Тры цэнтры творчай энергіі

Цэнтр першы: “Крынічка” б’е і сілкуе…

Рагачоўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з’яўляецца мнагапрофільнай структурай у сістэме дадатковай адукацыі Рагачоўшчыны. Спектр кірункаў аб’яднанняў па інтарэсах РРЦТДіМ вельмі разнастайны. Гэта музычная творчасць (струнныя інструменты, народныя інструменты, вакальны ансамбль, сольныя спевы, фальклорны ансамбль), харэаграфічная творчасць (спартыўны танец, сучасная харэаграфія), тэатральная творчасць (тэатр лялек, літаратурная творчасць), выяўленчае мастацтва (малюнак, жывапіс), дэкаратыўна-прыкладная творчасць (арыгамі, вышыўка, вязанне, макрамэ, мадэляванне і канструяванне адзення, работа з прыродным матэрыялам, ткацтва, мяккая і дэкаратыўная лялька), тэхнічны профіль (мадэляванне і канструяванне), эколага-біялагічны профіль (навакольнае асяроддзе, прыродныя рэсурсы), грамадска-гуманітарны кірунак (клубы “Зносіны”, клубы інтэлектуальных гульняў, клубы “Юны журналіст”), спорт. Асаблівай гордасцю цэнтра з’яўляюцца такія яго ўзорныя дзіцячыя калектывы, як вакальная студыя “Дзіцячы час”, ансамбль эстраднага танца “Чароўны свет”, вакальны ансамбль “Зараначка”, харэаграфічны калектыў “Мілата”. Ёсць у цэнтра і свае добрыя, правераныя гадамі традыцыі, найперш — адкрыты Абласны фестываль інтэлектуальных гульняў “Сакратаўскія гульні”, форум лідараў дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў “Мы і наша заўтра”, міжнародны лагер дружбы дзяцей славянскіх народаў “Крынічка”.

Міжнародны палатачны лагер “Крынічка” — гэта наогул асобны яркі параграф у міжнароднай дзейнасці Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (праект рэалізоўваецца пры падтрымцы Гомельскага абласнога аддзялення беларускага фонду міру на чале з Цімафеем Іванавічам Глушаковым). Вось ужо амаль чвэрць стагоддзя прадстаўнікі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх арганізацый з трох брацкіх краін — Беларусі, Расіі і Украіны — збіраюцца на беразе возера Добрае паблізу вёскі Ходасавічы і ўдзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах (турнірах па інтэлектуальных гульнях, конкурсах КВЗ, спартыўных спаборніцтвах, мастацкіх і інфармацыйных праектах і інш.), якія на справе пацвярджаюць дружбу і супрацоўніцтва славянскіх народаў.

Як адзначае намеснік дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валерый Леанідавіч Любагошчаў, штогод тэматыка цэнтральнага праекта “Крынічкі” мяняецца. Напрыклад, быў рэалізаваны праект “Крынічка ў крынічцы”, калі ўдзельнікі лагера добраўпарадкавалі прыродную крыніцу, якая да гэтага знаходзілася ў занядбаным стане. Яшчэ адным летам “крынічанцы” ўзнавілі старажытнае капішча, якое тут некалі было, паводле гістарычных сведчанняў. Быў таксама адмысловы праект “Славянскі каўчэг”, калі за час лагернай змены яе ўдзельнікі змайстравалі агромністы плыт — сімвал яднання і дружбы. Сёлета ж, з улікам 25-гадовага юбілею фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, “Крынічка” ператварылася як бы ў яго малодшую сястрычку — міжнародны фестываль дзіцячай творчасці. Валерый Леанідавіч Любагошчаў падкрэслівае, што ўсе дэлегацыі, якія прыязджаюць у лагер, потым працягваюць узаемадзейнічаць з Рагачоўскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі.

А ў сувязі з Днём беларускага пісьменства намеснік дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валерый Леанідавіч Любагошчаў з асаблівай цеплынёй узгадвае інфармацыйны праект і, адпаведна, дзіцячы часопіс, які нарадзіўся ў выніку рэалізацыі гэтага праекта, — “Рагалік”. У свой час на “Рагалік” працавала каля дзесяці дзіцячых газет з розных школ Рагачоўшчыны. Многія з тых юнакоў і дзяўчат, якія некалі займаліся ў рэдакцыі “Рагаліка”, сёння з’яўляюцца студэнтамі, будучымі журналістамі прафесійных беларускіх СМІ. Выдаваліся на базе рэдакцыі “Рагаліка” і асобныя зборнікі паэтаў-пачаткоўцаў, зборнікі школьных сачыненняў. Для рагачоўскай моладзі, захопленай публіцыстычным і літаратурным словам, праводзіліся інфармацыйныя сесіі з майстар-класамі ад журналістаў рэспубліканскай маладзёжнай прэсы. Прадстаўнікі такіх выданняў, як “Зорька”, “Раніца”, “Переходный возраст”, былі частымі гасцямі Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. “Для нас літаратурная Рагачоўшчына — гэта, можа быць, якраз і ёсць найперш творчасць дзяцей і падлеткаў, якіх аб’яднаў у свой час праект “Рагалік”, — падсумоўвае Валерый Леанідавіч Любагошчаў.

Цікава, што падчас сваёй камандзіроўкі ў Рагачоў менавіта ў Рагачоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі мне пашчасціла нечакана сустрэць чалавека, якога я ведаў гадоў 15—20 назад як зусім маладога, нават яшчэ юнага літаратара-пачаткоўца па яго публікацыях у часопісе маладых літаратараў “Першацвет”, у рэдакцыі якога тады я сам працаваў. Гэта Андрэй Паўлухін, на сённяшні дзень дастаткова вядомы беларускі пісьменнік-фантаст, у творчым даробку якога 4 кнігі — дзве, выдадзеныя ў Беларусі, і дзве — у Расіі, адна з іх — у такім прэстыжным выдавецтве, як “АСТ”. А ў Рагачоўскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Андрэй кіруе клубамі інтэлектуальных гульняў (“Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”): са сваімі камандамі прымае ўдзел у спаборніцтвах, у тым ліку міжнароднага ўзроўню, пастаянна прывозіць з гэтых спаборніцтваў дыпломы.

Раптам я падумаў: Андрэй Паўлухін, з аднаго боку, друкуецца ў “АСТ”, а з другога — трэніруе мазгі рагачоўскіх дзетак, робіць з іх сапраўдных інтэлектуалаў. Ці варта бачыць у гэтым нейкі парадокс? Я думаю, што не. Як і ў тым, што ў лагер “Крынічка” на бераг возера Добрае з’язджаюцца ўсё-такі лепшыя прадстаўнікі
беларускай, расійскай і ўкраінскай моладзі, становяцца сябрамі, перапісваюцца ў розных сацсетках, рэалізоўваюць нейкія ўласныя праекты. Рагачоў — гэта зусім не глыбінка ў прывычным разуменні. Магчыма, геаграфічна — так. А ва ўсім астатнім усё залежыць ад самога чалавека.

“Валерый Леанідавіч, скажыце мне шчыра… Вас нікуды не цягне з Рагачова? У сталіцу, напрыклад? Ці хоць бы, скажам, у абласныя Гомель або Магілёў, да якіх ад Рагачова прыблізна аднолькавая адлегласць?” — запытаў я на развітанне.

“Шчыра вам адказваю: нікуды. А чаму мяне некуды павінна цягнуць? Рагачоў — гэта мая Радзіма. Тут я нарадзіўся, тут я знайшоў сябе і сваю сям’ю, тут я рэалізаваўся ў прафесійным плане. Тут я іду па вуліцы, а насустрач мне ідуць дзеці: “Добры дзень, Валерый Леанідавіч!” Куды ж мяне можа цягнуць адсюль?!”

Цэнтр другі: “Лёс салдата” і наш лёс…

Рагачоўскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі — гэта яшчэ адзін вельмі важны культурна-адукацыйны асяродак Рагачоўшчыны, дзе актыўна развіваюцца такія кірункі, як гістарычнае краязнаўства, турыстычнае краязнаўства, этнаграфічнае краязнаўства, літаратурнае краязнаўства, “Юны экскурсавод”, экалагічнае краязнаўства і геаграфічнае краязнаўства. Сярод традыцыйных мерапрыемстваў цэнтра: раённая краязнаўчая алімпіяда школьнікаў, гарадская турыстычная спартакіяда, раённая краязнаўчая канферэнцыя школьнікаў і конкурс даследчых работ, гарадскі конкурс экскурсаводаў школ Рагачова, дэкада патрыятычных сустрэч школьнікаў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і воінамі-інтэрнацыяналістамі, раённы конкурс экалагічных газет і часопісаў устаноў адукацыі, раённыя гістарычныя віктарыны “Яны змагаліся за Беларусь”, “Лепшы знавец гісторыі Рагачоўшчыны”, “Раённая турысцка-краязнаўчая маладзёжная экспедыцыя па месцах аперацыі “Баграціён” і інш. А гаспадаром усёй гэтай вотчыны вось ужо два дзесяцігоддзі нязменна з’яўляецца нястомны руплівец-збіральнік, педагог, гісторык, краязнавец Генадзь Васільевіч Цітовіч.

У 1994 годзе ў жыцці цэнтра адбылася вельмі значная падзея, якая адразу ж стала падзеяй і ў культурным жыцці ўсяго Рагачова. Менавіта як структурнае падраздзяленне цэнтра ў адным з будынкаў у цэнтры горада адкрыўся музей “Лёс салдата”. Аснову яго экспазіцыі склалі матэрыялы — вынікі пошукавай работы навучэнцаў 56-га гомельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, якую яны вялі пад кіраўніцтвам Марата Рыгоравіча Гаравога. “Я не магу прыгадаць такіх выпадкаў у сістэме нашай адукацыі, каб музейныя матэрыялы з абласнога цэнтра былі акуратна перавезены ў раённы цэнтр, не парадчэлі па дарозе, а з часам, наадварот, сталі толькі прымнажацца”, — гаворыць Генадзь Васільевіч.

І гэта не пахвальба. На сённяшні дзень “Лёс салдата” насамрэч з’яўляецца адным з самых буйных, прафесійнага ўзроўню музеяў устаноў адукацыі нашай краіны. Невыпадкова ў 2015 годзе на Рэспубліканскім конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем” музей “Лёс салдата” быў прызнаны лепшым у намінацыі “Музей установы адукацыі”. І гэты поспех — заслуга найперш яго, кіраўніка музея на грамадскіх пачатках і дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Генадзя Васільевіча Цітовіча, у якога, па яго ж словах, ёсць такі “бзік”: “Мне хочацца, каб кожны тыдзень у музеі з’яўлялася нешта новае і каб гэтае новае бачылі наведвальнікі. Бо музей жыве толькі тады, калі ён неяк мяняецца, папаўняецца”.


Экспазіцыю музея “Лёс салдата” складаюць 5 раздзелаў: “Гісторыя атрада “Разведчыкі ваеннай славы” (так называлі сябе навучэнцы гомельскага ПТВ-56, якія вялі пошукавыя работы ў 1970—1980-х гадах), “Салдаты Вялікай Айчыннай вайны”, “Рагачоў у пачатку ліпеня 1941 года”, “Помніць, каб не паўтарылася”, “Яны змагаліся за Беларусь”. У кожным з раздзелаў — дзясяткі сваіх фішак-экспанатаў. А паўнацэнны агляд усёй экспазіцыі з экскурсійным суправаджэннем зойме не менш за гадзіну. І будзе шчаслівым той наведвальнік музея, які пачуе гэтую экскурсію з вуснаў самога Генадзя Васільевіча Цітовіча, які, як заўсёды, не будзе скупіцца на разнастайныя адступленні, выказванне асабістага погляду на дыскусійныя тэмы, проста неардынарныя назіранні за тым, што адбываецца вакол.


Наогул, пасля сустрэчы з ім мне здалося, што людзей з такім шырокім поглядам на рэчы нам сёння вельмі не хапае. А ён, акрамя таго, што займаецца музейнай, краязнаўчай і турыстычнай справай, арганізоўвае мастацкія і літаратурныя конкурсы, цікавіцца ўсім, што мае хоць якое-небудзь дачыненне да культуры. Я нават не ўтрымаўся і папрасіў яго назваць тры самыя выбітныя літаратурна-мастацкія феномены Рагачоўшчыны. Яго варыянт быў наступным: графіка Анатоля Каплана, гістарычны раман Уладзіміра Караткевіча і драматургія Андрэя Макаёнка.

На развітанне, ведаючы, што я завітаў у Рагачоў з нагоды надыходзячага Дня беларускага пісьменства, бадзёра і аптымістычна ён сказаў: “А вось вы паглядзіце: частка вуліцы Чкалава стала вуліцай Караткевіча, нашаму Дому кнігі таксама прысвоілі імя Уладзіміра Сямёнавіча… Гэта ўжо не словы. Гэта рэальныя справы. І гэта радуе”.

Цэнтр трэці: прафесіяналы застаюцца…


Рагачоўскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі развівае такія кірункі, як камп’ютарная графіка, мастацкая апрацоўка драўніны, мадэляванне і канструяванне, мадэляванне ваеннай тэхнікі, лічбавае фота, картынг, праграмаванне, радыёканструяванне і інш. Дырэктар цэнтра Вера Юр’еўна Сядзькова адзначае, што, нягледзячы на зусім малады ўзрост установы, якую яна ўзначальвае (Рагачоўскаму раённаму цэнтру тэхнічнай творчасці дзяцей моладзі ўсяго 32 гады, а рэспубліканскі рух у гэтай галіне нядаўна адзначыў сваё 85-годдзе), у Рагачове імкнуцца да ўсяго новага і актуальнага. Так, ужо на працягу 16 гадоў РРЦТТДіМ супрацоўнічае з кафедрай агульнай фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, на базе цэнтра створана эксперыментальная пляцоўка па навукова-тэхнічнай творчасці; уводзяцца такія новыя кірункі, як прататыпаванне (3D прынтар) і інш.

З поспехам развіваюцца ў цэнтры і праекты па міжнародным супрацоўніцтве. Год назад закончылася рэалізацыя праекта “Развіццё руху “Юны пажарны”. Расія — Беларусь”, а нядаўна РРЦТТДіМ сумесна з установамі адукацыі Санкт-Пецярбурга пачаў ажыццяўляць праект “Школа — тэрыторыя міру, культуры і супрацоўніцтва”.

Не сакрэт, што ва ўстановах дадатковай адукацыі нярэдка паўстае праблема кадраў, аднак Вера Юр’еўна адносна свайго цэнтра пераканана: “Калі чалавек, які прыходзіць працаваць у Рагачоўскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, прафесіянал і творчы, то ён там і застаецца. І не на адзін год ці два. У нас ёсць людзі, якія працуюць і па 15, па 17 гадоў. А кіраўнік фотагуртка Валерый Пятровіч Разумцаў у нас працуе ўжо 32 гады, колькі існуе цэнтр”.

Знаходзячыся ў Рагачоўскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, я пазнаёміўся з Вячаславам Анціпавым, педагогам вышэйшай катэгорыі, кіраўніком аб’яднання па інтарэсах радыётэхнічнага кірунку. Пад яго кіраўніцтвам навучэнцы сёння асвойваюць прататыпаванне, ужо не першы год займаюцца робататэхнікай, не кажучы ўжо пра радыёэлектроніку. Як прызнаўся мне Вячаслаў, яго мара — стварыць разам з навучэнцамі робата з мінімальным штучным інтэлектам, і 3D-прынтар тут якраз будзе незаменным у плане стварэння складовых вузлоў.

А мне ён прадэманстраваў у дзеянні некалькі створаных у цэнтры робатаў: робата-разведчыка для МНС, робата для пераноскі мін, яшчэ бог ведама якіх робатаў — па шчырасці, я нават не запомніў іх назваў. Памятаю толькі, што нешта трашчала, свяцілася, перамяшчалася па нейкіх дзівосных траекторыях, кружылася, поўзала, лётала… На нейкі момант у мяне нават закружылася галава. Вячаслаў увесь час мне нешта тлумачыў. Але я , шчыра кажучы, мала што разумеў!

Але я ўсё ж знайшоў у сабе сілы ўспомніць мэту сваёй камандзіроўкі ў Рагачоў і запытаць у Вячаслава: “Мяне, безумоўна, усё гэта вельмі ўражвае… Але вось адкажыце мне, калі ласка. Якое значэнне мае (і ці наогул мае) для вас як для чалавека, відавочна, тэхнічнага складу розуму, да немагчымасці захопленага тэхнікай, Дзень беларускага пісьменства, які прыйдзе ў ваш горад 3 і 4 верасня?”

“Выдатна разумею падтэкст вашага пытання, маўляў, гэтае свята культуры надта далёкае да нас, тэхнароў. Але, паверце, гэта не так. Тут, у нашым Цэнтры тэхнічнай творчасці, мы займаемся робатамі, прататыпаваннем і г.д. Але ў жыцці мы ўсе павінны быць культурнымі, выхаванымі, адукаванымі і не адарванымі ад нашых каранёў, у тым ліку і ад нашага пісьменства, людзьмі. Чалавек павінен быць цэласным. Не можа быць адначасова культурнага і аднабакова развітога чалавека. Мы і дзецям тут стараемся данесці гэтую думку. А Дзень беларускага пісьменства для мяне — гэта проста свята выхаванага і культурнага чалавека”.

Мікола ЧЭМЕР.