Бясспрэчныя яркія набыткі

У Палацы мастацтва працуе справаздачная выстава, прысвечаная 70-годдзю заснавання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 700 работ, створаных выкладчыкамі і студэнтамі розных гадоў мастацкага факультэта і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Як усё-такі здорава, калі “Рэспубліканская мастацкая галерэя” Беларускага саюза мастакоў аддадзена не пад мядовыя ці якія іншыя кірмашы, а менавіта пад мастацтва, прычым вельмі яркае прафесійнае мастацтва, якое робіць гонар краіне і яе народу!

Мы стаім на вернісажы разам з дэканам мастацкага факультэта акадэміі вядомым скульптарам Аляксандрам Прохаравым і размаўляем. Аляксандра я ведаю дастаткова даўно (не раз пісаў пра яго скульптурныя работы, якія сёння ўпрыгожваюць беларускую сталіцу і іншыя мясціны нашай краіны, не раз бываў у яго майстэрні), і мне заўсёды цікава яго слухаць. Побач — створаны ім праект помніка “Слову пра паход Ігаравы”. З гэтым праектам у 2012 годзе разам з архітэктарам Дзмітрыем Сакаловым ён выйграў адпаведны рэспубліканскі конкурс, праўда, з таго часу справы з далейшым увасабленнем помніка ў матэрыяле і ўсталяваннем яго, як планавалася, на Мінскім замчышчы так і не зрушыліся з месца — туга, як правіла, з фінансаваннем… А Аляксандр тым часам захоплена расказвае мне пра акадэмію мастацтваў, пра тое, што гэта, бясспрэчна, унікальная творчая ўстанова вышэйшай адукацыі, паколькі толькі яна рыхтуе спецыялістаў па класічных мастацкіх кірунках — жывапісе, скульптуры, графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Прычым рыхтуюць гэтых спецыялістаў практыкуючыя выкладчыкі, паважаныя ў нашай краіне і свеце мастакі, і ніякая іншая творчая УВА такога багатага аб’ёму ведаў і практычных заняткаў не дае.

Факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце мастацка-прамысловы факультэт быў заснаваны ў 1976 годзе. У 1994 годзе ён быў перайменаваны ў факультэт дызайну, а ў 1998 годзе — у факультэт дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У склад факультэта ўваходзяць 7 кафедр. Сярод іх — 5 выпускаючых: дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; інтэр’ера і абсталявання; дызайну; графічнага дызайну; касцюма і тэкстылю; 2 агульнафакультэцкія: кафедра малюнка, жывапісу і скульптуры; кафедра тэорыі і гісторыі дызайну. У склад падраздзяленняў факультэта таксама ўваходзяць навукова-творчая лабараторыя па камп’ютарным дызайнерскім праектаванні і вучэбна-вытворчыя майстэрні. З 2013 года факультэт узначальвае кандыдат мастацтвазнаўства дацэнт А.Г.Васільева.
Сістэма падрыхтоўкі студэнтаў на факультэце ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі вядучых школ мастацтваў былога СССР і сарыентавана на выкананне дзяржаўнага заказу на спецыялістаў-дызайнераў і мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Працэс навучання скіраваны на паўнацэннае засваенне студэнтамі эмацыянальна-пачуццёвага і лагічнага кампанентаў мастацкіх ведаў, метадаў сінтэзу іх з тэхнічнымі і эканамічнымі ведамі, а таксама прафесійных навыкаў.
Прыярытэт аддаецца мастацкай падрыхтоўцы. Яе даюць пашыраныя курсы такіх дысцыплін, як “Акадэмічны малюнак” і “Жывапіс”, якія адпавядаюць стандартам акадэмічнай адукацыі, а таксама кампазіцыі, гісторыі мастацтваў, асноў стылеўтварэння, архітэктонікі, колеразнаўства і інш. Атрыманне тэхнічнага і эканамічнага складнікаў навучання забяспечваюць такія дысцыпліны, як “Тэорыя і метадалогія дызайну”, “Канструяванне”, “Матэрыялазнаўства”, “Камп’ютарныя тэхналогіі”, “Асновы маркетынгу” і інш.
Якасць падрыхтоўкі на факультэце пацвярджаецца запатрабаванасцю яго выпускнікоў з боку вядучых прадпрыемстваў краіны, сярод якіх БелАЗ, “Амкадор”, “Атлант”, “Белкамунмаш”, Мінскі завод колавых цягачоў, “Віцязь”, “Беларусьфільм”, Белтэлерадыёкампанія, шклозавод “Нёман” і інш.
Пра высокі ўзровень навучання сведчаць і творчыя дасягненні студэнтаў. 15 з іх сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод студэнтаў факультэта — пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў і алімпіяд. Лепшыя работы студэнтаў факультэта экспанаваліся ў Францыі, Германіі, Польшчы, Японіі, Расіі.

Пра сённяшнюю выставу і наогул пра сёлетні юбілей акадэміі Аляксандр Прохараў гаворыць з асаблівым піетэтам: “Гэта ж сапраўды, калі ўдумацца, нейкі цуд, што наша акадэмія — равесніца Вялікай Перамогі, што тады, у 1945 годзе, калі наша краіна яшчэ не апамяталася пасля кровапралітнай вайны, тагачасныя дзяржаўнікі паклапаціліся пра тое, каб заснаваць такую навучальную ўстанову, сабралі для гэтага выдатныя кадры з розных куткоў Савецкага Саюза, выдзелілі на яе, мабыць, немалыя грошы… Быццам глядзелі на 70 гадоў наперад, бачылі наш дзень і ўсе гэтыя набыткі, якія мы маем сёння. Ствараючы гэтую экспазіцыю (я, вядома, гавару толькі за мастацкі факультэт), мы якраз і ставілі перад сабой задачу паказаць нашаму грамадству, што акадэмія ёсць, і не проста ёсць, а трывала стаіць на сваіх прафесійных нагах, захоўвае пераемнасць пакаленняў і разам з тым нармальна развіваецца па сучасных кірунках, не ўпускаючы з-пад увагі ўсе актуальныя мастацкія навацыі, якія з’яўляюцца ў свеце. Менавіта таму мы вырашылі не даставаць з запаснікаў сацрэалістычныя творы (хаця ўсе яны беражліва захоўваюцца), а зрабіць акцэнт на сучасным мастацтве, паказаць зрэз гэтага сучаснага беларускага мастацтва. Тут прадстаўлены работы, створаныя прыблізна за апошнія 5—10 гадоў нашымі выпускнікамі і выкладчыкамі. А хто ён, наш выпускнік? Кожны дыпломнік — гэта ўжо асоба, фактычна сталы мастак-прафесіянал, адаптаваны да ўсіх навацый творца і ў той жа час той, які мае за спінай класічную адукацыю…”
“І ведаеш, — гаворыць мне на развітанне Аляксандр, — вось усе бачаць гэтае багацце, якое мы тут выставілі, і нярэдка думаюць, што ўсё гэта так і трэба. А на самай справе гэта вельмі адказная праца нашага, няхай і не зусім вялікага калектыву, але такога, які, на мой погляд, мае вялікую вагу ў плане духоўнага складніка сучаснай Беларусі. І таму гэта трэба берагчы”.

Мастацкі факультэт

Заснаваны ў 1953 годзе. Прыярытэтныя прынцыпы навучання грунтуюцца не толькі на традыцыях нацыянальнай мастацкай школы, але і на сусветнай практыцы развіцця выяўленчага мастацтва.
Факультэтам у розныя гады кіравалі дацэнт А.Казлоўскі, мастак-графік С.Герус, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі прафесар П.Любамудраў, дацэнт М.Бяляеў, народны мастак Беларусі прафесар В.Грамыка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі прафесар П.Крохалеў, дацэнт П.Свентахоўскі, старшы выкладчык М.Рой, дацэнт Р.Раманка, дацэнт У.Басалыга, дацэнт Ю.Каралевіч, дацэнт Р.Кароткін, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі У.Уродніч. Цяпер дэканам факультэта з’яўляецца скульптар А.Прохараў.
Падмурак для дзейнасці факультэта быў закладзены першымі выкладчыкамі факультэта, вядомымі майстрамі выяўленчага мастацтва Беларусі, сярод якіх былі народныя мастакі БССР В.Волкаў, А.Марыкс, В.Цвірка, А.Бембель, І.Ахрэмчык, П.Масленікаў, Я.Чамадураў, А.Кашкурэвіч, Л.Гумілеўскі, А.Кішчанка, Г.Вашчанка, А.Анікейчык, У.Стальмашонак, М.Данцыг, заслужаныя дзеячы мастацтваў Н.Воранаў, Х.Ліўшыц, У.Сухаверхаў, П.Любамудраў, І.Стасевіч, П.Крохалеў і інш. Большасць з іх, паспяхова скончыўшы ў розныя гады вядучыя мастацкія ўстановы Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў, плённа працавалі на ніве не толькі мастацтва, але і педагагічнай дзейнасці. Іх выхаванцамі сталі народныя мастакі Беларусі Л.Шчамялёў, Г.Паплаўскі, В.Шаранговіч, Л.Гумілеўскі, А.Анікейчык, А.Кашкурэвіч, В.Грамыка, Б.Герлаван, І.Міско.
Выкладчыкамі факультэта сёння з’яўляюцца найлепшыя майстры выяўленчага мастацтва краіны, сярод якіх У.Тоўсцік, У.Зінкевіч, А.Фінскі, П.Татарнікаў, В.Слаук і іншыя высокапрафесійныя педагогі, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё нацыянальнага выяўленчага мастацтва і дызайну і якія атрымалі высокае міжнароднае прызнанне.
Наймаладзейшае пакаленне выпускнікоў факультэта таксама можа пахваліцца сваімі поспехамі і высокімі памкненнямі. Варта ўзгадаць, напрыклад, мазаічныя творы на фасадзе Храма-помніка Усіх Святых у Мінску, выкананыя пад кіраўніцтвам Д.Чубукова; роспіс царквы ў вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці, увасоблены летась групай дыпломнікаў. Малады педагог К.Касцючэнка з’яўляецца аўтарам мемарыяльнай кампазіцыі “Брама памяці” на месцы былога канцлагера “Трасцянец”. Сталі прызнанымі ў нашай краіне і за яе межамі імёны А.Вырвы, А.Скорабагатай, В.Мельнік-Малахавай і інш.
У склад факультэта ўваходзяць 5 кафедр: жывапісу, графікі, скульптуры, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, малюнка.

Развітаўшыся з Аляксандрам Прохаравым, я іду аглядаць экспазіцыю. Божа, сапраўдны рай для аматараў мастацтва! Даўно я такога не бачыў! Дыхтоўныя жывапісныя палотны розных жанраў, вытанчаныя графічныя аркушы, узорныя акадэмічныя малюнкі і эцюды, яркія творы ў розных тэхніках манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, лепшыя работы студэнтаў-рэстаўратараў… І тут, безумоўна, трэба зрабіць рэверанс у бок не толькі мастацкага факультэта акадэміі, але і факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На другім паверсе Палаца мастацтва можна ўбачыць мадэль шыкоўнага новага “Опеля”, створаную адным са студэнтаў акадэміі ў час яго стажыроўкі ў нямецкай аўтамабільнай фірме; дэкаратыўны фантан, прысвечаны легендарнаму возеру Свіцязь; калекцыі адзення, пашытыя пад уплывам традыцый беларускай народнай матэрыяльна-мастацкай культуры; калекцыі мастацкага шкла і металу; узоры незвычайнай мэблі; праекты разнастайных інтэр’ераў; серыі плакатаў; відэаролікі, прысвечаныя актуальным падзеям сучаснага жыцця краіны і яе гісторыі.
І пра ўсё гэта варта ўсё-такі не гаварыць — усё гэта трэба бачыць на свае вочы. Спадзяюся, што прадстаўленыя побач фотаздымкі з выставы дадуць чытачу хоць некаторае ўяўленне пра тыя бясспрэчныя яркія набыткі, якімі можа ганарыцца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.