Фэшн-ф’южн!

3-4 чэрвеня 2014 года адбыўся фінал XXIII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды”. Як і мінулыя два гады, калі гэтым форумам сталі апекавацца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, заключныя мерапрыемствы прайшлі пад знакам вучобы і шоу, творчага намагання і заслужанага свята. І калі першы фінальны дзень 3 чэрвеня быў прысвечаны больш руцінным справам (але куды без яе, гэтай абавязковай для паспяховага выніку руціны?) — зносінам членаў аргкамітэта і экспертаў фестывалю-конкурсу з журналістамі, вучэбным семінарам, перадапошнім і апошнім прымеркам і г.д., то дзень 4 чэрвеня вынес свой па-добраму модны прысуд усім неабыякавым да моды, фота і фэшн-індустрыі ў нашай краіне.

Усю першую палову дня на подыуме сталічнага Палаца спорту ішоў конкурсны паказ 70 лепшых калекцый ад 78 беларускіх дызайнераў моды, якія ацэньвалі эксперты з Азербайджана, Беларусі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны, Фінляндыі. У фае на першым паверсе разгарнулася цудоўная фотавыстава ўдзельнікаў “Млына моды” ў намінацыі “Фота”. А тым часам гадзіннік адлічваў гадзіны і хвіліны, якія заставаліся да самай святочнай дзеі XXIII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” — гала-прадстаўлення. Бліжэй да 7 гадзін вечара з боку метро да Палаца спорту ўсё больш і больш густымі чародамі спяшаліся маладыя, модна апранутыя людзі. І вось фінальнае свята пачалося…
Вітаючы ўсіх прысутных, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Аляксандравіч Маскевіч падкрэсліў унікальнасць фестывалю-конкурсу “Млын моды”, удзельнікі якога маюць магчымасць займацца сучаснымі высокімі тэхналогіямі і пры гэтым дэманстраваць высокую культуру мастацкай творчасці. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў дзейнасці гэтага форуму асабліва праяўляецца салідарнасць творчых людзей з самых розных краін, якія аднолькава заклапочаны тым, каб несці сучаснаму свету найлепшыя ўзоры майстэрства ў галіне моды і дызайну. “І вельмі прыемна, што ўдзельнікі фестывалю-конкурсу “Млын моды” і іх куратары, наогул тыя, хто сёння сцвярджае моду ў нашым грамадстве, — гэта пераважна маладыя людзі, якія, інтэгруючы вопыт старэйшых пакаленняў, умеюць зазірнуць у будучыню”, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч і пажадаў усім як мага большай асалоды ад цудаў творчасці, розуму і сілы духу.
Фінальная дзея адразу ж набыла імклівы тэмп: на сцэну, аформленую ва ўрбаністычным стылі (гарадскі кэжуэл пераважаў і ў стылістыцы саміх конкурсных калекцый), выходзілі пераможцы конкурсу і атрымлівалі з рук міністра дыпломы і падарункі ад спонсараў. Не прымусіў сябе доўга чакаць і ўласна паказ калекцый пераможцаў, які межаваўся бадзёрымі музычнымі нумарамі ў выкананні хэві-метал-гурта Alexsander Kiss & Attraction і надзвычай стыльнымі харэаграфічнымі кампазіцыямі тэатра сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I.

Першыя месцы размеркаваліся наступным чынам па намінацыях: “Дзіцячыя калекцыі” — Святлана Вараб’ёва і Вольга Данчанка (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна Гомеля) з калекцыяй “Ронда”; “Калекцыі для падлеткаў” — Ірына Букач (Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Мінск) з калекцыяй Suprem; “Мужчынскія калекцыі” — Ганна Жук (Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава) з калекцыяй “Лісты Дзікенсу”; “Жаночыя калекцыі” — Ганна Забеліна (Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) з калекцыяй Color room; “Майстар моды” — Сяргей Драчоў (Мінск) з калекцыяй “Шкілет не ў шафе”.
Быў і ўжо традыцыйны момант ісціны “Млына моды” фармату апошніх трох гадоў, калі на подыум у модным адзенні выходзілі дзеткі дзіцячага дома № 5 Мінска ў рамках дабрачыннага праекта “Стыльны пачатак” — няўпэўнена, баязліва, азіраючыся цішком на закуліссе і… захлынаючыся такім яшчэ незразумелым дарослым шчасцем быць стыльнымі і моднымі. Гэтае адзенне, створанае мастацкім кіраўніком “Млына моды” Святланай Гнядзёнак, цяпер будзе цалкам іхнім.
Асабліва багатым быў сёлета гасцявы блок. З заміраннем сэрца і дрыжыкамі на скуры гледачы паглыналі вачыма калекцыі Аляксея Уласава і Джэмала Махмудава (дабрачынны фонд “Рускі сілуэт”, Масква, Расія), Івана Фралова (Украінскі тыдзень моды), Анці Пелтоніемі і Ганны Аланка (Школа мастацтваў, дызайну і архітэктуры ўніверсітэта Аалта, Хельсінкі, Фінляндыя), Паўліны Бздзікот (Кракаўская школа мастацтваў і дызайну, Польшча), Рэйніса Ратніекса (Латвійская акадэмія мастацтваў) і інш. — проста неверагодны фэшн-ф’южн, ядзерны ўдар!
І, нарэшце, быў такі мяккі, пяшчотны, пастэльны фінальны акорд з сюрпрызам — паказ калекцыі prêt-à-porter Святланы Гнядзёнак, дзе ў якасці мадэлей выступілі… нашы вядомыя тэлевядучыя “на чале” з прыгажуняй Вікторыяй Сянкевіч.
І ўсё-такі яны круцяцца! Жорны млына…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.