Пад знакам рэвалюцыйнай грамадскасці

Літаратурна-крытычная дзейнасць Цішкі Гартнага ў 20-я гады ХХ стагоддзя

Ад рэдакцыі

Сёння ў нашай рубрыцы “Гісторыя літаратуры” вялікі літаратуразнаўчы артыкул настаўніцы беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Асіповіч Наталлі СУКОРА “Пад знакам рэвалюцыйнай грамадскасці (літаратурна-крытычная дзейнасць Цішкі Гартнага ў 20-я гады ХХ стагоддзя)”. Гэты артыкул не толькі вялікі, але і дастаткова складаны, насычаны цытатамі Цішкі Гартнага. І прысвечаны ён у пэўнай ступені нечаканай тэме — не ўласна літаратурнай спадчыне Цішкі Гартнага, а яго літаратурна-крытычнай дзейнасці. Тым не менш, думаецца, што асабліва настаўнікам беларускай мовы і літаратуры абавязкова варта прачытаць гэтае даследаванне Наталлі Сукора. Прычым уважліва прачытаць. Бо Цішка Гартны, ён жа Зміцер Жылуновіч, стаяў ля вытокаў не толькі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя (быў паплечнікам Янкі Купалы і Якуба Коласа), але і першай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня па 3 лютага 1919 года ўзначальваў яе Часовы ўрад. І яго літаратурна-крытычныя творы — вельмі важны погляд і на станаўленне беларускай літаратуры, і на станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Да таго ж сёлета адзначаецца 130-годдзе Цішкі Гартнага і 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, з  якой у яго, здаецца, быў свой раман.

Актыўнае стаўленне да жыцця ніколі не пакідала палітычнага і грамадскага дзеяча Зміцера Жылуновіча — пісьменніка, крытыка і публіцыста Цішку Гартнага. Для аднаўлення Радзімы, умацавання яе дзяржаўнасці ён не шкадаваў ні сіл, ні таленту. Яму шчыра, усёй душой верылася тады, што светлыя дні для роднай зямлі не за гарамі, што працоўны люд сваёй стваральнай працай узніме, аздобіць яе.

20-я гады ў творчасці пісьменніка — гэта перыяд актыўнай і плённай літаратурна-крытычнай дзейнасці, аб чым сведчаць шматлікія артыкулы, напрыклад: “Беларуская літаратура. Нарысы і агляды. Лекцыя, чытаная ў беларускім народным універсітэце ў Маскве”, “Літаратурныя падзеі ў 1926 годзе”, “Беларускі парнас у новай вопратцы” і многія іншыя.

Трэба адзначыць, што ў перыядычным друку Гартны выступаў перш за ўсё з працамі манаграфічнага характару, з літаратурнымі аглядамі і крытыка-біяграфічнымі нарысамі — “Янка Купала”, “Пушкін і Вяземскі” і іншымі. Артыкулы палітычнага і гістарычнага характару найчасцей змяшчаліся ў часопісах “Полымя” і “Маладняк”. Цішка Гартны не быў прыстасаванцам, не пісаў па заказе, а выкладаў уласнае бачанне падзей і з’яў, жывым удзельнікам якіх быў сам. Ён заўсёды заставаўся самім сабой, у многіх выпадках пада­дзены ім матэрыял разыходзіўся з афіцыйнымі бальшавіцкімі догмамі. Ён і яго паплечнікі самааддана, з натхненнем працавалі дзеля адраджэння Бацькаўшчыны.

Сто трыццаць гадоў мінула з дня нараджэння Цішкі Гартнага, але толькі цяпер ён пачынае ўсведамляцца ва ўсёй глыбіні, багацці і разнастайнасці таленту, з усімі ўзлётамі, прызямленнямі, памылкамі і сумненнямі. Мы яшчэ і сёння вельмі мала ведаем Гартнага-публіцыста. Некалькі соцень яго артыкулаў, нарысаў, фельетонаў, аглядаў, рэцэнзій і г.д. уяўляюць сабой публіцыстычны і філасофскі дослед-рэпартаж пра той час. У іх знойдзецца багаты матэрыял для вывучэння гісторыі нашай краіны ў 20-я і першай палове 30-х гадоў. Таму творчасць пісьменніка, яго публіцыстычныя працы яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.

Артыкул У.Дзяржынскага “Дзей­насць  З.Жылуновіча ў абсягу беларускае літаратурнае крытыкі”, упершыню надрукаваны ў дзявятым нумары часопіса “Полымя” за 1928 год, з’яўляецца пакуль “што адзіным даследаваннем, у якім зроблена спроба класіфікацыі крытычных прац Змітрака Жылуновіча” (Цішкі Гартнага), а таксама дадзена “агульная характарыстыка пануючых у яго крытыцы жанраў як з боку ідэалагічна-метадалагічных прынцыпаў, так і з боку літаратурнае формы і стылю”.

Літаратурны агляд, крытычная манаграфія, крытычная палеміка і рэцэнзія — у гэтых жанрах, паводле класіфікацыі У.Дзяржынскага, часцей за ўсё выступаў Зміцер Жылуновіч.

Літаратурны агляд — жанр, якім пачаў З.Жылуновіч сваю крытычную дзейнасць і ў якім ён найбольш працаваў як крытык. У 1918 го­дзе ў зборніку “Зажынкі” змешчана яго першая крытычная праца пад загалоўкам “Беларуская літаратура. Нарысы і агляды. Лекцыя, чытаная ў беларускім народным універсітэце ў Маскве”. У гэтым артыкуле ў найбольшай ступені праявіўся ўплыў на З.Жылуновіча нашаніўскай крытыкі, ужо тут выразна прасочваецца тэндэнцыя развіцця беларускай літаратуры разам з развіццём грамадска-эканамічных форм беларускай рэчаіснасці. На пачатку сваёй крытычнай дзейнасці Жылуновіч часам знаходзіўся яшчэ пад уплывам ідэалістычна-народніцкіх поглядаў.


Цэнтральнае месца ў артыкуле займае характарыстыка творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Асаблівай увагі заслугоўваюць старонкі, прысвечаныя першаму з іх. Тут З.Жылуновіч удала развівае погляды на паэзію Янкі Купалы, якія не страцілі сваёй вагі і ў цяперашні час і неаднойчы паўтараліся пазней у беларускім літаратуразнаўстве. Перш за ўсё падкрэсліваецца крытыкам бунтарскасць Купалавай лірыкі, яе грамадскі аптымізм і вера ў сілу змагання. “Месца жудасьці і жальбе даецца досі мала. Толькі паміжходнае чапае ён (Я.Купала) іх, але з таго боку, каб, зачапіўшы, болей падбухторыць пачуццё помсты… У сілу народу, моцную і непадобную, верыў поэта. Нават культам яго музы стала тая мага і крэпасьць, з якой мужык можа ўсё зрабіць… і зробіць, калі захоча”. Далей Янка Купала супастаўляецца з Шаўчэнкам і Міцкевічам, называецца беларускім Шаўчэнкам. Падкрэсліваецца цэнтральнае месца Купалы ў нашаніўскай літаратуры: “Можна не абмыліцца, калі сказаць, што ўсе іншыя беларускія поэты вырасьлі на ім і свае таленты прычасьцілі яго творамі”.

У гэтым жа першым крытычным артыкуле выразна праявілася і тэндэнцыя З.Жылуновіча да малюнкавасці і эмацыянальнасці стылю. Тэндэнцыю да такога стылю можна праса­чыць ва ўсёй крытычнай дзейнасці Жылуновіча, асабліва ў яго літаратурных аглядах і крытычных манаграфіях. У гэтым сэнсе Жылуновіч з’яўляецца ў некаторай меры прадаўжальнікам нашаніўскіх традыцый.

Як бы працягам разгледжанага артыкула з’яўляецца другі літаратурны агляд — “Беларускі парнас у новай вопратцы”, надрукаваны ў 1923 годзе ў другім нумары “Полымя”. Калі ў першым артыкуле Жылуновіч даў агляд беларускай літаратуры да Кастрычніка, то ў другім артыкуле ён дае малюнак яе пасля рэвалюцыі. Кідаецца ў вочы запальчывы тон артыкула. Крытык тут не толькі аглядае літаратурныя падзеі, але і гарыць полымем то гневу-абурэння, то радасці-надзеі.

Цэнтральны пункт артыкула — Кастрычнік і адносіны да яго беларускага парнаса. Тэма актуальная для таго часу. Бо, сапраўды, нягледзячы на тое, што нашаніўскія ідэалы — нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне Беларусі — не адмаўляліся Кастрычніцкай рэвалюцыяй, а, наадварот, агністымі словамі праменіліся на яе сцягу, песняры-нашаніўцы апынуліся ў дзіўным становішчы нейкага злавеснага маўчання. А калі і адзываліся, то іх “песьні-творы аставаліся шэрымі, адсталымі, пазагуменнымі ад урачыстай процэсіі сышоўшага вызваленьня нявольнікаў”.

Надыходзіць студзень 1919 года, “які прынёс Беларусі вызваленьне, канстытуцыю, соцыялістычную праўную дзяржаўнасьць”. А які ж уплыў мела гэтая вялікая дата на дзейнасць беларускага парнаса? Якую пазіцыю заняў ён цяпер у адносінах да маладой Савецкай Беларускай Рэспублікі? Адказваючы на гэта, Жылуновіч бязлітасна і жорстка бічуе нашаніўцаў, з якімі ён яшчэ ўчора поплеч ішоў і змагаўся за супольныя нашаніўскія ідэалы. Тут — што ні слова, то ўдар мяча, то ззянне бліскавіцы, то гром абурэння. “А беларускі парнас ні зарухам, ні маленькім рухам не адказаў на нячуваную з’яву. Над ім насіўся ледзяны павеў зьмярцьвеньня. Гістарычныя зьявішчы, што пісалі злотавогненнымі літарамі вялікую памятку вызваленьня мільёну беларускіх працоўнікаў, выглядалі ў іх ваччу сібернай бурай навалы, якая “праз узгоркі” кацілася на іх ногі, грозячы раздавіць іх… Для беларускіх пісьменнікаў незразумелым было тое гераічнае, першае сьвядомае змаганьне працоўных грамад за сваю соцыялістычную радзіму Беларусь. Кроў і ахвяра тых беларускіх сялян і рабочых, чые мукі раней натхнялі беларускіх парнасцаў, цяпер ня краталі адзерванелых сэрцаў, запуджаных песьняроў. Яны або маўчалі, або ўпотайку, як шашаль у дзераве, рыпелі тонамі будзённых днёў, тонамі нуды, безнадзейнасьці”.

Увесь артыкул раскрывае асноўную метадалагічную ўстаноўку крытыкі З.Жылуновіча, яго погляд на мэты і задачы літаратурнага мастацтва.

У 1924 годзе з-пад пяра З.Жылуновіча пая­віўся трэці артыкул-агляд — “Беларускае пісьменства. Гістарычна-крытычны нарыс”. Гэты артыкул з’яўляецца як бы спалучэннем двух першых, з той розніцай, што ён напісаны больш з ухілам у бок гістарызму, чым крытычнай надзённасці.

Цікавай у гэтым артыкуле з’яўляецца спроба класіфікацыі беларускіх паэтаў ХІХ і ХХ стагоддзяў. З.Жылуновіч групуе іх наступным чынам: шляхецкія паэты — В.Дунін-Марцінкевіч, А.І.Вярыга-Дарэўскі, В.Каратынскі; паэты-на­род­нікі — Ф.Багушэвіч і Я.Неслухоўскі; паэ­ты-разначынцы — М.Багдановіч, А.Паўловіч, Г.Леўчык і іншыя.

Звяртае на сябе ўвагу раздзел “Гісторыкі і крытыкі”, у якім З.Жылуновіч дае інфармацыйны матэрыял да гэтага пытання, але ў першую чаргу падкрэслівае вагу беларускай крытыкі ў літаратурным жыцці і яе даволі вялікія дасягненні. Заканчваецца гэты раздзел наступнай фразай: “У агуле ўсе пералічаныя асобы складаюць сабою моцную сілу ў крытычнай галіне беларускае літаратуры, сочачы за яе разьвіцьцём і пасабляючы ёй ісьці належным шляхам”. З.Жылуновіч крытыку разглядае як галіну мастацкай літаратуры. Як вядома, гэты погляд па­дзяляецца не ўсімі прадстаўнікамі беларускага літаратуразнаўства, асабліва сучаснага.

Чацвёртым артыкулам-аглядам з’яўляецца крытычная праца “Літаратурныя падзеі ў 1926 годзе”. Асаблівасцю гэтага агляду з’яўляецца параўнальна невялікі адрэзак часу — адзін год. Сваёй пабудовай артыкул распадаецца на дзве часткі: у адной З.Жылуновіч дае агляд і ацэнку літаратурнай прадукцыі за 1926 год, у другой спыняецца на арганізацыйна-ідэалагічных падзеях гэтага года. І тут, як і ў ранейшых артыкулах, крытык прытрымліваецца прынцыпу “мастацтва на службе грамадскасці”. Яго радуе, што беларуская літаратура імкнецца да гэтай службы і ў большасці выпадкаў дасягае сваёй мэты; яго радуе, што найвыдатнейшыя паэты-нашаніўцы прынялі рэвалюцыю. “Часовае адхіленьне некаторых пісьменьнікаў ад хвалюючых думак бягучага часу… мінулася, і беларускія пісьменьнікі сьціслымі шэрагамі становяцца на службу рэвалюцыі”. Ноты радасці, бадзёрасці, веры ў будаўніцтва новага жыцця пануюць, паводле думкі Жылуновіча, у беларускай літаратуры ў 1926 годзе. Грунтам для гэтага літаратурнага аптымізму з’яўляецца “імпэтны ўздым будаўнічае працы, накапленьне матэрыяльных сродкаў рэспублікі, героічныя заваёвы подступаў да комунізму”.

Цэнтральнай тэмай другой часткі артыкула з’яўляецца раскол “Маладняка” і ўтварэнне групы “Узвышша”. Жылуновіч у гэтым артыкуле займае аб’ектыўную і бесстароннюю пазіцыю да абедзвюх груповак.

Пад канец 1927 года З.Жылуновіч выступіў яшчэ з адным артыкулам-аглядам — “Беларуская літаратура і 10 год Кастрычніцкае рэвалюцыі”. Першая частка артыкула занята схематычным аглядам беларускай літаратуры да Кастрычніка. Затым крытык дае пераважна бібліяграфію літаратурнай прадукцыі за 10 гадоў, падкрэсліваючы яе рост. Зноў спыняецца на літаратурных групоўках, але цяпер ужо выяўляючы сябе выразным пры­хільнікам “Маладняка” супраць “Узвышша”.

Крытычная манаграфія побач з літаратурным аглядам займае ў крытыцы З.Жылуновіча выразнае месца. Найважнейшымі артыкуламі гэтага жанру з’яўляюцца: “У надзеях над прасторамі” (“Полымя”, 1924), “Купчастыя руні” (“Полымя”, 1926), “Я.Купала”, “Рэвалюцыйным шляхам” (“Полымя”, 1928).

Манаграфія пра Янку Купалу пачынаецца з малявання фону грамадска-палітычнага і культурна-нацыянальнага жыцця ў канцы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя на Беларусі. Тут крытык вельмі ўдала намацвае вытокі творчасці Янкі Купалы. Далей разгортвае схематычна біяграфію паэта, прычым  спыняецца выключна на тых фактах яе, якія так ці інакш дапамагаюць раскрыць ідэалагічную сутнасць Купалавай паэзіі. Галоўная задача, якую ставіць сабе З.Жылуновіч у сваіх крытычных манаграфіях, — гэта ўстанаўленне сацыялагічнага эквіваленту мастацкай творчасці гэтага паэта, выяўленне яго сацыяльнай існасці, яго прыналежнасці да той або іншай сацыяльнай групы. Янка Купала, паводле З.Жылуновіча, “пасланец у літаратуру ад працоўнага сялянства, яго будучы баян і трубадур”. Жылуновіч падкрэслівае аптымістычны характар Купалавай паэзіі.

У гэтай жа манаграфіі крытык спрабуе вызначыць у творчасці Купалы пэўны літаратурны кірунак. Ён канстатуе схільнасць паэта да сімвалізму, які бачыць не ў спецыфічным светаадчуванні, уласцівым гэтаму літаратурнаму кірунку, а ў алегарычнасці некаторых твораў, напрыклад, у “Раскіданым гняздзе”. Далей крытык закранае пытанне аб адносінах сацыяльнай і нацыянальнай стыхій у паэзіі Купалы.

Зусім новы погляд выстаўляе Жылуновіч на адносіны Янкі Купалы да Кастрычніцкай рэвалюцыі. У артыкуле “Беларускі парнас у новай вопратцы” крытык бічаваў нашаніўскіх пісьменнікаў за іх абыякавасць і халоднасць у адносінах да Кастрычніка, не робячы выключэння і для Янкі Купалы. Цяпер жа Жылуновічу сітуацыя выяўляецца інакш. “Янка Купала з адкрытай душой сустрэў гэты вялікі акт у жыцьці свайго народу (абвяшчэньне БССР). Пачуцьцё грамадзяніна не пакідала поэта… Пясьняр адразу адгукаецца новай эпосе “Інтарнацыяналам”.

Наогул, манаграфія мае значную каштоўнасць, бо яна з’яўляецца фактычна першай спробай даць суцэльны партрэт беларускага паэта з  сучаснай яму грамадскай рэчаіснасцю. Недахопам манаграфіі з’яўляецца адсутнасць у ёй аналізу мастацкага боку Купалавай паэзіі.

Аб трэцім крытычным жанры, якім з’яўляецца крытычная палеміка, можна меркаваць паводле артыкулаў “Аб крытыцы “Босыя на вогнішчы” і яшчэ аб саміх “Босыя на вогнішчы” М.Чарота” (“Полымя”, 1922) і “Шкоднае ў беларускай літаратуры” (“Полымя”, 1927). У першым артыкуле З.Жылуновіч палемізуе з прафесарам Ігнатоўскім і таварышам Кнорыным па пытанні аб пралетарскасці паэмы. Палеміка вытрымана ў жывым тоне.

Другі артыкул — “Шкоднае ў беларускай літаратуры” — уласна не з’яўляецца чыста палемічным. Яго першая палова бліжэй да літаратурнага агляду, чым да крытычнай палемікі. Тут крытык засяроджвае ўвагу на адносінах арганізацыі “Маладняк” і паасобных яе членаў да старэйшых пісьменнікаў-нашаніўцаў, востра крытыкуе нелітаратурныя прыёмы, якія дазвалялі сабе выкарыстоўваць некаторыя члены “Маладняка” ў змаганні са старым пакаленнем пісьменнікаў. Другая палова артыкула мае востра-палемічны характар і прысвечана аб’яднанню “Узвышша”. Тут аб’ектам палемікі з’яўляюцца пытанні ідэалагічна-арганізацыйнага характару і асабістых узаемаадносін.

Яшчэ адной цікавай сферай творчай дзейнасці Цішкі Гартнага з’яўляецца яго работа ў галіне крытыкі. Як М.Багдановіч, А.Навіна, М.Гарэцкі, ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай крытыкі. Цішка Гартны з’яўляўся аўтарам артыкулаў “Аб крытыцы “Босыя на вогнішчы” і яшчэ аб саміх “Босыя на вогнішчы” М.Чарота” (1922), “Беларуская літаратура. Нарысы і агляды” (1923), “Беларускае пісьменства: (гістарычны нарыс)” (1924), “У надзеях над прасторамі: Жыццё і творчасць А.Гурло” (1924), “Літаратурныя падзеі ў 1926 годзе” (1927), “Янка Купала — пясняр вызвалення”, “Рэвалюцыйным шляхам (да дзесяцігоддзя творчасці М.Чарота)” (1928) і інш. Толькі частка іх уключана ў зборнік крытычных нарысаў “Узгоркі і нізіны” (Мінск, 1928).

Класавы падыход да ацэнкі вартасці літаратурных твораў без уліку спецыфікі мастацтва як эстэтычнай з’явы збедніў Гартнага як пісьменніка, а яго пазіцыю літаратурнага крытыка зрабіў спрошчанай і абмежаванай. Гэта выяўляецца ў артыкулах “Этапы развіцця беларускай літаратуры”, “Літаратурныя падзеі ў 1926 годзе”, “Шкоднае ў літаратуры” і інш.

Асабліва яскрава пазіцыя Ц.Гартнага акрэслена ў яго рэцэнзіі (за подпісам Дорндорф) на “Гісторыю беларускай літаратуры М.Гарэцкага”. Аўтар рэцэнзіі, палемізуючы з гісторыкам літаратуры адносна ацэнкі творчасці З.Бядулі і М.Багдановіча, заяўляў: “Дзіву даешся, як можна высоўваць за аснову творчасці спакойную думку, правышаць творчасць з агульна-людскімі элементамі над творчасцю з класавымі адзнакамі”. Менавіта па гэтай прычыне (перавага класавага над агульначалавечым) многае ў творчай спадчыне Ц.Гартнага не ўспрымаецца сучасным чытачом. Тыя ж творы, дзе перамагае гуманістычная тэндэнцыя, вытрымалі праверку часам.

Новая літаратура стваралася маладымі пісьменнікамі, тымі, хто ўсвядоміў небяспеч­насць супрацьпастаўлення сялянскага і пралетарскага пачатку. Пісьменнікі і крытыкі калектыўнымі намаганнямі выпрацоўвалі агульную платформу, шукалі адказы на хвалюючыя пытанні часу. Шукаў іх і Цішка Гартны. І, трэба думаць, невыпадкова ў артыкуле, прысвечаным творчасці А.Гурло (“Полымя”, 1924, № 3), гаворыцца пра “работніча-сялянскую культуру”, свой уклад у якую ўносіў і Гурло. Змяніліся ў далейшым і адносіны крытыка да паэмы М.Чарота.

Не менш цікавымі ў плане эвалюцыі поглядаў Ц.Гартнага на пралетарскую культуру былі яго заўвагі аб тым, як асэнсоўваліся індустрыяльная тэма і вобраз рабочага ў паэзіі Гурло. “А.Гурло, — пісаў ён, — аддаючы ўсё большую ўвагу элементам пралетарскасці, пакуль не пераходзіць граніц і не кідаецца ў прасторы бязмежнасці ў гэтым напрамку. Пакуль яго рабочы не адарваны ад прыроды, не абяздушаны, не перавернуты ў трубу вагромістай машыны. І гэта — добрая адзнака”. Тут і далей крытык вельмі дакладна і глыбока раскрыў найбольш слабыя бакі ранняй пралетарскай паэзіі, якой былі ўласцівы адцягненасць, абстрактнасць. Гэтым творам, на думку Гартнага-крытыка, неставала цеплыні, натуральнасці, шчырасці. Аднак, уступаючы ў супярэчнасць з уласнай тэарэтычнай канцэпцыяй, ён лічыў сябе зачынальнікам і правамоцным прадстаўніком пралетарскай літаратуры. Эвалюцыя крытыка ад  першапачатковай ацэнкі “Босых на вогнішчы” да прызнання “работніча-сялянскай культуры” і крытыкі эстэтычнай платформы паэтаў “Кузніцы”, найбольш рашучых абаронцаў “чыстага” пралетарскага мастацтва, вельмі характэрная. У гэтай эвалюцыі адбіўся агульны рух беларускай крытычнай думкі.

Літаратурна-крытычная дзейнасць Цішкі Гартнага канца 20-х гадоў зводзілася да асэнсавання і перадачы падзей, якія разгарнуліся вакол аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Ц.Гартны выступіў ініцыятарам прымірэння. Па праўдзе кажучы, гэты жэст пісьменніка быў нечаканы. Звычайна крытык займаў актыўную, наступальную пазіцыю, больш звыкла бачыць яго ў ролі лідара, а не пасрэдніка. У артыкуле “Літаратурныя падзеі 1926 года” Гартны, не жадаючы распальваць страсці, па сутнасці, ухіліўся ад тлумачэння прычын расколу “Маладняка”. Зрабіў некалькі крытычных заўваг тэарэтыку “Узвышша” А.Бабарэку за ўхіл у бок надкласавасці, але агульны вывад яго стрыманы, памяркоўны: “Паглядзім, як пойдзе далейшае развіццё кожнага з аб’яднанняў”.

Не заўсёды на вышыні заставаўся Цішка Гартны. Спачатку ў газеце “Савецкая Беларусь” (13—15 мая 1927 года) у артыкуле “Ці сапраўды “Узвышша” ёсць узвышша?”, а затым на старонках часопіса (“Шкоднае ў беларускай літаратуры”, “Полымя”, 1927, № 6) ён перагледзеў свае ранейшыя памяркоўныя ацэнкі “Узвышша”, даўшы прыклад вузкагрупавой беспрынцыповай крытыкі, дзе на аснове адвольнай інтэрпрэтацыі твора выказваліся безадказныя палемічныя абвінавачванні.

У артыкулах пра “шкоднае ў беларускай літаратуры”, пра тое, “што было і што не павінна быць”, крытык асуджаў нападкі на старэйшых пісьменнікаў, але рабіў гэта непаслядоўна. Усё, што было “шкоднага” ў ранніх маладнякоўцаў, ён аднёс на рахунак тых, хто перайшоў ва “Узвышша”. “Мастацтва як мастацтва з прэтэнзіямі на векавечнасць і прыгоднасць усім часам, месцам і станам — вось квінтэсэнцыя ўзвышаўскіх імкненняў, няўдала скампанаваных у дэкларацыі, дарэчы забранай у лапкі. “Узвыш­ша” — гэта не арганізацыя, а секта, свайго роду масонская ложа”.

Узвышаўскія кіраўнікі выступалі за калектыўнае, прафесійна сталае, дэмакратычнае абмеркаванне праблем развіцця літаратуры. За тое, што ўзвышаўцы рабілі акцэнт на калектыўнасць пры вырашэнні спрэчных пытанняў, іх увесь час абвінавачвалі ў сектанцтве. “Келейнасць, балючая адасобленасць, якая падкрашваецца няўмернай ганарлівасцю, вычурнаю тэндэнцыйнасцю — idee grandiosa — вельмі шчыльна стала аблепліваць маладое, на першы погляд жыццёвае, згуртаванне пісьменнікаў “Узвышша”, — пісаў крытык Сымон Друк у справаздачным артыкуле “Да скуткаў двухднёвай дыскусіі”.

Як ужо вядома, у артыкуле “Ці сапраўды “Узвышша” ёсць узвышша?”    Ц.Гартны таксама назваў  аб’яднанне “франкмасонскай ложай”. Праўда, гэта было сказана пасля таго, як рэдакцыя часопіса, адказваючы газеце “Савецкая Беларусь” і яе крытыку Сымону Друку, закранула і Гартнага, упікнуўшы яго палітычнай недасведчанасцю ў пытаннях нацыянальнага і інтэрнацыянальнага. Тым не менш слова было сказана, і яно пайшло вандраваць па старонках друку. Але Гартны не быў тут ахвярай. Ён не абараняўся, а наступаў. Усё адразу высвятляецца, калі прыняць пад увагу, што Сымон Друк — гэта псеўданім Цішкі Гартнага.

Беларуская крытыка звярнулася да праблем кіно, тэатра. “Як ні як, — пісаў Цішка Гартны ў артыкуле “Заўвагі к часу”, — а кіно пакуль што ў нас не прывыклі лічыць за культурную ўстанову. За выключэннем малога ліку людзей, на Белдзяржкіно глядзяць як на вузкагаспадарчы орган, які можа часамі паціснуць за дойла. У наркамфінаўскім падатковым апараце не хочуць разбірацца ў тым, які фільм ідзе — нямецкі ці беларускі, але — раз ідзе — плаці падаткі”. Гартны справядліва гаварыў аб “грашовым пытанні”, недастатковай дапамозе тэатру і кіно з боку дзяржаўных устаноў, аб слабай матэрыяльна-тэхнічнай базе беларускага кіно, звяртаў увагу на адсутнасць у тэатры кваліфікаваных рэжысёраў, адзначаў дрэннае веданне артыстамі беларускіх тэатраў беларускай мовы і г.д. Як бачым, крытыка станавілася і эстэтычнай, і выхаваўчай, і прыкладной.

Працамі Ц.Гартнага беларускае літаратуразнаўства і крытыка ва ўвесь голас заяўлялі пра свае магчымасці ў галіне даследавання мастацтва слова, пра сваё права заняць самастойнае месца пад навуковым сонцам.

Наталля СУКОРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Асіповіч.