Зусім нядаўна, 1 мая, мы адзначалі мірнае Свята вясны і працы, а праз некалькі дзён, 9 мая, будзем святкаваць Дзень Перамогі — свята таксама мірнае, але са слязамі на вачах, з памяццю пра мінулую свяшчэнную вайну…
Мы як бы апынаемся гэтымі майскімі днямі паміж вайной і мірам, праклінаем вайну і дзякуем за мір. І ў гэтым сэнсе вельмі сімвалічна, што якраз гэтымі днямі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзіць выстава дзіцячага малюнка “Як бачу я вайну і мір”, дзе прадстаўлена 27 работ навучэнцаў мастацкай студыі “Флорыя” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (кіраўнік студыі — педагог вышэйшай катэгорыі сябра Беларускага саюза дызайнераў Людміла Баірава). Дзеці 11—15-гадовага ўзросту, удзельнікі выставы, разважаюць у сваіх творах пра тое, што ёсць у іх уяўленні вайна і мір, пра тое, як важна ўмець выходзіць з канфліктных сітуацый, як важна, нарэшце, памятаць нам, сённяшнім, мірным і шчаслівым, пра тое, што мір калісьці з’явіўся ў выніку перамогі ў вайне, перамогі вялікага чалавечага духу над нечалавечым злом… І разважаюць яны пра гэтыя рэчы амаль па-даросламу, пры дапамозе мастацкай сімволікі, мысліцельных асацыятыўных сувязей, душэўных памкненняў.
Угледзімся ў іх творы: добрая золатавалосая фея плыве ў нябёсах да яшчэ не ачунялага ад вайны горада з лістамі аб міры; падлетак стаіць на абрыве паміж дзвюма ўяўнымі краінамі — краінай вайны і краінай міру; некуды, мабыць, на вайну ці з вайны едзе танк, а на ім увіхаюцца малыя дзеткі, якія… размалёўваюць гэты танк усімі колерамі вясёлкі; у разгорнутай кнізе жыцця мы бачым, як на адной старонцы сядзіць у скрусе дзяўчына і быццам хоча схавацца ад танка, які вось-вось разбурыць яе жытло, а на другой — сядзіць ужо іншая дзяўчына ў ласкавым святле ранішняга мірнага сонейка і абдымае немаўлятка… Усяго 27 работ, а колькі эмоцый, арыгінальных мастацкіх знаходак!
Экспазіцыя будзе працаваць па 25 мая. Куратар выставы загадчык аддзела выстаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Вольга Чарняцова паведаміла, што 25 мая будуць аб’яўлены чатыры лепшыя работы, адну з якіх — у намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый” — вызначаць наведвальнікі музея шляхам галасавання, якое арганізавана на выставе на працягу перыяду яе экспанавання. І дзеці, якія наведваюць экспазіцыю, ужо актыўна галасуюць. Выбіраюць мір…
Дарэчы
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны запрашае ўсіх на святочную праграму “Мы сустракаем Дзень Перамогі”. Свята адбудзецца 7 мая на тэрыторыі экспазіцыі баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення ў Цэнтры экатурызму “Станькава” (Дзяржынскі раён, Мінская вобласць). Пачатак у 11:00. Уваход вольны.
У праграме: канцэртная праграма “Песні Вялікай Перамогі”, рэканструкцыя бою (з выкарыстаннем піратэхнікі, халастых патронаў, бронемашын і артылерыі), экскурсія па экспазіцыі баявой тэхнікі і цяжкага ўзбраення, паказальнае выступленне кінолага са службовымі сабакамі, конкурсная праграма для дзяцей і дарослых, частаванне салдацкай кашай і інш.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.