Скульптуры ідуць у горад, або Ад ідэі да вобраза

Нататкі з новай выставы ў мастацкай галерэі імя І.В.Ахрэмчыка

Цяпер прыйшоў час візуальнага мастацтва. Не толькі таму, што новае пакаленне з маленства прызвычаілася да экрана тэлевізара і манітора камп’ютара. Жывапіс, графіку, скульптуру, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва лягчэй інтэрпрэтаваць і ацэньваць — яны вельмі адкрытыя, заўсёды ўступаюць у дыялог з гледачом. Адзін мой знаёмы аднойчы сказаў, што не зусім разбіраецца ў мастацтве, бо яго спецыяльнасць ніяк не звязана з творчасцю. На маю думку, галоўнае — свабода, каб чалавек быў адкрыты (тады і творы “раскрыюцца”), каб ён мог аналізаваць, не баяўся ўласных думак і тлумачэнняў твораў мастацтва. Мастацтва — гэта сфера, якая знаходзіцца паміж розумам і душой, паміж трывалай зямлёй і “ўзнёслым” небам. Як мне здаецца, мастацтва трэба не столькі разумець, колькі адчуваць. Творчыя людзі, якія ствараюць прыгажосць на Зямлі, — людзі з багатым унутраным светам, духоўныя, натхнёныя… У гэтым колькі разоў пераконвалася, наведваючы самыя розныя выставы. У мастацкай галерэі імя І.В.Ахрэмчыка, што размешчана ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, дзе вучацца таленавітыя дзеці з усёй рэспублікі, можна ўбачыць шмат незвычайных мастацкіх твораў. А новая выстаўка “Праект” (куратар, выкладчык гімназіі-каледжа, вядомы скульптар Іван Арцімовіч) знаёміць з арыгінальнымі творамі беларускай ландшафтна-паркавай скульптуры, якія сёння знаходзяцца ў розных кутках свету. Большасць аўтараў — выпускнікі і выкладчыкі гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.

Скульптура і людзі

Прайшоў той час, калі мастацтва хавалася ў майстэрнях. Сёння яно быццам пачало жыць па законах чалавека. А можа, стамілася, знаходзячыся ў шэрых памяшканнях? Мастацтва хоча выйсці ў горад, каб дыхаць, каб абудзіць, закрануць, натхніць яго. І ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка зараз плённа працуюць над стварэннем такога цікавага праекта, як парк скульптуры, мараць аб правядзенні Міжнароднага пленэру юных скульптараў. А пакуль што наладзілі выстаўку твораў, многія з якіх былі створаны вядомымі беларускімі скульптарамі якраз падчас пленэраў. Прадстаўленыя на сценах галерэі фотаздымкі толькі частка той экспазіцыі, якую мінчане бачылі ў ліпені гэтага года ў Палацы мастацтва, дзе скульптары і мастакі праз творы паказалі гледачу свае ўяўленні аб тым, якой можа быць гарадская сучасная скульптура, у тым ліку і ў прыродным асяроддзі. — Сёння ў многіх краінах ёсць паркі скульптур, напрыклад, у Кітаі, Турцыі, Японіі, Амерыцы, — расказвае аўтар праекта Іван Арцімовіч. — Чым адрозніваецца парк скульптуры ад уласна парку? Зразумела, што для сучаснага горада звычайны парк мае вялікае значэнне, бо гэта месца адпачынку. А парк скульптуры гэтае асяроддзе напаўняе яшчэ і эстэтычным зместам.

Скульптура і прырода

Думаю, гэты праект Івана Арцімовіча зацікавіць мінчан, бо ён выконвае адразу некалькі функцый: эстэтычную, геданістычную, сацыяльную. Тым больш менавіта скульптура, як і архітэктура, найбольш арганічна ўваходзіць у прыроду, прымае ўсе яе станы і настроі. Паркі скульптур у параўнанні з уласна паркамі адпачынку, як мне падаецца, больш “цёплыя”, “хатнія”. А зараз так не хапае нам гэтай цеплыні… — У Беларусі праводзяцца пленэры, напрыклад, у Магілёве, Гродне… Я быў куратарам скульптурнага пленэру, які прайшоў у Смаргоні, — працягвае размову Іван Арцімовіч. — Ёсць майстры, працы, сімпозіумы, пленэры, але няма парку… У Мінску ў 2006 годзе была зроблена спроба стварыць парк: склікалі даволі вялікі сімпозіум, у якім удзельнічала больш за 20 скульптараў, плацілі ганарары… Работы з мармуру, граніту, металу прафесійных майстроў павінны былі знаходзіцца ў Мінску на пэўным месцы, якое на сёння мы змаглі б назваць паркам скульптуры. Але, на жаль, гэтага не адбылося. Не ведаю, чаму ідэя не рэалізавалася. У выніку ўсе скульптуры былі расстаўлены ў розных кутках Мінска. А сталіца — гэта левіяфан, яна праглыне любы аб’ём скульптур і ў любой колькасці, таму адзіная магчымасць, на мой погляд — гэта арганізоўваць лакальныя невялікія куточкі гэтага горада. А Мінск можа пахваліцца такімі прыгожымі месцамі, як Лошыцкі парк, парк Уручча, парк Дружбы народаў. Насамрэч, такіх месцаў багата, дзе магло б з’явіцца 10—20 скульптурных работ, і гэта была б вельмі значная з’ява ў краіне. Сёння асобныя скульптуры выкладчыкаў гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Івана Арцімовіча, Святланы Гарбуновай, Паўла Лявонава, Васіля Цімашова, Паліны Піраговай можна ўбачыць у Мінску, Гродне, Смаргоні, Нясвіжы, Лагойску, іншых беларускіх гарадах, а таксама ў Любліне, Калінінградзе… А выпускнікі пад іх кіраўніцтвам штогод ствараюць унікальныя скульптуры з дрэва, каменю, металу, якія сёння можна ўбачыць і ў галерэі, і ў дворыку гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.
— Сувязь паміж пакаленнямі не перапыняецца, — кажа Іван Арцімовіч, — выкладчыкі перадаюць навучэнцам свае веды, вопыт, майстэрства…

Скульптура і вобраз

Вядомы беларускі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў у сваёй лаканічнай рабоце “Адчуванне часу (паганскі матыў)” з’яднаў чатыры стыхіі — зрабіў іх матэрыяльнымі. У творы няма пачатку (бо долька сонца быццам знікае ў нябёсах) і канца — вада, плаўная форма, зліваецца з зямлёй, што сімвалізуе еднасць усяго ў прыродзе. Зараз гэтая скульптура знаходзіцца ў Кітаі.
Зліццё паветра, сонца і вады…
Зямля вакол сябе ўсіх збірае.
І долька сонца свет мой
У думках лёгка абуджае.
Твор Паліны Піраговай “Млечны шлях” прасякнуты філасофскім падтэкстам. Мы не бачым пэўнай “адшліфаванай” формы, бо скульптура паступова растае ў асяроддзі. Гэты твор ёсць Сусвет, але замест зорак і планет — твары. Чым больш выразны твар, тым больш чалавек духоўна развіты. Гэты твор П.Піраговай пра сфарміраванасць, пра тое, як індывід становіцца асобай. І, канечне, пра невымерны ўнутраны свет, бо чалавек ёсць Сусвет.
Сілуэт. Свет. Сусвет.
Шлях у сабе раскрываецца
Наноў.
Твар. Свет. Мой Сусвет.
Думкі мае напаўняюцца… Іван Арцімовіч прадставіў сваю работу “Перуновы камень”, якая зараз знаходзіцца ў Гродне. Устаноўлена скульптура ў парку, побач з Каложскай царквой.
Востры граніт прарываецца скрозь
Святлацені.
Ён пераходзіць праз плоскасці
Цвёрдых аблокаў.
Гэта ёсць абярэг ад звонкіх стрэлаў.
Гэта ёсць абярэг пакаленняў.
Самую тэатральную, вясёлую скульптуру зрабіў Павел Вайніцкі. Яна называецца “Падарожнік”. Здаецца, што гэта чалавек з пэўнай ідэяй, але ён не можа яе здзейсніць адзін. Ён шукае людзей, каб наладзіць тэатральнае відовішча. Гэтая скульптура прамаўляе: “А давайце зробім свой спектакль, а, жыхары? А можа, ты хочаш патанцаваць? Рабі гэта зараз, на гэтым месцы, але не заставайся чэрствым, раўнадушным, халодным…” Гэты твор пра рэалізацыю сваіх ідэй менавіта ў гэтыя хвіліны і на гэтым месцы.І яшчэ я адкрыла для сябе, што кожная скульптура мае свой голас. І людзі, і сама прырода чуюць яго. І на падсвядомым узроўні ўспрымаюць вобраз, які закладвае ў свой твор аўтар.
Гукі скульптуры “Голас” Васіля Цімашова сёння разрываюць паветра Літвы. Гэта кліч: “Людзі! Звярніцеся да прыроды, мастацтва і мастацтва ў прыродзе!”
Гукі скульптуры разрываюць паветра прыроды,
Бо думкі людзей неспакойна лунаюць
У свет віртуальных ідэй… У мастацкай галерэі імя І.В.Ахрэмчыка кожны можа здзейсніць незвычайнае, захапляючае падарожжа не толькі ў сённяшні, але і ў заўтрашні дзень. А калі будзеце праходзіць каля Мінскай ратушы, ведайце, што незвычайны “павук” (такіх нашы продкі рабілі з саломкі) зроблены маладымі скульптарамі Палінай Піраговай, Аляксандрам Сакаловым, Іванам Арцімовічам і Васілём Цімашовым, выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а пасля — выкладчыкамі гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Прыгледзьцеся. Прыслухайцеся. І адкрыецца вам вобраз, які нашы продкі звязвалі з сонцам, пачаткам усіх пачаткаў на зямлі…

Вольга РОПАТ,
студэнтка 5 курса Інстытута журналістыкі БДУ.