Мінскія ночы Шахеразады

Усход… Як многа ўсяго ў гэтым слове! Яркасць і сонечнасць, загадкавасць і спакуса, палкасць пачуццяў і неверагодныя прыгоды, чароўныя жанчыны і адважныя мужчыны… Адным словам — казка! І менавіта такую ўсходнюю казку гледачам прапанаваў у лютым Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.

І не проста казку, а пра каханне. Магутнаму Шахрыяру здрадзіла яго каханая жонка, сэрца яго стала каменным, і цар ператварыўся ў жорсткага жанчынаненавісніка. Прыгожая частка насельніцтва апынулася пад пагрозай поўнага знішчэння, але разумны візір паслаў да Шахрыяра сваю дачку — прыгажуню-разумніцу Шахеразаду. За тысячу і адну ноч казкамі Шахеразада не толькі здолела адрадзіць у сэрцы Шахрыяра веру ў каханне, але і выратавала краіну ад пагрозы дэмаграфічнага крызісу.
Жарты жартамі, але кароткі пераказ лібрэта балета “Тысяча і адна ноч”, напісанага яго балетмайстрам-пастаноўшчыкам народнай артысткай Азербайджана М.Аліевай, прыблізна так і выглядае. У свой час М.Аліева сама выходзіла ў партыі Шахеразады на сцэну Азербайджанскага тэатра оперы і балета, дзе ўпершыню, у 1979 годзе, Н.Назіравай і быў пастаўлены гэты балет Ф.Амірава. У свой час пастаноўка карысталася вялікай папулярнасцю, ставілася за межамі Азербайджана, а ў 2003 годзе, да 80-годдзя з дня нараджэння кампазітара, была адноўлена. Аднак мінская пастаноўка не стала простым пераносам, як можна было б чакаць. М.Аліева стварыла сваю версію “Тысячы і адной ночы”, і немалую ролю тут адыгралі асаблівасці балетнай трупы тэатра, у прыватнасці, яе колькасны і якасны склад, якія запатрабавалі змены ў структуры балета, адмаўлення ад асобных нумароў. Адпаведна з гэтым перамены адбыліся і ў музычнай тканіне: у балет былі ўведзены фрагменты з “Нізамі” Ф.Амірава. М.Аліева паспрабавала зрабіць балет і прыдатным для сямейнага прагляду праз “змякчэнне” сцэны оргіі ў першым акце.

Такім чынам, Музычны тэатр атрымаў сваю арыгінальную версію ўсходняй казкі, прычым не адной. Справа ў тым, што “Тысяча і адна ноч” з’яўляецца своеасаблівым “зборнікам” казачных гісторый, звязаных паміж сабой вельмі ўмоўна, у асноўным на ўзроўні лібрэта. У балеце можна вылучыць некалькі фактычна самастойных гісторый, незалежных адна ад адной: уласна гісторыю Шахеразады і Шахрыяра, якая, на жаль, з’яўляецца далёка не самай яркай, а, хутчэй, “службовай” звязкай для ўсіх астатніх; гісторыю Шахрыяра і яго жонкі-здрадніцы Зібейды; казачныя гісторыі, расказаныя Шахеразадай аб Сіндбадзе, Аладзіне, Алі-Бабе. Усе гэтыя харэаграфічныя “фрагменты” здольны існаваць аўтаномна, бо ніводны з іх не дадае нічога для развіцця альбо раскрыцця асноўнай тэмы — моцы мудрасці і кахання Шахеразады, якая адрадзіла Шахрыяра да жыцця.

Так, у сцэне оргіі, дзе цэнтральнымі персанажамі з’яўляюцца Зібейда і Раб, спрактыкаваны глядач адразу ж пазнае “Шахеразаду” М.Рымскага-Корсакава, якую ў поўным варыянце можна пабачыць на сцэне Вялікага тэатра. Дарэчы, гэты ж глядач заўважыць і падабенства паміж танцам рабынь у першым акце і танцам нявольніц у “Бахчысарайскім фантане”. Канечне, яркая, дынамічная сцэна оргіі, якая займае каля паловы першага акта, прыцягвае да сябе ўвагу, але, акрамя тлумачэння прычыны жорсткасці, замкнёнасці цара, больш ніякай ролі не адыгрывае. Увогуле, калі прыбраць з першага акта невялічкую сцэну з Шахеразадай, то атрымаецца амаль самастойны балет са сваім сюжэтам. У нечым падобная сітуацыя складваецца і з казкамі Шахеразады ў другім акце. Цалкам самастойныя, не звязаныя ні паміж сабой, ні з асноўнай сюжэтнай лініяй, калі не браць у разлік перыядычнае з’яўленне на сцэне Шахеразады і Шахрыяра, каларытныя казкі-сцэны “Дыяментавая даліна”, “Багдадскі базар” і “Скарбы пячоры Сезам” невядома як спрыяюць абуджэнню ў Шахрыяры кахання. У кожнай казцы хацелася б бачыць сцвярджэнне і раскрыццё нейкіх ідэй, якія маглі б садзейнічаць паступовым зменам у Шахрыяры, узаемадзеянне з асноўным сюжэтам. Бо ў гэтай сітуацыі дынаміка і яркасць сцэны оргіі ў першым акце і “парада казак” у другім працуюць не на карысць цэласнасці пастаноўкі і робяць саму гісторыю перараджэння Шахрыяра пад уплывам Шахеразады невыразнай і амаль незаўважнай. Цэнтральная сюжэтная лінія пераўтвараецца ў ахвяру сваіх “адгалінаванняў”, якія займаюць галоўнае месца ў балеце і па хронаметражы, і па ўспрыманні.
Магчыма, тут сваю ролю адыгрывае харэаграфічае ўвасабленне. Харэаграфічная лексіка “Тысячы і адной ночы” будуецца на спалучэнні класічнай харэаграфіі з элементамі ўсходняй пластыкі. Элементы азербайджанскага танца можна ўбачыць у сцэне “Скарбы пячоры Сезам”, фінале балета, пластыцы рук. Гэта надае балету выразнае ўсходняе гучанне і робіць асобныя яго фрагменты надзвычай каларытнымі і запамінальнымі. У той жа “Пячоры Сезам” (з выразным гумарыстычным акцэнтам) танец Марджаны — А.Краснаглазавай з’яўляецца ці не самым яркім момантам ва ўсім спектаклі. Вельмі прывабна выглядае і казка “Багдадскі базар”, дзе пануе ўжо класічная харэаграфія ў выкананні прынцэсы Будур — М.Сузукі і Аладзіна — Д.Лазовіка, вядучай балетнай пары трупы. На фоне гэтых сцэн харэаграфічнае рашэнне партый Шахрыяра і Шахеразады выглядае дастаткова стрыманым, нават абмежаваным, асабліва ў дачыненні да Шахрыяра, партыя якога месцамі набліжана да пантамімнага плана. Выправіць такое становішча дапамагло б яркае рашэнне вобразаў, аднак пакуль, як падаецца, выканаўцам галоўных партый С.Глуху і І.Вайтэкунас дасягнуць гэтага не ўдалося. Шахрыяр — С.Глух выглядае вельмі стрыманым і жорсткім, нібы сапраўды з закаваным у лёд сэрцам, але хацелася б большай разнастайнасці ў эмоцыях і іх выражэнні, паступовасці змен. Для І.Вайтэкунас Шахеразада стала першай вядучай партыяй. Легендарная казачніца атрымалася ў далікатнай артысткі вытанчанай і пяшчотнай, безабароннай. Такі вобраз, канечне, добра працуе па кантрасце з тэмпераментнай, спакуслівай Зібейдай — П.Гаруновіч, аднак цяжка паверыць, што такая Шахеразада змагла пакарыць сэрца Шахрыяра, бо ні мудрасці, ні глыбіні ў вобразе І.Вайтэкунас пакуль няма. Хацелася б пабачыць ва “ўсходнім” балеце і больш пачуццёвасці: не адкрытай, спакуслівай, а той няўлоўнай, якая надае непаўторны водар, адчуваецца на нейкім падсвядомым узроўні, — той, якой напоўнена музыка балета.

Менавіта музыка Ф.Амірава, які атрымаў за балет “Тысяча і адна ноч” Дзяржаўную прэмію СССР, як падаецца, стала самым яркім складнікам пастаноўкі. Музычныя вобразы ў асобных выпадках былі значна больш глыбокімі і выразнымі, чым харэаграфічныя, давалі багатую аснову для інтэрпрэтацыі: у тэме Шахрыяра можна было пачуць не толькі жорсткасць, але і пакуты, а адажыа Шахрыяра і Шахеразады поўнілася прыгажосцю і шматграннасцю пачуццяў. Нават сама ўверцюра з надзвычай прыгожым вакалізам абяцала не проста маляўнічае, але сэнсава насычанае відовішча, дзе спалучаліся трагізм і лірыка.
Сваю ролю тут адыграла праца аркестра, які, па словах дырыжора-пастаноўшчыка Э.Куліева, здолеў у поўнай ступені адчуць і засвоіць асаблівасці музыкі Ф.Амірава. На жаль, гэтага нельга сказаць пра балетную трупу, якая пакуль недастаткова адчувае рытм і сутнасць музычнай асновы.

Нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, пастаноўку балета “Тысяча і адна ноч” можна аднесці да поспехаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. На гэта ёсць некалькі прычын. Па-першае, як адзначалі мастацкі кіраўнік тэатра А.Мурзіч і галоўны балетмайстар У.Іваноў, пастаноўка “Тысячы і адной ночы” дазволіла задзейнічаць усю класічную трупу і вылучыць новую пару выканаўцаў, С.Глуха і І.Вайтэкунас, што фактычна можна разглядаць як выхад балета тэатра на новы ўзровень. Па-другое, амаль не выклікае сумненняў, што гэты балет будзе актыўна наведвацца гледачамі. Для гэтага ён валодае ўсімі неабходнымі якасцямі, якія дазваляюць “Тысячы і адной ночы” выйсці пераможцам у гіпатэтычнай барацьбе са сваім “старэйшым братам”, яшчэ адной “арыенталіяй” — балетам К.Караева “Сем прыгажунь”, пастаўленым восенню 2013 года на сцэне Вялікага тэатра. Да такіх станоўчых рыс адносіцца просты сюжэт, пабудаваны на ўсім вядомых арабскіх казках, які не будзе палохаць гледача і прымушаць яго ламаць галаву над тым, што ж хацелі сказаць пастаноўшчыкі, шукаць нейкую глыбокую думку ці прыхаваную ідэю. А вось у “Сямі прыгажунях” пастаноўшчыкі зрабілі, як падаецца, фатальную памылку, паспрабаваўшы расставіць у савецкім лібрэта філасофскія акцэнты, у выніку чаго не атрымалася ні апавядання аб подлых прыгнятальніках і высакародным народзе, ні прытчы аб пагібельнасці чалавечых жарсцей.
Немудрагелістая класічная харэаграфія “Тысячы і адной ночы” з элементамі ўсходняй пластыкі добра падыдзе для ўспрыняцця тымі, хто толькі знаёміцца з балетам і каму цяжка назіраць за бясконцымі па-дэ-дэ, па-дэ-труа і дывертысментамі. Не дасць магчымасці заснуць у крэсле і хуткая змена сюжэтаў, забяспечаная карагодам казак. Вочы парадуе зменамі “карцінкі” яркая, дэкаратыўная па сваім гучанні, сцэнаграфія І.Асланавай, пабудаваная на стылізацыі матываў арабскіх мініяцюр і арабескаў. У пэўным сэнсе графічная, напоўненая колерам і святлом, яна добра спалучаецца з характарам музыкі, асабліва ў фінале балета, калі замест умоўных, сарыентаваных на пазначэнне месца дзеяння заднікаў, з’яўляецца выява шматкаляровай арабескі мажорнага гучання. І, канечне, чароўная музыка Ф.Амірава — галоўны козыр “Тысячы і адной ночы”, што яднае пастаноўку Музычнага тэатра з “Сямю прыгажунямі”, у якіх музыка К.Караева таксама стала самым яркім элементам пастаноўкі.
Верагодна, што “Тысяча і адна ноч” стане адной з самых папулярных назваў у афішы тэатра. Спрыяць гэтаму можа спалучэнне каларытнай, чароўнай музыкі, простага сюжэта, пэўнай экзотыкі з дадаткам значнай дозы “прыгажосці” — усяго таго, што ўвасабляе тэатральны Усход і з’яўляецца такім прыцягальным для пастаноўшчыкаў і гледачоў. Падобны мікс здольны забяспечыць прыемны вечар, менавіта таму, як падаецца, дэфіцыту ў гледачах новая пастаноўка Музычнага тэатра адчуваць не будзе.

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ.