А хто там ідзе? Год Купалы…

Цяжка гаварыць пра пэўныя вынікі купалаўскага года, калі доўжыцца яму яшчэ цэлых паўгода, але пра сёе-тое ўжо можна сказаць і сёння.

Было шмат адметных выставачных праектаў, у тым ліку міжнародных.

Так, у Парыжы, у будынку Пасольства Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, у рамках праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” адкрылася выстава “Завуся я толькі Янка Купала”, якая панарамна прадставіла жыццё і творчасць паэта, а таксама вобразы яго твораў, увасобленыя вядучымі мастакамі-графікамі беларускай школы Васілём Шаранговічам, Георгіем Паплаўскім, Міхаілам Басалыгам, Барысам Заборавым. Варта згадаць, што асабліва блізкай Францыя была для Янкі Купалы таму, што ў гэтай краіне знайшлі прытулак удзельнікі вызваленчага руху з абшараў Рэчы Паспалітай. Дэвіз “Свабода. Роўнасць. Братэрства” быў блізкі і самому паэту. Да таго ж французскім шармам напоўніла асабістае жыццё Янкі Купалы яго жонка Уладзіслава Станкевіч. Яе маці, парыжанка Эмілія Станкевіч-Манэ, захавала звычку да гальскай акуратнасці і прыхільнасць да французскай кухні і на беларускай зямлі, якая стала для яе другой радзімай. Цешча кансультавала паэта, калі той у 1921 годзе перакладаў “Інтэрнацыянал”.

У красавіку ў рамках гэтага ж праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” наш пясняр гасцяваў у Грузіі. Зноў жа трэба згадаць гістарычны фон. Пачынаючы з 1937 года Янка Купала неаднойчы бываў у Грузіі. Асабістая перапіска паэта і ўспаміны Аляксандра Шанідзэ ўзнаўляюць шляхі Янкі Купалы па грузінскай зямлі. Ён прыязджаў у Тбілісі ў 1937 годзе з нагоды 750-годдзя паэмы Шата Руставелі “Віцязь у тыгравай шкуры”, лячыўся на курортах Цхалтуба і Сухумі, наведваў Мцхету, Кутаісі, знаёміўся са старажытнымі архітэктурнымі помнікамі. У сёлах Хамулі і Чунешы назіраў святочныя грузінскія абрады, зачаравана слухаў народныя песні, у вёсцы Гвіштыбі гутарыў з мясцовымі жыхарамі, цікавіўся іх побытам, працай на чайных плантацыях і вінаградніках. Асаблівую цікавасць праяўляў да народнай творчасці, чытаў вельмі шмат кніг па гісторыі Грузіі. Шчырае захапленне гэтай прыгожай зямлёй і яе народам знайшло адбітак у вершах паэта “Грузія”, “Генацвале”, “Сонечнаму Шата Руставелі”. Творы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы неаднойчы перакладаліся на грузінскую мову.

Купалаўскія выставы ў рамках праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” ладзіліся таксама ў Варшаве, у Ізраільскім культурным цэнтры пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, у беларускамоўнай школе імя Францыска Скарыны ў Вільні, у Дзелавым і культурным комплексе Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, у Адэскім літаратурным музеі, у Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно…

* * *

Сярод кніжных праектаў асабліва адзначым выданне зборніка выбраных вершаў Янкі Купалы “А хто там ідзе?” на славацкай мове. Гэтае выданне — плён натхнёнай працы паэтаў-перакладчыкаў Марыяна Серваткі (дарэчы, у 2008—2013 гадах як Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол прадстаўляў у Беларусі сваю краіну), Яраслава Рэзніка і Сяргея Макара. Дзякуючы іх таленту такія знакамітыя творы паэта, як “Родныя песні”, “Яшчэ прыйдзе вясна”, “З кутка жаданняў”, “Спадчына”, “Мая малітва” і інш., сталі даступныя славацкаму чытачу і адкрылі яму шлях у сусвет беларускай паэзіі. Наогул кніга беларускага песняра на славацкай мове стала важным крокам на шляху развіцця і мацавання беларуска-славацкага культурнага дыялогу.

Яшчэ адзін слаўны кніжны падарунак ад нашага песняра і ад выдавецтва “Мастацкая літаратура”, але ўжо нашаму народу — шыкоўна выдадзены зборнік “Янка Купала. Успаміны, эсэ, вершы, паэмы, п’еса”. Падрабязна пра яго — на старонках 8—9.

* * *

Асаблівы сюрпрыз для ўлюбёных у купалаўскае слова падрыхтавалі тэлевізіёншчыкі. 7 ліпеня тэлеканал “Беларусь 3” у рэжыме нон-стоп будзе трансліраваць перадачы, фільмы, спектаклі, сустрэчы з вядомымі людзьмі мастацва, прысвечаныя нашаму песняру.

На працягу ўсяго дня ў эфіры “Беларусь 3” будуць выходзіць відэаролікі, дзе свае любімыя вершы Янкі Купалы прачытаюць людзі, вядомыя ў свеце тэатральнага мастацтва і кіно: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зоя Белахвосцік, актрыса тэатра і кіно Валянціна Гарцуева, акцёр тэатра і кіно Павел Харланчук-Южакоў, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Анастасія Малашкевіч, акцёр тэатра і кіно Раман Падаляка, актрыса тэатра і кіно Дзіяна Камінская.

Першая частка дакументальнага праекта “Знак няроўнасці” выйдзе на тэлеканале ў 7.50 і 19.00 пад назвай “Янка Купала, Якуб Колас. Тайны біяграфіі” (Белтэлерадыёкампанія, 2008).


У 8.15 і 21.30 “Беларусь 3” прапануе згадаць народную камедыю “Паўлінка” (Беларусьфільм, 1952).

Новы выпуск праграмы “Майстры і куміры” на гэты раз будзе таксама прысвечаны Янку Купалу. У гасцях вядучай праекта Марыны Драгінай — дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Рэдкія архіўныя кадры з жыццяпісу паэта з каментарыямі кампетэнтнага спецыяліста можна будзе ўбачыць у 9.35 і 16.35.

У 10.25 эфір працягне рок-опера “Песня пра долю” (Белтэлерадыёкампанія, 2013) па матывах паэмы Янкі Купалы “Адвечная песня”.

Яшчэ адзін праект пад назвай “Адвечная песня” (Белтэлерадыёкампанія, 2016) можна будзе ўбачыць на сацыякультурным канале ў 13.55. Гэта тэлеверсія вядомай фолк-оперы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі па аднайменнай паэме.

Тэмай чарговага выпуску праграмы “Тэатр у дэталях” у 15.30 стане яшчэ адзін спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі — “Кругі раю. Янка Купала” (Белтэлерадыёкампанія, 2016).

Рок-опера “Курган” паводле паэмы Янкі Купалы ўпрыгожыць эфір у 15.55 выступленнем вядомых беларускіх артыстаў, якія прынялі ўдзел у пастаноўцы на музыку Ігара Лучанка падчас фестывалю “Маладзечна-2012”.

За заляцаннямі Адольфа Быкоўскага і сапраўднымі пачуццямі Якіма Сарокі канал “Беларусь 3” прапаноўвае прасачыць — у 17.30 “Паўлінка” (Белтэлерадыёкампанія, 2002).

Гэта далёка не поўны пералік “купалаўскіх” перадач, якімі будзе частаваць гледачоў 7 ліпеня тэлеканал “Беларусь 3”. Глядзіце праграму.

* * *

Купалаўскія дні ідуць поўным ходам.

Заўтра, 7 ліпеня, у 11 гадзін вы маеце магчымасць прыняць удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка Янку Купалу ў парку імя Янкі Купалы ў Мінску.

8 ліпеня ў 13 гадзін вас сардэчна чакаюць на Рэспубліканскім свяце паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці).

9 ліпеня а 10-й прыязджайце на Купалаў фэст у Радашковічы (Святая імша, акцыя “Чытаем Купалу разам”, выстава “Завуся я толькі Янка Купала” з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы).

Мікола ЧЭМЕР.

НА ЗДЫМКАХ: у парку імя Янкі Купалы ў Мінску; фрагменты экспазіцыі “Беларускай песні ўладар” у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Фота аўтара.