Зялёная сцяна, зялёная зямля… і зайцы

У сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася персанальная выстава Віктара ПЯТРОВА “Зялёная сцяна старога дома 2”.

Мастака Віктара Пятрова можна назваць адной з самых загадкавых фігур беларускага мастацтва канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў. Мастацтвазнаўцы тлумачаць феномен загадкавасці Пятрова тым, што ён нібыта фізічна жыве ў нашым часе, а духоўна — ва ўласнай сістэме каардынат, у адмысловай добраахвотнай творчай эміграцыі, дзе ён зусім нябачны для вока пабочнага назіральніка. Тут варта заўважыць, што нават у мастакоўскім асяроддзі Віктар Пятроў больш вядомы як нязменны куратар (з 1999 года і па сённяшні дзень) штогадовага Міжнароднага фестывалю перформанса “Навінкі”. А вось з уласнымі жывапіснымі выставамі апошнія 15—20 гадоў ён выходзіць да гледача надзвычай рэдка. Тым большую цікавасць выклікае сённяшняя экспазіцыя ў МСВМ “Зялёная сцяна старога дома 2” (адмысловы працяг даўняга выставачнага праекта Віктара Пятрова), дзе, на думку самога мастака, прадстаўлены “фрагменты творчасці”, якія найбольш дакладна вызначаюць магістральныя лініі яго 35-гадовага мастацкага досведу: насычаныя элементамі рэальнасці фігуратыўныя жывапісныя палотны з сюжэтамі і наратывамі, вопыты абстрактнага жывапісу з адсылкамі да сюррэалізму і дадаізму, містычна-псіхалагічны жывапіс…
З анатацыі да сваёй выставы Віктар Пятроў звяртаецца да гледачоў: “Зялёная сцяна — гэта мая назва, або метафарычная назва таго месца, дзе я жыву. Гэта тая частка зямлі, якая ўмоўна называецца цяпер Беларусь. Гэтая зямля мела і іншыя назвы. Такім чынам, для мяне гэта зялёная зямля. У ёй — павольная вада, лес і нябёсы, а недзе за гарызонтам хаваюцца нябачныя сусветы, тыя, якія стаяць за выяўленымі на карцінах сюжэтамі. Таемны свет, які “здзяйсняецца” ў мастацтве, кліча нас да трансцэндэнтнага, нараджае ў нас эмоцыі, падуладныя толькі свету мастацтва. Па сутнасці, гэта пагоня за часам, які вечна знікае і які мы спрабуем спыніць на карціне і захаваць гэты вобраз назаўсёды ў нашай памяці”.
Падчас вернісажу мастак адказаў на шэраг пытанняў нашага карэспандэнта.

— Спадар Віктар, у свой час вы былі адным з заснавальнікаў беларускага мастацкага андэграўнду: з 1981 года, яшчэ будучы студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута, пачалі ладзіць кватэрныя неафіцыйныя выставы, у 1987 годзе ініцыіравалі стварэнне таварыства незалежнага сучаснага мастацтва “Форма”, у 1992 разам з аднадумцамі заснавалі знакамітую галерэю “6-я лінія”, прыблізна тады ж захапіліся перформансам, што праз гады аформілася ў Міжнародны фестываль “Навінкі”… Словам, ваша творчая біяграфія 80—90-х гадоў — гэткі суцэльны андэграўнд. А як вы пазіцыяніруеце сябе сёння? І як змянілася сёння ваша самаадчуванне як мастака ў параўнанні з тым андэграўндным перыядам?
— Я і сёння пазіцыянірую сябе як мастака андэграўнду, мастака-нонканфарміста. Не ўступаю ні ў якія саюзы, працую выключна сам, малюю сабе, як дзіця, раблю тое, што раблю… А што да самаадчування ці майго адчування свету, дык, безумоўна, цяпер яно крыху выраўнялася. Тым больш цяпер насамрэч стала больш адкрытасці. Ужо няма той вайны, якая была калісьці. Агульную сітуацыю ў сённяшнім мастацкім асяроддзі ў Беларусі больш характарызуе пазітыў, а не негатыў, — пры ўсёй сваёй па-ранейшаму страшнай кансерватыўнасці гэтага асяроддзя.

— Чаму вы ўсё-такі вырашылі выставіцца пасля доўгіх гадоў пустэльніцтва?
— Папраўдзе, мяне ўгаварыла жонка, маўляў, табе трэба паказаць, што ты займаешся не толькі перформансам, але і працуеш як жывапісец, як рысавальшчык, што ўсе гэтыя гады ты ніколі не пераставаў маляваць… Ну, вось я і паказаў, чым займаўся апошнія дваццаць гадоў.

— У такім разе запытаю наадварот: а чаму так доўга не выстаўляліся?
— Вы ведаеце, мабыць, пэўная ізаляванасць, замкнутасць, закрытасць — гэта маё наканаванне. Зноў жа спашлюся на жонку — яна ў мяне псіхолаг. Дык вось неяк яна мне патлумачыла, што калі дзіця да пэўнага часу, скажам, да гадоў пяці, жыве ў ізаляваным стане, яму будзе вельмі цяжка пераадолець гэтую ізаляванасць ад свету і ў дарослым жыцці, у яго проста не сфарміруецца давер да свету. Менавіта так і атрымалася ў маім выпадку. Я рос у невялікім правінцыяльным гарадку, мае бацькі з прычыны сваёй прафесіі мусілі пакідаць мяне, малога, дома на ўвесь дзень, і я знаходзіўся ўвесь час у адзіноце… Да вас адна журналістка ў мяне пыталася, маўляў, а чаму на маіх работах так многа зайцоў? Справа ў тым, што заяц — гэта такая таямнічая сакральная жывёла, якая жыве сабе недзе ў лесе сваім таемным жыццём і яе ніхто не бачыць. Гэта вельмі пераклікаецца з маёй пазіцыяй мастака. Я таксама жыву ў сваім таямнічым “лесе”, і мяне па вялікім рахунку цалкам задавальняе такая ізаляванасць, сітуацыя, калі ты сам-насам.

— Але на вашых карцінах з зайцамі мы заўсёды бачым не аднаго зайца, а двух. Другі заяц — гэта ваша другое “я”?
— Ну, можна і так сказаць. А можна сказаць, што другі заяц, дакладней, зайчыха, — гэта мая жонка. (Смяецца.) Урэшце, можна інтэрпрэтаваць як заўгодна. Сапраўды, калі чалавек сыходзіць з агромністага свету ў свой замкнуты свет — свет свайго жытла, ён застаецца ці адзін, ці ўдвух са сваім нябачным двайніком. Бачыце карціну “Адзінокі ваяр уначы”? Тут партрэт чалавека, а за ім стаіць яго двайнік… Я наогул ніколі не малюю шмат фігур. Ці гэта адзінокая фігура, ці гэта дзве фігуры, прычым часцей за ўсё яны знаходзяцца ў нейкай канфліктнай камунікацыі, якая паступова пераходзіць у фазу гармоніі.

— Мне ўсё ж не даюць спакою вашы зайцы. Гэты архетып, акрамя таямнічасці, мае на ўвазе і іншыя канатацыі. Напрыклад, зайца ўсе крыўдзяць, за зайцам гоняцца… У гэтым сэнсе вы таксама бачыце нешта агульнае з вобразам мастака? Вы самі адчуваеце, што за вамі нехта гоніцца, што вас нехта пераследуе?
— Безумоўна, мастак — істота датклівая. І калі гаварыць пра нейкі пераслед, то мастака па вялікім рахунку заўсёды пераследуе соцыум. Насамрэч, соцыум — гэта ўсё-такі агрэсіўная структура, не накіраваная на тое, каб прывесці чалавека да нейкіх узвышаных станаў. Соцыум можа шмат гаварыць пра мараль, пра сумленне, пра дабро і г.д., але ў рэальнасці нічога не можа даць чалавеку, які ў канчатковым выніку ўсё роўна застаецца ў адзіноце, сам па сабе. Што яму ў такім разе рабіць? З кім размаўляць? Я сам сто разоў задаваў сабе гэтыя пытанні, у свой час, як і многія творчыя людзі, прайшоў праз усходнія практыкі, у прыватнасці, захапляўся дзэн-будызмам, але, дзякуй богу, ад гэтага адышоў. У мяне была паездка ў Японію, дзе я рэальна ўбачыў, што ўяўляе сабой гэты дзэн-будызм і каму яны на самай справе моляцца, гэтыя язычнікі-вогнепаклоннікі… І вось, вярнуўшыся на радзіму, ужо на шостым дзясятку я, нарэшце, прыйшоў да хрысціянства як да адзінай рэальнай веры і сілы, якая нам дадзена. І сёння я перакананы: безумоўна, можна, асабліва нам, творчым людзям, шукаць сябе, праходзіць праз розныя захапленні, але ўрэшце мы павінны вярнуцца да нашага Бога, да хрысціянства. Толькі яно можа ўсяліць у чалавека сапраўдную веру.

— А хрысціянства і перформанс, які вы так любіце, — рэчы сумяшчальныя?
— Думаю, што так. Дзякуючы сваёй адкрытасці, дзякуючы таму, што перформер не мае часу, каб нешта перарабіць, зрабіць лепш, ён стаіць да Бога бліжэй, чым нават акцёр тэатра, які ўсё-такі выконвае завучаную ролю. Іншая справа, што ў перформансах мы часта бачым шмат дэструктыўнага, але гэта таксама неабходны момант для ачышчэння, як кажуць, клін клінам выбіваюць… Але галоўнае, паўтаруся, тое, што перформер увесь як ёсць паўстае перад гледачом. У яго няма шанцу схавацца некуды ў цень. Ён толькі тут і зараз. Ён бачыць вочы гледача, чуе яго дыханне. Таксама і глядач бачыць вочы перформера, суперажывае яму. І вось так нараджаецца еднасць. Хрысціянства таксама яднае…

— Што тычыцца выяўленчага мастацтва, вы аднолькава моцна захапляецеся як фігуратыўным містычным жывапісам (трымаем у галаве Шагала), так і геаметрычнымі экспрэсіўнымі абстракцыямі (помнім пра Малевіча). Вас не шакіравалі апошнія выказванні Нікаса Сафронава пра Малевіча і Шагала ў інтэрв’ю парталу tut.by?
— Я не цікаўлюся салоннымі мастакамі. А што ён сказаў?

— Адкрыта назваў іх шарлатанамі, махлярамі…
— Ну, калі гэта так, то ён проста духоўна бедны, фанабэрысты чалавек. Бо, здаецца, тое, што Шагал і Малевіч — геніі, гэта абсалютная ісціна, якую ведае ўвесь свет. І, дарэчы, нам асабліва крыўдна чуць такія рэчы, бо і адзін, і другі мелі непасрэднае дачыненне да Беларусі. Але, можа быць, Нікас і сам не вінаваты, а проста знаходзіцца пад уздзеяннем нейкіх дэманічных сіл, якія сёння вядуць яго да бездані… Думаю, што ў нейкі момант жыцця ён усё-такі будзе вымушаны перагледзець такія свае погляды.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.