Падарункі на Новы год ад культурнага Дзеда Мароза

Наш беларускі Дзед Мароз на самай справе вельмі культурны дзед. Трымае заўсёды ў чысціні і парадку свае апранахі і посах, рэгулярна падстрыгае бараду… Культурны ён і, да таго ж, прыгожы, добры, шчодры. І, безумоўна, на Новы год ён для кожнага з нас пакладзе пад навагоднюю ёлку падарунак — каму рэальны пад рэальную ёлку, а каму віртуальны — пад ёлку-сэрца… Але калі яшчэ той Новы год! Больш за тры тыдні яго чакаць.

На мінскіх вуліцах. Навагодняя інсталяцыя перад гасцініцай “Еўропа”.

Ды вось дзіўная рэч! Новага года чакаць яшчэ некалькі тыдняў, а мы ўжо атрымліваем незвычайныя і вельмі дарагія, проста бясцэнныя падарункі ад нейкага звышкультурнага і вельмі шчодрага беларускага Дзеда Мароза. Усе атрымліваем, усе, хто жыве ў нашай роднай Беларусі.

Якія гэта падарункі? А вось глядзіце…

Нядаўна стала вядома, што наш Будслаўскі фэст (урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай) унесены ЮНЕСКА ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. А гэта ж адзін з сімвалаў беларускай ідэнтычнасці, свята, якое штогод у ліпені збірае дзясяткі тысяч паломнікаў з усіх куткоў Беларусі і замежжа ў самым сэрцы Мядзельшчыны — незалежна ад іх верывызнання (хоць і выпраўляюцца яны ў пілігрымку ў Будслаў, каб пакланіцца Маці Божай у мясцовым каталіцкім храме), сацыяльнага статусу і гендару. Фактычна, Будслаўскі фэст — гэта нацыянальны набытак беларусаў. І, што вельмі радуе, яго не спатрэбілася неяк асабліва папулярызаваць, адхукваць ад небыцця, як тых жа “Калядных цароў” — самабытны абрад з вёскі Семежава, што патрапіў у спіс ЮНЕСКА некалькі гадоў назад. Будслаўскі фэст заўсёды быў і застаецца натуральнай жывой традыцыяй. І гэта сёння прызналі ва ўсім свеце.

А хіба не падарунак усім нам выхад у свет дыхтоўнага чатырохтомнага Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, прэзентацыя якога ў лістападзе адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі? (Падрабязней пра гэтую падзею чытайце на стар. 11.)
А хіба не падарунак усім нам адкрыццё выставы “Калекцыя спявачкі Лідзіі Русланавай у зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”? На выставе і ў пастаяннай экспазіцыі музея прадстаўлены 30 карцін са збору заслужанай артысткі РСФСР, знакамітай на ўвесь Савецкі Саюз выканаўцы народных песень. Гэта, як сцвярджаюць куратары выставы — вядучы навуковы супрацоўнік НММ Рэспублікі Беларусь Надзея Усава і навуковы супрацоўнік НММ Рэспублікі Беларусь Ала Васілеўская, касцяк экспазіцыі класічнага рускага мастацтва, падмурак двухтысячнай калекцыі рускага жывапісу нашага музея.

А хіба не падарунак тое, што свой мілы тварык — нават не хочацца гаварыць: “Пыску”! — нарэшце паказала ўсім нам вясёлае лісяня Лесік. Менавіта гэтае забаўнае стварэнне стане талісманам ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску летам наступнага года. Скажаце, што гэты пераднавагодні падарунак мае мала дачынення ўласна да культуры? І моцна памыліцеся, бо Лесік прыйшоў да нас непасрэдна з казкі, ды яшчэ якой казкі! Казкі пра “Маленькага прынца”. Пасля таго як Маленькі прынц пакінуў планету Зямля, лісяня засумавала. Усе думкі яго былі пра тое, як знайсці сяброў. Яно прынюхвалася і прыслухоўвалася, ад гэтага яго вушкі сталі большыя. Яно даследавала наваколле ў пошуках адказу на пытанне “Як жа зрабіць так, каб у яго з’явіліся сябры?”. І аднойчы, дзякуючы сваім вялікім вушкам і моцным лапкам, яно даведалася, што недзе ў Беларусі існуе кветка, якая выконвае ўсе жаданні. Гэта легендарная беларуская папараць-кветка. Лісяня выправілася ў Беларусь, каб знайсці папараць-кветку і здзейсніць сваю мару. Шлях у яго быў няблізкі, яму давялося зрабіць мільён крокаў — у гэтым мы можам пераканацца, убачыўшы яго фітнес-бранзалет… А яшчэ ў яго ёсць аранжавая кепка, на якой напісаны слоган ІІ Еўрапейскіх гульняў: Bright Year — Bright You. Гэта не проста “Яркі год — яркі ты”. У гэтым слогане на англійскай мове лёгка прачытваецца абрэвіятура, афіцыйны міжнародны код нашай краіны — BY.

І гэта не ўсе падарункі ад нашага культурнага Дзеда Мароза, якія мы атрымаем ад яго яшчэ да Новага года. У найбліжэйшы час нас чакаюць Калядны оперны форум у Вялікім тэатры, тры навагоднія фотавыставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і многія-многія іншыя культурныя цікавосткі.

Сціраецца мяжа ў нясумных снежаньскіх прыцемках: ці гэта 2018 год спяшаецца аддаць нам усе свае культурныя падарункі, так бы мовіць, падводзіць вынікі, ці гэта ўжо новы, 2019 год залашчвае, інтрыгуе нас…

А тым часам нашы вялікія і малыя гарады вось-вось пачнуць ва ўсю міргаць вясёлымі навагоднімі агеньчыкамі… Жыццярадасна загарыцца галоўная ёлка краіны на сталічнай Кастрычніцкай плошчы, па-навагодняму заззяюць праспект і Верхні горад…
І мы, такія прагныя да шчодрых навагодніх падарункаў, таксама загарымся, заззяем.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.