Дарогі і ўрокі Андрэя Макаёнка

Аграгарадок Журавічы, які знаходзіцца прыблізна за 40 кіламетраў ад Рагачова, сустракаў мяне лагодным жнівеньскім сонцам, вясковай сцішнасцю і… добразычлівай усмешкай-прывітаннем дырэктара Журавіцкай сярэдняй школы імя А.Я.Макаёнка Людмілы Міхайлаўны Баруценка. Першыя хвіліны знаёмства — і я, што называецца, у тэме. Журавіцкая сярэдняя школа, якая носіць імя народнага пісьменніка і ў якой ёсць літаратурны музей Андрэя Макаёнка, знаходзіцца на вуліцы Андрэя Макаёнка; за метраў сто-дзвесце ад школы па гэтай жа вуліцы стаіць ацалелая праз дзесяцігоддзі хата, у якой жыла сям’я Андрэя Ягоравіча (людзі, якія цяпер там жывуць, да Макаёнка дачынення не маюць, але рупліва сочаць, каб гэты дом быў у парадку); малы Андрэйка хадзіў па гэтай вуліцы ў гэтую ж Журавіцкую школку (але, вядома ж, не ў той будынак 1978 года, у якім размешчана сёння школа ў Журавічах); потым, пасля вайны, працаваў нейкі час у роднай школе настаўнікам рускай мовы і ваенруком… Карацей, усё ў Журавічах сёння авеяна светлым іменем Андрэя Макаёнка. Макаёнак для Журавічаў — брэнд.

Зрэшты, з уводзін Людмілы Міхайлаўны я адкрыў для сябе і некаторыя крыху нечаканыя рэчы, пра якія раней не ведаў. Напрыклад, тое, што нарадзіўся Андрэй Ягоравіч не ў Журавічах, а ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. У Журавічы сям’я перабралася, калі Андрэй быў зусім малы. А сёння ў вёсцы Борхаў, дарэчы, ніхто ўжо і не жыве. Або тое, што з 1924 па 1931 год і з 1935 па 1956 год не Рагачоў, а менавіта Журавічы былі цэнтрам Журавіцкага раёна, у які ўваходзіў Рагачоў. Сёння ў Журавічах жыве каля 1000 чалавек, але і з гэтай тысячы Рагачоў паціху працягвае “высмоктваць” людзей, асабліва маладыя сем’і.

Безумоўна, Людміла Міхайлаўна пазнаёміла мяне і са школай, якую ўзначальвае. Не магла не расказаць мне пра раённы міжшкольны фестываль тэатральных калектываў “У гасцях у Лявоніхі” (пра яго я ўжо чуў з вуснаў начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага раёна Пятра Міхайлавіча Гузялевіча), пра тое, што кожны год у школе праводзіцца тыдзень Андрэя Макаёнка зноў жа з тэатральнымі пастаноўкамі паводле яго твораў, конкурсамі малюнкаў, тэматычнымі макаёнкаўскімі брэйн-рынгамі і інш.


А яшчэ мяне вельмі парадавала чысцюткая, менавіта літаратурная, без якога-небудзь дамешку трасянкі, беларуская мова, на якой са мной размаўляла Людміла Міхайлаўна з першых жа секунд знаёмства. І гэта пры тым, што Журавіцкая школа рускамоўная, а сама яна як настаўнік-прадметнік выкладае рускую мову і літаратуру. Тлумачэнне з яе боку было вельмі простае: “Я люблю беларускую мову, люблю на ёй размаўляць, люблю слухаць, калі на ёй чыста размаўляюць іншыя. Радуюся, калі выпадае магчымасць самой правесці ўрок беларускай мовы ці літаратуры…”

На гэтай прыемнай ноце мы і рушылі ў музей Андрэя Макаёнка.

* * *

Там, у музеі, мяне ўжо чакала настаўніца беларускай мовы і літаратуры кіраўнік літаратурнага музея Андрэя Макаёнка Наталля Леанідаўна Замарэева. Паслухаем яе.

Ля вытокаў стварэння музея стаялі колішнія настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Бэла Міронаўна Рэўзіна і Еўдакія Яўстрацьеўна Камарова. Неўзабаве пасля смерці Андрэя Макаёнка ў 1983 годзе разам са сваімі вучнямі яны пачалі збіраць матэрыялы аб земляку. Калі матэрыялаў сабралася шмат, яны выйшлі з ініцыятывай адкрыцця музея на раённае кіраўніцтва, і тое пайшло насустрач. Літаратурны музей Андрэя Макаёнка быў адкрыты 25 студзеня 1986 года па рашэнні Савета Міністраў БССР.

На сённяшні дзень фонды музея налічваюць больш за 300 экспанатаў. Гэта самыя разнастайныя дакументы, шматлікія фотаздымкі, асабістыя рэчы, аўтарскія рукапісы, кнігі з аўтографамі, афішы спектакляў па п’есах на розных мовах.


Наталля Леанідаўна падводзіць мяне да асобных экспанатаў. Вось цікавыя фотаздымкі: са старэйшым братам Іванам, якога Андрэй Ягоравіч вельмі любіў і паважаў; з сябрам дзяцінства Пятром Васілеўскім; з Якубам Коласам, які некалі сказаў з вышыні сваіх гадоў і свайго вопыту маладому Макаёнку: “Пішы, Андрэй, ты пішаш тое, што трэба”; з Кандратам Крапівой, якога Макаёнак называў не інакш як Дзед Кандрат…

Спыняемся ля фотаздымка, на якім бачым Андрэя Макаёнка разам з Іванам Шамякіным. Вядома, што яны вельмі сябравалі. Але ў сувязі з гэтым фота Наталля Леанідаўна прыгадвае і гісторыю пра тое, як аднойчы Андрэй Ягоравіч выратаваў сына Івана Пятровіча. У іх былі побач дачы, і неяк яны адпачывалі там на беразе ракі. Была спёка, яны заснулі. А малы сын Шамякіна палез у гэты час у ваду. Пачаў тануць, моцна крычаў, клікаў на дапамогу. Калі Шамякін прачнуўся, то ўбачыў, як Макаёнак ужо выцягвае яго малога на бераг…
Гляджу на жывапісныя карціны ўверсе. Наталля Леанідаўна называе мне аўтара, і я разумею, што ўжо чуў падчас сваёй камандзіроўкі гэтае прозвішча: мясцовы рагачоўскі мастак Уладзімір Паладзенка, выпускнік 2-й рагачоўскай сярэдняй школы імя В.М.Калеснікава.

Падыходзім да вітрыны з асабістымі рэчамі Андрэя Ягоравіча. Тут асабліва многа невялікіх статуэтак з выявай вядомых творцаў: Талстога, Гогаля, Ясеніна, Чайкоўскага… Усе яны некалі размяшчаліся паміж кніжкамі на кніжных паліцах у кватэры Андрэя Ягоравіча.

Побач — першая друкарская машынка пісьменніка. Макаёнак прывёз яе пасля вайны з Германіі. “На экскурсіях мы дазваляем дзецям дакрануцца да кнопачак, на якія ў свой час ціснуў аўтар”, — заўважае кіраўнік музея.

А вось і адзін з самых каштоўных экспанатаў музея — асабісты кій Андрэя Макаёнка. Наталля Леанідаўна Замарэева каменціруе: “Ён жа быў вельмі моцна паранены падчас вайны… І была рэальная пагроза, што яму адрэжуць ногі. І ён з рэвальверам у руках — у яго быў трафейны рэвальвер, які ён не здаў, — ледзь ці не накінуўся на дактароў у шпіталі: “Я ні ў якім разе не дам вам адразаць мне ногі!” І адстаяў-такі свае ногі! Ці яму тады проста пашанцавала, ці ён нейкай унутранай неверагоднай сілай змог загадаць сваім нагам, каб тыя ажылі… А гэты кій яму потым падарылі студэнты, у якіх ён выкладаў. Параненыя ў вайну ногі ўсё-такі не давалі пра сябе забыцца”.

Яшчэ на адным экспанаце — кнізе, падоранай брату, — чытаю подпіс: “Івану брату, самаму вернаму другу. Часцей прыязджай да мяне, і мне будзе лягчэй…” Здавалася б, усяго некалькі слоў, але колькі ў іх братэрскай цеплыні, роднасці…

Аглядаю далей экспазіцыю.

Гадзіннік, шыкоўныя шашкі… Андрэй Макаёнак, па словах Наталлі Леанідаўны, вельмі любіў гуляць у шашкі з Шамякіным.

Цэлы набор самых розных пасведчанняў…

Блакнот з рукапісамі…

Фотаздымак будынка Журавіцкай школы, у якой Андрэй Ягоравіч працаваў пасля вайны, выкладаючы там рускую мову і пачатковую вайсковую падрыхтоўку… “Дарэчы, — заўважае мой экскурсавод, — будынак гэтай школы разбурылі зусім нядаўна, ён быў яшчэ вельмі трывалым. Спрабавалі бурыць — нічога не атрымлівалася. Нават мясцовыя жыхары не маглі выдзерці сабе ніводнай цаглінкі на печы — такія моцныя сцены былі. Тады прыехалі спецыялісты, кажуць: “Ведаеце, калі ўзрываць, дык ваша сённяшняя школа першай упадзе, а гэтая застанецца… Толькі вялікай чарнобыльскай тэхнікай змаглі ўсё-такі зруйнаваць”.


Даходжу да гіпсавага бюста Андрэя Макаёнка, падоранага музею самім аўтарам — выдатным скульптарам народным мастаком Беларусі Заірам Азгурам. Гіпсавы Макаёнак неяк дзіўна прыглядаецца да мяне. Можа, хоча запытацца, ці спадабаўся мне яго музей? “Так, — Андрэй Ягоравіч, — спадабаўся. Табе тут і так нясумна ў вечна гаманлівай шумнай кампаніі дзяцей. А 3 верасня дакладна спакою не дадуць шматлікія госці, якія наведаюцца ў твае Журавічы ў Дзень беларускага пісьменства”.

* * *

Праслухаўшы экскурсію Наталлі Леанідаўны і прагартаўшы кнігу водгукаў (там ёсць запісы нават ад італьянцаў, немцаў, гэта пераважна дзеці і дарослыя з тых замежных сем’яў, у якіх адпачывалі летам журавіцкія дзеці), хачу задаволіць сваю цікаўнасць дарэшты. Пытаюся, асабліва не цешачы сябе надзеяй, у Наталлі Леанідаўны, а ці не здаралася калі-небудзь якой містыкі ў сценах школьнага музея.

І яна расказвае: “Неяк у 1990 годзе мы чакалі ў музеі чарговых гасцей у сувязі з 70-годдзем Андрэя Макаёнка. А тады ў музеі ўсё па-іншаму было, асабліва каштоўныя экспанаты стаялі ў шафах пад аргшклом, і калі не было экскурсій, я захінала шафы фіранкамі. Тыя шафы замкнёны былі на вельмі моцныя такія шрубы, то бок, туды, унутр, дакладна ніхто не мог трапіць. Толькі праз шкло на экспанаты можна было глядзець, як на карціны. І вось зранку пайшла я ў музей, каб расхінуць фіранкі на шафах. У тым ліку, натуральна, расхінула на той шафе, дзе стаяў кіёчак, падораны студэнтамі Андрэю Ягоравічу, віселі яго паліто, касцюм. Ну, а сама пайшла ўніз чакаць гасцей. Доўга мы іх тады чакалі, але ў выніку ніхто так і не прыехаў. Увечары пайшла я ў музей навесці парадак, падыходжу да шафы з кіёчкам, гляджу — а кіёчак ляжыць, а не стаіць… І ручка як зрэзана! Вось паглядзіце на гэты зрэз. А яна была з суцэльнага дрэва…”

“Яшчэ адзін выпадак, — працягвае Наталля Леанідаўна. — 16 гадоў я працавала завучам, і мы з дырэктарам часам да ночы маглі затрымацца ў школе, каб парабіць усе справы. Сядзім неяк позна ўвечары, паперы нейкія перабіраем. І раптам — крокі чуем наверсе. Божа, хто гэта ў такі позні час? Ужо ўсе ж пайшлі, мы ж школу закрылі, сядзім тут удваіх… Мы тады падняліся — няма нікога, усё ціха-спакойна. Мы спусціліся, зноў селі за паперы, праз нейкі час зноў крокі чуем… Мы ўжо свае чаравікі знялі, ціхенечка мышкамі наверх прабраліся — і зноў нікога не было… І гэта ж не толькі адна я пра гэта кажу! Іншыя супрацоўнікі школы таксама кажуць, што крокі чуюцца… Але гэтыя крокі нічога дрэннага не прыносяць ніколі”.


“І пра бюст Андрэя Макаёнка магу расказаць, — не сунімаецца Наталля Леанідаўна, бачна, што расказваць пра містыку ёй дужа падабаецца. — Мы час ад часу робім фотаздымкі гэтага бюста. І — не паверыце! — ужо даўно заўважылі па фотаздымках, што выраз твару мяняецца! Ён, бывае, усміхаецца адным краем вуснаў. Бывае, бровы становяцца больш лагоднымі, раўнейшымі… І як гэта ўсё патлумачыць?”

* * *

Нядаўна ў Журавіцкай сярэдняй школе запусцілі асобны сайт літаратурнага музея Андрэя Макаёнка. З розных рубрык: “Пра музей”, “А.Макаёнак”, “Экскурсіі”, “Фотадзённік”, “Мерапрыемствы”, “Медыятэка”, “Фотаархіў” — настаўнікі могуць узяць шмат карыснай для сябе інфармацыі.


Кожныя некалькі секунд ва ўсплываючым акне на галоўным інтэрфейсе мяняюць адно аднаго адмысловыя ўрокі-запаветы Андрэя Ягоравіча, якія ён пакінуў для нашчадкаў у сваіх неўміручых творах ці ў публіцыстыцы. Напрыклад, такія: “Усе пакуты чалавецтва — ад недахопу інфармацыі” (“Зацюканы апостал”); “А што калі ў нас дарослыя так заблыталіся ў палітыцы, што толькі дзеці і могуць вывесці з тупіка” (“Зацюканы апостал”); “Жыццё не толькі нясе нам радасці, яно дае нам і засмучэнні. І калі адсутнічае вострае пачуццё, уменне чымсьці захапіцца, чымсьці абурыцца, тады не будзе жадання што-небудзь змяніць у лепшы бок, перайначыць, выправіць у свеце, дзе жывеш, тады не будзе творчасці, тады і не з’явіцца твор, які б запаліў у сэрцах і душах людзей агонь стваральнага імпэту”.

Дарэчы, і класічная экскурсія па літаратурным музеі Андрэя Макаёнка таксама заканчваецца вельмі яркімі словамі з п’есы “Пагарэльцы”:

“Ідучы на спачын, запытай сябе сам, што ты зрабіў сёння? Падвядзі вынікі справам тваім. Можа, чужое проса вытаптаў? Пакрыўдзіў каго? Аблаяў? Пакараў? Звольніў з работы? Ці асудзіў каго? За што? Ці справядліва? Чым гэта павернецца да цябе, да людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў? А праз дваццаць? Успомніць пра гэта не сорамна будзе табе? Перад сабой. Перад сынамі. І перад унукамі. Што ты зрабіў сёння? Дрэва пасадзіў? Проса пасеяў? Прыласкаў каго? Пасаду даў? Уладу над людзьмі ўручыў? Каму? Дастойнаму? Справядліва? Чым гэта павернецца для цябе, для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў? А праз дваццаць? Успомніць аб гэтым не сорамна будзе табе? Перад сабой? Перад сынамі і ўнукамі?

Падводзячы вынікі справам сваім, жыццю свайму, каяцца не будзеш?

Адыходзячы на спачын, спытай сябе сам: што ты зрабіў сёння?”

* * *

Ад усёй душы дзякуй вам, журавіцкія рупліўцы! Вы заслужылі гэтае свята — Дзень беларускага пісьменства.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.