Радзіме заўсёды служыць, альбо Сэрцам народжанае

Чытаю і перачытваю новы вершаваны зборнік паэтэсы настаўніцы Мачульскай базавай школы, што на Століншчыне, Галіны Бабарыка “Дарога ў восень”, якая выйшла ў брэсцкай друкарні “Альтэрнатыва”, адзначаю сілу яе паэтычнага таленту і нястомную творчую працавітасць, пазіраю на партрэт гэтай мілавіднай паляшучкі, а ў душы спее вывад, што таленавітая паэтэса і сапраўды “па сусветным агульным Законе жыве”, бо ўсё сваё жыццё яна толькі і робіць, што свае сілы, веды, розум, свой талент і час бескарысліва аддае людзям, грамадству, Радзіме, літаратурнай дзейнасці, у тым ліку і Яе Вялікасці Паэзіі. Нягледзячы на педагагічную занятасць, вясковую шматгранную заклапочанасць, вершаваных твораў у паэтэсы набралася на два змястоўныя зборнікі. Першая кніга вершаў Галіны Бабарыка “Давер” пабачыла свет у 2004 годзе. І выйшла яна ў Пінскай рэгіянальнай друкарні. 

Як паэтэсу і пісьменніцу яе добра ведаюць не толькі на Брэстчыне, але і па ўсёй Беларусі і нават за яе межамі. Нарадзілася Галіна Сідараўна ў вёсцы Мачулі, што на Століншчыне. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча і Магілёўскага педагагічнага інстытута чатыры гады працавала ў Макеевіцкай васьмігадовай школе Клімавіцкага раёна. Зараз жыве на радзіме і тут жа настаўнічае ў Мачульскай базавай школе. За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Вершы пачала пісаць яшчэ са школьных гадоў. Першы раз надрукавалася ў часопісе “Вясёлка”, і было гэта ў 1970 годзе. Адчуўшы смак творчасці і паверыўшы ў свае літаратурныя здольнасці, з таго часу пяра не кідае — пры любой вольнай хвілінцы занатоўвае пачуцці, думкі, уражанні, якія нахлынулі на яе.
Кожны сапраўдны творца ведае, што паэтычная творчасць — справа нялёгкая. Паэзія — матэрыя тонкая, далікатная, яна выпраменьваецца энергіяй пакліканай душы, душы адухоўленай, якая сілкуецца з найвышэйшых жывых крыніц. І паэтэса з уласцівай для творцы тонкасцю душы гэта разумее, а іншым разам і падсвядома адчувае, бо нездарма ж у адным са сваіх твораў сцвярджае, што паэт павінен:

Сэрцам адчуць, як малітву,
Радкоў вершаваную вязь.
Як жыць, дык па Божаму рытму,
Адкінуўшы пошласць і гразь.

Як сапраўдная самабытная творца Галіна Бабарыка ў сваіх радках заўсёды непадкупна шчырая, дасціпная, удумлівая. Амаль ва ўсіх творах адчуваюцца яе непадробнае жыццялюбства, спакойная разважлівасць, заглыбленасць, жаночая спагадлівасць і добразычлівасць. Яе гераіня нават лістападаўскі “жоўты маленечкі дзьмухавец укрывае лісточкам — болей няхай пажыве”. У вершы “Родным дзецям” паэтэса як маці і педагог сцвярджае: “Мне ёсць аб чым вам расказаць, // Бо перажыта ўжо нямала. // Не раз паўзла бяда-навала, // Жыцця таптала сенажаць. // Ды паўставала фенікс-птушкай — // Надзея, Вера, Дабрыня…// І не прыпомню таго дня, // Каб я ў зла была за служку”.
Праз мастацкае слова ёй удаецца па-майстэрску праўдападобна намаляваць не толькі тую ці іншую карціну жыцця, прыроднай з’явы, апісаць пачуцці, але і перадаць стан уласнай душы чытачу, удаецца прымусіць яго суперажываць разам з ёю, зачаравацца і натуральна парадавацца таму настрою, які праліваецца ў цяперашні момант з яе багатай і чуллівай душы. Так, у вершах, прысвечаных вясне, лету, удала адлюстроўваецца святочны настрой прыроды, адчуваецца яе жывое напаўненне новай сілай, хараством і святлом для далейшага стваральнага руху, а праз гэтую ўзнёслую святочнасць даецца другое дыханне чытацкай душы. Верыцца, што, нягледзячы на пражытыя гады, у душы творцы зноў ажываюць узнёслыя дзявочыя жаданні, рамантычныя думкі, светлыя мары:

Вясне пракладае дарогу
Сустрэчай узрушаны клін.
Нясуць журавы не трывогу,
А радасць да родных мясцін.

І хоць заінелыя скроні,
Ды мроіцца, што ўпершыню
Пад небам адвечным сягоння
Жыцця сустракаеш вясну.

Лірычнай гераіні мроіцца, што яна сустракае менавіта вясну, а не восень, у якую вядзе яе асенняя дарога.
Вострае адчуванне кожнага імгнення жыцця, тонкае валоданне мастацкім словам, веданне літаратурных тропаў у вершаскладанні — усё гэта дапамагае паэтэсе дасягнуць у сваёй творчасці паэзійнай дасканаласці. Яе творы аздоблены свежымі думкамі, трапнымі знаходкамі, палескім водарам гучання і светлай непаўторнасцю:

На хвалях зялёнага маю
Душа ўскалыхнецца твая,
Зямная краса — не зямная
Пад музыку-трэль салаўя.

Паэтэса добра разумее не раз пачутае ці прачытанае мудрае выказванне аб тым, што быць літаратарам — высокая місія і вялікая адказнасць перад людзьмі і Богам, што толькі шчырае, яркае, глыбакадумнае слова застаецца назаўсёды як жывое сведчанне тваёй прысутнасці на зямлі і асабістага ўдзелу ў жыцці краіны, у лёсе свайго народа. Ці не таму ў яе творах можна сустрэць радкі як запаведзі: “Кожны міг пралятае хутчэй, чым страла, // Кожны міг не паўторыцца болей, //Дык спяшайся так жыць, каб душа прарасла // Да нашчадкаў, як кветка любові”. А вось выказванне “Веру, што не ўзрадуецца зло, //Свет уберажэцца ад удараў…” гучыць ужо як прароцтва.
У раздзеле “Пазначаны словамі-песнямі маці” Галіна Бабарыка прыгожа і шчыра праслаўляе жыццё роднага краю, яго палескую красу, матуліну мову, сваіх землякоў, іх дабрыню, звычаі, святы і абрады; апявае дарагія яе сэрцу мясціны: вёсачку Мачуль, рачулку Моўству, старажытны Давыд-Гарадок, дарагіх продкаў:

Тут прашчураў маіх зямля,
Іх лёсы тут пагост хавае.
Ды ведаю: ад моцнага камля
Галіна за галінай адрастае.

Што ні кажы, а любіць паэтэса восень як само жыццё, бо надта ўжо многа прысвяціла ёй твораў. Гэта і “Асеннія матывы”, і “У палоне восені”, і “Сум восені”, і “Лістапад”, і “Развітанне з лістападам”, і шмат іншых. І нават адзін з раздзелаў кнігі назвала “Здзіўлены восеньскім маем”. Дый зборніку дала назву ў гонар залатой пары года. Яркая, залатая восень у яе творчасці сімвалічна атаясамліваецца з парой спелага чалавечага жыцця. Нездарма ж у вершы “Залатая восень” з радасным сумам Галіна Бабарыка сама з сабою разважае:

Не спяшае восень са двара,
Не скідае ўборы з пазалотай…
Потым прыйдзе новая пара,
Потым прыйдзе час асенняй слоты.

А гераіня верша “Парада сябру” па-мудраму спрабуе дапамагчы таму, хто па волі лёсу трапіў у бяду і не ведае, як з яе вырвацца:

Калі бяда згінае плечы
І долу гне нябачны груз,
Разваж: твой лёс
не горш за нечый,
Адкінь нядобрых думак друз.
Разваж, падумай, чалавеча:
Нягоды пройдуць, боль міне,
Са шчасцем збудзецца
сустрэча —
Бяду не ўтопіш у віне.

Моцна кранаюць чытача і яе творы на хрысціянскія матывы, вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, маці, сястры, каханню, сябрам:

Кахай. Беражы. Не тушы.
Хай будзе далёка
за дваццаць…
Каханне — цудоўнная праца
Адзначанай лёсам душы.

Ёсць у паэтэсы творы, якія ўбіраюць у сябе нюансы духоўнай і матэрыяльнай сферы рэчаіснасці, роздумы пра вострыя праявы жыцця, чалавечую самоту і сум, дзе пульсуе жаданне падказаць чалавеку, як вырвацца са штодзённай руціны на волю, каб “душа не заставалася галоднай”.
Вядома, што ў любой галіне культуры, як і ў кожным жанры літаратуры, сапраўднае мастацтва дасягаецца, калі ў творцы ёсць не толькі здольнасці, але і моцная воля, цярпенне, запас ведаў і жывая чуллівая душа. Увесь гэты арсенал у Галіны Сідараўны, як кажуць, пры сабе. Дай ёй, Божа, толькі здароўя і шчасця, паберажы яе даўжэй на гэтым свеце для Беларусі, роднага куточка і дзеля развіцця беларускай літаратуры, прачулага роднага слова.

Надзея ПАРЧУК,
паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.