Насустрач кіно, насустрач натхненню!

Учора пачаў сваю работу XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, арганізатарам якога па традыцыі стаў Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ-Карпарэйшн”, а заснавальнікамі выступілі Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Беларускага саюза кінематаграфістаў. А развітаецца кінафорум са сваімі прыхільнікамі праз тыдзень — 11 лістапада.Кінааматары добра памятаюць, як у мінулыя гады дзякуючы свайму любімаму кінафоруму яны атрымлівалі “Асалоду для вачэй”, глядзелі “Такое рознае кіно”, шукалі ісціну пад дэвізам In kino veritas… А слоганам сёлетняга фестывалю (яго арганізатары заўсёды вельмі пільна ставяцца да вербальнай і візуальнай формулы фэсту, якая мяняецца з году ў год) стала немудрагелістая, але ёмістая і ўсёабдымная фраза “Насустрач натхненню” (Towards inspiration). Зразумела, насустрач якому натхненню заклікае ісці гэты слоган: натхненню, якое атрымлівае ад кіно глядач і якое кіруе калектыўным аўтарам кінакарціны (рэжысёрам, прадзюсарам, сцэнарыстам, аператарам, акцёрскім складам і г.д.) у іх рабоце. Дырэктар праграм ігравога кіно ММКФ “Лістапад” Ігар Сукманаў тлумачыць больш падрабязна: “Кіно — гэта заўсёды рух, заўсёды падарожжа ў свет непазнанага. Спасцігаючы вялікую гісторыю, чалавечыя адносіны, супярэчнасці і прыгажосць жыцця, мастак, поўны натхнення, імкнецца яму насустрач. У сваю чаргу, калі мы глядзім фільм, мы таксама адкрыты гэтаму пачуццю, таксама чакаем сустрэчы з ім, акунаючыся ў атмасферу фільма. Такім чынам, аўтары і гледачы ў пошуках натхнення ідуць насустрач адно аднаму. Натхненне робіць іх паплечнікамі і аднадумцамі. У выніку нараджаецца камунікацыя, віртуальнае збліжэнне. У гэтым і заключаецца адна з галоўных мэт кіно як мастацтва. Пра гэта мы і хочам нагадаць сваім слоганам”. Адпаведна, і на фірменным постары сёлетняга кінафоруму ідэя ўзаемадзеяння і руху насустрач адно аднаму ўвасоблена ў вобразе сюррэалістычнага чалавека з карцін Рэнэ Магрыта на кінаэкране.

У нумары нашай газеты за мінулую суботу, 29 кастрычніка, мы прапанавалі нашым чытачам невялікі фестывальны гід, коратка пазнаёміўшы з праграмамі асноўнага конкурсу ігравога кіно, конкурсу дэбютных карцін “Маладосць на маршы”, конкурсу дзіцячых і юнацкіх фільмаў “Лістападзік” і асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Але арганізатары фестывалю “Лістапад” настойліва раяць кінааматарам звярнуць увагу і на іншыя конкурсы, праграмы ды платформы кінафоруму. Напрыклад, на конкурс нацыянальных кінашкол, які сёлета пройдзе пяты раз і збярэ карціны маладых рэжысёраў з Беларусі, Украіны, Расіі, Ізраіля і міжнароднай кінашколы DOC NОMANDS (навучанне ў гэтай школе праходзіць у Партугаліі, Бельгіі і Венгрыі, а вучацца там студэнты з усяго свету); або пазаконкурсную праграму “Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны”, дзе будуць прадстаўлены апошнія трыумфатары трох галоўных кінафестываляў свету (Берлінскага, Канскага і Венецыянскага) — фільмы “Мора ў агні”, “Я, Дэніэл Блэйк” і “Жанчына, якая пакінула”; ці на пазаконкурсную секцыю ігравога кіно “Майстар-клас”, дзе будзе магчымасць пазнаёміцца з 6-ю выбітнымі фільмамі ад таленавітых рэжысёраў, якія не вымагаюць спецыяльнага прадстаўлення: Ксаўе Далана, Джыма Джармуша, братоў Дардэн, Ежы Скалімоўскі, Асгара Фархадзі і Міа-Хансена Лёве. Нарэшце, у рамках ХХІІІ ММКФ можна наведаць тры надзвычай цікавыя выставы, прысвечаныя кіно і яго асобным выбітным персаналіям: “Кінарэжысёр Яніс Стрэйч: фільмы, людзі, эпоха” (у Музеі гісторыі беларускага кіно), “Фільмы Анджэя Вайды ў сусветным кінапракаце” (у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага) і “Час нямых зорак. Ад чорна-белага да чырвонага” (у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь).

Карацей, аматарам кіно ўвесь найбліжэйшы тыдзень сумаваць дакладна не давядзецца. Быў бы толькі час, настрой і гэтае самае натхненне, насустрач якому так настойліва заклікае ісці ХХІІІ Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”. А яно будзе, абавязкова будзе…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.