Ім ёсць кім і чым ганарыцца

Падчас сваёй камандзіроўкі ў Шчучын яшчэ па дарозе з аўтавакзала ў райвыканкам я паспеў неаднойчы па-сапраўднаму здзівіцца. Ішоў сабе па вуліцы Савецкай, з цікаўнасцю аглядаючы незнаёмы горад, і раптам нейкая неадольная сіла прымусіла мяне зірнуць строга направа, а там на мяне пазіраў… гіганцкі Францыск Скарына са сцяны аднаго з будынкаў. Няцяжка было адразу зразумець, што гэта школа (як высветлілася, 2-я шчучынская сярэдняя школа), і тым большае было маё здзіўленне-захапленне ад таго, што менавіта на фасадзе ўстановы адукацыі з’явіўся гэткі цуд. Потым ужо даведаўся, што гэты роспіс зроблены прафесійнымі мастакамі, малюнак наносіўся балончыкам з так званым сінтэтычным акрылам, які будзе нават абараняць сцяну ад шкодных уплываў непагоды, бо пакрывае яе быццам плёнка. А быў створаны гэты цуд — упрыгажэнне не толькі школы, але і ўсяго горада — усяго за сем дзён!

Ішоў далей па Савецкай і ўбачыў нейкую, відавочна, старадаўнюю мураваную будыніну з магутнымі дзвярыма і хутчэй не акенцамі, а нейкімі проразямі ў сцяне. Не мог не запытаць у рабочых, якія тут шчыравалі: “А што гэта за будынак?” І яны адказалі, што гэта склад. І раней быў склад, і сёння склад. Ну што ж, склад дык склад. Не ў кожным беларускім мястэчку бачыў я такія вось склады — з відавочнымі адмецінамі самой гісторыі. (Пазней я даведаўся, што калісьці гэта былі княжацкія канюшні).
А потым я апынуўся ў абдымках двух храмаў — як высветлілася, царквы Святога Міхаіла Архангела і касцёла Святой Тэрэзы. Ведаю і выдатна разумею, што гэта натуральна, калі ў старадаўніх беларускіх гарадах, асабліва на захадзе нашай краіны, спакойна суседнічаюць цэрквы і касцёлы. Але каб стаялі яны вось так, літаральна праз дарогу адно ад аднаго, і глядзелі адно аднаму вочы ў вочы… Гэта проста класіка жанру — “царква vs касцёл”!Я падыходзіў усё бліжэй і бліжэй да плошчы і райвыканкама, але яшчэ здалёк угледзеў дзіўнаватую зграбную вежачку, якая самотна грэлася пад шчучынскім шчодрым сонцам. Якая прыгажосць адкрылася вачам, калі апынуўся зусім побач з ёй! Прачытаў на шыльдзе, што гэтая вежа з гадзіннікам была ўзведзена тут у пачатку ХХ стагоддзя як абярэг ад пажару, голаду і мору, а адноўлена ў 2007 годзе. Доўга любаваўся гэтым мілым “шчучынскім Біг-Бенам”, фатаграфаваў яго, адчуваючы, што нароўні з палацам Друцкіх-Любецкіх, помнікам Цётцы, будынкамі культавага кшталту гэта — адзін з сімвалаў Шчучына і, магчыма, адзін з самых любімых шчучынцамі сімвалаў. Але захапляцца вежай з гадзіннікам доўга не выпадала. Мяне ўжо чакалі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму.
Я ведаў, што цяпер мне давядзецца знаёміцца са шматлікімі лічбамі, фактамі, канстатацыямі, словам, са статыстыкай, якая ў цэлым характарызуе сістэму адукацыі Шчучынскага раёна. І яшчэ я выдатна ведаў па сваім журналісцкім вопыце, што статыстыка — рэч дастаткова сухая і, скажам так, крышку непаваротлівая для газетнага артыкула. А з другога боку, я не менш выдатна разумеў тое, што красамоўная паказальная статыстыка можа быць вельмі актуальнай, асабліва напярэдадні важных падзей у той ці іншай сферы. Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне, несумненна, для сістэмы адукацыі Шчучыншчыны падзея акурат такая. І актуальная статыстыка зможа выявіць некаторыя значныя рэчы, але не бачныя простым вокам. Паказаць перавагі таго ці іншага месца ў плане правядзення свята, расказаць пра неаспрэчныя поспехі і дасягненні, якія змогуць стаць нават прыкладам для пераймання іншым.
З такімі думкамі я і пераступіў парог Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта…

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Уладзіміра Раманавіча Дубка, у Шчучынскім раёне ў 35 установах адукацыі вучыцца і выхоўваецца больш за 5 з паловай тысяч дзяцей.
Да пачатку новага навучальнага года асабліва змяніўся стан трох шчучынскіх сярэдніх школ і гімназіі. Па аб’ёмах выдзеленых на рамонтна-аднаўленчыя работы фінансавых сродкаў раён упэўнена ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі ў Гродзенскай вобласці. На пачатак навучальнага года іх асваенне склала 27,5 млрд рублёў.
Натуральна, асноўная ўвага ўдзялялася падрыхтоўцы аб’ектаў да Дня беларускага пісьменства. Адрамантаваны фасады сярэдніх школ №№ 1 і 2, гімназіі, дах сярэдняй школы № 1 і гімназіі, санвузлы у 1-й і 2-й школах і гімназіі, калідоры гімназіі. Цалкам заменены на энергазберагальныя шклопакеты вокны ў гімназіі, амаль цалкам — у сярэдняй школе № 1, па большай частцы — у сярэдняй школе № 2. Праведзена мадэрнізацыя ўпарадкавання тэрыторыі 2-й сярэдняй школы.
Уладзімір Раманавіч асабліва адзначае той факт, што 6 верасня ў абноўлены былы палац Друцкіх-Любецкіх павінен “усяліцца” Шчучынскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, прычым цэнтр таксама будзе перайменаваны ў палац. “Гэта вельмі сімвалічна, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама, — што колішні палац у сваім абноўленым выглядзе па-ранейшаму застанецца палацам, толькі цяпер ён будзе служыць нашым дзецям. Там усё адрэстаўрыравана так, як яно было і 100 гадоў назад: дубовая столь, люстры, шыкоўны хол, уваходныя дзверы на два з паловай метры… Безумоўна, усё гэта дасць дзецям адчуванне далучанасці да нечага велічнага, а з другога — практычнага — пункту погляду, перасяленне ў палац з яго вялікімі плошчамі і шыкоўнымі ўмовамі для заняткаў дасць навучэнцам новыя магчымасці для развіцця іх талентаў у харэаграфіі, музыцы і іншых відах мастацкай творчасці. Для нас адкрыццё палаца — падзея нумар 1 у рамках святкавання Дня беларускага пісьменства”.
Адносна вучэбных дасягненняў Уладзімір Дубок адразу ж згадвае Шчучынскую гімназію, якая з часу свайго адкрыцця ў 2004 годзе трывала ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі па ўсіх кірунках адукацыйнага працэсу. Навучэнцы гімназіі — пастаянныя ўдзельнікі алімпіяднага руху, навукова-даследчай дзейнасці. Тут у свой час нарадзілася навукова-практычная канферэнцыя, якая вырасла цяпер да ўзроўню раённай. А навучэнцы не перастаюць паказваць выдатныя поспехі. Так, па выніках цэнтралізаванага тэсціравання 2014 года 3 гімназісты атрымалі 100 балаў: Аляксандр Якусік — па рускай мове, Людміла Ціцяк — па матэматыцы, Наталля Лісоўская — па англійскай мове. А навучэнец гімназіі Андрэй Асанаў стаў членам зборнай каманды Рэспублікі Беларусь, якая прымала ўдзел у Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы. Усё гэта — вынік таго, што з таленавітымі дзецьмі ў гімназіі працуюць такія ж таленавітыя і адданыя сваёй справе настаўнікі. Невыпадкова, напрыклад, настаўніцы гімназіі Тамары Васільеўне Уласавай у 2015 годзе прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Гродзеншчыны”.
У нашу размову ўключаецца намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мяцько: “І, дарэчы, калі гаварыць пра нашу гімназію, то трэба згадаць, што знаходзіцца яна ў старадаўнім будынку колішняй настаўніцкай семінарыі. І тут заўсёды адчуваецца нейкая адмысловая атмасфера, якая ўжо сама па сабе заахвочвае навучэнцаў да ўдасканальвання іх здольнасцей, да дасягнення вынікаў у вучобе і ўвогуле да самаразвіцця. Тое ж, што цяпер мы чакаем і ад абноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх. А яшчэ калі згадаць, як актыўна педагогі і навучэнцы гімназіі даследуюць гісторыю Шчучынскага калегіума ордэна піяраў, то становіцца зразумела, наколькі моцныя ў нас традыцыі пераемнасці ў адукацыі. Гэтым мы сапраўды вылучаемся”.
Жанна Іванаўна працягвае пункцірна абазначаць важныя кірункі і дасягненні ў сістэме адукацыі Шчучынскага раёна.
У гімназіі і 9 школах раёна навучэнцы сёння могуць вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Забяспечана круглагадовая работа раённай школы “Інтэлект”, зроблены захады па ўдасканаленні дыстанцыйнай работы як з навучэнцамі, так і з педагогамі.
Наладжана ўзаемадзеянне сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі з установамі вышэйшай адукацыі. Толькі за апошні час праведзена 7 пасяджэнняў пастаянна дзеючага тэматычнага навукова-метадычнага семінара для настаўнікаў матэматыкі і фізікі “Ад творчага пошуку, удасканалення прафесійных кампетэнцый да алімпу” з удзелам выкладчыкаў факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У студзені 2015 года былі арганізаваны майстар-класы для настаўнікаў рускай і беларускай мовы, матэматыкі і навучэнцаў па рашэнні тэставых заданняў адпаведна спецыфікацыі тэстаў ЦТ-2015, падрыхтоўцы да алімпіяд вядучымі педагогамі згаданага вышэй факультэта.
Абазначылася тэндэнцыя функцыянавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэжыме інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. На рэспубліканскіх эксперыментальных і інавацыйных пляцоўках ажыццяўляецца апрабацыя і ўкараненне новых мадэлей арганізацыі адукацыйнага працэсу, тэхналогій навучання і выхавання навучэнцаў. У раёне дзейнічае 6 інавацыйных і эксперыментальных рэспубліканскіх пляцовак, 8 інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў. Паспяхова функцыянавалі на працягу года абласны рэсурсны цэнтр комплекснай падтрымкі адукацыі ва ўмовах устойлівага развіцця і школьных парадкаў дня на базе Шчучынскай гімназіі, а таксама 3 раённыя рэсурсныя цэнтры: па замежных мовах (Шчучынская гімназія), выкарыстанні воблачных тэхналогій (Васілішкаўская сярэдняя школа), працоўным навучанні (сярэдняя школа № 3 Шчучына).
Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі забяспечаны інфармацыйна-праграмнымі сродкамі, маюць сайт, зарэгістраваны ў Дзяржаўным рэестры інфармацыйных рэсурсаў. Абсталявана вылічальнай тэхнікай 100% школьных бібліятэк. Са сродкаў рэспубліканскага бюджэту абсталяваны кабінет фізікі сярэдняй школы № 1 Шчучына.
Зроблены захады па павышэнні выніковасці ўдзелу навучэнцаў у мерапрыемствах даследчага характару. Упершыню заваяваны дыплом 2 ступені на Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў раённай камандай у складзе абласной каманды навучэнцамі Шчучынскай гімназіі і Астрынскай сярэдняй школы. Два 3-я месцы заваяваны на абласным турніры юных фізікаў камандамі Жалудоцкай сярэдняй школы, зборнай камандай Шчучынскага раёна.
Актывізаваўся ўдзел навучэнцаў у экалагічных конкурсах. Толькі ў 2015 годзе заваяваны 41 дыплом абласнога ўзроўню і 8 міжнароднага ў гэтым кірунку.
Са сродкаў раённага бюджэту на падтрымку таленавітых дзяцей выдзелена ў 2015 годзе 26 млн рублёў. Для заахвочвання педагогаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, устаноўлена 49-працэнтная надбаўка да кантракта.
На заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Беларусі-2014” настаўніца пачатковых класаў Васілішкаўскай сярэдняй школы Святлана Антонаўна Ханько ў намінацыі “Настаўніца пачатковых класаў” стала лаўрэатам 1 ступені.
“А ўвогуле, — адзначае Жанна Іванаўна Мяцько, — я хацела б сказаць, што Шчучын — гэта маленькі і ўтульны гарадок, дзе, тым не менш, дзеці маюць магчымасць атрымліваць глыбокія,трывалыя веды і складаць канкурэнцыю сталічным навучэнцам на рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах. Мы даём дзецям розныя магчымасці для развіцця іх талентаў. У Шчучыне працуюць 3 установы дадатковай адукацыі, спартыўная школа, школа мастацтваў. І мы стараемся ўбачыць кожнае дзіця. У Шчучыне проста прыгожа жыць, спакойна працаваць і гадаваць сваіх дзяцей”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і БелТА.