Майстар–клас па народным танцы

У сучасным свеце ў дзяцей губляецца цікавасць да сапраўды народнага танца, большасць моладзі захапляецца моднымі харэаграфічнымі і далёка не заўсёды нацыянальнымі па сваёй сутнасці кірункамі, таму далучэнне дзяцей да менавіта народнага танца з’яўляецца сёння актуальнай задачай.

Як дасягнуць належнага ўзроўню выканання народных танцаў? На гэтае пытанне нядаўна і мусілі адказаць на майстар-класе “Авалоданне методыкай і выканальніцкім майстэрствам народнага танца. Манера і стыль выканання беларускага і польскага танцаў” для педагогаў-аматараў харэаграфічнага мастацтва і навучэнцаў школ Воранаўскага раёна.
Ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства выступіў узорны ансамбль танца “Радунскія салавейкі” сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Воранаўскага райвыканкама. Правялі майстар-клас запрошаныя майстры танца: мастацкі кіраўнік заслужанага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь “Крыжачок” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Музалеўскі разам з удзельнікамі ансамбля, вядучы метадыст па музычна-харэаграфічным жанры Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ларыса Віленаўна Галалобава і харэограф узорнага ансамбля танца “Радунскія салавейкі” Алена Аляксееўна Стацэнка.

На ўрокі па беларускіх і польскіх танцах у Радунскую сярэднюю школу прыехалі навучэнцы і педагогі дзесяці школ Воранаўскага раёна розных узростаў. Педагогамі-майстрамі быў прадстаўлены тэарэтычны матэрыял “Базавыя прынцыпы пастаноўкі беларускага і польскага народных танцаў”. А падчас практычных заняткаў удзельнікі майстар-класа актыўна займаліся і адпрацоўвавалі элементы такіх танцаў, як “Лявоніха”, “Крыжачок”, “Паланэз”, “Кракавяк”.

Атрыманыя веды і практычны вопыт удзельнікі майстар-класа абавязкова выкарыстаюць пры падрыхтоўцы да Першага раённага адкрытага фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Фэст народнага танца”, які адбудзецца ў лістападзе.

Францішка ГАБІС,
кіраўнік узорнага ансамбля танца “Радунскія салавейкі”.