Разархівацыя навацыі

Днямі ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пачала працаваць Рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2018”, прысвечаная Году малой радзімы. Арганізатарамі мерапрыемства па традыцыі сталі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь і НЦМТДіМ.

У заключным этапе выставы-конкурсу прынялі ўдзел больш за 500 навучэнцаў ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў з усіх куткоў краіны. Яны прадставілі свае жывапісныя і графічныя работы, архітэктурныя макеты, мастацкія фота- і відэаролікі ў такіх намінацыях, як “Архітэктура малой радзімы” (архітэктурныя асаблівасці, рэгіянальныя выдатныя мясціны таго краю, дзе жыве аўтар), “Знакамітыя архітэктары Беларусі” (партрэты архітэктараў, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё архітэктуры роднага краю), “Разумны дом” (сучасныя падыходы да стварэння дома будучыні) і “Вытокі адукацыі” (архітэктурныя макеты Музея беларускага кнігадрукавання, які з’яўляецца адным з 11 музеяў Нацыянальнага полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, і школы з вёскі Калодчына Вілейскага раёна Мінскай вобласці — помніка драўлянай архітэктуры 1932 года пабудовы).

Шчыра кажучы, мне вельмі падабаецца гэтая выстава-конкурс, магчыма, нават больш, чым “Калядная зорка” — самая папулярная ў нашых навучэнцаў выстава, якую ладзіць Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. “АрхНавацыя” мне падабаецца найперш сваёй канцэптуальнасцю, а яшчэ тым, што яна… сур’ёзная. А гэта цудоўна, калі нашы дзеці пры ўсёй іх залежнасці ад гаджэтаў і іншых не вельмі сур’ёзных спакус бываюць сур’ёзнымі, удумлівымі, засяроджанымі на важных рэчах.


Штогод, аглядаючы работы, прадстаўленыя на “АрхНавацыі”, не перастаеш здзіўляцца сур’ёзнасці іх маленькіх і юных аўтараў. І штогод, наведваючы гэтую экспазіцыю ў выставачнай зале НЦМТДіМ, ходзіш па ёй і нібыта ўвачавідкі трапляеш то ў нашу родную даўніну, то ў сучаснасць, то ў будучыню. Гэтакая вандроўка па нашай вялікай радзіме і дзясятках малых радзім. А сёлета, у Год малой радзімы, яно асабліва відавочна.

І неяк міжволі нарадзілася ў мяне гэтая назва — “Разархівацыя навацыі”. Можа, з прычыны таго, што гэтая прыстаўка “арх” адсылае не толькі да слова “архітэктура”, але і іншых слоў, якія так пачынаюцца: “архіва”, “архетыпа”, “археалогіі”… Можа, справа ў звычайнай рыфме “разархівацыя — навацыя”. А можа, яшчэ таму, што нашы разумныя і сур’ёзныя дзеці іншым разам нагадваюць… камп’ютарныя архівы. Глядзіш на такую архіўную папку на маніторы — і нічога не бачыш. Але варта толькі яе разархівіраваць — і адкрыецца мноства іншых папак з вордаўскімі файламі і карцінкамі. Дык вось, аказваецца, можна “разархівіраваць” і нашых дзяцей — і адкрыецца сапраўдная навацыя, адкрыецца палёт іх фантазіі, нарэшце, адкрыецца іх душа, якая адкрыта свету… і сваёй радзіме.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.