Пра вялікую ласку да месца, дзе нарадзіліся…

Да вялікага свята ў айчыннай культуры — 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, якое мы будзем адзначаць у 2017 годзе, — застаецца яшчэ два гады, але рупліўцы з кнігавыдавецкай сферы ўжо рэалізавалі надзвычай адметную ініцыятыву насустрач юбілею. Днямі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі была прэзентавана кніга “Францыск Скарына на мовах народаў свету”, якая пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (аўтар ідэі і ўкладальнік Алесь Карлюкевіч).

У кнізе змешчаны пераклады знакамітай скарынаўскай прадмовы да кнігі “Юдзіф” на 64 мовы свету — рускую, украінскую, літоўскую, латышскую, англійскую, балгарскую, італьянскую, кітайскую, польскую, французскую, японскую і інш. Прычым некаторыя мовы прадстаўлены нават некалькімі варыянтамі: руская, нямецкая і сербская — трыма, крымска-татарская і ўдмурцкая — двума. Гэта, бясспрэчна, сведчыць пра вялікую зацікаўленасць ідэяй такой кнігі ў міжнароднай перакладчыцкай супольнасці.
Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што перакладчыкамі ў большасці выпадкаў выступілі дастаткова вядомыя ў сваіх краінах, неаднойчы ўганараваныя самымі рознымі літаратурнымі прэміямі аўтары, якія, тым не менш, знайшлі час адгукнуцца на прапанову беларускіх выдаўцоў. Так, напрыклад, пераклад са старабеларускай мовы ажыццявіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алесь Разанаў. Пра тое, каб прадмова да кнігі “Юдзіф” загучала па-кітайску, парупіўся старэйшына паэзіі Паднябеснай 89-гадовы Гао Ман. На славенскую мову яе пераклаў лаўрэат славенскай Вялікай нацыянальнай прэміі імя Франца Прэшэрна за жыццёвыя дасягненні Мілан Есіх, на лакскую — народны паэт Дагестана Сугуры Увайсаў, на в’етнамскую — старшыня Саюза перакладчыкаў В’етнама Тхуі Тоан, на лезгінскую — галоўны рэдактар лезгінскага літаратурна-мастацкага часопіса “Самур” Зульфікар Кафланаў, на нагайскую — сакратар Саюза пісьменнікаў Дагестана заслужаны работнік культуры Рэспублікі Дагестан Анварбек Култаеў. Прыклады можна доўжыць.
Нельга не сказаць і пра багаты ілюстрацыйны матэрыял выдання. Яго старонкі аздоблены рэпрадукцыямі гравюр нашага першадрукара, а напрыканцы прадстаўлены выявы тытульных аркушаў яго выданняў.
Уважлівы крытычны чытач, гартаючы кнігу “Францыск Скарына на мовах свету”, магчыма, адзначыць для сябе, што ў ёй, на жаль, няма перакладаў на такія распаўсюджаныя мовы, як, напрыклад, іспанская, партугальская, шведская ці венгерская. Але выдаўцы кнігі ўпэўнены, што гэта толькі справа часу і да 2017 года прадмова да “Юдзіф” з’явіцца на ста мовах, пабіўшы тым самым рэкорд кнігі перакладаў геніяльнага верша Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на 82 мовы (кніга выходзіла да 100-годдзя песняра ў 1982 годзе). Тым больш што ўжо нават на самой прэзентацыі выдання прадстаўнік малдаўскай дыяспары нечакана для прысутных прадставіў 65-ты пераклад скарынаўскай прадмовы — на малдаўскую…
Пішучы сваю прадмову да кнігі “Юдзіф” на старабеларускай мове, Францыск Скарына, напэўна, наўрад ці думаў пра тое, што праз больш чым паўтысячагоддзя яго словамі будуць захапляцца нашчадкі, сённяшнія жыхары суверэннай Беларусі. І ўжо, мабыць, дакладна не думаў, што праз 500 гадоў гэтыя словы натхняць перакладчыкаў з дзясяткаў краін па ўсім свеце на перастварэнне іх на сваіх нацыянальных мовах. А пра што ж тады ён думаў? А вось акурат пра іх — звяроў, птушак, рыб, пчол, а перадусім — людзей, якіх якраз і параўноўваў з усімі астатнімі жывымі істотамі па адной агульнай для іх усіх, але вельмі прынцыповай прыкмеце — любові да таго месца, дзе нарадзіліся, кроўнай прыхільнасці да сваёй Радзімы. “Понеже от прирожения звери, ходящия в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають”.
Як падкрэслівае ў прадмове да кнігі “Францыск Скарына на мовах народаў свету” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, гэтымі словамі наш першадрукар даказваў вельмі важную для свайго (і, здаецца, не толькі для свайго) часу ісціну — ён сцвярджаў права грамадзян розных краін ганарыцца сваёй айчынай і любіць яе, выступаў за роўнасць усіх народаў і за каштоўнасць кожнага з іх паасобку. І, дарэчы, у сувязі з гэтым слаўны палачанін у кожнай са сваіх кніг абавязкова падкрэсліваў уласнае паходжанне і з нязменнай павагай да роднага месца пазначаў, што кніга “выкладзеная доктарам Францыскам Скарынам са слаўнага горада Полацака”.
Прашэпчам гэтыя словы на мове сённяшняй. І запомнім іх як запавет.

Як звяры,
што блукаюць у пушчы,
ад нараджэння
ведаюць сховы свае,
як птушкі,
што лётаюць у паветры,
помняць
гнёзды свае,
як рыбы,
што плаваюць у моры і рэках,
чуюць
віры свае
і як пчолы
бароняць вуллі свае —
гэтак і людзі
да месца, дзе нарадзіліся
і ўзгадаваны ў Бозе,
вялікую ласку маюць.

Мікола ЧЭМЕР.