На сцэну — праз глядзельную залу

У пачатку новага года можна азірнуцца на год мінулы, каб ацаніць яго здабыткі, падумаць над пралікамі і памылкамі, увогуле, падсумаваць усё добрае і не вельмі, той багаж, з якім уступаеш у будучыню. Што тычыцца тэатра, тут вынікі прынята падводзіць пасля завяршэння сезона, аднак часам можна парушыць правіла, асабліва калі на гэта ёсць падставы.

Галоўны музычны тэатр краіны, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, скончыў 2014 год, можна сказаць, на высокай ноце. Падчас ІІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі тэатр, нарэшце, дачакаўся ўзнагароды і дзякуючы балету Вячаслава Кузняцова “Вітаўт” пад дахам Вялікага звілі сабе гняздо адразу некалькі “буслоў”: за лепшую сучасную пастаноўку, Людмілы Хітровай за лепшую ролю ў балеце і Юрыя Траяна за лепшую харэаграфію. У снежні прайшоў юбілейны, пяты, Калядны оперны форум, які быў адзначаны ажно трыма прэм’ерамі. А пад заслону, 22 снежня, нарэшце, адбылася прэзентацыя выдання “Вялікая энцыклапедыя Вялікага тэатра”, работа над якой вялася некалькі гадоў.
Акрамя гэтых падзей, можна ўзгадаць яшчэ шмат іншых, якімі быў адзначаны 2014 год у жыцці тэатра: гэта і сапраўды грандыёзны праект “Балетнае лета ў Вялікім”, і балет “Жар-птушка” Ігара Стравінскага ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна — прэм’ера, якая адкрыла міжнародную праграму фестывалю “ТЭАРТ”, і новыя пастаноўкі опер “Рыгалета” Вердзі ды “Пікавай дамы” Чайкоўскага.
Аднак у шэрагу прэм’ер, прэзентацый, фестываляў і гастроляў, аб якіх багата пісалася і гаварылася, увагу хочацца засяродзіць на спектаклі, што не пакідае абыякавым. Гаворка ідзе пра “Паяцаў” Руджэра Леанкавала ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ, галоўнага рэжысёра тэатра.
Прэм’ерай гэтай оперы якраз і адкрываўся Калядны оперны форум. Але ж значнасць пастаноўкі ў тым, што яна ў пэўнай ступені дае зрэз сучаснага музычнага тэатра Беларусі. “Паяцамі” Панджавідзэ можна захапляцца, можна казаць, што яны абражаюць опернае мастацтва, а можна называць іх выразнай рэжысёрскай пастаноўкай. Словам, можна ўсё, магчымы любыя пункты гледжання і меркаванні. І гэты дазвол, як падаецца, даў сам рэжысёр, калі дапусціў гледачоў у прамым і пераносным сэнсе на сцэну, запрасіў іх зазірнуць за кулісы, каб паспрабаваць на смак тэатральнае жыццё, і, самае галоўнае, літаральна агаліў адваротны бок гэтага жыцця, прадэманстраваўшы не цнатлівую прыгажосць душы мастацтва, а агіднасць яго засаленага ад шматлікіх дотыкаў брудных рук цела.
Звязана гэта ў першую чаргу з канцэпцыяй М.Панджавідзэ, згодна з якой гаворка ў спектаклі ідзе пра псеўдамастацтва, што ўрываецца на сцэну тэатра, яго паўсюднае панаванне. Гэтую ідэю вельмі выразна ўвасабляе рашэнне вобразаў трупы “паяцаў” (Каніа, Нэды, Бепа, у меншай ступені Тоніа) з дакладнай гіпертрафіраванай апеляцыяй да розных тыпаў поп-зорак — ад Філіпа Кіркорава да Сяргея Пенкіна, падкрэсленай вычварнымі бліскучымі касцюмамі і манерамі.
Яшчэ адна мэта пастаноўшчыка — узрушыць залу, прымусіць гледача плакаць, смяяцца, суперажываць, нават адчуваць агіду. Адным словам, выклікаць эмацыянальны водгук у аўдыторыі. І для дасягнення гэтай мэты М.Панджавідзэ выкарыстоўвае розныя сродкі, але ў асноўным гэта “цяжкая артылерыя” натуралізму з непрыкрытым гвалтам ды эратызмам на мяжы пошласці, што вельмі нагадвае яго ж “Сівую легенду”. Рашэнне вобразаў асноўных дзеючых асоб, ад Нэды да Тоніа, падкрэслена натуралістычна-пачуццёвае, змяшчае акцэнты і правакуе да непрыняцця і саміх герояў, і іх гісторыі. Нават каханне Нэды (Кацярына Галаўлёва) і Сільвіа (Уладзімір Громаў) выглядае як амаль выпадковая сувязь, заснаваная выключна на фізічнай жарсці. Таму вобраз гераіні значна апашляецца, а сімпатыі міжволі пераходзяць на бок раўніўца Каніа (Сяргей Франкоўскі), нягледзячы на яго падкрэсленую псіхалагічную неўраўнаважанасць, уласніцкія адносіны да Нэды і схільнасць да тыраніі.
Побач з такімі непрывабнымі вобразамі “зорак”, амаль кожны выхад якіх на сцэну суправаджаецца натоўпам папарацы, як прадстаўнікі “сапраўднага мастацтва” паказаны сціплыя работнікі сцэны, артысты хору і балета, шчодра ўведзеныя рэжысёрам у дзеянне. Цудоўна ўпісаны ў канцэпцыю спектакля адзін з самых удалых і прыгожых момантаў оперы, арыя Нэды “Stridono lassu”, падчас якой адбываюцца заняткі маленькіх выхаванцаў харэаграфічнага каледжа. Чыстыя, наіўныя і свабодныя ад умоўнасцей і жыццёвых праблем, дзеці з’яўляюцца выдатным метафарычным увасабленнем тых вольных птушак, аб якіх спявае Нэда. Сцэна набывае паэтычнае гучанне. Вельмі выразна выглядаюць і харэаграфічныя застаўкі падчас пралога і інтэрмецца другога акта ў выкананні Канстанціна Кузняцова і Юліі Дзятко (харэограф Вольга Кастэль). Можна сказаць, што гісторыя кахання, пранізлівасць музыкі “Паяцаў” канцэнтруюцца менавіта ў гэтых танцавальных дыялогах. Іх можна разглядаць як альтэрнатыву трагічным адносінам Каніа, Нэды і Сільвіа, а можна трактаваць і як рэжысёрскі намёк на тое, што жарсці за кулісамі віруюць паўсюдна і бесперапынна.
М.Панджавідзэ ўвогуле дастаткова актыўна акцэнтуе ўвагу на пастаянным руху і дзеянні на сцэне. Жывы фон, артысты балета і хор, занятыя рэпетыцыяй альбо класам, працоўныя сцэны ні на хвіліну не пакідаюць галоўных дзеючых асоб у адзіноце, а гледачам не дазваляюць засумаваць. Безумоўна, назіраць за штодзённым тэатральным жыццём, хоць і стылізаваным, дастаткова цікава, але за заўсёдным рухам губляецца галоўнае ў оперы — музыка. Яна ўспрымаецца ў значнай ступені не як рухавік дзеяння, а як яго суправаджэнне.
Аднак трэба сказаць, што для часткі гледачоў гэта кампенсуецца нязвыклымі для сцэнічнай практыкі тэатра прыёмамі, такімі як разбурэнне “чацвёртай сцяны”. М.Панджавідзэ не толькі запрашае гледачоў зазірнуць за кулісы, нічога не хаваючы ад іх, але і выводзіць дзеянне ў залу. Калі ў першым акце Каніа, Нэда і Бепа ў суправаджэнні рэпарцёраў накіроўваюцца на сцэну праз глядзельную залу, гэта выклікае пэўнае здзіўленне, аднак уласна ўключэння аўдыторыі ў дзеянне не адбываецца. Уключэнне ж гледачоў у ігравую прастору, сцэнічнае дзеянне, хоць і пасіўнае, але супадае з пачаткам другога акта. Хор ідзе на прадстаўленне “паяцаў” таксама праз залу, звяртаецца непасрэдна да аўдыторыі як да сваіх калег і ў зале застаецца. Такім чынам адбываецца быццам знікненне межаў паміж выканаўцамі і гледачамі, ігравой пляцоўкай і зонай сузірання. Сувязным звяном паміж дзвюма рэчаіснасцямі з’яўляецца фігура Тоніа (Уладзімір Пятроў). Пабочны назіральнік, апавядальнік і ўдзельнік падзей, іх рухавік, ён з’яўляецца ў пачатку дзеяння і ў яго фінале за дырыжорскім пультам, і ўласна роля Тоніа, здаецца, для яго толькі роля, якую ён “надзявае” на сябе разам з чырвоным фракам.
Падобны прыём для сусветнага музычнага тэатра ўжо звыкла-традыцыйны, але для Вялікага ён з’яўляецца сапраўды ледзь не адкрыццём. Гэтае адкрыццё і ўяўляе галоўную цікавасць да “Паяцаў”, маскіруючы недахопы, якіх пастаноўка не пазбаўлена. Не засяроджваючы ўвагу на кожным з іх, хочацца адзначыць толькі адзін. “Паяцам” не хапіла густоўнасці. Асабліва выразна гэта заўважна, калі параўнаць спектакль М.Панджавідзэ з папярэднімі пастаноўкамі Сусаны Цырук у Вялікім тэатры (1999 г.) і Ганны Маторнай у музычным (2012 г.). “Паяцаў” М.Панджавідзэ можна назваць празмернымі, і гэтая празмернасць — адметнасць рэжысёрскага стылю.
Увогуле, увесь спектакль можна разглядаць як сетку спасылак пастаноўшчыка на самога сябе: і ў сцэнаграфічным рашэнні, распрацаваным М.Панджавідзэ з уключэннем частак дэкарацый і касцюмаў з “Севільскага цырульніка”, “Сівой легенды”, “Аіды”, і ў агрэсіўным эратызме і празмерным натуралізме, “прызямленні” оперных герояў, і ў выкарыстанні рэплік са сваіх жа пастановак. Напрыклад, серэнаду “О Colombina, il tenero fido Arlecchin” Бепа-арлекін спявае на лесвіцы з “Севільскага цырульніка” ў касцюме Фігара. Нават у перапрацоўцы фіналу оперы, дзе, акрамя Нэды і Сільвіа, Каніа застрэльвае яшчэ Бепа, некалькіх рэпарцёраў і заканчвае жыццё самагубствам, можна прасачыць сувязь з “містэрыяй смерці”, якую М.Панджавідзэ разгарнуў у сваёй “Аідзе”.
Спектакль, што і казаць, атрымаўся вельмі рэжысёрскім, здольным шакіраваць і выклікаць спрэчкі. М.Панджавідзэ дасягнуў сваёй мэты, бо дакладна нехта на “Паяцах” будзе ў захапленні пляскаць у далоні, а некаму стане агідна…

Кацярына ЯРОМІНА.
Фота з сайта Нацыянальнага акадэмічнага
Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.