды,

Якія чэрпаў я ў дзіцячыя далоні

І заплываў з якімі ў дзікія затоні,

Калі шукаў для сэрца сцішнай прахалоды?

Чытач 4. Адкрываць для сябе радзіму Адам Міцкевіч пачаў яшчэ ў дзяцінстве, яшчэ з бацькоўскага парога. У дамініканскай школе ў Навагрудку Адам Міцкевіч пасябраваў з Янам Чачотам. З маленства яны палюбілі свой край, свой народ, яго песні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй. У кнізе “Ты як здароўе…” Ула­дзімір Мархель сцвярджае, што Адам Міцкевіч сваімі творамі, з аднаго боку, узбагачаў польскую мову і пашыраў яе “…выяўленчыя магчымасці, а з другога — не парываў сувязі з беларускамоўнай стыхіяй роднага краю і тым самым не знішчаў крохкай надзеі на яе далейшае існаванне, што, зрэшты, не перакрывала перспектыву яе адраджэння ў мастацкай творчасці”. На думку Уладзіміра Мархеля, у Адама Міцкевіча павінны былі быць творы, напісаныя па-беларуску.

Чытач 5. У сваю чаргу Ігнат Дамейка падкрэсліваў, што “Адам заўсёды вызначаўся кемлівасцю і незразумелым дарам прыцягнення да сябе не толькі равеснікаў, але і значна старэйшых за яго паводле ўзросту і больш адукаваных. Чачот быў, можа, адзіным, каму дазволена было бурчаць на Адама, дакараць яго і рабіць яму заўвагі”.

Яшчэ калі Адам Міцкевіч вучыўся ў Віленскім універсітэце, ён востра адчуў патрэбу пазнання сваёй радзімы і яе насельнікаў, а пазней, у эміграцыі, напоўніцу зразумеў, наколькі дарагая яму родная старонка. У гутарцы з А.Ходзькам ён прызнаваўся: “Ні­дзе на зямлі няма весялейшага жыцця, чым у ліцвінскіх вёсках і засценках. Столькі там радасці, любасці, бязмежнага чалавечага шчасця! Магчыма, не дасць Бог пажыць больш гэтым жыццём, але мы павінны нешта зрабіць, каб захаваць яго каштоўны народны змест і даць зразумець усю яго вартасць. Такое жыццё я шчодра паспытаў паміж 1815—1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў”.

Жыві ж ты ў шчасці, Наднямонскі край,

Багатыя ўраджаі з ніў збірай,

Будзь знакаміты ўсім сваім народам,

Не толькі Верашчакаў слаўным родам.

Чытач 6. Адам Міцкевіч пакахаў Марыю Верашчаку, і, калі дзяўчына папрасіла яго напісаць твор пра легенду, якую распавядаў рыбак, хлопец так і зрабіў. А потым з-пад яго пяра проста пасыпаліся як град, балады (“Пралеска”, “Рамантычнасць” і інш.), у якіх выразна прасочвалася цесная сувязь творчасці Адама Міцкевіча з фальклорам. А ў “Одзе да маладосці” ярка выявілася любоў паэта да ўсяго чалавецтва, яго вера ў светлую гармонію чалавечага быцця на зямлі, рамантычная памкнёнасць аўтара ў будучыню, за межы свайго часу, “філамацкі” заклік да пераўтварэння свету. Народны матыў непазбежнай адплаты за нядобрыя амаральныя ўчынкі, за прынесенае людзям зло пераважае ў баладах “Свіцязь”, “Свіцязянка”, “Рыбка”. Дарэчы, “Свіцязянку”, дзе апісана вялікае і прыгожае возера Свіцязь на Навагрудчыне, Міцкевіч надрукаваў яшчэ да выдання свайго першага паэтычнага зборніка ў перыёдыцы. У каментарыі да твора дзеля ўводзін чытачоў у свет рамантычных дзівосаў паэт напісаў: “Ёсць чуткі, што на яго берагах з’яўляюцца ўндзі­ны, або вадзяныя німфы, якія народ называе свіцязянкамі”.

Убранне параскідана

На беразе між густалоззя.

Ні пані няма, ні пана —

І следу не засталося.

Адно выдаецца з затокі

Кавалак каменю белы.

І ў цемры халодна-далёкі

Нагадвае дзіўна два целы.

Апошнія гады жыцця Адам Міцкевіч служыць у парыжскай бібліятэцы. Балады і іншыя творы Адама Міцкевіча сталі польскім нацыянальным набыткам толькі дзякуючы польскамоўнаму засваенню ім беларускага фальклору.

Бібліятэкар. У Беларусі ўвекавечана памяць пра паэта: у Навагрудку працуе Дом-музей Адама Міцкевіча (з філіялам у Завоссі), насыпаны курган памяці пісьменніка. У Навагрудку і Мінску ўстаноўлены помнікі паэту-земляку. Выдаюцца кнігі А.Міцкевіча, даследаванні пра яго творчасць, якая вывучаецца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі. Творы Адама Міцкевіча перакладзены на многія мовы народаў свету. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Аляксандр Ельскі сталі вяртаць яго творам беларускае гучанне — перакладаць на беларускую мову “Пана Тадэвуша”. У ХХ стагоддзі да іх далучыліся Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, Аляксей Зарыцкі, Рыгор Барадулін і іншыя пісьменнікі і перакладчыкі, якія ўзнавілі паэмы і вершы знакамітага земляка.

Конкурсная праграма

Тэрэза КАВАЛЬЧУК,
загадчыца бібліятэкі гімназіі № 2 Ваўкавыска.