Алоўку не баліць…

Цудоўны падарунак айчынным аматарам мастацтва і цікаўным да гісторыі людзям напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў зрабіў Дом-музей І з’езда РСДРП. 1 ліпеня тут адкрылася выстава твораў расійскага воіна і мастака Віктара Аляксандравіча Цітова (1922—2003) — чалавека і творцы, бясспрэчна, унікальнага. А беларусы мусяць быць неабыякавымі да памяці пра яго з той прычыны, што 70 гадоў назад ён змагаўся за іх вызваленне. Пры гэтым знаходзіў хвіліны ствараць мастацкі летапіс вайны.

Выстава твораў Віктара Цітова арганізавана пры ўдзеле Дзяржаўнага Барадзінскага ваенна-гістарычнага музея-запаведніка, які адносна нядаўна адкрыў гэтае імя шырокай грамадскасці ў Расіі. У Беларусь жа калекцыю графічных і жывапісных работ мастака супрацоўнікі гэтай установы прывезлі, зважаючы акурат на тое, што ён прымаў непасрэдны ўдзел у знакамітай аперацыі “Баграціён”. Навуковы супрацоўнік Барадзінскага музея-запаведніка Вольга Фёдарава на вернісажы пазнаёміла прысутных з біяграфіяй гэтага воіна і салдата, асаблівасцямі яго мастакоўскага лёсу і правяла экскурсію па выставе.
Віктар Цітоў нарадзіўся ў 1922 годзе ў сяле Мышкіна Мажайскага раёна Маскоўскай вобласці. Да вайны паспеў закончыць тры курсы Маскоўскага абласнога вучылішча памяці 1905 года, а ў жніўні 1941 года быў прызваны ў армію. Амаль сілком быў залічаны ў Разанскае пяхотнае вучылішча імя Варашылава, бо не хацеў станавіцца афіцэрам, думаў толькі пра мастацтва, а на вайне гатовы быў аддаць доўг Радзіме ў якасці радавога. Але лёс распарадзіўся інакш: Віктар усё ж вывучыўся на старшага лейтэнанта і апынуўся на фронце.
Спачатку ваяваў на левым флангу абароны Масквы, удзельнічаў у Курскай бітве, у верасні 1943 года апынуўся на тэрыторыі Беларусі, дзе ўдзельнічаў у аперацыі “Баграціён”. Быў камандзірам кулямётнага ўзвода, памочнікам начальніка штаба. Вызваляў Польшчу. Ваяваў на тэрыторыі Аўстрыі і Германіі, пакінуў асабісты роспіс на калоне пераможанага Рэйхстага. Узнагароджаны ордэнамі Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”.
Пасля вайны скончыў Маскоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, дзе вучыўся ў такіх выдатных майстроў, як Дэйнека, Сакалоў-Скаль, Казлінскі. У 1969 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР і тады ж пачаў удзельнічаць у выставах. Але заўзятарам модных тады публічных дыскусій пра авангарднае і традыцыйнае мастацтва, фармалізм і рэалізм не стаў. Калі яго часам пыталіся, чаму ён не жадае прымаць удзел у такіх дыскусіях, адказваў, маўляў, я быў на вайне баявым афіцэрам, рызыкаваў жыццямі сваіх салдат, пасылаў іх на верную смерць, а вы мне пра нейкія дыскусіі. Пустыя гульні для мяне ўсё гэта, асабліва пасля таго, што я пабачыў на вайне… А сам тым часам яшчэ з другой паловы 40-х гадоў распісваў храмы, іншым разам — па начах (у прыватнасці, у 1947 годзе здзейсніў рэстаўрацыю і роспіс Багаяўленскага кафедральнага сабора ў Маскве, сабора ў Падольску і інш.). І маляваў для сябе — свае работы, дарэчы, ніколі не прадаваў. Наогул, па сведчаннях відавочцаў, па жыцці быў чалавекам надзвычай сціплым і светлым, а ў мастацтве — праўдзівым рамантыкам, заўсёды засяроджаным на асабістых эмоцыях, перажываннях і цяжкіх успамінах пра вайну.

На сённяшняй выставе ў Мінску прадстаўлены жывапіс, графіка і асабістыя рэчы мастака (гімнасцёрка з пагонамі старшага лейтэнанта, планшэт з картай, узнагароды, дакументы, пісьмы з фронту). Адкрываецца экспазіцыя жывапісным творам “Малебен аб перамозе Рускага воінства ля храма Прападобнага Сергія Раданежскага ў Маскве ў 1941 годзе”. Палатно напісана ў 1995 годзе, але гэта рэальны ўспамін мастака, калі ён 22 чэрвеня 1941 года, ідучы міма гэтага храма, убачыў там натоўп масквічоў і святара, які ля забітых дзвярэй здзяйсняў малітву. Прадстаўлены і іншыя жывапісныя творы: “Хрэсны ход у Маскве ў 1941 годзе”, а таксама шматлікія партрэты палкаводцаў.
Але акцэнт на выстаўцы зроблены на графічных работах Віктара Цітова, эскізных замалёўках, якія ён ствараў на вайне. Маляваў эпізоды баёў, цяжкія пераправы войскаў праз рэкі і, безумоўна, людзей — чырвонаармейцаў, партызан, мірных жыхароў — жывых і мёртвых. Так, сапраўды, у яго графічных эскізах можна ўбачыць нямала цел мёртвых людзей, знішчаных на той страшнай вайне. Наогул у сваіх мастацкіх дакументах Віктар Цітоў быў яркім і часам жорсткім экспрэсіяністам, не раўнуючы як выдатны нямецкі мастак Ота Дзікс, які ў свой час таксама ствараў мастацкі летапіс вайны, толькі Першай сусветнай… Чым былі для нашага мастака тыя замалёўкі ў перапынках паміж баямі і пераправамі? Ратаваннем? Адхланнем? Неадчэпнай прагай маляваць нават сярод жахлівай рэчаіснасці? Магчыма, і адным, і другім, і трэцім.
А на вернісажы можна было пазнаёміцца і яшчэ з адным, ужо літаратурным дакументам — успамінамі мастака-франтавіка Віктара Цітова, якія сабраў і выдаў яго сын Вадзім Віктаравіч. Гэта таксама надзвычай уражальнае страшнае сведчанне. Дазволім сабе працытаваць урывак з раздзела “Лагеры ў Беларусі”.

“З ліста любімай дзяўчыне (сакавік 1944 года): “Добры дзень, мая дарагая! Колькі добрых пачуццяў узнімаецца пры згадцы аб мілай Жэнечцы. Твая ўсмешка, валасы і плечы так часта сняцца мне. На днях вызвалілі тры лагеры грамадзянскага насельніцтва. Відовішча, якое паўстала перад намі, не апісаць. Сорак тысяч у балоце, абнесеным калючым дротам і мінным полем. Дзеці, жанчыны, старыя, якія паміралі з голаду, абыякавыя да жыцця і смерці. Многія падрываліся на мінах. Абяссіленыя падалі і паміралі на дарозе. Маці кідалі сваіх дзяцей. Дзеці, якія стаялі ля трупаў маці. Увесь шлях трохдзённага шэсця ўсеяны трупамі змучаных людзей. Самі ж лагеры ўяўляюць суцэльныя могілкі дзяцей і старых. Праз два-тры крокі — труп…”
Дарогі да лагера былі замініраваны ў два слаі. Пасля таго як сапёры здымалі міну, ставілі знак аб размініраванні, пачынаўся рух — і спрацоўваў ніжні рад мін. Раніцай быў мароз. Днём зямля адтайвала — і міны пачыналі спрацоўваць. Дарога праходзіла ў лесе, і галіны дрэў з супрацьлеглых бакоў пасля ўзрыву дакраналіся адна да адной. Кавалкі адзення заставаліся вісець на галінах.
Уласна кажучы, не мы вызвалялі, а немцы нам пакідалі некалькі тысяч непрацаздольных, хворых, галодных, якія сядзелі на балотных купінах. Многа памерлых. Памятаю ля балотнай сасонкі труп паўраспранутай жанчыны і на ёй мёртвае немаўля. Некалькі дзён немцы збіралі і звозілі ў гэтыя лагеры людзей. І незразумела, як нехта мог выжыць без ежы ў гэтых умовах. Лагер абнесены калючым дротам, па краях — кулямётныя вышкі.
Цяжка асуджаць замерзлых, галодных людзей, на снезе ноччу і днём, за тое, што яны распраналі памерлых і накрываліся іх адзеннем.
Немцы адступілі на больш выгодны рубеж. А нам пакінулі лагеры заражаных тыфам паміраючых і памерлых людзей. Калі мы ўбачылі гэта, нас ахапіў жах. Народ скупіўся за замініраванай і абнесенай калючым дротам тэрыторыяй і пытаўся ў нас: “Чые вы?” І, пачуўшы ў адказ, што мы рускія, савецкія, людзі кідаліся да нас праз дрот. Пералезшы праз дрот, яны траплялі на міннае поле і пачыналі ўзрывацца. Тыя, што стаялі ззаду, не разумелі, у чым справа, і, спалоханыя, ціснулі на пярэдніх, пракладваючы сабе дарогу. З пачуццём радасці і ўзрушэння напаўжывыя таксама падымаліся і, выйшаўшы з лагера, падалі, абяссіленыя, па краях дарогі.
З тылу і мясцовых вёсак падалі і павозкі і машыны для вывазу людзей. Салдаты дапамагалі грузіць аслабелых і хворых. На трэці дзень і нашы салдаты захварэлі на тыф. Замены не было. Траншэі і акопы капалі ў балотнай жыжцы.
Падышлі вашабойкі (машыны, у якіх прапальвалі выхлапнымі газамі адзенне салдат). Групамі людзей выводзілі з пярэдняга краю, і, пакуль адзенне прапальвалася, салдаты голымі бегалі дзве гадзіны вакол машыны. Так працягвалася кожны дзень на працягу тыдня. Многа добрых салдат памерла тады ад тыфу. У гэты час быў выдадзены загад хаваць у баку ад вялікіх дарог і на брацкіх магілах пісаць толькі адно імя і нумар з мэтай схаваць страты ад праціўніка…”
Быў такі рускі мастак-франтавік Віктар Цітоў, які ўсё гэта бачыў. І быў увесь гэты жах на нашай беларускай спакутаванай зямлі.

Мікола ЧЭМЕР.