Мінчан і гасцей сталіцы напаткаў сюрпрыз: яны могуць, не едучы ні ў далёкі іспанскі Фігерас, на радзіму Сальвадора Далі, ні ў больш блізкі Парыж, дзе ёсць адмысловы Музей Пабла Пікасо, азнаёміцца з творчай спадчынай вялікіх іспанцаў у сябе на радзіме — у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Калі такое было? І калі такое яшчэ будзе?
Сальвадор і Пабла…
Сюррэаліст і кубіст…
Эпік і трагік…
Вусы і вушы…
Купала і Колас…
На гэтым, бадай, і скончацца мае проціпастаўленні. Я вас, Сальвадор і Пабла, звяжу ў адзін клубок: сальпа, сюку, эпітра, вуву, куко.
Даруйце мне, вялікія іспанскія геніі, гэтакую маю культурную інвазію, але ты, Сальвадор, — наш Купала, ты, Пабла, — наш Колас. Прычым менавіта так: ты, Сальвадор, — Янка, а ты, Пабла, — Якуб.
Ты, Сальвадор, нас заклікаў любіць (жанчын, Беларусь, жыццё), прымушаў смяяцца, а потым плакаць (над Беларуссю, жыццём, жанчынамі). Ты, Пабла, спачатку пацалаваў нас, а потым залез у наша нутро і паказаў яго нам жа.
Вы абодва трагічныя фігуры. Ведаеце, найперш чым? І тым, што паказвалі нам нас, якія мы ёсць, — смеючыся, плачучы, часам нават пацвельваючыся. І тым, што сышлі назаўсёды. І тым, што сышлі — і нікога ў нас пасля вас не засталося. Каб паказаць, пацалаваць, прымусіць любіць…
Можа, вы былі мрояй — Сальвадор і Пабла, Янка і Якуб?
“Усе мы ведаем, што мастацтва не з’яўляецца праўдай. Мастацтва — мана, якая прымушае ўсведамляць праўду, прынамсі, тую праўду, якая даступная нашаму разуменню. Мастак павінен пераканаць астатніх у праўдзівасці сваёй маны” (Пабла Пікасо).
“Не я іграю ролю блазна, а пачварна цынічнае і так бессвядома наіўнае грамадства, якое гульнёй у сур’ёзнасць намагаецца схаваць сваё вар’яцтва… Розніца паміж мной і сюррэалістамі заключаецца ў тым, што я і ёсць сюррэаліст” (Сальвадор Далі).
…У ноч з 16 на 17 мая, у Ноч музеяў, калі я трапіў на выставу “Далі&Пікасо”, хацелася любіць, хацелася выварочваць нутро камусьці. Набраў некалькі душэўных SMS сябрам і сяброўкам. Далей пачаў аглядаць экспазіцыю, і тут раптам перада мной з’явіўся адзін мой знаёмы: ён мяне пра нешта пытаўся, а я яго не чуў. Толькі бачыў: кубічны, сюррэалістычны, то з вусамі, то без іх, то з птушкай, то з коткай, то з тэлефонам пачатку ХХ стагоддзя, то з айфонам ХХІ стагоддзя, то насарог, то пікадор, то Сальвадор, то Пабла… Даруй мне і ты, адзін мой знаёмы.
Потым я іншы раз глядзеў на гадзіннік — і час злізваў мяне з карты вечнасці (С.Далі. “Танец часу”), згадваў сваю апошнюю разборку з жонкай — і яна распадалася на квадратныя кавалкі (С.Далі. “Касмічная Венера”), думаў пра тое, які рэпартаж я зраблю з Ночы музеяў у сваёй газеце…
А канцоўка гэтых нататак, як гэта ні парадаксальна (паводле канцэпцыі сюррэалізму, само жыццё і ёсць сюррэалізм), прыдумалася сама. Я падышоў да скульптуры Сальвадора Далі “Тэлефон-лобстар” (1965).
Вы не здагадаліся? Я пазваніў Яму. Гэты тэлефон насамрэч працуе.
Ён адказаў: “Я, можа, і пасрэдны мастак. Але я лічу геніяльным маё бачанне, а не тое, што я ствараў у рэальнасці”.
Насамрэч, я не ведаў, хто мне адказваў: Сальвадор, Пабла, Янка ці Якуб. Я пазваніў жонцы: “Я пабыў на Ночы музеяў. Я паглядзеў Пікасо і Далі. Хутка буду дома”.
Выстава “ДАЛІ&ПІКАСО” ў некаторых фактах і лічбах
* Калекцыйны збор “Сальвадор Далі і Пабла Пікасо” расійскага бізнесмена і калекцыянера Аляксандра Шадрына, які ён прывёз у Мінск, з’яўляецца самым вялікім прыватным зборам твораў іспанскіх геніяў у свеце.
* На выставе “ДАЛІ&ПІКАСО” прадстаўлена калекцыя керамічных плітак Сальвадора Далі ў колькасці 6 штук, у той час як у Фігерасе можна ўбачыць толькі 4. Акрамя таго, у Мінску можна ўбачыць і адзіны тэлефон-лобстар Далі, які працуе.
* Калекцыя Аляксандра Шадрына з’яўляецца чацвёртай у свеце. На першым месцы — музей у Фігерасе, але ў ім вы не знойдзеце скульптур С.Далі.
* Перад прыездам у Мінск выстава пабывала больш чым у 55 музеях Расіі. Вага калекцыі — 2,5 тоны. З 2006 па 2011 год выставу наведалі каля мільёна чалавек.
* Расійскі калекцыянер асабіста расставіў экспазіцыю “ДАЛІ&ПІКАСО”. Паводле яго слоў, яе складаюць толькі прыжыццёвыя — пранумараваныя, ідэнтыфікаваныя і вывучаныя спецыялістамі — творы.
* Сёння збор А.Шадрына з’яўляецца культурным набыткам Расійскай Федэрацыі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.