Момант ісціны

Некалькі гадоў назад, будучы на стажыроўцы ў Берліне, уразіўся неймавернай колькасці гарадскіх скульптур у нямецкай сталіцы — на праспектах, у парках, проста ў былых гэдээраўскіх шэрых дварах, ля шэрых пад’ездаў жылых дамоў.

Хадзіў па Берліне з фотаапаратам і літаральна не выпускаў яго з рук. Прызнацца, думаў тады: “Навошта іх немцы столькі наставілі?” А сам фатаграфаваў, фатаграфаваў, фатаграфаваў… І, яшчэ думаў: “А калі ў маім родным Мінску будзе такое? Гэта ж так упрыгожвае горад, робіць яго нейкім утульным, адметным, родным”.

А надоечы я дачакаўся-такі і свайго мінскага шчасця ў гэтым сэнсе. Прыйшоў у парк Перамогі, а ўжо там — на Востраў камсамольцаў, названы так у гонар камсамольцаў — будаўнікоў Камсамольскага возера, вадасховішча, адкрыццё якога мусіла адбыцца 22 чэрвеня 1941 года, але па вядомых страшных прычынах не адбылося…

Я не паверыў уласным вачам. Рукі мае самі пацягнуліся да фотаапарата, каб фатаграфаваць гэтак жа, як некалі ў Берліне. З гадзіны тры я вандраваў па востраве і літаральна праз кожныя 20—30 метраў бачыў скульптуры. Тут жа чытаў прозвішчы і імёны аўтараў: Дзмітрый Сурскі, Павел Вайніцкі, Віктар Копач, Таццяна Гомза, Васіль Цімашоў, Канстанцін Селіханаў, Рэмігіюш Дулька і інш. Гэта праект “АРТ-астравы”, арганізаваны Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў і Альфа-Банкам пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама.

Прыкмеціў адну вельмі істотную рэч: людзям, якія адпачывалі ў парку, падабаліся гэтыя скульптуры больш, чым фантаны і грамадскія пункты харчавання. Людзі падыходзілі да скульптур, з азартам фатаграфаваліся, рабілі ўсемагчымыя сэлфі. Дзеці смяяліся і радаваліся, калі залазілі на нейкі дзівосны драўляны веласіпед ці калі абдымаліся з рахманымі і зусім не страшнымі гіпсавымі конямі. А побач з замілаваннем на іх глядзелі іх прыгожыя маладыя мамы…

І быў у той вечар для мяне момант ісціны. Ісціны, якая палягае ў Прыгожым.

Ля скульптуры “Горад” польскага скульптара Рэмігіюша Дулькі я ўбачыў кампанію вясёлых маладых людзей. Мне захацелася іх сфатаграфаваць для газетнага рэпартажу. Яны былі такія гарэзныя і шчаслівыя!

Падышоў да іх, выказаў сваю прапанову. А яны аказаліся… глуханямыя.

Утварылася на нейкі момант нямая — у літаральным сэнсе гэтага слова — сцэна.

Але гэта быў момант ісціны.

Як жа яны ўзрадаваліся, калі нарэшце без слоў мяне зразумелі!

Іх радасць — тут, на фота.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.