Невыносная лёгкасць аранжавага

VII Рэспубліканская выстава сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ_АКАДЭМІЯ” прайшла пад знакам аранжавага колеру і мела слоган “Аранжавы. Яскравая неверагоднасць”. Хацелася б па звычцы сказаць, што залы галерэі “Універсітэт культуры” на два тыдні афарбаваліся ў аранжавы, але… аранжавы стаў складаным выпрабаваннем для студэнтаў.

“АРТ_АКАДЭМІЯ” на сваім вяку ўжо бачыла белы (“прарыў у бязмежнасць”), зялёны (“выявы часу”), блакітны (“крылы памкненняў”), жоўты (“блікі шчасця”), чырвоны (“апантаныя поспехам”), сіні (“сугучнасць мар”)… Заўзятары “АРТ_АКАДЭМІІ” добра памятаюць, якімі разнастайнымі адценнямі таго ці іншага колеру пераліваліся папярэднія выставы. Нават белы колер студэнтам удавалася раскласці на беласнежны, беленькі, бялюткі, белаваты, бялявы, бялёсы і г.д. З аранжавым так не магло атрымацца ў прынцыпе, бо гэта вельмі спецыфічны колер, які не церпіць інтэрпрэтацый. Ён аранжавы роўна ў такой ступені, у якой аранжавым з’яўляецца апельсін (orange). Крок улева ці ўправа — і будзе ўжо не адценне аранжавага, а зусім іншы колер.

Падчас пасяджэння экспертнага савета выставы нават завязалася дастаткова цікавая дыскусія наконт аранжавага і магчымасцей яго ўвасаблення ў мастацтве. Вядомы мастак шэф-рэдактар часопіса TAXI Сяргей Стэльмашонак прызнаўся, што ішоў на сёлетнюю “АРТ_АКАДЭМІЮ”, прысвечаную аранжаваму колеру, спадзеючыся ўбачыць тут проста нейкае памаранчавае буйства, але якраз аранжавага ўбачыў зусім не шмат, а больш чырвонага, бардовага, жоўтага. “Я, безумоўна, разумею, наколькі гэта адначасова просты і складаны колер — аранжавы, — разважаў мастак. — Гэта сапраўды колер-унікум, колер-індывідуал, які немагчыма ні з чым змяшаць. Паспрабуеш яго разбяліць — атрымліваецца ружовы, зацямніць — тэракотавы. Па вялікім рахунку, аранжавага можа быць толькі два — флюарэсцэнтны аранжавы і чысты аранжавы, гэта значыць кіслотны і апельсінавы. І я разумею, наколькі было складана ўдзельнікам выставы нешта зрабіць у такіх абмежаваных умовах. У выніку многія проста не вытрымалі гэтай тэмы — “Аранжавы. Яскравая неверагоднасць”. Хаця на выставе ўсё-такі ёсць цікавыя работы. Ёсць творы, якія маглі б упрыгожыць офіс якой-небудзь сур’ёзнай кампаніі. Ва ўсякім разе атрымаўся хай крыху жорсткі, але добры мастацкі эксперымент”.

Генеральны дырэктар выдавецкай кампаніі “Мэджык” Юрый Будзько ў сувязі з аранжавым згадаў, як у пачатку 80-х назіраў у Польшчы пратэсты моладзі — так званых “памеранцовых”. “Тыя маладыя людзі невыпадкова ўзялі за свой сімвал аранжавы, — заўважыў выдавец. — Бо аранжавы — гэта трывожны колер, стоп-колер, гэта дарожныя работы, небяспека, якую трэба абысці. А з другога боку, аранжавы — гэта свята. Такі вось трывожна-святочны колер пратэсту. Што да сёлетняй выставы “АРТ_АКАДЭМІЯ”, то арыгінальных аранжавых работ, магчыма, мы тут маем і не так многа, але ўжо тыя, якія ўклаліся ў канцэпцыю, атрымаліся вельмі яркімі. Сапраўды, яскравая неверагоднасць. Галоўнае, што традыцыя, якая нарадзілася на нашых вачах, працягваецца. Мне надзвычай цікава, што будзе далей”.
Адной з самых яркіх работ выставы фотамастак дырэктар студыі прафесійнага фота MARX STUDIO Міхаіл Маруга назваў фотаработу студэнткі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Веры Верамеевай “Аранжавае натхненне”: шчаслівы хлопец, смеючыся на ўсе свае трыццаць два, трымае скрыню з апельсінамі і Чабурашкам… “Вось такіх класных здымкаў хацелася б бачыць пабольш!” — заключыў фатограф.

На думку загадчыка аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алены Лаўрыновіч, аранжавая тэма аказалася складанай для нашых студэнтаў не толькі з-за самога колеру ў мастацтвазнаўчым плане, але і таму, што аранжавага як такога амаль не знойдзеш у беларускай прыродзе, і ментальна-псіхалагічна на яго было цяжка адгукнуцца нашай моладзі. “У гісторыі “АРТ_АКАДЭМІІ” ўжо былі тыя колеры, якія, відавочна, адбыліся — той жа блакітны, сіні, зялёны, — згадала Алена Сяргееўна. — А аранжавы… ну што ж, магчыма, гэта колер на перспектыву, заданне не на сёння”.
“Проста аранжавы — гэта ў большай ступені дызайнерскі, а не мастацкі колер, — падзяліўся сваімі думкамі намеснік дырэктара Цэнтра сучасных мастацтваў Дзяніс Барсукоў. — І, магчыма, студэнтаў варта было б сёлета скіраваць менавіта ў плоскасць дызайну. Тут ёсць шэраг графічных дызайнерскіх работ, але іх магло б быць і больш. А ўвогуле колер як тэма — гэта здорава. Гэта цудоўная канцэпцыя, разлічаная на нараджэнне канцэптуальных мастацкіх выказванняў. Я ведаю, што наступным будзе фіялетавы колер, а ён значна больш непрадказальны, чым аранжавы. Гэта колер незямной радасці і нязбытнай мары, тугі і дэпрэсіі… Цікава, як вырашаць студэнты гэтую тэму”.

“А мне ўжо сёння вельмі сумна, што фіялетавы — гэта апошні з заяўленых у “АРТ_АКАДЭМІІ” колераў, — прызналася дырэктар галерэі “Універсітэт культуры” Наталля Барсукова. — Сумна думаць пра тое, што гэты праект няўмольна рухаецца да свайго завяршэння. Апошнія гады я з нецярпеннем чакала яго кожную вясну. І мне здаецца, абавязкова трэба будзе прыдумаць нешта новае ў такім жа духу. Каб студэнты, непрафесіяналы, не пазбавіліся гэтай цудоўнай магчымасці выказацца ў мастацтве”.
І сапраўды, а што далей будзе з “АРТ_АКАДЭМІЯЙ”? Члены экспертнага савета абмеркавалі розныя варыянты на перспектыву ад запуску праекта па новым крузе (гэта ж будзе ўжо новае пакаленне творцаў, да таго ж з’явіцца магчымасць параўнання) да надання “АРТ_АКАДЭМІІ” міжнароднага статусу з актыўным уваходжаннем у інтэрнэт-прастору.
Пакуль дакладна вядомы, прынамсі, дзве рэчы. Першая: наступны колер будзе фіялетавы. І другая: ні арганізатарам выставы “АРТ_АКАДЭМІЯ” з НЦМТДіМ, ні яе ўдзельнікам, ні членам экспертнага савета не будзе фіялетава адносна таго, як і куды рухацца далей.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.