Спецыяліст па арт-піяры Ірына БІГДАЙ: “Піяр” і “піяршчык” — гэта не лаянкавыя сповы…”

З вядомым у адпаведных прафесійных колах спецыялістам па піяры і, у прыватнасці, па арт-піяры Ірынай Бігдай мне давялося пазнаёміцца нядаўна падчас прэс-тура ў вёску Лужкі Шаркаўшчынскага раёна, дзе ў тамтэйшай школе была адкрыта мастацкая галерэя дзіцячых твораў. Шчыра кажучы, у той паездцы з пачутага ад Ірыны мяне зачапілі і пэўныя факты яе разнастайнай біяграфіі (колішні дырэктар легендарнай галерэі сучаснага беларускага мастацтва “Шостая лінія”, першы арганізатар перформансаў у нашай краіне, першы спецыяліст па піяры першага беларускага аператара сотавай сувязі Velcom і інш.), і нават некаторыя прамоўленыя ёмкія фразы кшталту “Дайце мне сцяну, памяшканне, а малаток, цвікі і рамы я здабуду сама — і народзіцца новая галерэя”. Захацелася сустрэцца з ёй і пагаварыць пра той жа арт-піяр, пра тую ж “Шостую лінію”, нарэшце, пра тое, што наогул адбываецца (і ці адбываецца на самай справе) у сучасным беларускім мастацтве.

— Ірына, вы адкрыта называеце сябе піяршчыкам і, здаецца, адчуваеце сябе ў гэтым сэнсе вельмі ўпэўнена. Які быў ваш шлях у сферу і канкрэтна ў сферу арт-піяру?
— Я скончыла мінскую сярэднюю школу № 88 з фізіка-матэматычным ухілам. Паступіла на факультэт прыкладной матэматыкі ў БДУ, вучылася там на матэматыка, на 5 курсе паралельна закончыла курсы па эканоміцы і такім чынам атрымала два дыпломы і двайную спецыяльнасць матэматыка-эканаміста. Тыя курсы потым леглі ў аснову вядомай праграмы MBA Інстытута бізнесу і менеджменту БДУ. Гады маёй вучобы ва ўніверсітэце прыпалі на першую палову 90-х, і гэта быў час, калі ў наша жыццё актыўна ўваходзілі такія прафесіі, як маркетолаг, спецыяліст па рэкламе і г.д. Ледзь не штодня ў Мінску адкрываліся новыя кавярні, рэстараны, салоны прыгажосці, цырульні, салярыі… Пачаўшы супрацоўнічаць з часопісам “Городскоп” (прадвеснікам сённяшняга часопіса WhereMinsk), я ездзіла па ўсіх гэтых камерцыйных кропках, збірала рэкламную інфармацыю пра іх і ўжо тады, магчыма, не называючы ўсё гэта піярам, гэтым самым піярам якраз і займалася.
Паступова я дабралася і да мастацкіх галерэй, якіх таксама з’яўлялася ў той час шмат. Адны з іх адразу, так бы мовіць, выплылі на паверхню, і іх няцяжка было знайсці. Іншыя заставаліся як бы ў цені, але выконвалі, можа быць, яшчэ большую місію, чым першыя. Памятаю, аднойчы стаяў пагодны летні дзень, у мастацкім свеце быў мёртвы сезон, я са сваёй сяброўкай-журналісткай Кацяй Ткачэнка ішла па вуліцы Якуба Коласа. Раптам каля 9 корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (тады — Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі) я заўважыла брутальны рэкламны шчыт, на якім была змешчана аб’ява пра нейкую мастацкую выставу (напісаная, відавочна, ад рукі, яна, тым не менш, літаральна заварожвала). А я па сваёй прыродзе чалавек цікаўны, плюс у мяне быў тады такі занятак — збіраць інфармацыю пра ўсе новыя грамадскія кропкі ў горадзе. Мы зайшлі ў 9 корпус, запыталі ў вахцёра, што тут наогул адбываецца. Яна сказала нам праходзіць на трэці паверх, маўляў, там усё ўбачыце. Мы пайшлі туды і… трапілі ў агромністую, на 200 квадратных метраў, залу, дзе тады якраз закрывалася выстава Аляксея Жданава, вядомай асобы айчыннага мастацкага андэграўнду, паэта, вялікага інтэлектуала, легендарнага героя мінскай багемы. Гэта была яго пасмяротная выстава (ён памёр за некалькі гадоў да таго), якую зладзілі яго сябры-паплечнікі. І мяне тады неверагодна ўразілі яго мастацкія творы! І, як высветлілася, я трапіла тады ў мастацкую галерэю “Шостая лінія”, якая літаральна перавярнула ўсё маё жыццё…

— І акурат тады вы ўключыліся ў дзейнасць “Шостай лініі”?
— Яна проста як бы трапіла ў спіс “маіх” галерэй — настолькі мяне ўсё гэта зацікавіла. Я пазнаёмілася з Аленай Дарашэвіч, якая была тады дырэктарам “Шостай лініі”. Памятаю, як яна сказала мне: “Бачу, што ў цябе гараць вочы…” Спачатку яна запрасіла мяне на пасаду наглядчыка. Гэта значыць, я павінна была проста кантактаваць з наведвальнікамі: адчыняла ім дзверы, сёе-тое тлумачыла ім, што і як тут трэба глядзець. Выставы арганізоўвала не я, але ўжо недзе праз паўгода мне даручылі арганізаваць выставу твораў Алёны Шарыпа (тады яшчэ студэнткі акадэміі мастацтваў) і яе бацькі, на жаль, ужо нябожчыка, цудоўнага мастака і педагога Пятра Шарыпы. Фактычна нас з Алёнай кінулі, як кацянят у ваду, сказаўшы, маўляў, праз тры дні павінна быць зроблена выстава. Мы былі равесніцы — нам было тады ўсяго па 23 гады. Яна ніколі не рабіла выстаў, прычым зусім не была бунтаркай, наадварот, вельмі паспяховай студэнткай. А я толькі бачыла як бы збоку, як іх робяць: у мяне былі толькі тэарэтычныя ўяўленні пра гэта. І мы пачалі з ёй крок за крокам абмяркоўваць, з чаго пачынаецца выстава, як мы развесім творы, ці патрэбен буклет, што павінна быць у тым буклеце і г.д. Урэшце мы ўсё-такі зрабілі тую выставу! Атрымалася ўсё выдатна. І асабіста для мяне гэта быў такі пачатак у плане прасоўвання некамерцыйных мастацкіх праектаў. Для мяне “Шостая лінія” заўсёды была рэальным цэнтрам сучаснага мастацтва, вакол якога групаваліся ўсе самыя нестандартныя, цікавыя мастакі. Мы першымі ў нашай краіне зладзілі фестываль перформансаў, паказвалі не толькі жывапіс, графіку, але і аб’екты, інсталяцыі, відэаарт — карацей, імкнуліся займацца тымі ж кірункамі, якія тады актыўна развіваліся на Захадзе. І гэта пры тым, што ў адрозненне ад іх у нас не было неабходнага тэхнічнага сучаснага абсталявання, толькі праектар, а так мастакі фактычна ўсё рабілі ўручную. І арт-піярам таксама даводзілася займацца, так бы мовіць, уручную — абзвоньваць па хатнім тэлефоне журналістаў, асабіста запрашаць знаёмых. Ніякіх мабільных тады яшчэ не было. І інтэрнэту таксама не было! Было дастаткова цяжка, але ўсіх нас яднаў неверагодны ўздым, драйв, агульнае адчуванне таго, што мы робім нешта новае ў нашым мастацтве, імкнёмся рухаць яго наперад.

— А публіка ўспрымала тады ўсё гэтае, новае?
— Як вам сказаць… Непадрыхтаванымі былі нават многія журналісты, якія прыходзілі асвятляць нашы праекты. Часцей за ўсё яны пісалі пра гэта проста як адказныя гледачы, наўпрост пытаючыся ў мяне як дырэктара галерэі, у саміх мастакоў: “А што вось гэта?”, “А што мне пра гэта потым напісаць?” І мастакі іншым разам нават крыў-дзіліся, чытаючы ў газетах занадта простае тлумачэнне іх работ. Яны хацелі, каб людзі прыходзілі падрыхтаванымі, каб яны ведалі гісторыю мастацтваў, і не толькі тую, якую выкладаюць у акадэміі, але і найноўшую; каб яны ведалі, хто такія Ёзэф Бойз, Антонен Арто, Джэксан Полак, Эндзі Уорхал, Флюксус… Будучы сапраўднымі інтэлектуаламі і падзвіжнікамі, яны чакалі адпаведнага падыходу і да свайго мастацтва. А адкуль ён мог быць у сярэдзіне 90-х? Таму і здараліся непаразуменні з той жа прэсай, з шырокай грамадскасцю. Што ж, у свой час на парыжскіх салонах імпрэсіяністы таксама не знаходзілі кантакту з людзьмі, якія абураліся, маўляў, гэта ніякае не мастацтва. А сёння мы вельмі захапляемся імпрэсіяністамі.

Даведка

Галерэя “Шостая лінія” праіснавала ў Мінску з 1992 па 1998 год па адрасе вул.Якуба Коласа, 14 (9 корпус БДПА). Узнікла ў выніку ініцыятывы Уладзіміра Садко, дырэктара акцыянернага таварыства “Белтэхналогія”, і групы мастакоў. У першыя гады дырэктарамі “Шостай лініі” былі Алесь Тарановіч і Ігар Ермакоў. З 1994 па 1996 год — Алена Дарашэвіч, з 1996 па 1998 год — Ірына Бігдай. “Шостая лінія” была адной з першых і найбольш папулярных у Беларусі некамерцыйных галерэй сучаснага мастацтва. За 6 гадоў яе існавання больш як 60 мастакоў з Беларусі, Германіі, Польшчы, ЗША правялі ў галерэі 50 выстаў, мастацкіх акцый і перформансаў. Леташняй восенню адразу на дзвюх пляцоўках — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і ў Цэнтры сучасных мастацтваў — прэзентавалася выстава-форум Suma Sumarum як першы праект галерэі “Шостая лінія” пасля паўзы ў 16 гадоў. У праекце прынялі ўдзел больш як 20 мастакоў з Беларусі, Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Бельгіі, якія супрацоўнічалі з галерэяй “Шостая лінія” ў 90-х.

— Дарэчы, калі вы ўжо згадалі пра імпрэсіяністаў і ўвогуле пра непрыманне новага ў мастацтве шырокай публікай, што часта здаралася ў гісторыі. Сёння падзел паміж (назавём яго так) традыцыйным мастацтвам і авангардам актуальны ў нашым мастацкім свеце?
— Сёння я стаўлюся да гэтага пытання зусім інакш, чым гадоў 15—20 назад. Калі тады я паблажліва глядзела на ўсё традыцыйнае, то цяпер пачынаю разумець усю каштоўнасць у тым ліку і традыцыйнага мастацтва, калі яно створана прафесійна, калі мастаку ўдаецца перадаць эмоцыю, настрой, святло. Прафесіяналізм ёсць прафесіяналізм, і класічная школа ёсць класічная школа. Днямі мы разам з мастаком Антонам Слюнчанкам (ён выдатны жывапісец, але яго асноўны прафесійны інтарэс — гэта відэаарт) наведалі ў Нацыянальным мастацкім музеі выставу з калекцый Траццякоўкі “Ад рэалізму да імпрэсіянізму”. І ён раз-пораз проста ахаў: “Ты паглядзі, ты паглядзі, як напісана!” У яго было поўнае захапленне ад убачанага, бо ён бачыў творы сапраўдных майстроў. Нельга вось так неабачліва казаць, маўляў, усё традыцыйнае — гэта лухта або ўвесь авангард — гэта лухта. Гэты падзел на два процілеглыя лагеры штучна створаны.

— Ірына, вернемся да гэтых пакуль яшчэ для многіх загадкавых слоў — “піяр”, “піяршчык”… Не сакрэт, што ёсць і негатыўныя асацыяцыі з імі. Хаця гэта ўсяго толькі англійская абрэвіятура PR — public relations — “грамадскія адносіны”…
— “Піяр”, “піяршчык” — гэта не лаянкавыя словы. Проста піяр пачынаецца тады, калі ўзнікае канкурэнцыя. І, напрыклад, кампанія Velcom (куды я перайшла працаваць пасля “Шостай лініі”) усур’ёз пачала клапаціцца пра піяр, калі ў яе закончылася 3-гадовае права на манапольную прысутнасць на нашым рынку сотавай сувязі і быў аб’яўлены конкурс на другога аператара. Ім, як вядома, стала кампанія МТС — вельмі магутная фінансавая арганізацыя. Дарэчы, у маім выпадку арт-піяр дастаткова спакойна перарос у бізнес-піяр. Я проста пачала піярыць ужо не арт-пляцоўку, не асобных мастакоў, а брэнд Velcom. І, як у любым піяры, пачала думаць пра яго моцныя і светлыя бакі, пра тое, як са слабых зрабіць моцныя. Гэта як чалавечае жыццё паласатае — чорна-белае. Але з усяго чорнага можна атрымаць карысныя ўрокі, ва ўсім дрэнным можна знайсці нейкі плюс. На самай справе, гэтым піяршчыкі і займаюцца. Іх задача — у тым, каб брэнд прысутнічаў у медыяполі і выклікаў у нас станоўчыя асацыяцыі.
А так званы чорны піяр — гэта проста інструмент нядобрасумленнай канкурэнцыі. Я гэтым ніколі не займалася — ні ў бізнесе, ні ў мастацкай прасторы. Што тычыцца той жа “Шостай лініі”, мы проста расказвалі пра нашы мастацкія праекты ўсім, хто быў гатовы слухаць, каб пра іх ведалі людзі, каб яны пачыналі разумець новае мастацтва, каб нашаму мастацкаму працэсу надаць новыя імпульсы. Мы нават не прадавалі мастацкія творы. І ўваход у нашу галерэю быў вольны.

— Калі вы азіраецеся на тыя часы, калі працавала “Шостая лінія”, і параўноўваеце іх з сённяшнімі рэаліямі ў айчынным мастацкім асяроддзі, вам не здаецца, што тады было ўсё неяк цікавей і жывей у мастацтве, што было нейкае адкрыццё, нейкая шчырая радасць — тое, чаго сёння мала? І гэта пры тым, што не было інтэрнэту, не было асаблівых інструментаў прасоўвання мастацтва…
— А вам так здаецца? Што ж, і мне так здаецца. Такое адчуванне прысутнічае і ў мастакоў майго пакалення. Мы сапраўды адчуваем, што маладых мастакоў нічога не цікавіць, нічога не запальвае, акрамя таго…

— …як зарабіць грошы, як больш выгадна прадацца?
— Так. Безумоўна, не пра ўсіх так можна гаварыць, але можна канстатаваць агульную тэндэнцыю. Больш за тое, кардынальна змянілася сітуацыя і ў медыяпрасторы, якая мае справу сёння з мастацтвам. Ты хочаш, каб прагучаў там пэўны дабрачынны праект, а табе, нават не пытаючыся, пачынаюць гаварыць пра грошы. “Дык вы ж на інфармацыйную нагоду паглядзіце! Гэта ж цікава! Мы едзем у вёску з 500-гадовай гісторыяй, дзе працуе маладая самаадданая настаўніца. І ў вясковай школе мы на сцяну павесім дзіцячыя творы, і з пустой сцяны мы там зробім галерэю…” У свой час журналістам бы месца не хапіла ў аўтобусе, калі б іх запрасілі ў такую паездку. Калісьці я не дзяліла — дзяржаўная ці недзяржаўная прэса. Але сёння мне прыемна працаваць з менавіта дзяржаўнай прэсай, для якой усё-такі важная інфармацыйная нагода, а не грошы.

— Напрыканцы пытанне да вас як да піяршчыка. Што найперш трэба ўлічыць настаўніку, які хацеў бы мець у школе мастацкую галерэю?
— Ёсць розныя нюансы. Па-першае, трэба знайсці для гэтага памяшканне, зручнае для галерэі. Па-другое, трэба заручыцца падтрымкай дырэктара школы, перацягнуць яго на свой бок. А, напэўна, самае галоўнае — вельмі-вельмі моцна хацець гэтага. Далей будзе справа тэхнікі. Між іншым хачу сказаць, што “Шостая лінія” ёсць, але ўжо не ў якасці нейкай канкрэтнай галерэі па канкрэтным адрасе, а як адмысловы прадзюсарскі арт-цэнтр, своеасаблівае арт-бюро, якое па-ранейшаму працуе з цікавымі ідэямі, падтрымлівае словам і справай па-сапраўднаму нестандартныя праекты ў сферы сучаснага мастацтва, вось нават дапамагае адкрываць новыя галерэі… Мы проста сталі свабоднымі ад уласных сцен. І ў нас многа ідэй і задум.

— Вялікі дзякуй за гутарку.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.